Скандынаўскія мовы

падгрупа германскіх моў, пашыраная на поўначы Еўропы

Паўно́чнагерма́нскія мовы, ці скандына́ўскія мовы — група моў у складзе германскае галіны індаеўрапейскае сям'і моў. Разам з заходнегерманскай і вымерлай усходнегерманскай групамі ўтварае галіну германскіх моў.

Паўночнагерманская група
Таксон група
Арэал Паўночная Еўропа
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Склад
астраўная, заходняя і ўсходняя падгрупы
Коды моўнай групы
ISO 639-2
ISO 639-5 gmq
Паўночнагерманскія мовы на карце Паўночнай Еўропы

У краінах Скандынавіі тэрмін скандынаўскія мовы адносіцца, як правіла, да трох узаемназразумелых моў трох краін — Швецыі, Нарвегіі і Даніі, і ў такім сэнсе абазначае толькі падгрупу ў складзе паўночнагерманскіх моў. Абагульняючая назва скандынаўскія мовы з'явілася ў XVIII ст. у асяроддзі моўнага і культурнага руху скандынавістаў, які звяртаўся да агульнае спадчыны трох краін Скандынавіі.

Тэрмін паўночнагерманскія мовы выкарыстоўваецца ў сучаснай параўнальна-гістарычнай лінгвістыцы[1], у той час як тэрмін скандынаўскія мовы ўзнікае ў даследаваннях сучасных літаратурных моў і дыялектнага кантынуума Скандынавіі[2][3] (пры гэтым у саміх скандынаўскіх краінах ужываецца тэрмін «нардычныя мовы»).

Мовы паўночнагерманскае групы распаўсюджаныя ў краінах Скандынавіі, у Ісландыі, на Фарэрскіх астравах і Грэнландыі. Значныя дыяспары існуюць таксама ў Фінляндыі, а таксама ў Паўночнай Амерыцы ды Аўстраліі.

Некаторыя лінгвісты абмяркоўваюць магчымасць далучэння да скандынаўскіх моў англійскай мовы[4].

Гісторыя

правіць

Адасабленне ад усходне- і заходнегерманскіх

правіць

Германская галіна моў традыцыйна падзяляецца на тры групы: усходнегерманскую, заходнегерманскую і паўночнагерманскую[5]. Іх дакладныя суадносіны цяжка вызначыць ужо з перыяду пісьмовых фіксацый германскіх ідыёмаў рунічным пісьмом, узаемназразумеласць паміж імі магла захоўвацца падчас Вялікага перасялення народаў. Дыялекты з асаблівасцямі, уласцівымі будучым паўночнагерманскім мовам, аддзяліліся ад прагерманскае мовы ў канцы Дарымскага жалезнага веку.

Каля ІІІ ст. н.э. паўночнагерманская група набыла дастаткова адрозненняў ад іншых германскіх ідыёмаў. Пра ранняе развіццё паўночнагерманскай групы сведчаць помнікі рунічнай пісьменнасці.

Рысы, агульныя з заходнегерманскімі

правіць

Мовы паўночнагерманскае групы характарызуюцца пэўнай колькасцю фаналагічных і марфалагічных інавацый, уласцівых таксама і заходнегерманскім.

  • Паніжэнне прагерманскага ē (/ɛː/, таксама запісвалася як ǣ) у ā[6]:
  • Павышэнне /ɔː/ у /oː/ (у канцы слоў — у /uː/). Першапачатковы галосны гук застаўся ў складзе назалізаванага *ōN /ɔ̃ː/ і перад /z/, аднак потым панізіўся ў /ɑː/;
    • Прагерм. *gebō («падарунак», /ˈɣeβɔː/) > паўн.-/зах.-герм. *gebu > паўн.-герм. *gjavu > (умлаўтызацыя) *gjǫvu > стар.-сканд. gjǫf, > зах.-герм. *gebu > ст.-анг. giefu. У гоцкай — галосная нізкага ўздыму: giba.
    • Прагерм. *tungōN («язык», /ˈtuŋɡɔ̃ː/) > позн. паўн.-/зах.-герм. *tungā > *tunga > ст.-сканд. tunga, ст.-верх.-ням. zunga, ст.-анг. tunge (пераход ненаціскнога a у e). Параўн. з гоцк. tuggō.
    • Прагерм. *gebōz («падарунка», /ˈɣeβɔːz/) > позн. паўн.-/зах.-герм. *gebāz > паўн.-герм. *gjavaz > ст.-сканд. gjafar, > зах.-герм. *geba > ст.-верх.-ням. geba, ст.-анг. giefe (пераход ненаціскнога a у e). Параўн. з гоцк. gibōs;
  • Развіццё т.зв. «і-умлаўта»;
  • Ратацызм /z/ у /r/, як мяркуецца, на ранняй стадыі праз нейкі ратычны фрыкатыў. Гэтая змена, меркавана, адбылася спачатку ў заходнегерманскіх і з іх перайшла ў паўночнагерманскія, не дасягнуўшы ўсходнегерманскіх, якія на той момант ужо адасобіліся. Гэта пацвярджаецца гукам /ʀ/, засведчаным ва ўсходнестаражытнанарвежскай у тыя часы, калі ў заходнегерманскіх ён ужо зліўся з /r/;
  • Развіццё ўказальных займеннікаў.

Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што пасля аддзялення ўсходнегерманскіх ідыёмаў ад астатніх германскіх, утвораныя ў выніку гэтага паўночназаходнегерманскія ідыёмы падзяліліся на чатыры асноўныя дыялекты[7]: паўночнагерманскі і тры дадатковыя, умоўна вядомыя як заходнегерманскія, а іменна:

Згодна з такім поглядам усе тыя рысы, якія з'яўляюцца агульнымі для заходнегерманскіх моў і пры гэтым не сустракаюцца ў паўночнагерманскіх, не паходзяць ад гіпатэтычнай «празаходнегерманскай мовы», а распаўсюдзіліся ў выніку моўных кантактаў, не дасягнуўшы паўночнагерманскіх.

Рысы, унікальныя для паўночнагерманскіх

правіць

Некаторыя моўныя інавацыі паўночнагерманскіх моў не ўласцівыя ні заходнегерманскім, ні ўсходнегерманскім мовам, а іменна:

  • Узмацненне гемінатаў (падвоеных зычных) /jj/ ды /ww/ (вядомае як закон Гольцмана). Адбылося таксама і ва ўсходнегерманскіх мовах, але з іншым вынікам.
    • Прагерм. *twajjôN («абодвух») > ст.-сканд. tveggja, гоцк. twaddjē, але > ст.-верх.-ням. zweiio;
  • Аглушэнне выбухных у канцы слоў.
    • Прагерм. *band («я/ён абавязаны») > *bant > зах.-ст.-сканд. batt, усх.-ст.-сканд. bant, але ст.-анг. band;
  • Страта /h/ у сярэдзіне слоў і падаўжэнне папярэдняй галоснай і наступнай зычнай (калі прысутнічаюць).
    • Прагерм. *nahtuN («ноч» [вінавальны склон]) > *nāttu > (умлаўтызаванае /u/) *nǭttu > ст.-сканд. nótt;
  • Пераход /ɑi̯/ > /ɑː/ перад /r/ (але не перад /z/).
    • Прагерм. *sairaz («хворы») > *sāraz > *sārz > ст.-сканд. sárr, але > *seira > ст.-верх.-ням. sēr.
    • Перад першапачатковым прагерманскім /z/: *gaizaz > *geizz > ст.-сканд. geirr;
  • Агульная страта канцавога /n/ пасля страты кароткіх галосных у канцы слоў (якія працягвалі фіксавацца ў самых ранніх рунічных помніках).
    • Прагерм. *bindanaN > *bindan > ст.-сканд. binda, але > ст.-анг. bindan.
    • Уплыў гэтай страты і на націскныя склады: прагерм. *in > ст.-сканд. í;
  • Пераход галоснага /e/ у дыфтонг /jɑ/, за выключэннем пазіцый перад w, j, l;
  • Страта пачатковага /j/ і /w/ перад агубленымі галоснымі.
    • Прагерм. *wulfaz > ранн. паўн.-герм. wulfaz > позн. ulfz > ст.-сканд. ulfr;
  • Развіццё т.зв. u-умлаўта, які агубіў націскныя склады ў пазіцыях, калі ў наступным складзе ішлі гукі /u/ або /w/.

Сярэдневяковы перыяд

правіць

Пасля перыядаў існавання праскандынаўскай і, потым, старажытнаскандынаўскай моў паўночнагерманскія мовы распаліся на тры падгрупы: усходнескандынаўскую, у якой аб'ядналіся дацкая і шведская, заходнескандынаўскую (нарвежская, фарэрская, ісландская мовы) і старажытнагутнійскую (складалася толькі са старажытнагутнійскай мовы/дыялекту)[8]. Каля ІХ ст. нарвежскія перасяленцы прынеслі ў Ісландыю і на Фарэрскія астравы заходнія дыялекты старажытнаскандынаўскае мовы, што заклала пачатак адпаведным мовам — ісландскай і фарэрскай. З сучасных скандынаўскіх моў пісьмовая ісландская з'яўляецца найбліжэйшай да тагачаснай старажытнай мовы[9]. З маўлення вікінгаў, якія каля ІХ ст. пасяліліся на Аркнейскіх і Шэтландскіх астравах, развілася мова норн, якая, аднак, вымерла каля пачатку XVIII ст.[10]

На думку некаторых лінгвістаў, у Сярэдневякоўі носьбіты розных скандынаўскіх моў у значнай ступені захоўвалі між сабою ўзаемназразумеласць, да ХІІІ ст. некаторыя носьбіты ў Швецыі і Ісландыі часта разумелі сваё маўленне як адзіную мову, называючы яе дацкай[9][11]. У XVI ст. некаторая частка шведаў і датчан працягвала разумець сваё маўленне як адзіную мову, што, у прыватнасці, заяўлялася ў першым дацкім перакладзе Бібліі і ў працы шведскага пісьменніка Олафа Магнуса «Апісанне паўночных народаў». Тым не менш, у старажытнаскандынаўскай мове ўжо ў Сярэдневякоўі прысутнічалі дыялектныя адрозненні: мова падзялялася на заходні, усходні і гутнійскі дыялекты. Тагачасная старажытнаісландская і старажытнанарвежская мовы па сутнасці на той момант былі ідэнтычныя адна адной, утвараючы разам заходні дыялект старажытнаскандынаўскае мовы, які быў распаўсюджаны на Фарэрскіх астравах, у Ірландыі, Шатландыі, на востраве Мэн і ў нарвежскіх паселішчах Нармандыі[12]. Усходні дыялект старажытнаскандынаўскай мовы быў ва ўжытку ў Даніі, Швецыі, Англіі, у дацкіх паселішчах у Нармандыі, а таксама ў паселішчах на тэрыторыі тагачаснай Кіеўскай Русі[13]. Старажытнагутнійскі дыялект (не блытаць з сучасным готландскім дыялектам шведскай мовы) быў распаўсюджаны на востраве Готланд і некаторых усходніх паселішчах.

Тым не менш, да XVII ст. унутраная класіфікацыя паўночнагерманскіх моў засноўвалася на сінтаксічных крытэрыях[10], у выніку чаго ўнутраная класіфікацыя паўночнагерманскіх моў выглядала наступным чынам: кантынентальная (дацкая, нарвежская, шведская мовы) і астраўная (ісландская, фарэрская мовы) падгрупы. Гэты падзел засноўваўся таксама на крытэрыі ўзаемнай зразумеласці і развіўся пад рознымі палітычнымі ўплывамі, такімі як Унія Даніі і Нарвегіі 15361814 гадоў, у выніку чаго дацкая мова значна паўплывала на ўсходнія і цэнтральныя дыялекты нарвежскай мовы (гл. букмол)[3].

Унутраная класіфікацыя

правіць

У гістарычнай лінгвістыцы паўночнагерманскія мовы прынята падзяляць на дзве падгрупы: усходнюю (дацкая, шведская мовы) і заходнюю (нарвежская, фарэрская, ісландская мова) падгрупы, якія паходзяць ад усходняй і заходняй дыялектнай груп старажытнаскандынаўскае мовы адпаведна. На шведскую, нарвежскую і дацкую мовы (часам аб'ядноўваюцца як кантынентальныя) гістарычна прыкметна паўплывала заходнегерманская ніжненямецкая мова ў часы існавання Ганзейскага саюза.

Цяпер уплыў на мовы аказвае англійская мова. Так, даследаванні сучаснай паўночнагерманскай лексікі, праведзеныя ў 2005 годзе, паказалі павелічэнне долі англійскай лексікі за 30 гадоў у 2 разы і павелічэнне яе да 1,2 % ад усяго лексічнага складу моў. Ісландская мова мае найменшую сярод паўночнагерманскіх моў долю англійскіх запазычанняў нягледзячы на тое, што ў гэтай краіне адзначаецца найбольшае выкарыстанне англійскай мовы[14].

Сярод іншых спосабаў унутранай класіфікацыі паўночнагерманскіх моў вылучаецца крытэрый узаемнай зразумеласці, які проціпастаўляецца дрэвападобнай мадэлі, якая падзяляе паўночнагерманскія мовы на кантынентальныя і астраўныя (гл. вышэй)[3]. Так, з-за доўгага палітычнага саюза паміж Нарвегіяй і Даніяй, Нарвегія пераняла большую частку дацкай лексікі і граматыкі, у выніку чаго нарвежская мова да рэформы правапісу ў 1907 годзе была практычна ідэнтычная пісьмовай дацкай мове. З гэтае прычыны букмол і яго неафіцыйны, больш кансерватыўны варыянт рыксмол часам адносяцца да ўсходняй падгрупы, а нюношк — да заходняй[15]. Тым не менш, у дацкай мове развілася глыбейшая розніца між пісьмовай і вуснай мовай, таму ступень адрозненняў паміж гутарковай нарвежскай і гутарковай дацкай большая чым паміж адпаведнымі пісьмовымі мовамі. У пісьмовым плане дацкая мова даволі блізкая да іншых скандынаўскіх моў, але мае ўласныя фанетычныя адрозненні: напрыклад, рэдукцыя і асіміляцыя зычных і галосных гукаў, а таксама прасадычная з'ява пад назвай stød (літ. «штуршок»), якія не паявіліся ў іншых мовах (хоць, аднак, у шведскай і нарвежскай існуюць розныя тоны, якія адпавядаюць з'яве stød). Нягледзячы на рад падобных фанетычных адрозненняў, скандынаўскія народы ў стане разумець іншыя гутарковыя скандынаўскія мовы. Некаторыя людзі (напрыклад, людзі пажылога ўзросту, якія могуць з'яўляцца носьбітамі дыялектаў) могуць мець некаторыя цяжкасці, але ў асноўным большасць людзей разумее літаратурныя мовы іншых скандынаўскіх краін (напрыклад, з радыё або тэлебачання).

У 1523 годзе Швецыя скасавала са свайго боку Кальмарскую унію, у выніку чаго ў Скандынавіі ўтварыліся дзве краіны: саюз Даніі і Нарвегіі, які кіраваўся з Капенгагена, і Швецыя, якая на той момант уключала яшчэ і Фінляндыю. Гэтыя дзве краіны былі па розныя бакі ў радзе войн да 1814 года і мелі розныя міжнародныя адносіны. Гэта прывяло да розных запазычанняў з замежных моў (Швецыя, напрыклад, мела ў сваёй гісторыі франкамоўны перыяд): так, напрыклад, старое шведскае vindöga («акно») было заменена сярэдненіжненямецкім fönster, у той час як дацкая мова засвоіла шведскае vindue. З іншага боку, слова begynde («пачатак», у сучасным букмоле — begynne) было запазычана дацкай і нарвежскай мовамі, тады як у шведскай захавалася першапачатковае börja. Нягледзячы на тое, што шведская і дацкая мовы аддаляліся адна ад адной, іхнія дыялекты не знаходзіліся пад такім уплывам. Дзякуючы гэтаму, нарвежская і шведская захоўвалі падобнае вымаўленне, так, напрыклад, слова børja (адпаведнае шведск. börja) захоўвалася ў некаторых нарвежскіх дыялектах, а слова vindöga захоўвалася ў некаторых дыялектах шведскай. Падобныя рысы адлюстроўвае на сабе нюношк у адрозненне ад букмола, які засвоіў вялікую частку дацкай лексікі (напрыклад: нюношк. byrja, veke, vatn параўн. са шведск. börja, vecka, vatten; але дацк. begynde, uge, vand). Такім чынам, нюношк падзяляе шмат рыс са шведскай мовай. На думку нарвежскага лінгвіста Арнэ Торпа, фарміраванне літаратурнай нормы нюношка адбывалася бы значна цяжэй, калі б замест Даніі Нарвегія была ў уніі са Швецыяй, таму што адрозненняў паміж нюношкам і шведскай менш, чым між нюношкам і дацкай[16].

Узаемазразумеласць

правіць

Узаемазразумеласць паміж мовамі паўночнагерманскае мовы з'яўляецца неаднароднай. Так, шэраг даследаванняў паказвае, што носьбіты нарвежскае мовы маюць патэнцыяльна найбольшую здольнасць разумець астатнія паўночнагерманскія мовы[17][18]. Паводле даследаванняў, праведзеных у 20022005 гг. Фондам культуры Паўночных краін, носьбіты шведскай мовы Стакгольма і носьбіты дацкай мовы Капенгагена маюць найбольшыя цяжкасці ў разуменні іншых паўночнагерманскіх моў[14]. Даследаванне, засяроджанае найперш на носьбітах мовы ва ўзросце да 25 год, паказала, што самая слабая здольнасць разумець іншую мову праяўляецца шведскай моладдзю ў Стакгольме адносна дацкай мовы. Найбольшыя адрозненні ў выніках паміж жыхарамі аднае краіны ўзніклі таксама між шведамі: удзельнікі з Мальмё, што на поўдні Швецыі ля Даніі, праяўлялі лепшае разуменне дацкай мовы, чым носьбіты шведскай мовы з поўначы краіны. У прыватнасці, лепшаму разуменню і веданню ўнікальных дацкіх слоў спрыяла даступнасць дацкіх СМІ і наяўнасць цеснай транспартнай сувязі між Мальмё і пагранічнай Даніяй. Паводле вынікаў гэтага ж даследавання, моладзь гэтага шведскага рэгіёна разумее дацкую трохі лепш за нарвежскую. Тым не менш, разуменне шведамі нарвежскай і дацкай заставалася слабым, а датчане ў Капенгагене вельмі дрэнна валодалі шведскай.

Падрабязнейшыя вынікі даследавання ўзаемнага разумення скандынаўскіх моў прыведзеныя ў табліцы ніжэй[17]. Найбольшы паказчык — 10.0:

Места Разуменне
дацкай
Разуменне
шведскай
Разуменне
нарвежскай
Паказчык
Орхус, Данія
3,74
4,68
4,21
Капенгаген, Данія
3,60
4,13
3,87
Мальмё, Швецыя
5,08
4,97
5,02
Стакгольм, Швецыя
3,46
5,56
4,51
Берген, Нарвегія
6,50
6,15
6,32
Осла, Нарвегія
6,57
7,12
6,85

Носьбіты фарэрскай мовы (астраўная, не ўваходзіць у склад кантынентальных) паводле гэтага ж даследавання паказалі нават большае за носьбітаў нарвежскай разуменне кантынентальных паўночнагерманскіх моў, дасягнуўшы высокага паказчыку як па дацкай[заўв 1], так і па нарвежскай мовах. Носьбіты ісландскай мовы, наадварот, праявілі слабае разуменне нарвежскай і шведскай моў, аднак маюць некалькі лепшы ўзровень разумення дацкай мовы, якая раней вывучалася ў Ісландыі. Вынікі разумення іншых паўночнагерманскіх моў носьбітамі фарэрскай ды ісландскай моў прыведзеныя ў табліцы ніжэй[17].

Рэгіён/
Краіна
Разуменне
дацкай
Разуменне
шведскай
Разуменне
нарвежскай
Паказчык
Фарэрскія астравы
8,28
5,75
7,00
7,01
Ісландыя
5,36
3,34
3,40
4,19

Лексіка

правіць

Паўночнагерманскія мовы, у параўнанні з заходнегерманскімі, маюць значна больш агульных рыс у лексіцы, граматыцы, фаналогіі і марфалогіі. Прыклады лексічных, граматычных і марфалагічных падабенстваў між паўночнагерманскімі мовамі прыведзеныя ніжэй у табліцы, для нагляднасці прыведзеныя параўнальныя прыклады заходнегерманскіх моў. Паўночнагерманскія мовы для зручнасці вылучаныя паўтлустым, таксама пададзены беларускі пераклад.

Мова Прыклад
Англійская It was a moist, grey summer day at the end of June.
Нямецкая Es war ein feuchter, grauer Sommertag Ende Juni.
Галандская Het was een vochtige, grauwe zomerdag in het einde van juni.
Афрыкаанс Dit was 'n vogtige, grou somer dag aan die einde van Junie.
Шведская Det var en fuktig, grå sommardag i slutet av juni.
Дацкая Det var en fugtig, grå sommerdag i slutningen af juni.
Нарвежская (букмал) Det var en fuktig, grå sommerdag i slutten av juni.
Нарвежская (нюнорск) Det var ein fuktig, grå sumardag/sommardag i slutten/enden av juni.
Ісландская Það var rakur, grár sumardagur í lok júní.
Фарэрская Tað var ein rakur/fuktigur, gráur summardagur síðst í juni.
Пераклад Гэта быў сыры, пахмурны дзень у канцы чэрвеня

Моўныя межы

правіць

Улічваючы вышэйзгаданы ўзровень блізкасці паміж мовамі кантынентальнай падгрупы паўночнагерманскіх моў, існуе дыскусія наконт мэтазгоднасці разглядання моў кантынентальнай падгрупы як асобных[19]. У публіцыстыцы кантынентальныя скандынаўскія мовы часта прыводзяцца ў якасці ілюстрацыі да афарызма «мова — гэта дыялект, у якога ёсць армія і флот». Часам адрозненні паміж дыялектамі адной краіны большыя чым з суседнімі дыялектамі цераз граніцу, аднак палітычная незалежнасць гэтых краін прыводзіць да іх класіфікацыі як нарвежскай, шведскай і дацкай моў. Такім чынам, моўны падзел, на думку некаторых лінгвістаў, грунтуецца на палітычных межах, што ўзмацняецца ўплывам літаратурных моў (асабліва ў Швецыі і Даніі)[19].

Некаторыя дзеячы і арганізацыі маюць уласны погляд на гэтае пытанне. Так, Паўночны савет неаднаразова называў кантынентальныя паўночнагерманскія мовы скандынаўскай мовай (у адзіночным ліку). Так, напрыклад, у афіцыйным навінавым выданні Рады заўляецца, што яно публікуецца на скандынаўскай мове («på skandinaviska»)[20]. Нягледзячы на гэта, стварэнне адзінай пісьмовай мовы ацэньваецца як вельмі малаверагоднае, улічваючы правал стварэння адзінай стандартызаванай мовы ў Нарвегіі; аднак на думку прыхільнікаў скандынаўскага моўнага адзінства існуе шанс «некаторай уніфікаванай арфаграфіі», агульнай для Нарвегіі, Швецыі і Даніі[21][22].

Унутраны падзел паўночнагерманскіх моў даволі цяжка вызначыць. У склад ніжэйпрыведзенай класіфікацыі ўключаныя таксама некаторыя дыялекты.

Дыскусійныя пытанні

правіць

Емтландскія дыялекты падзяляюць шмат рыс як з трондэлажскімі, так і з норландскімі дыялектамі, у сувязі з чым емтландскія дыялекты могуць адносіцца як да ўсходняй, так і да заходняй падгруп[заўв 2][23]. Эльвдальскі дыялектberu, які распаўсюджаны на паўночным усходзе Швецыі пры шведска-нарвежскай мяжы і, як правіла, лічыцца адным з свеаландскіх дыялектаў, сёння мае афіцыйную арфаграфію і праз адсутнасць узаемаразумення са шведскай мовай разглядаецца шэрагам лінгвістаў як асобная мова[24].

Акрамя традыцыйных дыялектаў, існуюць такія мовы як «цыганская дацкая», «родзі» і шведска-цыганская мова, якія з'яўляюцца варыянтамі дацкай, нарвежскай і шведскай моў з даданнем цыганскай лексікі, усе яны вядомыя пад агульнай назвай скандынаўска-цыганскія мовы[25]. Гэтыя ідыёмы спалучаюць у сабе элементы дыялектаў заходняй Швецыі, усходняй Нарвегіі і Трондэлага.

Пісьмовыя нормы нарвежскай

правіць

Сучасная нарвежская мова мае дзве пісьмовыя нормы: букмол (а таксама больш кансерватыўная, то бок, бліжэйшая да дацкай, яго форма — рыксмол) і нюношк (а таксама яго форма пад назваю хёхношк, літаральна «высокая нарвежская»). Букмол выкарыстоўваецца параўнальна часцей, у прыватнасці, ён бытуе ў гарадах і найбольш значных газетах.

Іншыя мовы Скандынавіі

правіць

Геаграфічна блізкімі да паўночнагерманскіх моў з'яўляюцца мовы саамаў, якія ўваходзяць у склад уральскае моўнае сям'і[26] і не роднасныя з індаеўрапейскімі мовамі (у якія ўваходзяць германскія мовы). Саамскія мовы з дагістарычных часоў суіснавалі з паўночнагерманскімі мовамі[27]. На працягу стагоддзяў саамскія і фінская мовы запазычылі з паўночнагерманскіх моў некаторыя часткі лексікі (у той час як паўночнагерманскія мовы запазычылі з гэтых моў значна меншую колькасць слоў).

Паўночнагерманскія мовы з'яўляюцца мовамі большасці ў Нарвегіі, Даніі і Швецыі. На Фарэрскіх астравах, апроч афіцыйнай на дацкім узроўні дацкай мовы, афіцыйны статус і значнае распаўсюджанне мае фарэрская мова. У Грэнландыі, якая належыць Даніі, афіцыйнай мовай з'яўляецца толькі грэнландская мова. На паўднёвым захадзе Даніі, у паўднёвай Ютландыі, існуе мясцовая нямецкая супольнасць, нямецкая мова ў рэгіёне прызнана мовай меншасці. У Паўднёвым Шлезвігу, што на поўначы Германіі (каля граніцы з Даніяй) нямецкая мова з'яўляецца асноўнай мовай мясцовых датчан, пры гэтым асноўнай мовай немцаў, якія жывуць па іншы бок мяжы (у Даніі), з'яўляецца дацкая; абедзве супольнасці ў высокай ступені з'яўляюцца двухмоўнымі.

Традыцыйна дацкая і нямецкая мовы з'яўляліся афіцыйнымі мовамі агульнай дацка-нарвежскай дзяржавы.

Заўвагі

правіць
  1. Фарэрскія астравы ўваходзяць у склад Даніі, таму дацкая мова вывучаецца ў школах Фарэрскіх астравоў.
  2. Таму што трондэлажскія дыялекты адносяцца да нарвежскай мовы (заходняя падгрупа), а норландскія — да шведскай (усходняя падгрупа).

Крыніцы

правіць
  1. Gordon, Raymond G., Jr. Language Family Trees Indo-European, Germanic, North. — Ethnologue: Languages of the World. — Dallas, Texas: SIL International, 2005. — Т. 15.
  2. ScanDiaSyn – Nordisk dialektsyntaks (нарв.). Universitetet i Tromsø (2 лютага 2014).
  3. а б в Torp, Arne. Moderne nordiske sprog // Nordiske sprog i fortid og nutid. Sproglighed og sprogforskelle, sprogfamilier og sprogslægtskab. — Nordens sprog – med rødder og fødder. — Nordic Council of Ministers' Secretariat, Copenhagen, 2004. — ISBN 92-893-1041-3.
  4. Linguist makes sensational claim: English is a Scandinavian language // ScienceDaily.
  5. Hawkins, John A. Germanic languages / Bernard Comrie. — The World's Major Languages. — Oxford University Press, 1987. — С. 68-76. — ISBN 0-19-520521-9.
  6. Cercignani, Fausto. 86 // Indo-European ē in Germanic. — Zeitschrift für vergleichende Sprachforschung. — 1972. — Т. 1. — С. 104-110.
  7. Kuhn, Hans. 86 // Zur Gliederung der germanischen Sprachen. — Zeitschrift für deutsches Altertum und deutsche Literatur. — 1955-1956. — С. 1-47.
  8. Bandle, Oskar. The Nordic Languages: An International Handbook of the History of the North Germanic Languages. — Walter de Gruyter, 2005. — ISBN 3-11-017149-X.
  9. а б Lund, Jørn. Language. — 1. — Royal Danish Ministry of Foreign Affairs, 2003.
  10. а б Holmberg, Anders; Christer Platzack. The Scandinavian languages / Guglielmo Cinque, Richard S. Kayne. — The Comparative Syntax Handbook. — Oxford, New York: Oxford University Press, 2005.
  11. Lindström, F., Lindström, H. Svitjods undergång och Sveriges födelse. — Albert Bonniers Förlag, 2006. — С. 259. — ISBN 91-0-011873-7.
  12. D. Appleton, A.J. Johnson. Johnson's universal cyclopedia. — абноўленае выданне. — 1895.
  13. Nationalencyklopedin. Omkring 800–1100 // Nordiska språk. — Nationalencyklopedin. — 1994. — Т. Historia.
  14. а б Nordic co-operation must be revamped! // Nordiska rådet. — WebArchive, 2005. Архівавана з першакрыніцы 13 лютага 2005.
  15. Victor Ginsburgh, Shlomo Weber. How many languages do we need?: the economics of linguistic diversity. — Princeton University Press, 2011. — С. 42.
  16. Trine Nickelsen. Nynorsk — noe for svensker? // Uniforum. — 2005.
  17. а б в Delsing, Lars-Olof; Katarina Lundin Åkesson. Håller språket ihop Norden? En forskningsrapport om ungdomars förståelse av danska, svenska och norska // Nordic cooperation. — 2005.
  18. Maurud, Ø. 13 // Nabospråksforståelse i Skandinavia. En undersøkelse om gjensidig forståelse av tale- og skriftspråk i Danmark, Norge og Sverige. — Nordisk utredningsserie. — Stockholm: Nordiska rådet, 1976.
  19. а б Nordens språk — med rötter och fötter Архівавана 6 сакавіка 2016.
  20. Nyhetsbrev (шведск.)(недаступная спасылка). Nordic cooperation (2 лютага 2014). Архівавана з першакрыніцы 9 красавіка 2014. Праверана 16 мая 2015.
  21. The Scandinavian Languages: Their Histories and Relationships (англ.)(недаступная спасылка). San Jose State University (2 лютага 2014). Архівавана з першакрыніцы 19 верасня 2021. Праверана 16 мая 2015.
  22. ”Finlandssvensk bør være hovedspråk i nordisk union” (нарв.)(недаступная спасылка). Nordic cooperation (2 лютага 2014). Архівавана з першакрыніцы 12 кастрычніка 2017. Праверана 16 мая 2015.
  23. Dalen, Arnold. Jemtsk og trøndersk – to nære slektningar. — Språkrådet, 2005.
  24. Sapir, Yair. Elfdalian, the Vernacular of Övdaln. — Conference paper. — 2004.
  25. Traveller Danish (англ.)(недаступная спасылка). Languages of the World (2 лютага 2014). Архівавана з першакрыніцы 9 сакавіка 2016. Праверана 16 мая 2015.
  26. Inez Svonni Fjällström. A language with deep roots // Sápmi. — 2006. Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2007.
  27. Sammallahti, Pekka. The Sámi Language: Past and Present. — Arctic Languages: An Awakening. — Paris: UNESCO, 1990. — С. 440. — ISBN 92-3-102661-5.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць