Клецкая бітва
Літоўска-татарскія войны | |||
---|---|---|---|
| |||
Дата | 5 жніўня 1506 | ||
Месца | ваколіцы Клецка | ||
Вынік | перамога войска Вялікага Княства Літоўскага | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Клецкая бітва (5 жніўня 1506) — бітва паміж войскам ВКЛ на чале з Міхаілам Глінскім і войскам крымскіх татар, якое вялі сыны Менглі-Гірэя — Бэці і Бурнаш.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыю ВКЛ татары ў колькасці 12 тыс. (па іншых звестках 6 тыс.) уварваліся ў ліпні, дайшлі да Слуцка і Клецка, адтуль распускалі загоны на Навагрудак і Ліду. Кароль і вял. кн. Аляксандр пра татарскі наезд даведаўся ў Лідзе, куды прыехаў з жонкай Аленай Іванаўнай, дваром і скарбам. Хворы Аляксандр загадаў адвезці яго назад у Вільню, а кіраўніцтва дзяржаўнымі справамі даручыў гетману С. Кішку і маршалку дворнаму М. Глінскаму. З панскіх почтаў і наёмнай конніцы было сабрана 6—7 тыс. войска. Яно некалькі дзён стаяла каля Навагрудка, а 4 жніўня, калі была атрымана інфармацыя, што галоўны татарскі кош (лагер) знаходзіцца пад Клецкам, войска рушыла туды. Па дарозе захварэў Кішка і кіраўніцтва войскам пераняў Глінскі.
Ход і вынікі бітвы
[правіць | правіць зыходнік]Раніцай 5 жніўня конніца падышла да Клецка і спынілася перад р. Лань. На супрацьлеглым беразе стаялі падрыхтаваныя да бою татары. Некалькі гадзін ішла перастрэлка. За гэты час войска ВКЛ падрыхтавала 2 гаці, па якіх коннікі пачалі пераправу. Па правай гаці пераправа ішла хутчэй, татары атакавалі правае крыло, нанеслі вялікія страты. Глінскі прыспешыў рух левага крыла і імклівым ударам конніцы разрэзаў татарскае войска на дзве часткі. Правае крыло таксама перайшло ў наступленне. Частка татараў трапіла ў абцугі, іншыя пачалі ўцякаць. Харугвы Глінскага пайшлі ў пагоню, бралі палонных каля Слуцка, Петрыкава, на ўкраінскіх шляхах. Было вызвалена каля 40 тыс. нявольнікаў, якіх татары збіраліся весці ў Крым, узята 30 тыс. коней.
Хан Менглі-Гірэй пад уражаннем ад вынікаў бітвы стаў на пэўны час саюзнікам ВКЛ.
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]На месцы бітвы пастаўлены помнік (1996).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Варонін В. А. Два лісты пра бітву пад Клецкам у 1506 г. // Бел. гіст. агляд. 1995. Т. 2, сш. 2.
- Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. — Мінск: Энцыклапедыкс, 2001. — 412 с. — ISBN 985-6374-34-2
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 333. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Сагановіч Г. Кле́цкая бі́тва 1506 // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 389. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.