Зянон Станіслававіч Пазняк
Зянон Станіслававіч Пазняк | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
альтэрн.: Зянон Станіслававіч Пазьняк | |||||||
| |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
24 красавіка 1944 (80 гадоў) |
||||||
Бацька | Станіслаў Янавіч Пазняк[d] | ||||||
Веравызнанне | Каталіцкая Царква | ||||||
Партыя | |||||||
Адукацыя | |||||||
Навуковая ступень | кандыдат мастацтвазнаўства (1981) | ||||||
Месца працы | |||||||
Аўтограф | |||||||
Узнагароды | |||||||
Сайт | pazniak.info | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Зяно́н Станісла́вавіч Пазня́к (нар. 24 красавіка 1944, в. Суботнікі, Іўеўскі раён) — беларускі палітык і грамадскі дзеяч, археолаг, мастацтвазнаўца, пісьменнік. Кандыдат мастацтвазнаўства (1981). Адзін з заснавальнікаў «Мартыралога Беларусі» (1988) і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» (1989—1999), старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ (з 1999). З 1996 года жыве ў эміграцыі.
Біяграфія
Раннія гады. Навуковая дзейнасць
Беларус, каталік. Унук беларускага дзеяча ў Заходняй Беларусі (Польшчы) Янкі Пазняка. Бацька, якога ўлетку мабілізавалі ў Чырвоную армію, загінуў на фронце ў снежні 1944 года. Скончыў Суботніцкую сярэднюю школу, мастацтвазнаўчае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці тэатразнаўца (1967), аспірантуру пры Інстытуце этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклору АН БССР (1972).
У 1969 разам з Лявонам Баразной апублікаваў у маскоўскай газеце «Правда» артыкул «Заботясь о будущем», спрабуючы выратаваць ад знішчэння гістарычную вуліцу Няміга, што адтэрмінавала знішчэнне многіх гістарычна каштоўных будынкаў і кварталаў у цэнтры Мінска, у тым ліку Траецкага прадмесця, Верхняга горада і Ракаўскага прадмесця.
Займаўся мастацтвазнаўствам. У 1974 годзе праз палітычна-адміністрацыйныя рэпрэсіі пазбаўлены працы ў Інстытуце мастацтвазнаўства, з 1976 года займаўся археалогіяй. Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР, вывучаў перыяд позняга сярэднявечча на Беларусі, займаючыся раскопкамі Мінска, Лоска, Мядзеля і іншых беларускіх гарадоў і мястэчак. У 1981 годзе абараніў дысертацыю «Праблемы станаўлення і развіцця беларускага прафесійнага тэатра пачатку XX стагоддзя (1900—1917 гг.)», з прычыны канфлікту з кіраўніцтвам інстытута абарона адбылася ў Ленінградзе.
Палітычная дзейнасць
У 1988 годзе адкрыў і археалагічна даследаваў масавыя пахаванні людзей у Курапатах каля Мінска. У чэрвені 1988 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» апублікаваў артыкул «Курапаты — дарога смерці». Пасля публікацыі артыкула, 30 кастрычніка 1988 года ў Мінску адбыўся мітынг-рэквіем «Дзяды», які быў разагнаная ўладамі з ужываннем дубінак і слёзатачывых газаў. Вынікам стаў рост апазіцыйных настрояў і ўтварэнне арганізацыйнага камітэта па стварэнні Беларускага народнага фронту, на чале якога стаў Зянон Пазняк. Старшыня Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (1989—1999) і партыі БНФ (1993—1999).[1]
Ужо ў першым туры выбараў 4 сакавіка 1990 года абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання. З траўня 1990 года па студзень 1996 года — дэпутат Вярхоўнага Савета, кіраўнік дэпутацкай апазіцыі БНФ. Дабіваўся адкрыцця праўды пра маштабы Чарнобыльскай катастрофы, выступаў за вяртанне бела-чырвона-белага сцяга і герба Пагоні як дзяржаўных сімвалаў Беларусі, удзельнічаў у распрацоўцы сацыяльна-эканамічнага заканадаўства. У 1992 годзе пад кіраўніцтвам Зянона Пазняка фракцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце створана Канцэпцыя эканамічнага развіцця Беларусі[2]. На патрабаванне дэпутатаў Апазіцыі БНФ 24 жніўня 1991 года была скліканая нечарговая сесія Вярхоўнага Савета, на якую дэпутаты БНФ пад кіраўніцтвам Пазняка вылучылі пакет законапраектаў аб вяртанні незалежнасці Беларусі. 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет прагаласаваў за наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, што азначала вяртанне незалежнасці Беларусі.
У 1994 годзе Зянон Пазняк ажаніўся з аднапартыйкай Галінай Вашчанка.
Зянон Пазняк вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі на выбарах 1994 года, атрымаў у першым туры 12,82 % галасоў, заняўшы трэцяе месца, і не трапіў у другі тур.
У студзені 1995 года, пасля ўварвання расійскіх войскаў у Чачню, апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце выступіла ў падтрымку народа Ічкерыі. Новаабраны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў адказ заявіў, што Зянон Пазняк заклікае беларусаў ехаць ваяваць. Пазняк падаў у суд, Вярхоўны Суд прызнаў рацыю Пазняка і абавязаў Лукашэнку абвергнуць сказанае і выбачыцца; зроблена гэта не было[3].
Напярэдадні рэферэндума 1995 года, які быў ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам і тычыўся пазбаўлення Пагоні і бела-чырвона-белага сцяга статусу дзяржаўных сімвалаў, а беларускай мовы — статусу адзінай дзяржаўнай мовы, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і права прэзідэнта распускаць парламент, дэпутаты апазіцыі БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазняка абвясцілі галадоўку на знак пратэсту. Уначы з 11 на 12 красавіка яны былі гвалтоўна выдаленыя з будынка Вярхоўнага Савета. Як успамінае яго паплечнік, былы дэпутат Сяргей Навумчык: «Пазняка ўдарылі нагой у грудзі, выціскалі вочы, білі аб сцяну»[4].
На мясцовых выбарах у чэрвені 1995 года балатаваўся па Ангарскай акрузе ў Мінску. Прайграў у другім туры і не атрымаў дэпутацкі мандат[5]. На парламенцкіх выбарах у лістападзе 1995 года балатаваўся ў Смаргоні. Паводле афіцыйных дадзеных набраў 47 % галасоў, ягоны супернік — 40 %, але 13 % прагаласавалі супраць абодвух кандыдатаў, і выбары не адбыліся[6].
Эміграцыя
У сакавіку 1996 года, пазбягаючы магчымага арышту, пакінуў Беларусь разам з Сяргеем Навумчыкам, праз месяц вярнуўся ў Мінск на Чарнобыльскі шлях, затым зноў пакінуў краіну. Некаторы час быў ва Украіне, Чэхіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, пасля быў запрошаны ў ЗША, дзе ўрадам яму 24 жніўня 1996 года быў дадзены палітычны прытулак. У эміграцыі займаецца палітычнай дзейнасцю, сустракаецца з грамадскасцю і журналістамі розных краін. Жыў з сям’ёй у Варшаве (Польшча). З 1996 года выдаваў у Варшаве бюлетэнь «Беларускія ведамасьці».
Зянон Пазняк вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусь на альтэрнатыўных, непрызнаных выбарах 1999 года, якія прызначылі дэпутаты Вярхоўнага Савета, верныя Канстытуцыі 1994 года. Але фактычна выбары не адбыліся. Восенню 1999 года крызіс, які ўзнік пасля вострай крытыкі Зянона Пазняка на адрас старшыні ЦВК Віктара Ганчара, скончыўся расколам БНФ на дзве структуры: партыю БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі і Кансерватыўна-Хрысціянскую партыю — БНФ на чале з Зянонам Пазняком.
Для прадухілення небяспекі, якая навісла ў гэты час над Курапатамі, Зянон Пазняк заклікаў да стварэння народнага мемарыяла і прапанаваў ідэю крыжовага шэсця на Дзяды. Канцэпцыя мемарыяла — тэхналогія, колькасць і размяшчэнне крыжоў — абмяркоўвалася ў лютым-сакавіку 2000 года, у тым жа годзе адбылося першае крыжовае шэсце.
15 чэрвеня 2001 года была зарэгістравана ініцыятыўная група па зборы подпісаў для вылучэння яго кандыдатам у прэзідэнты на выбарах (у колькасці 1429 чалавек), кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Папкоў. Паводле звестак выбарчых штабоў, ініцыятыўная група Зянона Пазняка сабрала 104 600 подпісаў, але частка іх згубілася праз тое, што подпісы рэгістравалі ў раёнах, дзе яны былі сабраныя, а не па месцы жыхарства іх уладальнікаў. У выніку ЦВК Беларусі зарэгістравала толькі 75 818 подпісаў[7], а Зянон Пазняк заклікаў сваіх прыхільнікаў нікога на выбарах не падтрымліваць.
21 снежня 2005 года ініцыятыўная група Зянона Пазняка па вылучэнні яго ў кандыдаты ў прэзідэнты падала спісы на рэгістрацыю, аднак ЦВК заявіла, што Пазняк паводле закона не можа ўдзельнічаць у выбарах.
Пад яго кіраўніцтвам калектывам палітыкаў і спецыялістаў у 2017 годзе распрацавана праграма «Вольная Беларусь» як праект новай Беларусі[8]. Каментуючы тэму свайго магчымага вяртання ў Беларусь, Зянон Пазняк заявіў, што Аляксандр Лукашэнка не змяняецца, і «прыезд Пазняка ў ягоны гэбісцкі калгас азначаў бы прызнанне лаяльнасці ягонай душагубкі і маральную капітуляцыю беларускага Адраджэння»[1].
У студзені 2023 года наведаў Украіну.
Навукова-даследчыцкая дзейнасць
Даследаваў археалогію і архітэктуру сярэдневяковых гарадоў і мястэчак Беларусі, беларускае мастацтва і мастацкую культуру, займаўся тэорыяй і практыкай аховы і аднаўлення культурна-гістарычнай спадчыны Мінска. Праводзіў раскопкі ў Мінску, Мядзелі, Лоску (Валожынскі раён), Суботніках (Іўеўскі раён), Курапатах пад Мінскам і інш.
У 1983 годзе З. Пазняк вывучаў мястэчкі Суботнікі і Іўе. У Суботніках ён знайшоў месца першапачатковага паселішча канца XIV ст. Самыя старажытныя знаходкі, выяўленыя праз шурфоўку ў Іўі, належаць да XVI ст.[9]
Аўтар кніг па мастацтве і архітэктуры.
Літаратурная і мастацкая творчасць
Выдаў некалькі зборнікаў паэзіі і фотаальбомаў. Адзін з вершаў «Авэ, Марыя» быў пакладзены на музыку Ігарам Лучанком і ўвайшоў у рэпертуар ансамбля «Сябры»[10]/
Аўтар рамана «Палын-палын» (2016)[11] і п’есы «Акупацыя» (2020)[12].
Узнагароды
Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[13], Крыжам Ордэнам Пагоні (2024) за найважнейшы ўнёсак у здабыццё незалежнасці Беларусі, нацыянальнае адраджэнне, абарону дэмакратыі[14].
Ацэнкі
Беларускі палітык і дыпламат Пётр Садоўскі называе Зянона Пазняка галоўным героем таго часу, калі здабывалася беларуская незалежнасць[15].
Пісьменніца Святлана Алексіевіч сказала, што Зянон Пазняк у эміграцыі «мае справу не з рэальнай Беларуссю, а з той, якая ў яго ў галаве»[16].
Галоўны рэдактар часопіса ARCHE Валерый Булгакаў заўважыў, што рыторыка Зянона Пазняка фактычна не змяняецца з канца 1980-х[17].
Бібліяграфія
- Браслаўшчына. Мн., 1970;
- Рэха даўняга часу. Мн., 1985;
- Сапраўднае аблічча. — Мн., 1992;
- Курапаты. Менск — Ню Ёрк, 1993;
- Глёрыя Патрыя. Вільня, 2000.
- Гутаркі з Антонам Шукелойцем. — Беларускія ведамасьці, Варшава; Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, Вільня, 2003. — 144 с.: іл. ISBN 9955-9337-8-X
Крыніцы
- ↑ а б Навумчык, Сяргей. Зянону Пазьняку — 75 гадоў: Нехта павінен казаць праўду, нават калі пацягнуць на крыж . Радыё Свабода (25 красавіка 2019). Праверана 17 верасня 2023.
- ↑ Апублікавана ў «Народнай газеце» ад 16 красавіка 1992.
- ↑ Ажаніўся ў 50 гадоў, яму прысвяцілі рэп… 11 фактаў пра Зянона Пазняка, якому спаўняецца 75 гадоў . Наша Ніва. Праверана 17 верасня 2023.
- ↑ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
- ↑ Вопреки очевидности/Владимир Мацкевич. — Невский простор, 2006. — 210 с. — с.78-80
- ↑ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015. — С. 264
- ↑ http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Archive-Elections-PRB2001-Soob3.pdf Архівавана 9 снежня 2017. Сообщение об итогах выдвижения гражданами Республики Беларусь кандидатов в Президенты Республики Беларусь(по результатам заседания Центральной комиссии 8 августа 2001 года)
- ↑ news.tut.by Архівавана 26 верасня 2019.
- ↑ Краўцэвіч А. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст. Планіроўка, культурны слой. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — С. 15.
- ↑ «Авэ Марыя» - Алеся і Анатоль Ярмоленка «Сябры» 1993г.(нявызн.). Праверана 16 верасня 2023.
- ↑ Пазьняк Зянон, Пaлын-палын - Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org . Пазьняк Зянон, Пaлын-палын - Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org. Праверана 16 верасня 2023.
- ↑ РАЦЫЯ, РАДЫЁ. “Беларус” з “Акупацыяй” Зянона Пазняка(нявызн.)(недаступная спасылка). БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ (24 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2023. Праверана 16 верасня 2023.
- ↑ Навумчык, Сяргей. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100 . Радыё Свабода (27 сакавіка 2019). Праверана 16 верасня 2023.
- ↑ Рада БНР узнагародзіла розных дзеячоў за заслугі перад беларускім народам . Рацыя (25 сакавіка 2024). Праверана 25 сакавіка 2024.
- ↑ Соўсь, Ганна. Пётра Садоўскі: Не магла зваліцца на галаву незалежнасьць. Гэта журналісцкі штамп . Радыё Свабода (7 верасня 2019). Праверана 16 верасня 2023.
- ↑ Ён мае справу не з рэальнаю Беларуссю, а з прыдуманаю. Алексіевіч раскрытыкавала Пазняка праз Каліноўскага . belsat.eu. Праверана 16 верасня 2023.
- ↑ gazeta.arche.by Архівавана 28 чэрвеня 2020.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 519—520. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Позняк Зенон Станиславович // Кто есть кто в Республике Беларусь: Электронный справочник; БДГ on-line. — Эл. ресурс bdg.by
- Позняк Зенон // Кто есть кто в Беларуси. Хто ёсць хто ў Беларусі. Who’s who in Belarus / Складальнікі В. Голубеў, А. Кіжэ, А. Смольскі, В. Трыгубовіч, Г. Ахметава, В. Чуйко. — М.: Кніжны дом «Университет», 1999. — 176 с. ISBN 5-8013-0068-6
Спасылкі
- Дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання
- Нарадзіліся 24 красавіка
- Нарадзіліся ў 1944 годзе
- Нарадзіліся ў Суботніках
- Члены Беларускага народнага фронту «Адраджэнне»
- Члены Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ
- Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў
- Кандыдаты мастацтвазнаўства
- Супрацоўнікі ІМЭФ НАНБ
- Узнагароджаныя медалём да стагоддзя БНР
- Асобы
- Нарадзіліся ў Іўеўскім раёне
- Палітыкі Беларусі
- Археолагі Беларусі
- Паэты Беларусі
- Пісьменнікі Беларусі
- Грамадскія дзеячы Беларусі
- Мастацтвазнаўцы Беларусі
- Актывісты супраць русіфікацыі
- Члены Беларускага народнага фронту
- Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі (1994)
- Палітычныя эмігранты
- Дысідэнты Беларусі