Забычанне
Вёска
Забычанне
| ||||||||||||||||||||||||
Забыча́нне[2] (трансліт.: Zabyčannie, руск.: Забычанье) — вёска ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі, на рацэ Жадуньцы, адміністрацыйны цэнтр аднайменнага сельсавета.
Забычанне — даўняе мястэчка, частка колішняга паселішча Міхалава, заснаванага Радзівіламі. Знаходзіцца за 19 км на паўночны захад ад Касцюковічаў, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Камунары (лінія Крычаў — Сураж), каля аўтамабільнай дарогі Краснаполле — Хоцімск. Насельніцтва на 2018 год — 296 чалавек[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню згадваецца ў 1552 годзе як дзяржаўнае сяло ў Крычаўскай воласці Мсціслаўскага намесніцтва[3][4]. Аднак, мястэчка Забычанск у Мсціслаўскім ваяводстве значыцца яшчэ ў 1527 годзе, калі яно было аб’яўлена староствам[5]. Паводле інвентару Крычаўскага староства 1713 года, паселішча было дзяржаўнай уласнасцю ў Крычаўскай воласці, налічвалася 3 дымы і 2 валокі зямлі.
Згодна з універсалам канцлера Вялікага Княства Літоўскага Караля Станіслава Радзівіла ад 14 сакавіка 1714 года на левым беразе ракі Жадунькі, насупраць Забычання было заснавана мястэчка Міхалаў. Такая назва была дадзена ў гонар бацькі Караля Станіслава Радзівіла — Міхала Казіміра, першага кіраўніка Крычаўскага староства з роду Радзівілаў. Тэрмін слабады новастворанаму мястэчку быў вызначаны ў 15 гадоў. Паводле інвентара 1727 года, акрамя рынку, мястэчка мела 2 вуліцы — Крычаўскую і Касцюкоўскую, на якіх разам было 37 дымоў, існаваў агульны з Забычаннем млын. У 1747 годзе ў Міхалаве налічваліся 37 дымоў, царква, сінагога, 2 бровары; жылі каваль, шавец, 3 краўцы, пекар, 2 бондары, віннік, шынкар, 3 купцы, 2 пастухі і нават 2 пушкары[6].
У 1743—1744 гадах Забычанне было цэнтрам Крычаўскага паўстання. З 1747 года — у Крычаўскім старостве, існавалі 10 двароў і царква. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай сяло ўвайшло ў склад Расійскай імперыі, мястэчка Міхалаў аб’ядналася з ім пад агульнай назвай Забычанне.
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]З 1779 года — у Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні. Належала адстаўному палкоўніку М. О. Галынскаму (1798), потым — стацкаму саветніку В. І. Галынскаму (1813). У 1858 годзе пазначана як уладанне А. І. Камара. У 1865 годзе быў заснаваны бровар (12 рабочых, паравая машына), дзейнічалі драўляная прыхадская царква, яўрэйскі малітоўны дом і школа граматы (у 1893 годзе — 17 вучняў), працавалі вадзяны млын, сукнавальня і дзве карчмы, меліся 1149 дзесяіцн зямлі (210 — ворнай зямлі, 75 — сенажатнай, 420 — лесу), у дні Святога Духа праводзіліся кірмашы[7]. 30 снежня 1905 года ў Забычанні адбыліся сутычкі сялян з паліцыяй, у выніку чаго быў забіты ахоўнік бровара, а паліцэйскія абяззброены. Станам на 1909 год, у вёсцы пражывалі 322 жыхары, тройчы на год адбываліся кірмашы[5].
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Забычанне абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад БССР. 16 студзеня вёска разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі апынулася ў складзе РСФСР, але ў 1924 годзе, у выніку першага ўзбуйнення БССР, Забычанне вярнулі Беларусі, дзе 20 жніўня яно стала цэнтрам сельсавета ў Касцюковіцкім раёне.
За год да гэтага ў вёсцы ўтварыўся саўгас «Забычанне», які меў 669.7 га зямлі, уваходзіў у Віцебскі малочна-прамысловы трэст, у 1931 годзе валодаў 3 трактарамі. На базе саўгаса ў 1937 годзе ўтварылася МТС, якая ўтрымлівала 13 трактароў. Ад Бялынкавіцкай гідраэлектрастанцыі ў 1935 годзе вёска атрымала электрычнасць[4].
З жніўня 1941 па 30 верасня 1943 года Забычанне знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У пасляваенны перыяд у паселішчы працавалі сярэдняя школа, бібліятэка, участковая бальніца, аптэка, дом культуры, тры крамы, аддзяленне сувязі, дзіцячы сад-яслі. На цяперашні час Забычанне забудавана драўлянымі сялянскімі хатамі, сама вёска размяшчаецца па абодва бакі ад ракі[5].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XVIII стагоддзе: 1772 год — 173 чал., 34 двары; 1779 год — 208 чал., 47 двароў.
- XIX стагоддзе: 1858 год — 157 чал., 52 двары; 1880 год — 276 чал. (142 праваслаўных і 134 іўдзеяў).
- XX стагоддзе: 1909 год — 322 чал. у мястэчку, 65 чал. у фальварку; 1959 год — 470 чал.; 1986 год — 178 чал., 82 двары.; 1997 год — 442 чал., 175 двароў[3].
- XXI стагоддзе: 2002 год — 445 чал., 174 двары; 2007 год — 390 чал., 154 двары[5]; 2009 год — 300 чал.; 2018 год — 296 чал., 109 двароў[1].
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Свята-Ушэсцеўская царква (1893—1897 гады) — помнік эклектычнай архітэктуры.
- Бровар (кан. XIX — пач. XX стст., мураваны).
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Забычанскі сельскі савет. Афіцыйны сайт
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ а б БелЭн 1998, с. 491.
- ↑ а б ЭГБ 1996, с. 391.
- ↑ а б в г ГВБ 2008, с. 672—674.
- ↑ ЭнцВКЛ 2010, с. 355.
- ↑ SgKP 1895, s. 211.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Забычанне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. — 728 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0409-9.
- Забычанне // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Zabyczanie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn (польск.). — Warszawa, 1895. — S. 211.