Перайсці да зместу

Менскі беларускі тэатр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Менскі беларускі тэатр — гарадскі тэатр у Менску ў гады акупацыі ў Вялікую Айчынную вайну. Працаваў 2 тэатральныя сезоны: 1941/42 і 1942/43 (уключаючы 2 прэм’еры 1944). Меў оперную, драматычную, балетную, эстрадна-аркестравую групы, сімфанічны аркестр, аркестр цымбалістаў, хор. Адным з кіраўнікоў тэатра быў В. Селях-Качанскі. Драматычная трупа складалася з акцёраў розных мінскіх тэатраў, якія не здолелі эвакуіравацца[ru]: В. Окалаў, П. Ротар, С. Патаповіч, М. Шчансновіч, У. Говар-Бандарэнка, У. Пальчэўскі, Б. Уладамірскі, М. Цурбакоў і інш.

Рэпертуар тэатра абмяркоўваўся з акупацыйнымі ўладамі. Усе іх заўвагі і прапановы безагаворачна прымаліся. У рэпертуары пераважалі творы замежнай класікі, а таксама п’есы беларускіх драматургаў. Сярод пастановак: «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Міхалка» Далецкіх, «Шчаслівы муж», «На Антокалі», «Пан міністар» Ф. Аляхновіча, «Каварства і каханне» Ф. Шылера, «Патанулы звон» Г. Гаўптмана, «Лекар паняволі» Мальера, «Карчмарка» К. Гальдоні, «Разбіты збан» Г. фон Кляйста, «Лялечны дом» («Нора») Г. Ібсена. Побач з драматычнымі спектаклямі ставіліся оперы і балеты: «Кармэн» Ж. Бізэ, «Чароўная флейта» В. А. Моцарта, «Яўген Анегін» П. Чайкоўскага, «Вольны стралок» К. Вебера. Усе спектаклі ішлі на беларускай мове. Пераклады лібрэта былі зробленыя Н. Арсенневай.

22 чэрвеня 1943 года ў час вячэрняга спектакля ў тэатры адбыўся выбух ад закладзенай партызанамі міны. Пасля рамонту 2 красавіка 1944 года адкрыўся операй «Купалле» А. Туранкова. У чэрвені 1944 года адбылася апошняя прэм’ера тэатра — «Загубленае жыццё» Т. Лебяды.