Перайсці да зместу

Мікалай Судзілоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з М. Судзілоўскі)
Мікалай Судзілоўскі
Нараджэнне 15 снежня 1850(1850-12-15)[1]
Смерць 30 красавіка 1930(1930-04-30) (79 гадоў)
Месца пахавання
Бацька Канстанцін Судзілоўскі[d]
Партыя
Член у
Адукацыя
Дзейнасць навука[2] і палітыка[2]
Бітвы
Узнагароды
ордэн Зоркі Румыніі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мікала́й Канстанці́навіч Судзіло́ўскі (псеўданім Ніко́лас Ру́сэль; 15 снежня 1850, Магілёў30 красавіка 1930) — філосаф, прыродазнаўца, рэвалюцыянер, удзельнік грамадcка-палітычных рухаў Беларусі, Расіі, Швейцарыі, Румыніі, Англіі, Францыі, ЗША, Японіі, Кітая і інш. краін. Прэзідэнт Сената Гавайскіх астравоў.

Падарожнік-географ, аўтар публіцыстычных твораў, спецыяліст у галіне этнаграфіі, энтамалогіі, хіміі, біялогіі, аграноміі. Адкрыў шэраг астравоў цэнтральнай часткі Ціхага акіяна, пакінуў каштоўныя геаграфічныя апісанні Гаваяў і Філіпінаў.

Доктар, з імем якога звязаныя пэўныя дасягненні ў хірургіі, тэорыі туберкулёзу і іншых хвароб. Яму належаць некалькі важных прац па медыцыне.

Быў таксама членам Амерыканскага таварыства генетыкаў, некалькіх навуковых таварыстваў Японіі і Кітая.

Валодаў васьмю еўрапейскімі мовамі, а таксама японскай і кітайскай.

Нарадзіўся 3 (15) снежня 1850 года ў Магілёве ў беларускай шляхецкай сям’і, якая валодала маёнткам у в. Фастава Мсціслаўскага павета. Яго бацька быў сакратаром Магілёўскай палаты цывільнага і крымінальнага суда. У сям’і было 8 дзяцей, сярод якіх Мікалай быў старэйшым.

Пасля заканчэння Магілёўскай мужчынскай гімназіі Судзілоўскі вучыўся на медыцынскім факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. У Кіеве ён стварыў студэнцкі народніцкі гурток, потым выехаў у Швейцарыю, дзе пазнаёміўся з лідарамі рэвалюцыйнай эміграцыі Лаўровым, Бакуніным і інш.

Пасля вяртання ў 1873 годзе Мікалай узначаліў Кіеўскую камуну студэнтаў. Захоплены народніцкай ідэяй «хаджэння ў народ», у лютым 1874 года Судзілоўскі выехаў у Херсонскую, а потым у Самарскую губерню з мэтай прапаганды сярод сялянства і наладжвання работы прапагандыстаў.

Аднак у маі 1874 года ахранка пачала арышты народнікаў. Цудам Мікалаю, які выдаў сябе за нямецкага каланіста, удалося пазбегнуць арышту і эмігрыраваць. У Расіі Судзілоўскі быў залічаны ў спіс небяспечных дзяржаўных злачынцаў. Яго родная сястра Яўгенія за рэвалюцыйную прапаганду ў жніўні 1874 года была арыштавана і каля двух гадоў знаходзілася ў Петрапаўлаўскай крэпасці (Пецярбург). Шлях на бацькаўшчыну быў закрыты. З 1875 года і да канца жыцця Судзілоўскі пражыў у эміграцыі.

У эміграцыі рэвалюцыянер апынуўся спачатку ў Лондане, дзе ўдзельнічаў у рабоце эмігранцкіх арганізацый. 23 студзеня 1875 года ён выступіў на сходзе, які быў прысвечаны гадавіне паўстання 1863 г., на якім сярод іншых выступалі Ф. Энгельс і К. Маркс.

Але ўжо летам 1875 года Судзілоўскі накіроўваецца ў Румынію, а на шляху ў Бухарэст прыпыняецца ў Жэневе, дзе піша тэзісы сваёй доктарскай дысертацыі. У Румыніі Мікалай Судзілоўскі займаўся ўрачэбнай практыкай і рэвалюцыйнай дзейнасцю. Наш суайчыннік стаў адным з пачынальнікаў румынскага сацыял-дэмакратычнага руху, арганізоўваў сацыялістычныя гурткі. Актыўна ўдзельнічаў у падрыхоўцы антытурэцкага Красавіцкага паўстання ў Балгарыі ў 1876 годзе. Бярэ псеўданім Ніколас Русэль і ў далейшым жыве пад гэтым прозвішчам. У 1877 годзе Судзілоўскі скончыў універсітэт у Бухарэсце.

Вёў рэвалюцыйную прапаганду сярод параненых расійскіх салдат і афіцэраў падчас 18771878 гг., выдаваў у 1879 годзе газету «Бесарабія». Нягледзячы на тое, што за ўратаванне сотняў хворых і параненых румынскі ўрад узнагародзіў Судзілоўскага залатым медалем, у 1881 годзе ўлады за рэвалюцыйную дзейнасць выслалі яго, як і іншых расійскіх сацыялістаў, у Канстанцінопаль.

У Жэневе і Парыжы Судзілоўскі аднавіў адносіны з расійскай палітычнай эміграцыяй, сустракаўся і спрачаўся з Пляханавым, Засуліч, Аксельрод. З 1882 годзе ён працуе ва Усходняй Румеліі (Балгарыя), але з-за ганенняў вымушаны пакінуць і гэту краіну, а затым і кантынент.

1 жніўня 1887 года Судзілоўскі прыбыў у Нью-Ёрк, затым абаснаваўся ў Сан-Францыска, дзе займаўся лячэбнай практыкай. У ЗША Мікалай Канстацінавіч надрукаваў некалькі навуковых артыкулаў, быў абраны віцэ-прэзідэнтам грэка-руска-славянскага таварыства.

Судзілоўскі атрымлівае амерыканскае грамадзянства. І ў Амерыцы ён адстойвае свае сацыялістычныя перакананні, абараняе правы беднякоў. У 1889 годзе Судзілоўскі ўступіў у канфлікт з прадстаўніком свяцейшага Сінода ў ЗША епіскапам Уладзімірам, абвінаваціўшы апошняга ў хабарніцтве і маральнай разбешчанасці. У выніку епіскап быў адкліканы ў Расію.

Прыжыўшы 5 гадоў у Каліфорніі, Судзілоўскі ў маі 1892 года пераехаў на Гавайскія астравы, дзе займаўся ўрачэбнай практыкай. Пасля захопу амерыканцамі ў 1898 годзе астравоў доктар рашуча ўключыўся ў барацьбу за незалежнасць гавайцаў. У 19001901 гг. пад імем Каўка Лукіні (англ. Kauka Lukini) ён быў сенатарам, а потым і прэзідэнтам Сената Тэрыторыі Гаваі — калегіяльнай урадавай установы гэтай калоніі ЗША.

Пасля выхаду ў адстаўку з паста сенатара Гавайскага парламента Судзілоўскі пераехаў у Шанхай (Кітай). У маі 1905 года ён ужо знаходзіўся ў Японіі, дзе арганізаваў камітэт дапамогі расійскім ваеннапалонным расійска-японскай вайны, стварыў для непісьменных салдат школы. з яго дапамогай у Нагасакі сацыялісты пачалі выпускаць рэвалюцыйную газету «Воля». У Токіа Судзілоўскі выпускаў газету «Усходні агляд», дапамагаў японскім дэмакратам выпускаць часопіс «Рэвалюцыйны веснік», актыўна праводзіў прапаганду сацыялістычных ідэй.

Па патрабаванні Расійскага міністэрства замежных спраў урад ЗША ануляваў яго амерыканскае грамадзянства.

У 1912 годзе нястомны Судзілоўскі пераехаў на Філіпіны. Там наш суайчыннік акрамя медыцынскай практыкі займаўся, як заўсёды, грамадскай і асветніцкай дзейнасцю. Потым ён вярнуўся ў Японію.

Лютаўскую рэвалюцыю, якая адбылася ў Расіі, Судзілоўскі сустрэў з радасцю, але Кастрычніцкая была ўспрынятая ім як «зігзаг гісторыі». Марксізм ён лічыў дактрынёрствам і разгладаў яго толькі як адно ў многіх сацыялістычных вучэнняў.

У 1921 годзе Мікалай Канстанцінавіч пасяліўся з сям’ёй у кітайскім горадзе Цяньцзынь, дзе працаваў урачом. Адносіны да бальшавікоў сталі ў яго больш памяркоўныя. Ён арганізаваў першы ў Азіі «Камітэт дапамогі галадаючым Расіі». Пад канец жыцця ён нават пачаў думаць пра вяртанне на Бацькаўшчыну. Але яго намер не здзейсніўся.

Мікалай Судзілоўскі памёр 30 красавіка 1930 года ва ўзросце 80 гадоў. Цела яго паводле ўсходняй традыцыі было спалена.

Судзілоўскага называюць «першым і апошнім энцыяклапедыстам XX стагоддзя».

Зноскі

  1. http://www.biolex.ios-regensburg.de/BioLexViewview.php?ID=1714
  2. а б Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.