Капыльскае княства
Капыльскае княства — феадальнае ўдзельнае княства Вялікага Княства Літоўскага з цэнтрам y г. Капыль. Утворана ў 1395 годзе. У канцы XIV— 1-й палове XV стагоддзя княства называлася таксама Капыльска-Слуцкім ці Слуцка-Капыльскім, з 2-й паловы XV стагоддзя — Слуцкім, бо ў сярэдзіне 15 стагоддзя Алелькавічы перанеслі сваю сталіцу ў г. Слуцк.
У 1494 годзе тэрыторыя княства ўключала г. Капыль з яго дварамі (цэнтрамі маёнткаў) і дварцамі (цэнтрамі невялікіх маёнткаў) — Байлаўцы (Баелаўцы), Сыраватчычы, Старыца, Скеп'ева, Старое Сяло; пазней згадваецца мястэчка Цімкавічы. Такі адміністрацыйны ўклад захоўваўся да 1791 г., i Капыльскае княства было адной з адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Слуцкага княства са сваім намеснікам, або губернатарам.
У 1791 годзе сейм Рэчы Паспалітай скасаваў Капыльскае княства (разам са Слуцкім) і ўтварыў на іх тэрыторыі Случарэцкі павет, але памешчыцкая адміністрацыя Капыльскага княства ў княжацкай адміністрацыі Радзівілаў, a потым Вітгенштэйна захоўвалася яшчэ ў 1-й палове XIX стагоддзя.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1999. ISBN 985-11-0144-3, С. 34.