Міхась Чарот
Міхась Чарот | |
---|---|
| |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Міхаіл Сымонавіч Кудзелька |
Псеўданімы | Максім Бяднейшы; Юрка Куртаты; В.Чарот; Крыптанімы: М. К.; М.К-ка; Ч. М.; М. Ч.; М.Ч-т; Ч-т. |
Дата нараджэння | 7 лістапада 1896[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 29 кастрычніка 1937[2] (40 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Жонка | Дадыка Ефрасіння Тарасаўна |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | драматург, пісьменнік, паэт, рэдактар, грамадскі дзеяч, палітык |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Міха́сь Чаро́т, сапраўднае імя: Міхаі́л Сымо́навіч Кудзе́лька (7 лістапада 1896, Рудзенск, Ігуменскі павет, Мінская губерня, цяпер Пухавіцкі раён, Мінская вобласць — 29 кастрычніка 1937[4], Менск, НКУС; Псеўданімы: Максім Бяднейшы; Юрка Куртаты; В.Чарот; крыптанімы[5]: М. К.; М.К-ка; Ч. М.; М. Ч.; М.Ч-т; Ч-т.) — беларускі паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадскі дзеяч.
У гады Першай сусветнай вайны служыў афіцэрам. Аадзін з заснавальнікаў Беларускай камуністычнай арганізацыі, займаўся арганізацыяй паўстанцкіх атрадаў. Супрацоўнік і рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», член Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Полымя». З Ю. Тарычам паводле аповесці «Свінапас» стварыў сцэнарый першага беларускага мастацкага фільма «Лясная быль» (1926)[6]. Аўтар апрацоўкі тэксту «Купалінкі», песні, якая з пачатку 1920-х гадоў набыла шырокую папулярнасць.
У 1924—1931 гадах член ЦВК БССР. Прысвяціў арыштаваным па справе «Саюза вызвалення Беларусі» верш «Суровы прыгавор падпісваю першым…» (1930)[7]. У 1937 годзе арыштаваны сам. Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года[4][8]. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Дзед Міхася Чарота быў майстрам па ткацтве і атрымаў адпаведнае яго заняткам прозвішча ад пана, бабуля паэта працавала карміцелькай у панскім палацы.
Меў двух братоў і дзвюх сясцёр: Паўла (інжынер і хатні педагог), Аляксандра (аграном), Марыю (кухарка) і Насту (актрыса)[9].
Стрыечны брат Міхася Чарота, Іосіф Кудзелька, быў начальнікам упраўлення па ахове аўтарскіх правоў пры СП БССР, іншы, Іван Кудзелька, займаў пасаду народнага камісара фінансаў БССР[10].
Адукацыя і прафесійная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Першую адукацыю атрымаў у наёмнага настаўніка і ў Цітвянскім двухгадовым вучылішчы. У 1913—1917 гадах вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У гады Першай сусветнай вайны семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск, дзе прайшлі два апошнія гады навучання Міхася Чарота. Пасля сканчэння вучобы быў мабілізаваны ў армію.
Служыў афіцэрам запаснога палка ў Кузнецку, там разам з іншымі афіцэрамі-беларусамі намагаўся стварыць беларускі гурток[11]. Падчас Грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі ўсталяваў сувязь з падпольнымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі на Беларусі, працаваў у паўстанчым камітэце і займаўся арганізацыяй паўстанцкіх атрадаў[12][13].
Вясной 1918 года вярнуўся ў Менск, дзе пачаў настаўнічаць у беларускай школе; паступіў у МВПІ. Спяваў у хоры У. Тэраўскага пры «Беларускай хатцы» (меў прыгожы барытон), быў старшынёй тэатральнай суполкі «Маладзік», потым — Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, выконваў ролі ў трупе Уладзіслава Галубка[10].
У 1919 годзе стаў членам Белнацкама і створанай пры ім Ваеннай Рады. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якая ў студзені 1920 года ўтварылася з членаў «Маладой Беларусі». У 1920 годзе ўступіў у УКП(б). З 1920 года — супрацоўнік, у 1925—1929 гадах — рэдактар газеты «Савецкая Беларусь». У 1930—1932 гадах рэдактар двухтыднёвіка «Чырвоная Беларусь».
У 1923 годзе ўдзельнічаў у стварэнні літаратурнага аб’яднання «Маладняк» (уладальнік яго пасведчання № 1[14]), з якога выйшаў у канцы 1927 г. Некаторы час быў членам аб’яднання «Полымя», затым уступіў у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.
У 1922—1924 гадах — кандыдат у члены, у 1924—1931 гадах — член ЦВК БССР. У 1924 годзе вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі.
У 1927 годзе падчас камандзіроўкі ад Наркамасветы разам з Ц. Гартным і М. Зарэцкім пабываў у Латвіі, Германія, Францыі і Чэхаславакіі[15]. У 1927 годзе быў у праўленні Беларускага таварыства па культурных сувязях з замежжам. У 1930-я гады працаваў загадчыкам літаратурнага сектара Дзяржаўнага выдавецтва БССР, кансультантам у кабінеце маладога аўтара Саюза пісьменнікаў БССР. Прысвяціў фігурантам справы «Саюза вызвалення Беларусі» верш «Суровы прыгавор падпісваю першым…», у якім асуджаў іх за нацдэмаўшчыну[16]. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).
Арышт
[правіць | правіць зыходнік]Арыштаваны 24 студзеня 1937 года ў Менску па адрасе: вул. Ленінская, д. 35, кв. 1, адначасова выключаны з УКП(б). Сядзеў у адной камеры з паэтам Юркам Лявонным. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 г. як удзельнік «контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці[17]. Прыгавораны да расстрэлу 28 кастрычніка 1937 года. Апошні верш «Прысяга» (пра асабістую невінаватасць) запісаў на сцяне менскай унутранай турмы НКУС, дзе яго ўбачыў і захаваў у памяці Мікола Хведаровіч: «У 1939 годзе я быў пераведзены ў адзіночную камеру. Уважліва аглядзеў сцены, шукаючы надпісаў, і вось у кутку прачытаў тэкст верша, выкалупаны нечым вострым на сцяне. Гэта была апошняя сустрэча з маім любімым паэтам і другам Міхасём Чаротам. Гадамі я захоўваў гэтыя яго словы ў сэрцы»[18]. Празаік і паэт Масей Сяднёў у сваім рамане «Раман Корзюк» згадаў, як скатаванага М. Чарота свядома спойвалі, каб у непрытомнасці выпытваць новыя імёны «здраднікаў»[19]. Пасля допытаў і катаванняў прызнаў сябе вінаватым[20]. Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года[10][18]. Савецкія крыніцы пазначаюць дату смерці 14 снежня 1938 года, не згадваючы факта расстрэлу[21][22].
Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 снежня 1956 года. Асабовая справа М. Чарота № 8153-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Пісаць пачаў у трынаццацігадовым узросце[24]. Першыя паэтычныя спробы М. Чарота адносіліся да часоў вучобы ў семінарыі і не захаваліся[25]. Друкаваўся з 1918 года[12][18] (паводле іншых звестак — з 1919 года[26]), яго вершы «Пад крыжам», «Звон», «Песня беларуса» з’явіліся ў газетах «Беларусь», «Звон», пазней гэтыя і іншыя вершы ўвайшлі ў кніжку паэзіі «Завіруха» (1922 — першы зборнік М. Чарота[12]).
Пачатковы этап творчасці адметны нацыянальна-патрыятычным гучаннем. У вершы «Ахвярую беларускаму хору Тэраўскага» паэт заклікаў да абуджэння краю, духоўнае і гістарычнае адраджэнне народа бачыў у апоры на нацыянальную самасвядомасць. У вершы «На шляху адраджэння» спрабаваў зазірнуць у будучыню і нібы прадчуваў цяжкі шлях і вялікія ахвяры.
Пасля 1921 нацыянальна-патрыятычныя матывы саступаюць месца рэвалюцыйна-пралетарскім, у творчасці дамінуе матыў супрацьпастаўлення мінулага гаротнага жыцця пад прыгнётам новаму радаснаму, якое настала з перамогай рэвалюцыі. У вершы «Скокі на могілках» мінулае малюе ў вобразе суцэльных могілак, на якіх адбываецца пралетарская оргія, праз акт вандалізму вяршыцца гвалт над гісторыяй Беларусі. Паэтычную версію рэвалюцыі на Беларусі М. Чарот даў у паэме «Босыя на вогнішчы» (1922), дзе паказаў, што Беларусь была толькі адбіткам расійскіх рэвалюцыйных падзей. У паэме-фантазіі «Чырванакрылы вяшчун» (1923) стварыў мастацкую ідэалізацыю вобраза «ўсясветнай камуны» і апісаў палёт на аэраплане над рознымі краінамі як місію распаўсюджвання вызваленага агню рэвалюцыі. У паэме «Ленін» (1924) у апалагетычным стылі ўслаўляў правадыра пралетарскай рэвалюцыі. У паэме «Беларусь лапцюжная» (1924) паказаў паслярэвалюцыйнае абнаўленне жыцця, збліжэнне горада і вёскі. У паэме «Марына» (1925) адлюстравана героіка-рэвалюцыйнае змаганне часоў грамадзянскай вайны на фоне рамантычнага, фальклорна-ідэалізаванага кахання. У паэме «Карчма» (1925), прысвечанай Я. Купалу, тэма мінулага і сучаснага Беларусі набывае нечаканыя абрысы: лірычны герой, нягледзячы на сацыяльнае перараджэнне, смуткуе ад развітання з мінулым. У кнізе вершаў «Сонечны паход» (1929) з’явіліся новыя тэмы змрочнага Захаду, дзе ў цяжкім палоне гібеюць працоўныя, і шчаслівай пралетарскай краіны.
У зборніку навел «Веснаход» (1924) М. Чарот сцвердзіў сябе як майстра прозы, стварыў псіхалагічна глыбокія характары герояў, беларуская рэчаіснасць 1920-х гадоў паказана з гумарам, часам досыць апалагетычна. Прыгодніцкая аповесць «Свінапас» (1923—1924) пра падзеі грамадзянскай вайны — рамантычна гераізаваны твор (паводле аповесці стварыў з Ю. Тарычам сцэнарый першага беларускага мастацкага фільма «Лясная быль» — пастаўлены ў 1926)[27].
Музычная драма «На Купалле»[12] (нап. 1921, не збераглася, паст. БДТ-1; 1921, адноўлены тэкст апублікаваны ў 1982), вадэвіль «Мікітаў лапаць» (апубл. 1923, паст. Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі; ролю Мікіты выконваў аўтар), іншыя пастаноўкі, дзіцячыя п’есы «Данілка і Алеська» (1920), «Пастушкі» (1921) прынеслі М. Чароту прызнанне як драматургу. Апублікаваў п’есу «Дажынкі» і аднаактоўку «Сон на балоце» (1924).
У 1930-я гады М. Чарот практычна адышоў ад літаратурнай дзейнасці. Вершам «Суровы прыгавор падпісваю першым» далучыўся да публічнага асуджэння рэпрэсіраваных беларускіх пісьменнікаў. Нешматлікія вершы страчваюць мастацкую навізну, ператвараюцца ў апалагетычныя агіткі. 3 іх выбіваўся верш «Лірычны эскіз», які гучаў як палемічнае самаапраўданне. Апошні верш «Прысяга» аб асабістай невінаватасці, напісаны на сцяне менскай турмы, быў захаваны ў памяці М. Хведаровічам[28].
Кампазітар У. Тэраўскі, пазней кампазітар А. Туранкоў стварылі на тэкст п’есы «На Купалле» оперу «Кветка шчасця».
Творы
[правіць | правіць зыходнік]Паэзія
[правіць | правіць зыходнік]- 1922 — «Завіруха» (зборнік).
- 1922 — «Босыя на вогнішчы» (паэма).
- 1925 — «Выбраныя вершы».
- 1926 — «Карчма», «Ленін», «Марына» (паэмы).
- 1927 — «Беларусь лапцюжная» (паэма).
- 1927 — «Чырванакрылы вяшчун» (паэма-фантазія).
- 1928 — «Паэмы».
- 1929 — «Сонечны паход».
- 1935 — «Выбраныя вершы і паэмы».
- 1933—1936 — Збор твораў у 3 тамах.
- 1958 — Збор твораў у 2 тамах.
- 1967 — «Выбраныя вершы і паэма».
- 1982 — «Выбранае».
- 1986 — «У сонечным паходзе» (вершы і паэмы).
Проза
[правіць | правіць зыходнік]- 1924 — «Веснаход» (зборнік апавяданняў).
- 1926 — «Выбраныя апавяданні».
П’есы
[правіць | правіць зыходнік]- «Мікітаў лапаць» — выдадзена і пастаўлена ў 1923 годзе.
- «Дажынкі» — у 1924 годзе.
- аднаактоўка «Сон на балоце» — у 1924 годзе.
- дзіцячая п’еса «Пастушкі. Данілка і Алеська» — у 1925 годзе.
- музычная драма «На Купалле» (адноўлены тэкст выдадзены ў 1982 годзе, пастаўлена ў 1921 годзе, кампазітар А. Туранкоў стварыў на тэкст п’есы оперу «Кветка шчасця»).
Асабістае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]Быў жанаты, гадаваў траіх дзяцей.
5 лістапада 1937 года ў Менску па адрасе: вул. Старажоўская, д. 47, кв. 2 арыштавана хатняя гаспадыня Дадыка Ефрасіння Тарасаўна (нар. 1903), жонка Міхася Чарота. 28 лістапада 1937 г. асобай нарадай пры НКУС асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКУС Казахскай ССР (Акмалінск). Загінула ў зняволенні ў першай палове 1940-х г. Рэабілітавана 11 сакавіка 1957 трыбуналам БВА. Асабовая справа жонкі М. Чарота № 10102-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Даследчыкі называюць Міхася Чарота адным з лідараў беларускай савецкай літаратуры 20-х гадоў. Яго творчасць адбіла ў сабе рамантычныя парыванні, супярэчнасці і вялікія ілюзіі свайго часу[25]. Зрэшты, ацэнка творчасці Міхася Чарота сярод сучаснікаў ніколі не была адназначнаю[29]. Язэп Пушча, рэцэнзуючы выданне паэмы «Ленін» (1926), крытыкаваў твор за «алавяна-лёгкія і гранітна-васковыя» стылістычныя прыёмы, якія «мядзведжым спрытам варочаюцца ў гушчэчы шматкроп’яў, засланяючы сабою сэнс тых з’яў, якія яны падручыліся перадаць». Таксама паэт ушчуваў М. Чарота за адсутнасць зместу[30].
Іншую пазіцыю датычна паэтычнай чыннасці Міхася Чарота заняў Максім Гарэцкі, для якога творчасць паэта была кангламератам дасягненняў і недахопаў паслякастрычнікай літаратуры ў цэлым, а сам Чарот быў для яго паэтам таленавітым, аднак супярэчлівым[29]. М. Гарэцкі адзначаў, што Міхась Чарот мае моцны прыродны талент і пры ўсіх недахопах з’яўляецца «найлепшым у беларускай літаратуры песняром Кастрычнікавай рэвалюцыі». Згадваючы «шэсць паэм» Міхася Чарота, М. Гарэцкі адзначае, што гэта «найлепшае ў беларускай пралетарскай паэзіі»[31].
Адам Бабарэка ў артыкуле «Лірыка Міхася Чарота» (Маладняк, 1925, № 9) адзначыў гіпербалічнасць як адзін з улюбёных прыёмаў паэта. Галоўнай высновай артыкула было тое, што «Чарот першы на беларускіх загонах ажыццявіў на практыцы марксісцкі погляд на літаратуру, як на зброю класавага змагання»[32]. Крытык з ковенскага часопіса «Крывіч», прызнаючы за Чаротам вялікі талент, рабіў сур’ёзныя закіды паэту адносна мовы яго твораў, засмечанай русізмамі і «барбарызмамі»; выказваў меркаванне, што ў творах паэта «больш пераважае мляўкая перафразоўка камуністычных лістовак»[33], чым глыбіннае пранікненне ў сутнасць глабальных гістарычных падзей.
Паводле М. Мішчанчука, усё напісанае пра Міхася Чарота пасля 1928 года з’яўляецца аднабаковай, ідэалагізаванай ацэнкай, дадзенай прыхільнікамі сацыялістычнага рэалізму ў яго сталінскай трактоўцы, паводле якой Чарот — «грамадзянскі паэт ярка выражанай адычнай арыентацыі»[34]. Гэта выразна выявілася ў неўключэнні твораў «Карчма», «На шляху адраджэння», «Буралом», «Пад крыжам», «З сучасных настрояў», «Вечная бура» ў выданні 1930—1980 гг. праз несупадзенне трагедыйных, філасофска-медытацыйных і роздумна-элегічных вершаў з разрэкламаванай крытыкай паэтавым аптымізмам[34].
У чэрвені 1924 года вядомы маскоўскі паэт, празаік і кінасцэнарыст Мацвей Ройзман (1896—1973) у артыкуле «Белорусский имажинизм» (часопіс «Гостиница для путешествующих в прекрасном», № 4) аднёс М. Чарота да пачынальнікаў беларускага імажынізму: «М. Чарот (может быть бессознательно) положил начало белорусскому имажинизму»[35]. Паводле В. Жыбуля, рысы паэтыкі імажынізму, спалучаныя з традыцыямі беларускай народнай творчасці, прысутнічаюць у шэрагу вершаў М. Чарота 1922—1924 гг. («Вясну пяю», «Я зноў — дзе поле каласамі…», «Чырвоныя вяснянкі», «Вясенні балаган», «Зарунела, зарунела…», «Камсамолія», «Ленінамайскае»)[36].
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Іменем Міхася Чарота названы вуліцы ў Мінску, Гродне, Маладзечне і Рудзенску. У апошнім на будынку Дома культуры прымацавана мемарыяльная дошка.
Да 100-гадовага юбілею пісьменніка РУП «Белпошта» выпусціла канверт (мастак Віктар Сташчанюк). У 2021 годзе быў выпушчаны маркіраваны канверт да 125-годдзя з дня нараджэння пісьменніка (дызайн канверта Святлана Цырулік).
-
2021
-
1996
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #1047399547 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 17 кастрычніка 2015.
- ↑ http://www.marakou.by/by/davedniki/represavanyya-litaratary/tom-ii?id=19882
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #1047399547 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
- ↑ а б ЧАРОТ Міхась // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ↑ Крыптанім — подпіс пад творам замест імя аўтара, які не прадугледжвае магчымасці атоесніць яго з той або іншай пэўнай асобай; іншымі словамі — імя, разлічанае на тое, каб схаваць сапраўднага аўтара твора.
- ↑ Арлоў, Ул.. Міхась Чарот(нявызн.). Радыё Свабода (26 снежня 2011).
- ↑ Мяснікоў, А. Ф. Сто асоб беларускай гісторыі: гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 241. — 344 с.
- ↑ Рублеўская, Л.. Краснокрылый вещун (руск.). Советская Белоруссия (23 снежня 2011).
- ↑ Мішчанчук, М. І. «... Ў сэрца я паранены, вольны птах падстрэлены...» Паэзія Міхася Чарота з пазіцый сучаснасці // Як жыць — дык жыць для Беларусі... — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 52—53. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6.
- ↑ а б в Рублеўская, Л.. Краснокрылый вещун (руск.). Советская Белоруссия (23 снежня 2011).(недаступная спасылка)
- ↑ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 454. — 903 с.
- ↑ а б в г Чарот Михась // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 667-668. — 737 с. (руск.)
- ↑ История белорусской советской литературы / Ред. И. Я. Науменко, П. К. Дюбайло, Н. С. Перкин. — Мн: Наука и техника, 1977. — С. 414. — 776 с. (руск.)
- ↑ Арлоў, Ул.. Міхась Чарот . Радыё Свабода (26 снежня 2011).
- ↑ Айзенштат, Г Жыццё і драма Міхася Чарота: дакументальная версія // Беларусь. — 1989. — № 7. — С. 5.
- ↑ Мяснікоў, А. Ф. Сто асоб беларускай гісторыі: гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 241. — 344 с.
- ↑ Падаляк, Т.. «Паглядзі... Вясну радзіла восень» . Звязда (26 снежня 2011).(недаступная спасылка)
- ↑ а б в ЧАРОТ Міхась // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- ↑ Раман Корзюк. — Нью-Ёрк — Мюнхен, 1985.
- ↑ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 473. — 903 с.
- ↑ Міхась Чарот (руск.) — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі
- ↑ История белорусской советской литературы / Ред. И. Я. Науменко, П. К. Дюбайло, Н. С. Перкин. — Мн: Наука и техника, 1977. — С. 427. — 776 с.
- ↑ Вячаслаў Ракіцкі. Пачатак нашага тэатразнаўства // Спадчына. — Мн.: 1991. — № 1. — С. 33.
- ↑ Мішчанчук, М. Чарот Міхась // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 6. Талалай — Яфімаў / Дадатак Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 269. — 684 с.
- ↑ а б Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 455. — 903 с.
- ↑ Чарот Міхась // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- ↑ Міхась Чарот
- ↑ Багдановіч І. Чарот // ЭГБ у 6 т. Т. 6. Кн. ІІ. Мн., 2003.
- ↑ а б Мішчанчук, М. І. «... У сэрца я паранены, вольны птах падстрэлены...» Паэзія Міхася Чарота з пазіцый сучаснасці // Як жыць — дык жыць для Беларусі... — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 48—49. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6.
- ↑ Узвышша. 1927. № 3. С. 190.
- ↑ Маладняк. 1928. № 4. С. 96.
- ↑ Бабарэка А. Лірыка Міхася Чарота // Маладняк. — 1925. — № 9. — С. 119.
- ↑ Жылевіч С. М. Чарот. Завіруха. ДВБ. Менск. 1922 // Крывіч (1923). — 1925. — № 9. — С. 118.
- ↑ а б Мішчанчук, М. І. «... Ў сэрца я паранены, вольны птах падстрэлены...» Паэзія Міхася Чарота з пазіцый сучаснасці // Як жыць — дык жыць для Беларусі... — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 50. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6.
- ↑ Жыбуль, В. «...Паклаў пачатак беларускаму імажынізму» Пра Міхася Чарота і адну маскоўскую публікацыю // Роднае слова. — Мн.: 2011. — № 10. — С. 6—9.
- ↑ Жыбуль, В. «...Паклаў пачатак беларускаму імажынізму» Пра Міхася Чарота і адну маскоўскую публікацыю // Роднае слова. — Мн.: 2011. — № 11. — С. 10.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 244. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 148. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Чарот Міхась // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 6. — С. 442. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Т. 5. Скамарохі — Яшчур. — С. 517. — 703 с. — 10 000 экз.
- Чарот Міхась // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 583. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Чарот Міхась // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 6. Таталаў — Яфімаў. Дадатак. — С. 268. — 684 с.; іл.. — ISBN 985-11-0022-6.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003..
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005..
- Багдановіч І. Міхась Чарот // Гісторыя беларускай літаратуры XX ст. Мн.. 1999. Т. 2.
- Багдановіч І. Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння. Мн.. 2001.
- Ярош М. Міхась Чарот: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1963.
- Ярош М. Міхась Чарот. Мн., 1966.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Міхась Чарот у Вікікрыніцах | |
Міхась Чарот на Вікісховішчы |
- Нарадзіліся 7 лістапада
- Нарадзіліся ў 1896 годзе
- Нарадзіліся ў Рудзенску
- Памерлі 29 кастрычніка
- Памерлі ў 1937 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка
- Выпускнікі Рудзенскай сярэдняй школы
- Члены КПСС
- Члены Саюза пісьменнікаў СССР
- Сябры літаратурнага аб’яднання «Маладняк»
- Члены Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў
- Сябры літаратурнага аб’яднання «Полымя»
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Паэты паводле алфавіта
- Паэты СССР
- Паэты Беларусі
- Драматургі паводле алфавіта
- Драматургі СССР
- Драматургі Беларусі
- Пісьменнікі СССР
- Пісьменнікі Беларусі
- Рэдактары паводле алфавіта
- Рэдактары СССР
- Рэдактары Беларусі
- Грамадскія дзеячы Беларусі
- Беларускамоўныя паэты
- Беларускамоўныя пісьменнікі
- Выпускнікі Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі
- Рэпрэсаваныя савецкай уладай
- Расстраляныя ў СССР
- Члены ЦВК БССР
- Людзі на паштовых канвертах