Аб’яднанне (ваенная справа)
Аб’яднанне — вайсковае фарміраванне, якое ўключае некалькі злучэнняў ці аб’яднанняў меншага складу, і (ці) асобных часцей і ўстаноў. У адрозненне ад вайсковых часцей і злучэнняў склад аб’яднанняў, як правіла, нясталы і ў кожным асобным выпадку вызначаецца з улікам уласнага прызначэння, задач і характару тэатра ваенных дзеянняў, тэатра вайны. Існуе залежнасць складу аб’яднання ад складу і задач: у адпаведнасці з імі аб’яднанне можа быць аператыўна-стратэгічным, аператыўным ці аператыўна-тактычным. Акрамя гэтага, існуюць таксама тэрытарыяльныя агульнавайсковыя аб’яднанні, якія ствараюцца для выканання ў адпаведных межах задач і ваенна-адміністрацыйных функцый (напрыклад, ваенная акруга)[1].
Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне
[правіць | правіць зыходнік]Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне складаецца з некалькіх аператыўных аб’яднанняў, асобных злучэнняў і часцей розных відаў узброеных сіл, родаў войскаў, спецыяльных войскаў і службаў. Ва ўзброеных сілах розных краін такімі аб’яднаннямі з’яўляліся фронт (Расія, СССР, Японія), група армій (ЗША, Германія, Францыя, Вялікабрытанія), флот (Расія, СССР, ЗША, Германія, Японія), паветраны флот (Германія). Аператыўна-стратэгічныя аб’яднанні, як правіла, ствараюцца ў ваенны час для рашэння аператыўна-стратэгічных задач; у шэрагу выпадкаў яны існуюць таксама ў мірны час (напрыклад, флоту ВМС ЗША і ВМФ Расіі)[1].
Аператыўна-стратэгічныя аб’яднанні ў відзе франтоў і груп армій аформіліся да пачатку Першай сусветнай вайны і першапачаткова лічыліся стратэгічнымі аб’яднаннямі. Прычынай іх фарміравання стала значнае павелічэнне размаху ваенных дзеянняў і колькасці войскаў, якія ўдзельнічаюць у іх, а таксама неабходнасць прыцягнення да рашэння аператыўна-стратэгічных задач аб’яднанняў і злучэнняў, якія складаюцца з розных родаў войскаў. Кіраўніцтва аператыўна-стратэгічнымі аб’яднаннямі звычайна ажыццяўляе вярхоўнае камандаванне ўзброеных сіл ці камандаванне ўзброеных сіл на тэатры ваенных дзеянняў[1].
Аператыўнае аб’яднанне
[правіць | правіць зыходнік]Аператыўныя злучэнні ствараюцца як у мірны, так і ў ваенны час. У склад аператыўнага аб’яднання ўваходзяць некалькі злучэнняў і часцей розных родаў войскаў (сіл), спецыяльных войскаў і службаў. Прызначэннем аператыўнага аб’яднання з’яўляецца выкананне пераважна аператыўных задач шляхам правядзення самастойных і сумесных аперацый (баявых дзеянняў). Аператыўнымі аб’яднаннямі з’яўляюцца армія, флатылія, эскадра, авіяцыя флоту, тактычнае авіяцыйнае камандаванне. Аператыўныя аб’яднанні могуць быць самастойнымі або ўваходзіць у склад аператыўна-стратэгічных аб’яднанняў. Таксама ў некаторых выпадках аператыўныя аб’яднанні могуць падпарадкоўвацца камандаванню ваеннай акругі[2].
Аператыўна-тактычнае аб’яднанне
[правіць | правіць зыходнік]Аператыўна-тактычныя ці вышэйшыя тактычныя аб’яднанні ў ваенны час могуць уваходзіць у склад агульнавайсковых армій ці арміі ППА, групы армій ці фронту. У мірны час уваходзяць у склад ваенных акруг. Аператыўна-тактычнае аб’яднанне складаецца са злучэнняў і часцей розных родаў войскаў (сіл), спецыяльных войскаў і службаў аднаго віду ўзброеных сіл; яно прызначана для выканання аператыўна-тактычных і тактычных задач, звычайна ў складзе аператыўнага ці аператыўна-стратэгічнага аб’яднання, а на асобных аперацыйных кірунках невялікай ёмістасці — самастойна. У перыяд Другой сусветнай вайны да аператыўна-тактычных аб’яднанняў адносіліся армейскія, механізаваныя і кавалерыйскія карпусы і інш.[2]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Советская военная энциклопедия. Т. 5 1978, с. 679.
- ↑ а б Советская военная энциклопедия. Т. 5 1978, с. 680.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Объединение // Советская военная энциклопедия. — М.: Военная литература, 1978. — Т. 5. — С. 679—680. — 688 с.