Перайсці да зместу

Адам Ганоры Кіркор

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з А. Кіркор)
Адам Ганоры Кіркор
польск.: Adam Honory Kirkor
Адам Кіркор, 1881 г. Фота Ігнацыя Крэгера
Адам Кіркор, 1881 г. Фота Ігнацыя Крэгера
Дата нараджэння 21 студзеня 1819(1819-01-21)[1] ці 21 студзеня 1818(1818-01-21)[2]
Месца нараджэння
Дата смерці 23 лістапада 1886(1886-11-23)[2]
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Караль Кіркор[d]
Маці Тэкля з Валадковічаў[d]
Жонка Maria Kirkor[d]
Род дзейнасці журналіст, археолаг, гісторык, публіцыст, выдавец
Навуковая сфера археалогія
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Адам Ганоры Кіркор (21 студзеня 1818, в. Слівіна Мсціслаўскага павета, цяпер Смаленскай вобласць — 23 лістапада 1886, Кракаў) — гісторык, этнограф, археолаг, публіцыст, выдавец.

Паходзіў са шляхецкага роду Кіркораў уласнага герба. Нарадзіўся ў сям’і Караля Кіркора і Тэклі з Валадковічаў, дачкі Марка і Анэлі Валадковічаў. Бацька, Караль Кіркор, нарадзіўся ў 1784 годзе, за жонкай атрымаў у пасаг двух сялян. У 1842 годзе, ужо як удавец, Караль валодаў маёнткам Грынеўшчына ў Клімавіцкім павеце, які раней належаў ягонаму стрыечнаму брату Базылю Францавічу Кіркору з 10 сялянамі і 13 сялянкамі. У 1845 годзе колькасць падданых павялічылася да 35, але ў 1864 годзе застаўся без гэтага маёнтка. Пры Каралю яго галіна роду Кіркораў была прызнана ў дваранстве Расійскай імперыі з унясеннем у VI частку радаводных кніг (старажытнае (стаўбавое) дваранства) пастановай Магілёўскага дваранскага дэпутацкага сходу 30 ліпеня 1814 года, а затым зацверджана Сенатам 16 верасня 1835 года. Адам меў сястру Тэклю (нар. 1824) і брата Аляксандра (ахрышчаны 5 красавіка 1813)[3].

Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі (1832—1834), скончыў экстэрнам Віленскую гімназію (1838).

Віленскі перыяд (1838—1864)

[правіць | правіць зыходнік]
Адам Кіркор на карціне Альфрэда Магнуса

Паступіў на службу ў Віленскую казённую палату, дзе працаваў да 1864 года.

Адначасова займаўся літаратурнай і навуковай працай. Літаратурную працу распачаў у 1839 годзе артыкулам «Остатки языческих обыкновений в Белоруссии» у зборніку «Опыты в русской словесности воспитанников гимназий белорусского учебного округа». У 1843 годзе выдаваў альманах «Radegast», мэтай якога была падтрымка віленскага тэатра. У «Tygodnik Petersburski» Кіркор публікаваў у 1844—1845 гадах мастацкія агляды і выдаў у Санкт-Пецярбургу пяць сшыткаў «Спеўніка Віктара Кажынскага». У 1845 годзе пры падтрымцы Юзафа Крашэўскага спрабаваў заснаваць у Адэсе польскі часопіс, прысвечаны культуры, але праз патрабаванне цэнзурнага камітэта выдаваць гэты часопіс на рускай мове справа не атрымала працягу.

Пасля кароткага побыту ў Санкт-Пецярбургу вярнуўся ў Вільню, дзе ў 1845—1846 гадах выдаваў літаратурны альманах «Pamiętnik umysłowy». Супрацоўнічаў з расійскай адміністрацыяй. Паводле даручэння віленскага генерал-губернатара ў 1846 годзе выбраўся ў патаемную місію на Гродзеншчыну, адкуль ён даслаў «Дзённік падарожжа» з аналізам настрояў розных груп насельніцтва.

У лютым 1849 года стаў членам Віленскага статыстычнага камітэта, дзе яму было даручана кіраўніцтва канцылярыяй, у 1850—1854 гадах рэдагаваў «Памятные книжки Виленской губернии», дзе да афіцыйнай часткі дадаў гістарычныя, этнаграфічныя і археалагічныя матэрыялы. Праводзіў актыўныя археалагічныя раскопкі на Беларусі і Літве, даследаваў каля 1000 курганоў. У 1855 годзе ў «Варшаўскай бібліятэцы» апублікаваў матэрыялы гэтых даследаванняў пад назвай «Археалагічныя вандроўкі па Віленскай губерні» (на рускай мове былі апублікаваныя ў 1857 годзе ў «Известиях императорского археологического общества»)[4]. У 1854 годзе быў звольнены з пасады за артыкул «Вялікі князь Вітаўт»[5].

З 1855 года — член Віленскай археалагічнай камісіі, кіраўнік Віленскага музея старажытнасцей, якому ахвяраваў свае калекцыі — некалькі соцень археалагічных артэфактаў з даследаванняў могілак. У 1856 годзе стаў членам-карэспандэнтам Імператарскага археалагічнага таварыства; з 1857 года — член Рускага геаграфічнага таварыства, з 1857 года — ганаровы карэспандэнт Імператарскай публічнай бібліятэкі.

Адам Кіркор

У 1856 годзе пад псеўданімам «Ян са Слівіна» выйшла першае выданне «Прагулак па Вільні і ваколіцах», першы гід па гэтым горадзе на польскай мове. У 1857—1858 гадах выдаваў неперыядычны зборнік «Teka Wileńska» (тут публікаваліся многія вядомыя аўтары, як Юзаф Крашэўскі, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Каратынскі і іншыя), забаронены пасля публікацыі ліста вядомага гісторыка і палітычнага эмігранта Іаахіма Лялевеля. Публікаваў «Pismo zbiorowe Wileńskie» (1859, 1862).

У спадзяванні на лібералізм расійскага імператара ініцыяваў выданне Віленскай археалагічнай камісіяй альбома «В память пребывания Государя Императора Александра II в Вильне 6 и 7 сентября 1858 г.», дзе таксама былі творы Антона Адынца, Ігната Ходзькі, Мікалая Маліноўскага. Публікацыя альбома выклікала моцнае абурэнне ў грамадскасці, асабліва ў эміграцыі.

У 1859 годзе заснаваў уласную друкарню, якая выдала шмат навуковых і мастацкіх кніг. Супрацоўнічаў з фалькларыстам і этнографам Дамінікам Ходзькам. У 1859—1865 гадах выдаваў і рэдагаваў урадавую газету «Kurier Wileński» («Виленский вестник») (на польскай і рускай мовах). Выявіў арганізацыйныя рэдактарскія здольнасці, заснаваў там навукова-літаратурны аддзел, згуртаваў там найлепшых краёвых пісьменнікаў. Колькасць падпісчыкаў вырасла ад 400 да 3205 у 1861 годзе. Але згодніцкі палітычны характар выдання выклікаў жорсткую крытыку ў эміграцыі. Выступіў як рэдактар супраць збройнага паўстання, браў удзел у падрыхтоўцы вернападданніцкага звароту шляхты Віленскай губерні да расійскага імператара, за што быў асуджаны паўстанцкім урадам (але супроць іншых ініцыятараў звароту яго прысудзілі не да смяротнага пакарання, а да бясслаўя)[4].

У 1863 годзе прыцягваўся да следства ў сувязі з удзелам у паўстанні яго былой жонкі Гелены Маеўскай, на варшаўскай кватэры якой хаваўся кіраўнік паўстанцкага ўрада Рамуальд Траўгут. У 1864 годзе быў вымушаны звольніцца з Віленскай казённай палаты. У гэтым годзе апублікаваў прарасійскі «Указатель города Вильны». Вымушаны, згодна з загадам генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва, выпускаць «Виленский вестник» на расійскай мове і друкаваць у ім усе афіцыйныя паведамленні і распараджэнні, Кіркор фактычна быў даведзены да банкруцтва. На друкарню наклалі арышт, а кантракт з ім разарвалі ў аднабаковым парадку. Свайму сябру Аляксандру Катлярэўскаму ён пісаў: «1 снежня [1865 года] мяне, нарэшце, вызваляць ад рэдакцыі; я разораны канчаткова, не ведаю, што і рабіць»[6].

Побыт у Пецярбургу і Кракаве

[правіць | правіць зыходнік]
Адам Кіркор у познія гады

У 1867 годзе пераехаў у Санкт-Пецярбург. Там разам з М. Юматавым і ўкраінскім гісторыкам Мікалаем Кастамаравым у 1868—1871 гадах выдаваў газету «Новое время», дзе імкнуўся схіліць расійскае грамадства да больш прыхільнага стаўлення да палякаў. Але праз варожае стаўленне расійскіх нацыяналістаў, недахоп падпісчыкаў і фінансавыя цяжкасці вымушаны быў спыніць выданне і пакінуць Пецярбург. Праз вырак пецярбургскага Гандлёвага суда ён ужо не мог вярнуцца ў межы Расійскай імперыі.

Магіла Адама Кіркора на Ракавіцкіх могілках у Кракаве

З 1872 года ў Кракаве пачаў выдаваць літаратурна-навуковы альманах «Na dziś» (1872), разлічаны на чытачоў з расійскіх тэрыторый, і «Teka Krakowska» (1884). З 1873 года — член Акадэміі ўмеласці ў Кракаве. Праводзіў археалагічныя раскопкі ў Галіцыі. У 1874 годзе прачытаў курс лекцый пад назвай «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў», якія потым пабачылі свет асобнай кнігай. Сам Кіркор быў зусім не ўпэўнены ў тым, што гэта добрая задума, але публічныя лекцыі карысталіся вялікай папулярнасцю. У гэтай працы, сярод іншага, у беларускім кантэксце ён разгледзеў творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Арцёма Вярыгі-Дарэўскага. Акрамя гэтага Адам Кіркор пакінуў аб’ёмістую карэспандэнцыю і ўспаміны, дзе зафіксаваны літаратурныя партрэты яго паплечнікаў па даследчыцкай працы ў Вільні[7]. Агулам у Кракаве матэрыяльнае становішча Кіркора было вельмі складаным. У лісце да Катлярэўскага ён пісаў:

Кепска, найдабрэйшы Аляксандр Аляксеевіч! Кепска жывецца. Нічога не зробіш з літоўскай натурай, паўсюль мне будзе кепска, апрача Вільні. І забівае думка, што ніколі ўжо не пабачу маёй Літвы, ды і костачкі давядзецца тут пакласці, а ў мяне там, у Вільні, прызапашана такое добрае месцейка на Росе.

Матэрыялы, сабраныя ў 1840—1850-я гады Адамам Кіркорам, склалі дзве часткі 3-га тома выдання «Маляўнічая Расія» («Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе», 1882).

Асабістае жыццё

[правіць | правіць зыходнік]

З Геленай Маеўскай, вядомай тэатральнай акцёркай, якая была маладзейшая за Кіркора на 8 гадоў, у Кіркора не склалася сямейнага жыцця. Яны пабраліся шлюбам у 1846 годзе, але праз 10 гадоў яна пайшла ад яго да Уладзіслава Сыракомлі — блізкага сябра Кіркора ў той час. Быў гучны скандал[7].

Карыстаўся псеўданімамі і крыптанімамі: A.K.; A.H.K.; J. ze Ś.; J. ze Śliwina; Jacek ze Śliwina; Jan ze Śliwina; K.A.H.; Sobarri; Tułacz Sobarri; Wydawca Albumu Wileńskiego

  • Историко-статистические очерки Виленской губернии. Т. 1—2. Вильна, 1852—1853;
  • Этнографический взгляд на Виленскую губернию // Этнографический сборник, издаваемый РГО. СПб, 1858. Вып. 3;
  • Przechadzki po Wilnie i jego okolicach. Wilno, 1862 (2 wyd. 1859; 3 wyd. 1865);
  • O literaturze pobratymczych narodów słowiańskich. Kraków, 1874;
  • Живописная Россия. Т. 3. Ч. 1: Литовское Полесье. Ч. 2. Белорусское Полесье. СПб., 1882 (факсімільнае перавыд.: Мн., 1993).

Зноскі

  1. http://www.sejm-wielki.pl/b/psb.11504.1
  2. а б в г http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/kirkor-adam-honory/ Праверана 30 жніўня 2022.
  3. Яцкевіч Д. Л. Радавод Адама Ганорыя Кіркора ў святле новых архіўных дакументаў // Архіварыус. Вып. 2. — Мінск, 2004.
  4. а б Dawid Fajnhauz i Stefan Nosek. Kirkor Adam Honory // Polski słownik biograficzny. Tom XII, Wrocław — Warszawa — Kraków. 1966—1967. S. 475—478.
  5. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 кастрычніка 2021. Праверана 24 кастрычніка 2021.
  6. Валодзіна Таццяна. Адам Кіркор і «краёвая» гістарыяграфія ў кантэксце трансфармацыі Расійскай імперыі ў XIX ст. // Беларускі гістарычны агляд. 2005. Т.12 Сш. 1-2.
  7. а б Шматаблічны Адам Кіркор // Будзьма. 23.01.2023.