Касцёл Святога Антонія і кляштар францысканцаў (Орша)
Кляштар | |
Касцёл Святога Антонія і кляштар францысканцаў | |
---|---|
54°30′16,83″ пн. ш. 30°24′50,39″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Ордэнская прыналежнасць | францысканцы |
Архітэктурны стыль | барока |
Заснавальнік | Войцех Станіслаў Катоўскі[d] |
Дата заснавання | 1612 |
Дата пабудовы | XVIII стагоддзе |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000889 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Святога Антонія і кляштар францысканцаў — колішні каталіцкі комплекс, які існаваў у 1680—1832 гадах у г. Орша. Размяшчаўся на паўднёвым-ўсходзе горада і займаў адзін з кварталаў уздоўж вуліцы, пракладзенай паралельна берагу Дняпра. Захаваўся былы кляштарны корпус, размешчаны па вул. Дамініканскай, 4.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Аб кляштары францысканцаў у Оршы захаваліся толькі кароткія гістарычныя дадзеныя. Кляштар заснаваны ў 1612 годзе. Каменны храм закладзены ў 1680[1] годзе па фундацыі рэчыцкага стольніка Войцеха Станіслава Катоўскага. Мураваны касцёл з бакавой вежай-званіцай асвячоны 10 жніўня 1768 года. Тады ж пабудаваны жылы корпус[2].
На плане Оршы 1813 года кляштарны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі пазначаны як спалены. Пасля адбудовы ў XIX стагоддзі пераасвячоны ў імя Святога Антонія[1].
У 1863 годзе скасаваны. Пасля закрыцця ў ім размяшчаліся інвалідная каманда, потым арыштанцкі дом, у 1920—1930-я гады рамеснае вучылішча[2].
Касцёл знішчаны ў 1970-я гады, калі расшыралі праезную частку вуліцы Савецкай. У былых кляштарных мурах да нядаўняга часу размяшчалася турма. Цяпер будынак занядбаны[1].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Мураваны касцёл кляштара быў узведзены ў стылі барока паводле канона трохнефавай вухвежавай базілікі. Двухярусныя вежы былі накрыты пакатымі шатрамі, бакавыя фасады рытмічна чляніліся высокімі арачнымі аконнымі праёмамі. Інтэр’ер упрыгожвалі сем алтароў, сярод якіх: Нараджэння Дзевы Марыі, Ісуса Хрыста, Апекі Найсвяцейшай Божай Маці, Святога Францыска, Святога Антонія, Святога Іосіфа. Касцёл алтаром арыентаваўся на поўдзень, галоўным фасадам звернуты да вуліцы і да ракі, размяшчаўся з невялікім водступам ад лініі забудовы[1].
У кляштарны комплекс уваходзілі двухпавярховы каменны корпус і аднапавярховыя каменныя келлі. Двухпавярховы корпус кляштара стаяў ззаду касцёла, трохі ўверх па рэльефу, які тут павышаецца.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Аршанскі кляштар францысканцаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси (руск.) / Рос. акад. архитектуры и строит. наук. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. — 600 с.: ил. — ISBN 5-89826-093-5.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Антонія і кляштар францысканцаў (Орша)
- Касцёл Св. Антонія (францысканаў) на сайце Radzima.org
- Кляштар францысканаў на сайце Radzima.org
- Касцёл Святога Антонія і кляштар францысканцаў (Орша) на сайце Глобус Беларусі (руск.)