Перайсці да зместу

Аляксей Міхайлавіч Барткевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксей Міхайлавіч Барткевіч
Род дзейнасці педагог, грамадскі дзеяч, дзеяч культуры
Дата нараджэння 28 лютага 1906(1906-02-28)
Месца нараджэння
Дата смерці 19 ліпеня 1991(1991-07-19) (85 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аляксей Міхайлавіч Барткевіч (28 лютага 1906, Курган — 19 ліпеня 1991, Даўгаўпілс) — беларускі педагог, грамадскі і культурны дзеяч.

Нарадзіўся ў сібірскім горадзе Кургане, куды ягоны бацька Міхась Барткевіч, які працаваў памочнікам машыніста паравоза, быў высланы за рэвалюцыйную дзейнасць. Пасля рэвалюцыі 1917 г. сям’я Барткевічаў вярнулася на радзіму. Жылі ў Дзвінску, дзе Аляксей Барткевіч вучыўся ў мясцовым рэальным вучылішчы, што размяшчалася па Уладзіміраўскай вуліцы, д. 32. У 1922 г. ён становіцца вучнем Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, якую паспяхова скончыў 17 траўня 1924 г. У тым жа годзе па накіраванні Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі выязджае ў Чэхаславакію, дзе становіцца слухачом Украінскага вышэйшага педагагічнага інстытута імя М. Драгаманава і адначасова студэнтам Інстытута інжынераў лясной і сельскай гаспадаркі Пражскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Жывучы ў сталіцы Чэхаславакіі, прымаў удзел у дзейнасці беларускай грамады. Належаў да Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый (АБСА), Крывіцкага (беларускага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны.

3-за хваробы і цяжкага матэрыяльнага становішча вымушаны быў кінуць вучобу і вярнуцца ў Латвію. Скончыў Беларускія двухгадовыя настаўніцкія курсы ў Рызе. Працаваў настаўнікам беларускай пачатковай школы ў Рызе, а з 5 снежня 1925 г. — настаўнікам, а затым дырэктарам Дзвінскай дзяржаўнай беларускай асноўнай (шасцікласнай) школы. Быў прадстаўніком беларускіх настаўнікаў у Дзвінскай школьнай радзе, а таксама прадстаўніком беларускай рады пры Беларускім аддзеле Міністэрства асветы Латвіі, належаў да Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, з’яўляўся адным з кіраўнікоў Дзвінскага аддзела Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства.

Супрацоўнічаў з Сяргеем Сахаравым, Кастусём Езавітавым, Уладзімірам Пігулеўскім, уваходзіў у склад Таварыства беларускіх вучыцялёў, выступаў з педагагічнымі артыкуламі на старонках «Голаса беларуса» і «Беларускай школы ў Латвіі». У 1930 г. за выкарыстанне на ўроках беларускіх савецкіх падручнікаў быў звольнены з пасады дырэктара Дзвінскай беларускай асноўнай школы. Нейкі час з’яўляўся беспрацоўным. Аднавіўшыся на працы, працягваў педагагічную дзейнасць. Пасля прыходу да ўлады аўтарытарнага рэжыму К. Ульманіса за беларускую дзейнасць двойчы арыштоўваўся (у 1934 і 1936 гг.), высылаўся ў Ліепайскі лагер для палітычных зняволеных[ru]. Пасля вызвалення ўладкавацца ў школу Барткевічу ўлады не дазволілі. Прыйшлося «перабівацца выпадковымі заробкамі», працаваць санітарам у псіхіятрычнай бальніцы. Летам 1940 г. «як пацярпелы ад папярэдняга рэжыму за свае левыя перакананні» быў прызначаны кіраўніком Дзвінскага гарадскога аддзела народнай адукацыі. Займаючы гэту пасаду, спрыяў аднаўленню дзейнасці беларускага школьніцтва.

У час вайны жыў у Дзвінску, працаваў настаўнікам. Арыштоўваўся латышскай паліцыяй «за свае як бы прасавецкія погляды», але дзякуючы заступніцтву сяброў з Інспектарыята беларускіх школ быў выпушчаны на волю. Пасля вызвалення Латвіі ад нямецкіх акупантаў працаваў настаўнікам у розных савецкіх школах: выкладчыкам гісторыі і дырэктарам латышскай сярэдняй школы № 1, выкладчыкам у прафтэхвучылішчы. Неаднаразова выклікаўся на прафілактычныя гутаркі ў мясцовыя кампетэнтныя органы.

Памёр у Дзвінску (Даўгаўпілсе) і пахаваны на лютэранскіх гарадскіх могілках побач з жонкай.