Афарызм
Афары́зм (грэч. αφορισμός — выказванне) — выслоўе, у якім у трапнай, лаканічнай і звычайна вобразнай форме выказаная арыгінальная думка. Як заўважыў Я. Колас, «Афарызм — гэта разумна выказаная думка, якая жыла ў галаве філосафа, а цяпер будзе вісець на кручку мудраца». Найбольш удалыя афарызмы становяцца агульнавядомымі і могуць перайсці ў фальклор, зрабіцца прыказкамі. Крыніцай афарызмаў з'яўляюцца творы навуковыя, публіцыстычныя, але найбольш часта — мастацкія, у тым ліку паэтычныя. Вось некалькі афарызмаў з твораў беларускіх паэтаў: «Дум не скуеш ланцугамі» (Я. Купала), «Хваробы лечаць і атрутамі» (М. Багдановіч), «Лес не сякуць языкамі» (К. Крапіва), «Неспакой ня лечыць адзінота, адзіноту лечыць неспакой» (А. Куляшоў). Да афарызма блізкія крылатыя словы, якія вобразна вызначаюць нейкую жыццёвую з'яву, даюць ёй эмацыянальна-экспрэсіўную ацэнку. Аднак калі афарызм — гэта цэлае меркаванне пра што-небудзь, крылатае слова — толькі частка меркавання: «Будзем сеяць, беларусы!» (П. Броўка), «Плячысты на жывот» (К. Крапіва) і г. д. Афарызмы выступаюць часам і як самастойны літаратурны жанр. Сярод аўтараў, што працуюць у гэтым жанры, вядомыя А. Разанаў (цыкл «Зномы»), П. Шыбут, М. Коўзкі, Г. Марчук і інш. Частка афарызмаў беларускіх паэтаў сабраная ў кнізе Ф. Янкоўскага «Крылатыя словы і афарызмы» (Мінск, 1960).
Літаратура
правіць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.