Аглабіды
Аглабі́ды — арабская феадальная дынастыя ў Іфрыкіі (сучасны Туніс), якая кіравала ў 800—909 гадах. Заснавальнік — Ібрагім ібн аль-Аглаб (800—812), сын аднаго з военачальнікаў халіфата Абасідаў, намесніка Іфрыкіі ў 785—787 гадах.
Абапіраючыся на арабскую ваенную арыстакратыю і вярхі гарадскога насельніцтва, Аглабіды стварылі ў рамках Абасідскага халіфата незалежны суніцкі эмірат са сталіцай у Кайруане, але пад сюзерэнітэтам Абасідаў. У сістэме кіравання яны прытрымліваліся іх палітыкі; быў створаны цэнтралізаваны адміністрацыйны апарат на чале з візірам, кяцібамі (сакратарамі), якія загадвалі асобнымі галінамі кіравання, і вярхоўным кадзі (суддзёй), які сачыў за захаваннем прынцыпаў шарыяту. Разумнае кіраванне, шырокае ірыгацыйнае будаўніцтва, укараненне новых прыёмаў земляробства прывялі да ўздыму сельскай гаспадаркі і рамёстваў (суднабудаванне, выплаўка металаў, выраб зброі і асаднай тэхнікі, шаўковых, парчовых тканін, вырабаў са шкла, паласаў і інш.).
У эміраце са змяшаным араба-раманскім, часткова берберскім насельніцтвам хутка ішоў працэс арабізацыі. Да гэтага ў значнай ступені прыводзілі шырокія сувязі з Усходам, заснаванне ў Кайруане акадэміі «Дом мудрасці» (Байт аль-хікма), грамадскіх бібліятэк, пераклады на арабскую мову лацінскіх твораў па прыродазнаўчым навукам і г.д. Хоць большасць насельніцтва пры Аглабідах складалі хрысціяне, вядучая роля ў рэлігійна-палітычным жыцці належала мусульманам-сунітам.
У VIII стагоддзі прадстаўнікі арабскай арыстакратыі Аглабідаў змагаліся з берберскімі харыджыцкімі паўстаннямі ібадзітаў, якія ахапілі ўсю Паўночную Афрыку. У 849 годзе вярхоўны кадзі Сахнун ібн Саід здзейсніў рэлігійную рэформу, зацвердзіў малікізм у якасці галоўнай рэлігійнай дактрыны. У галіне знешняй палітыкі Аглабіды выступалі як саюзнікі Абасідаў, супрацьстаялі Амеядскім кіраўнікам Іспаніі, Рустамідам, Ідрысідам і іншым алідскім кіраўнікам Магрыба, у 1180 годзе адбілі напад егіпецкіх войскаў Тулунідаў. У 827—902 гадах падчас доўгай вайны, у перыяд кіравання Зіядэт-Алаха I, яны выгналі візантыйцаў з Сіцыліі, у 840 годзе высадзіліся на поўдні Апенінскага паўвострава (у Калабрыі), у 846 годзе здзейснілі напад на Рым. Аднак паўстанне арабскай арыстакратыі і апазіцыя факіхаў (правазнаўцаў), якія абвінавачвалі Аглабідаў у пагардзе асноўнымі прынцыпамі ісламу, прымусілі эміраў аддаліцца ад арабскага войска (джунда) і мяшчан, усё больш абапіраючыся на асабістых кліентаў (мавалі) са славян (сакаліба) і лангабардаў, а таксама на чорную гвардыю абідаў (рабоў).
З прычыны падатковага ціску, эксплуатацыі чыноўнікаў і суперніцтва плямёнаў улада Аглабідаў аслабла і ў рэшце рэшт пала пад націскам шыіцкіх рухаў. Шыіты, якія абапіраліся на плямёны кетама, разбілі Аглабідаў. Апошні эмір, Зіядэт-Алах ІІІ, у 909 годзе бег з рэзідэнцыі эміраў Ракады, якая стала цэнтрам новаўтворанага халіфата Фацімідаў.
Эміры дынастыі
[правіць | правіць зыходнік]- Ібрагім І ібн эль-Аглаб — 800—812
- Абдалах І ібн Ібрагім — 812—817
- Зіядэт-Алах І — 817—838
- Абу Ікаль ібн эль-Аглаб — 838—841
- Мухамед І ібн эль-Аглаб — 841—856
- Ахмед ібн Мухамед — 856—861
- Зіядэт-Алах II — 863—864
- Мухамед ІІ ібн Ахмед эль-Маіт — 864—875
- Ібрагім ІІ ібн Ахмед — 875—902
- Абдалах ІІ Мухамед — 902—903
- Зіядэт-Алах III — 903—909
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Українська радянська енциклопедія. В 12-ти томах / За ред. М. Бажана. — 2-ге вид. — К.: Гол. редакція УРЕ, 1974—1985. (укр.)
- Советская историческая энциклопедия. Москва, 1961. (руск.)
- Африка. Энциклопедический справочник. Т. 1-2. Москва, 1986. (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Аглабіды