Перайсці да зместу

Александрыйская Праваслаўная Царква

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Патрыярхат Александрыі і ўсёй Афрыкі
Πατριαρχεῖον Ἀλεξανδρείας καὶ πάσης Ἀφρικῆς
Благавешчанскі сабор у Александрыі
Асноўная інфармацыя
Заснавальнікі Апостал Марк
Прызнанне аўтакефаліі прызнана ўсімі памеснымі праваслаўнымі цэрквамі
Прадстаяцель у наш час Феадор II
Цэнтр Александрыя, Каір
Юрысдыкцыя (тэрыторыя) Афрыка
Мова набажэнстваў грэчаская, англійская, арабская, французская, мясцовыя мовы краін Афрыкі
Каляндар Новаюліанскі каляндар / Юліянскі каляндарНігерыі)
Колькасць
Епархій 29
Вернікаў каля 7 млн.

Александрыйская праваслаўная царква, афіцыйна — Патрыярхат Александрыі і ўсёй Афрыкі, таксама — Александрыйскі Патрыярхат (грэч. Πατριαρχεῖον Ἀλεξανδρείας καὶ πάσης Ἀφρικῆς) — памесная праваслаўная царква, якая займае 2-е месца ў дыптыху аўтакефальных памесных цэркваў.

Юрысдыкцыя (кананічная тэрыторыя) — уся Афрыка (з прылеглымі астравамі). Афіцыйны тытул прадстаяцеля — Папа і Патрыярх Александрыйскі і ўсяе Афрыкі. З’яўляючыся адным з самых старажытных патрыярхатаў, паводле падання заснаваным апосталам Маркам, з 1920-х гадоў вядзе актыўную місіянерскую дзейнасць сярод насельніцтва трапічнай і экватарыяльнай Афрыкі.

Паводле падання, заснавана каля 42 года н.э. апосталам і евангелістам Маркам у Александрыі. Для заснаванай у Александрыі Царквы ён паставіў першага епіскапа Аніяна. У Александрыі евангеліст завяршыў свой зямны шлях, зведаўшы пакуты ад натоўпу раз’юшаных прыхільнікаў паганства (у 62 або 68 годзе). Яго цела было пахавана хрысціянамі ў царкве Вукола.

Станаўленне александрыйскай царквы ў першыя два стагоддзі пасля Раства Хрыстова праходзіла ў супрацьстаянні з рознага роду культамі і рэлігійнымі сектамі шматнацыянальнай Александрыі. Важную ролю ў барацьбе з гностыкамі, іўдзеямі і язычнікамі да канца II стагоддзя ў Александрыі мелі дзідаскалы. Некалькі пакаленняў дзідаскалаў III—IV стагоддзяў (Пантэн, Клімент, Арыген і інш.) заклалі асновы Александрыйскай школы багаслоўя, якая стала адным з найважнейшых багаслоўскіх цэнтраў хрысціянскага свету.

У 202 годзе рымскі імператар Септымій Север (193—211) наведаў Палесціну, пасля чаго забараніў пад пагрозай жорсткіх пакаранняў зварот у іўдаізм і хрысціянства. Ганенні, якія спыніліся неўзабаве пасля яго смерці, не дасягнулі мэты. Наадварот, стойкасць нявінных пакутнікаў падштурхнула да звароту ў хрысціянства многіх александрыйцаў.

На працягу першых трох стагоддзяў была пабудавана вялікая колькасць храмаў і ўведзены ўласны чын літургіі — Літургія апостала Марка (Александрыйская). У III стагоддзі ў Александрыйскай царкве дзякуючы дзейнасці Антонія Вялікага з’явілася манаства. Яно распаўсюдзілася ў Егіпце. Да канца IV стагоддзя яго асноўнымі цэнтрамі сталі Фіваіда і Нітрыя. Пасля вопыт манаскага жыцця распаўсюдзіўся на тэрыторыі Палесціны, Сірыі і іншых краін. Афіцыйнай і літургічнай мовай Александрыйскай царквы была грэчаская. Большасць Александрыйскіх багасловаў таксама выкарыстоўвалі грэчаскую мову.

З сярэдзіны III стагоддзя Александрыйскі епіскап мае ганаровы тытул Папы. Упершыню яго выкарыстаў Іракл Александрыйскі. Да ўзвышэння Канстанцінопаля Александрыя была галоўным хрысціянскім цэнтрам на Усходзе. З 451 года за Александрыйскім епіскапам зацвердзіўся тытул Патрыярха. Александрыйскі патрыярхат быў трэцім па значэнні пасля Рыма і Канстанцінопаля.

Да часу праўлення свяціцеля Апанаса Александрыйскага аднеосіцца знамянальная падзея: каля 330 года Александрыйская Царква пашырыла сваю юрысдыкцыю за межы Рымскай імперыі — у Аксум, куды быў пастаўлены біскупам святы Фрумент. Пазней хрысціянства распаўсюдзілася і ў іншых, суседніх з Егіптам краях, у прыватнасці, у Нубіі і Аравіі. Аўтаномныя царквы, Эфіёпская і Аравійская, знаходзіліся ў кананічнай залежнасці ад стальца апостала Марка. Магчыма, што ў VI стагоддзі ў падначаленні Александрыйскага Патрыярхату былі перададзеныя вобласці Паўночна-Заходняй Афрыкі (Карфагенская Царква) і Паўднёвай Іспаніі, далучаныя да Візантыі пры імператары Юстыніяне I.