Перайсці да зместу

Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж  (БДХГК)
Дата заснавання 1945
Тып навучальная ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі
Дырэктар Зорыя Пятроўна Дусенка
Размяшчэнне Мінск
Адрас вул. Прытыцкага, 35
bghgk.by

Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж (БДХГК) — навучальная ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, гімназія-каледж мастацтваў, адзіная ў Беларусі па харэаграфічным профілі. Таксама з’яўляецца адзінай навучальнай установай краіны, у якой на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі вядзецца навучанне па спецыяльнасці «Харэаграфічнае мастацтва (класічны танец)».

Адносіцца да трох рэспубліканскіх гімназій-каледжаў мастацтваў (разам з Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і гімназіяй-каледжам мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка). Выконвае ролю метадычнай базы для ўсіх сярэдніх і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў краіны, у якіх выкладаецца харэаграфія. Падпарадкоўваецца непасрэдна Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь.

Харэаграфічная адукацыя ў Беларусі пачынаецца з 1928 г., калі пры Беларускім музычным тэхнікуме быў адчынены харэаграфічны клас. У 1930 г. на яго аснове пачала дзейнічаць Беларуская студыя оперы і балета. У 1934 г. была ўтворана балетная школа пры Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР. У 1939 г. было адчынена харэаграфічнае аддзяленне ў Мінскім тэатральным вучылішчы, у маі 1941 г. адбыўся першы выпуск артыстаў балета.

Народная артыстка БССР З. А. Васільева. Партрэт І. В. Ахрэмчыка, 1943.

У 1945 годзе на аснове харэаграфічнага аддзялення Мінскага тэатральнага вучылішча было адчынена Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча. Арганізатарам і першым мастацкім кіраўніком да 1949 года з’яўлялася народная артыстка БССР З. А. Васільева.

У 1995 г. вучылішча пераўтворана ў Беларускі дзяржаўны харэаграфічны каледж. У 1996/97 навучальным годзе працавала аддзяленне класічнага танца з 8-гадовым тэрмінам навучання (прымаліся навучэнцы на базе 4 класаў агульнаадукацыйнай школы). Да 1992 існавала таксама аддзяленне народнага танца з 5-гадовым тэрмінам навучання. У 19951996 гадах у каледжы выдаваўся часопіс «Вестник» па праблемах балетнага мастацтва, выйшла 8 нумароў.

З 2009 года — гімназія-каледж, у цяперашні час займаецца каля 285 навучэнцаў.

Гімназія-каледж мастацтваў — навучальна-педагагічны комплекс, у якім вядзецца навучанне і выхаванне на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі з вывучэннем на падвышаным узроўні навучальных прадметаў, якія накіраваны на развіццё здольнасцей навучэнцаў у галіне асобных відаў мастацтва, і реалізуецца адукацыйная праграма сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якая забяспечвае атрыманне кваліфікацыі спецыяліста з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Узровень II ступені агульнай сярэдняй адукацыі ўключае ў сябе 5 — 9 класы гімназіі, ІІІ ступені (з праграмай сярэдняй спецыяльнай адукацыі) — з I па III курсы каледжа; агульная працягласць навучання — 7 год 10 месяцаў.

Акрамя кабінетаў па агульнаадукацыйных навучальных прадметах і бібліятэкі, у гімназіі-каледжы існуюць 10 харэаграфічных заляў, спецыялізаваная спартыўная заля і вучэбны тэатр з прафесійнай сцэнай.

Прыём у гімназію

[правіць | правіць зыходнік]

Прыём у 5 клас гімназіі ажыццяўляецца на базе І-ай ступені агульнай сярэдняй адукацыі (4 класы) на конкурснай аснове па выніках праверкі здольнасцей у харэаграфічным мастацтве на аснове праграмы, якая зацверджана кіраўніком гімназіі-каледжа па ўзгадненні з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Праверка здольнасцей складаецца з 2 этапаў.

І этап — праверка прафесійных даных: знешнія сцэнічныя даныя (твар, прапорцыі цела, фізічны строй асобных частак цела); праверка фізічных прафесійных даных (вываратнасць, крок, пад’ём, скачок, гнуткасць). Рашэнне аб допуску да ІІ этапу прымаецца камісіяй, з выстаўленнем адзнак.

ІІ этап — выкананне танца, падрыхтаванага зараней, альбо імправізацыі на прапанаваны камісіяй музычны фрагмент (1 хв. — 1 хв. 30 сек.). Ацэньваецца танцавальнасць (рытмічнасць, маторыка, каардынацыя, эмацыйна-вобразная выразнасць, пластычнасць і г. д.). Кожны з этапаў ацэньваецца па 10-бальнай шкале.

Вызначэнне музычных даных ажыццяўляецца пасярэдствам ацэнкі дакладнага выяўлення за канцэртмайстрам зададзенага рытмічнага малюнка. Музычныя даныя ацэньваюцца як «здавальняючыя» і «нездавальняючыя». У суму конкурсных балаў паступаючых уключаюцца вынікі кожнага этапа праверкі здольнасцей.

Па завяршэнні ІІ этапа праверкі здольнасцей паступаючыя праходзяць медыцынскую камісію ў гімназіі-каледжы. Медыцынская камісія прымае рашэнне аб допуску да далейшага ўдзелу ў конкурсным адборы з вызначэннем «годны», «негодны», «годны ўмоўна». Пры неабходнасці могуць праводзіцца дапаўняльныя клініка-дыягнастычныя абследаванні: электракардыяграма, рэнтгенаскапія, даследаванні крыві і інш.

Конкурсны адбор у групах хлопчыкаў і дзяўчынак праводзіцца асобна. Залічваюцца ў 5 клас гімназіі асобы, якія набралі большую суму балаў. Пры роўнай колькасці балаў залічваецца асоба, якая набрала найбольш высокія балы па выніках праверкі прафесійных фізічных даных. Штогод прымаецца 40 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце 10 год.

Прыём на І-ы курс каледжа ажыццяўляецца на дзённую форму навучання на аснове агульнай базавай адукацыі (9 класаў) па спецыяльнасцях: «Харэаграфічнае мастацтва (па накірунках)», «Харэаграфічнае мастацтва (класічны танец)». Абітурыенты праходзяць уступнае выпрабаванне, якое вызначае валоданне асновамі класічнага танца ў адпаведнасці з праграмай уступнага выпрабавання па спецыяльнасці, якая зацверджана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Уступнае выпрабаванне ацэньваецца па 10-бальнай шкале. Агульная сума конкурсных балаў уключае вынікі ўступнага выпрабавання па спецыяльнасці і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі (пасведчання аб заканчэнні 9 класаў).

Справаздачны канцэрт навучэнцаў каледжа выпуску 2019 г.

Тэрмін навучання — 2 гады 10 месяцаў. Выпускнікам прысвойваецца кваліфікацыя «Артыст, кіраўнік творчага калектыва, настаўнік».

Выпускнікі працуюць ва ўсіх харэаграфічных калектывах Беларусі, у т. л. у Вялікім тэатры Беларусі, Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, Дзяржаўным ансамбле танца Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным акадэмічным заслужаным харэаграфічным ансамбле «Харошкі» і інш.

Для атрымання вышэйшай адукацыі па харэаграфіі выпускнікі могуць паступаць на вакальна-харавы факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі на спецыяльнасць «Харэаграфічнае мастацтва» па накірунках: гісторыя і тэорыя, рэжысура, педагогіка, класічны танец; альбо на факультэт традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў на спецыяльнасць «Харэаграфічнае мастацтва» па накірунках: народны танец, эстрадны танец, бальны танец, сучасны танец.

Педагогі і мастацкія кіраўнікі

[правіць | правіць зыходнік]

У розны час працавалі: мастацкія кіраўнікі А. Нікалаева, І. Савельева, Ю. А. Траян; педагогі Л. Г. Бржазоўская, В. М. Захараў, У. Ц. Камкоў, А. А. Карзянкова, Л. Г. Лапцэвіч, Н. Ф. Младзінская, Н. М. Паўлава, І. М. Хвораст і інш.

Сярод выпускнікоў — 12 народных артыстаў Беларусі, 26 заслужаных артыстаў Беларусі і Расіі. Сярод іх танцоўшчык Сяргей Леанідавіч Станкевіч.