Банкаўская сістэма Беларусі
Банкаўская сістэма Беларусі як незалежнай дзяржавы пачала складвацца ў 1991 годзе. Складаецца яна з двух узроўняў: Нацыянальнага банка Беларусі і камерцыйных банкаў.
Па дадзеных на 1 ліпеня 2006 года, аб’ём банкаўскіх фондаў складаў 6 трлн 870,8 млрд беларускіх рублёў (704,7 тыс. рублёў або 328,7 долара на чалавека). Па дадзеных на 1 ліпеня 2005, на аднаго жыхара прыходзілася 490,1 тыс. рублёў, што было эквівалентна 228 доларам [1].
На 25 сакавіка 2022 года агульны нарматыўны капітал беларускіх банкаў склаў Br 13 859 361,1 тыс. [2].
За 2007 год уклады насельніцтва ў беларускіх рублях і валюце ў беларускіх банках павялічыліся на 35,2 %, склаўшы сумарна больш $4,9 млрд. Дэпазіты ў нацыянальнай валюце ўзраслі за год на Br1, 45 трлн дасягнуўшы Br6, 8 трлн, а ў замежнай — на $ 600300000, дасягнуўшы $ 1,76 млрд.[3] Такім чынам, на 1 студзеня 2008 на аднаго жыхара краіны прыходзілася $503 банкаўскіх укладаў.
Па дадзеных Нацбанка Беларусі, аб’ём прыцягнутых грашовых сродкаў насельніцтва ў банкаўскіх укладах, аблігацыях і ашчадных сертыфікатах на 1 красавіка 2007 года склаў 8,3 трлн беларускіх рублёў. Такім чынам, у сярэднім на аднаго жыхара Беларусі на той момант прыходзілася 854 тыс. рублёў (400 долараў) [4].
9 лістапада 2008 года ў эфіры беларускай тэлекампаніі СТБ была агучана афіцыйная інфармацыя аб тым, што ў пераліку на кожнага жыхара рэспублікі ў банках прыцягнута сродкаў ужо не менш за $650 у эквіваленце.
Станам на 1 сакавіка 2017 года, па звестках Нацыянальнага банка РБ, у Беларусі былі зарэгістраваны 29 банкаў і 3 нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі; 20 з іх з замежным удзелам у статутным капітале, пры гэтым у 14 банках доля ўдзелу замежных інвестараў у статутным фондзе перавышала 50 %. Сукупны зарэгістраваны статутны фонд дзеючых банкаў на 1 сакавіка 2017 года склаў 4719,7 млн Br, не змяніўшыся з пачатку 2017 года[5].
Міністэрства фінансаў Беларусі 6 ліпеня 2022 года размясціла на пляцоўцы «Асноўны рынак» 305-ы выпуск каштоўных папер у нацыянальнай валюце на 700 млн беларускіх рублёў з тэрмінам пагашэння 27 красавіка 2022 года[6]. На фоне інфляцыі ў 16,8 %[7] Мінфін прапанаваў пакупнікам пастаянны працэнтны даход у памеры 5 % гадавых[6].
У ІІ квартале 2021 года аб’ём тэрміновых дэпазітаў у нацыянальнай валюце складаў Br 4,7 млрд, а ў замежнай валюце Br 10,33 млрд. Увогуле ў беларускіх банках на 01 ліпеня 2021 года налічваецца 1 363 521 банкаўскі рахунак[8].
Інфляцыя ў сакавіку 2022 года ў параўнанні з паказчыкамі сакавіка 2021 года складае 15,9 %. Стаўка рэфінансавання на 01 сакавіка 2022 года складае 12 %.
Залаты запас складае 44,4 т.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першы на тэрыторыі Беларусі Мінскі камерцыйны банк заснавалі ў 1873 годзе буйныя памешчыкі і купцы, які меў свае філіялы ў Гомелі, літоўскіх і ўкраінскіх губернях Расійскай імперыі. У 1881—1884 гадах у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гродне адкрыты аддзяленні Дзяржаўнага банка Расійскай імперыі (іх баланс станам на 1 студзеня 1914 года — 32,5 млн. залатых рублёў). У канцы XIX — пачатку XX стст. адкрыты філіялы расійскіх акцыянерных камерцыйных банкаў. Да Першай сусветнай вайны ў беларускіх губернях дзейнічалі аддзяленні такіх банкаў як, Злучаны (баланс станам на 1 студзеня 1914 года — 5,6 млн. залатых рублёў), Руска-Азіяцкі (13,1 млн. залатых рублёў), Віленскі прыватны (11,5 млн. залатых рублёў), Азоўска-Данскі (7,3 млн. залатых рублёў), Маскоўскі (1,4 млн. залатых рублёў), Руска-Французскі (2,8 млн. залатых рублёў). Праз гэтыя аддзяленні банкаў на тэрыторыі беларускіх губерняў ішоў прыток кароткатэрміновых пазыковых капіталаў з іншых рэгіёнаў Расійскай імперыі (агульны аб’ём крэдытных укладанняў станам на 1 студзеня 1914 года склаў 38,6 залатых рублёў). Дзейнічалі таксама таварыствы ўзаемнага крэдыту, крэдытныя кааператывы, гарадскія грамадскія банкі. Але яны не задавальнялі патрэбы беларускай прамысловасці і гандлю ў крэдыце, што спрыяла ўзнікненню банкірскіх дамоў і кантор, развіццю ліхвярскага крэдыту, пранікненню замежнага капіталу. Былі адкрыты аддзяленні іпатэчных банкаў, такіх як Віленскі, Маскоўскі, Санкт-Пецярбургска-Тульскі акцыянерныя зямельныя банкі, дзяржаўны Сялянскі пазямельны (аперацыі з 1883 года) і Дваранскі зямельны (з 1885 года) банкі.
Савецкая банкаўская сістэма пачала фарміравацца ў 1922 годзе з адкрыццём Беларускай канторы Дзяржаўнага банка РСФСР (потым СССР). Пазней адкрыты Прамбанк, Усекабанк, Белкамунбанк, Белсельбанк і інш. Пасля 1959 года засталіся Беларускія канторы Дзяржбанка СССР і Будбанка СССР.
У снежні 1990 года Вярхоўны Савет Беларускай ССР XII склікання прыняў законы «Аб Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». З гэтага пачалося фарміраванне беларускай нацыянальнай банкаўскай сістэмы. Станам на 1 студзеня 1996 года на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь і 42 камерцыйныя банкі. З іх найбольшыя (паводле памеру фактычнага статутнага фонду): акцыянерны ашчадны «Беларусбанк» (184970,1 млн беларускіх рублёў і 12555,1 ЭКЮ), акцыянерны камерцыйны «Прыёрбанк» (117742,9 і 7992), акцыянерны камерцыйны «Пошук» (69347,4 і 4707,1), «Белпрамбудбанк» (49942,5 і 3389,9), «Знешэканомбанк» (47823,2 і 2960,7), акцыянернае таварыства «Інвестбанк» (40776 і 2467,7), «Белбізнесбанк» (40334,2 і 2737,7), «Белаграпрамбанк» (36000 і 2443,6), «Садружнасць» (35291,3 і 2395,4), «Белсувязьбанк» (31681,6 і 2150,4), Мінск-транзіт банк (31483,3 і 2137), акцыянерны рэгіянальны камерцыйны банк «Комплекс» (31192 і 2117,2), Масбізнесбанк (30791,7 і 2090), Беларускі біржавы банк (30589 і 2076,3), спецыялізаваны камерцыйны «Тэхнабанк» (30518,2 і 2071,5), Беларускі нацыянальны банк (29794 і 2022,3), Брэсткамбанк (29614,8 і 2010,1).
Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь — цэнтральны банк і дзяржаўны орган Рэспублікі Беларусь.
Ён ажыцяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і іншымі нарматыўнымі прававымі актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Статутам і незалежны ў сваёй дзейнасці.
Нацыянальны банк падсправаздачны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.
Падсправаздачнасць Нацыянальнага банка Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь у тым ліку азначае:
- зацвярджэнне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Статута Нацыянальнага банка, змяненняў і (або) дапаўненняў, унесеных у яго;
- прызначэнне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь са згоды Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Старшыні і членаў Праўлення Нацыянальнага банка, вызваленне іх ад пасады з апавяшчэннем Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
- прызначэнне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь аўдытарскай арганізацыі для правядзення аўдыту гадавой бухгалтарскай (фінансавай) справаздачнасці Нацыянальнага банка;
- зацвярджэнне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь гадавой справаздачы Нацыянальнага банка.
Асноўныя мэты дзейнасці Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца:
- падтрыманне цэнавой стабільнасці
- забеспячэнне стабільнасці банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь
- забеспячэнне эфектыўнага, надзейнага і бяспечнага функцыявання плацежнай сістэмы.
Атрыманне прыбытку не з’яўляецца асноўнай мэтай дзейнасці Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.
Нацыянальны банк выконвае наступныя функцыі:
- распрацоўвае Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і сумесна з Урадам Рэспублікі Беларусь забяспечвае правядзенне адзінай грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
- ажыццяўляе аперацыі, неабходныя для выканання асноўных мэт дзейнасці Нацыянальнага банка;
- з’яўляецца для банкаў крэдыторам апошняй інстанцыі, ажыццяўляючы іх рэфінансаванне;
- ажыццяўляе эмісію грошай;
- ажыццяўляе эмісію (выдачу) каштоўных папер Нацыянальнага банка, вызначае парадак эмісіі, абарачэння і пагашэння каштоўных папер Нацыянальнага банка па ўзгадненні з рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, які ажыццяўляе дзяржаўнае рэгуляванне рынку каштоўных папер;
- фарміруе залаты запас і фонд каштоўных камянёў Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў і каштоўных камянёў Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляе аператыўнае кіраванне імі ў межах сваёй кампетэнцыі;
- стварае золатавалютныя рэзервы па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і кіруе імі ў межах сваёй кампетэнцыі;
- ажыццяўляе валютнае рэгуляванне і валютны кантроль у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
- устанаўлівае парадак выдачы дазволаў і прадстаўлення паведамленняў, неабходных для мэт валютнага рэгулявання, выдае дазволы, неабходныя для мэт валютнага рэгулявання;
- рэгулюе крэдытныя адносіны;
- рэгулюе і арганізоўвае грашовае абарачэнне;
- выконвае функцыі фінансавага агента Урада Рэспублікі Беларусь і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па пытаннях выканання рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў і іншыя.
Складаецца з цэнтральнага апарату і структурных падраздзяленняў.
Камерцыйныя банкі Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]- Абсалютбанк
- Альфа-Банк
- БТА Банк
- Банк ВТБ
- Банк Дабрабыт
- Банк гандлёвы капітал
- БелСвісБанк
- Белаграпрамбанк
- Беларусбанк
- Беларускі народны банк
- Белгазпрамбанк
- Белзнешэканамбанк
- Сбер Банк
- Белінвестбанк
- Мінскі транзітны банк
- Парытэтбанк
- Пріорбанк
- РРБ-Банк
- Тэхнабанк
- Цэптар Банк
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Беларускія навіны — 329 долараў на чалавека — не падстава для гонару
- ↑ Афіцыйны сайт Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь — [1]
- ↑ Рублёвыя і валютныя ўклады насельніцтва ў 2007 годзе павялічыліся на 35,2 % Архівавана 3 красавіка 2008. — Беларускае тэлеграфнае агенцтва
- ↑ -abroad/belarus/811167.html За 3 месяцы 2007 года ў беларускіх банках уклады насельніцтва павялічыліся амаль на 466 млрд рублёў
- ↑ Каждый шестой банк находится в стадии банкротства или ликвидации // Снплюс. Свободные новости плюс. — 2017. — № 13 (710). — 4 апреля. — С. 3.
- ↑ а б О допуске к биржевым торгам 305-го выпуска государственных облигаций, номинированных в белорусских рублях (руск.). Белорусская валютно-фондовая биржа (6 ліпеня 2022). Праверана 9 ліпеня 2022.
- ↑ Годовая инфляция в Беларуси разогналась до 16,8% (руск.). Sputnik.by (11 мая 2022). Праверана 9 ліпеня 2022.
- ↑ [2]