Карэспандэнцыйныя курсы беларусаведы
Карэспандэнцыйныя курсы беларусаведы, Беларускія карэспандэнцыйныя курсы ў Празе — выдавецкая ініцыятыва, якая ў 1941 г. ажыццяўляўся ў Празе.
Падобныя курсы арганізоўваліся напачатку II суветнай вайны ў некалькіх значных асяродках беларускай эміграцыі (Берліне, Варшаве, Лодзі) у форме лекцый, галоўным чынам, па беларускай мове, літаратуры і гісторыі Беларусі. Асаблівасцю курсаў у Празе, дзе беларуская дыяспара была нешматлікая, стала тое, што, паводле задумы арганізатараў даклады на паасобныя тэмы павінны былі апрацоўвацца ў пісьмовай форме спецыялістамі з розных гарадоў, выпускацца пражскім выдавецтвам Івана Ермачэнкі ў выглядзе асобных брашур і рассылацца зацікаўленым беларусам у Германіі, пратэктараце і генеральным губернатарстве. 3 гэтай прычыны курсы называліся «карэспандэнцыйныя».
У канцы 1940 г. была створана рэдакцыя курсаў, якой кіраваў Я. Станкевіч з дапамогай тэхнічнага супрацоўніка выдавецтва П. Бакача. У склад рэдакцыі ўваходзілі М. Абрамчык (Парыж), А. Мамчыц (Варшава) і М. Шкялёнак (Берлін), задачай якіх было распаўсюджванне брашур сярод беларускіх эмігрантаў у Францыі і генеральным губернатарстве, а таксама ваеннапалонных у Германіі. Апошнім сябрам рэдкалегіі быў старшыня Рады БНР В. Захарка, які не браў удзелу ў рэдакцыйнай працы.
Рэдакцыя курсаў выдала 4 брашуры, з іх 2 выпускаліся часткамі («лекцыямі»). Першай была ананімная брашура «Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску», надрукаваная на пачатку 1941 ў пражскай друкарні (перадрук аднаймейнай публікацыі, выдадзенай у 1937 ў Вільні; апр. Я. Станкевіч і інш.). Затым рататарнай тэхнікай былі выпушчаны тры чарговыя брашуры: Я. Станкевіча «Курс беларускае мовы» (у дзвюх частках) і «Курс гісторыі Крывіі-Беларусі» (у трох частках), а таксама I. Ермачэнкі «Пранцы (сыфіліс)».
Такім чынам, мовазнаўчыя і гістарычныя працы Я. Станкевіча складалі асноўную частку выдавецкай прадукцыі. У «Курсе гісторыі Крывіі-Беларусі» аўтар упершыню ў беларускай навуцы выказаў погляд аб балта-славянскім этнагенезе беларусаў.
Верагодна, пражскія курсы служылі між іншым для наладжвання неафіцыйых кантактаў беларускага эмігранцкага актыву і выпрацоўкі канцэпцыі палітычнай дзейнасці ва ўмоах блізкай нямецка-савецкай вайны.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002.