Перайсці да зместу

Людзікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карэлы-людзікі
неафіцыйны сцяг карэлаў-людзікаў
неафіцыйны сцяг карэлаў-людзікаў
Колькасць 5 000
Рассяленне Расія
Этнічныя мовы людзікоўская
Традыцыйныя рэлігіі (канфесіі) Праваслаўе
Блізкія этнасы карэлы, вепсы, карэлы-лівікі

Лю́дзікі, карэ́лы-лю́дзікі (карэл.: lyydilaažed) — адзін з трох буйных субэтнасаў (апроч уласна карэлаў) у складзе карэльскага этнаса. Гэтак жа, як і субэтнас лівікаў (карэл.: livgiläizet / livgiläižet), істотна адрозніваецца па культуры і мове (аж да адрозненняў у алфавітах) ад уласна карэлаў. Людзікі ў пражываюць пераважна ў Прыанежскай Карэліі, на паўночным і ўсходнім узбярэжжы Анежскага возера.

Гісторыя і паходжанне

[правіць | правіць зыходнік]

Этнагенез людзікаў, і карэлаў наогул, застаецца недастаткова вывучаным. Агульнапрынятым з’яўляецца пункт гледжання, што субэтнас сфарміраваўся падчас міжэтнічнага кантакту сярэдневяковай карэлы з вессю, а таксама асіміляваў падчас этнагенезу ў Сярэднявеччы аўтахтонных саамаў, што і абумовіла ў канчатковым выніку своеасаблівасць мовы і культуры. Першай з пісьмовых крыніц пра людзікаў згадвае пад назвай племя лі́ўдзі або лю́дзі (лац.: liudi) Баварскі ананім, які датуецца першай паловай IX стагоддзя. Некалькі пазней людзікаў згадвае Ахмед ібн Фадлан у сваёй кнізе пра падарожжа на Волгу ў 921922 гадах пад назвай народа «луўд-аана», у рускіх сярэдневяковых крыніцах карэлы-людзікі часцяком згадваліся пад назвай людзіны, без суаднясення з карэламі (карэлай). Аднак яшчэ істотна раней, пры заснаванні Ноўгарада адзін з яго канцоў быў названы «Людзін», падобна таму, як па імі племя наровы быў названы Нераўскі канец.

Тэрыторыя людзікаў уваходзіла ў склад Абанежскай пяціны Наўгародскай зямлі. Разам з Наўгародскай зямлёй людзікі ўвайшлі пры Іване III у склад Маскоўскай дзяржавы.

Антрапалагічны тып

[правіць | правіць зыходнік]

Карэлы-людзікі адносяцца да еўрапеоіднай вялікай расы, яе беламора-балтыйскага тыпу, які характарызуецца мінімальнай мангалоіднай прымешкай.

Паходжанне мовы дагэтуль дакладна не вызначана, пануючай застаецца гіпотэза, што яна сфарміравалася на базе сярэдневяковай уласна карэльскай мовы пад значным уплывам вепскай мовы. Яна адносіцца да фіна-ўгорскай групы моў і класіфікуецца як аглютынатыўная мова. У мове прысутнічае значная колькасць запазычанняў з архаічнай вепскай мовы. Даклданых звестак пра ўзнікненне пісьменнасці ў людзікаў не маецца, у XIX стагоддзі яна ўжо існавала на аснове кірыліцы, у 1930-х гадах было ўведзена пісьмо на аснове лацініцы.

У складзе людзікоўскай мовы вылучаюцца наступныя дыялекты:

У расійскай лінгвістцы мову прынята лічыць дыялектам карэльскай мовы, у той час як частка фінскіх лінгвістаў і большасць заходніх лічаць яе самастойнай мовай.