Вакольны горад (Полацк)
Вакольны горад — існаваў як пасад у канцы X — першай паловы XI ст. каля старога гарадзішча і на ўсходняй частцы будучага Верхняга замка.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Займаў плошчу каля 12,5 гектараў. Сляды ювелірнай і кавальскай вытворчасці сведчаць пра рамесны характар насельніцтва пасада ў Х-ХІ стст.
Пасад быў абнесены сцяной прынамсі ў часы полацкага князя Брачыслава Ізяславіча і такім чынам стаў вакольным горадам. Умацаванні вакольнага горада згадваюцца ў скандынаўскіх сагах «Дзеянні данаў» (мяжа XII—XIII стст.) і «Сазе аб Тыдрыку Бернскім » (каля 1250 г.).
Умацаванні выявіў і даследаваў у 1987—1988 гадах С. В. Тарасаў. Раскапаны фрагмент сцяны даўжынёй 22 м, аснова — выкладзены з каменю падмурак шырынёй 0,6—0,7 м і вышынёй да 0,4 м, на якім стаялі гародні. Гародні выконвалі абарончую і гаспадарчыя функцыі, пад падлогай адной з іх знойдзена закапаная дзежка з арганічнымі рэшткамі і посудам. Абарончая лінія не мела рова.
Працяг сцяны выяўлены ў 2002 годзе Д. У. Дукам. Захаваліся драўляныя ўмацаванні вала. Непасрэдна на мацерыку былі даследаваны гародні, перакрытыя насыпам вала.
Пазней вакольны горад быў пашыраны на ўсход і называўся Вялікім пасадам.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дук Д. У., Тарасаў С. В. Полацкі вакольны горад // Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя ў 2-х тамах. — Т. 2. — Мінск: «Беларуская энцыклапедыя» імя Патруся Броўкі, 2011. — С. 206.