Дзявочая гара (Мсціслаў)

Дзявочая гара — узгорак у паўночнай частцы г. Мсціслава Магілёўскай вобласці, размешчана на правым беразе ракі Віхры[1], паміж вуліцамі Пралетарскай, Красіна і Пушкіна[2]. Высокі мыс займае гарадзішча, імаверна, помнік язычніцкага культу[1].

Славутасць
Дзявочая гара
54°01′34″ пн. ш. 31°44′17″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мсціслаў
Будаўніцтва 1-е тысячагоддзе да н.э.1-е тысячагоддзе н.э.
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512В001058шыфр 512В001058
Map

Апісанне

правіць
 
Дзявочая гара ў 1901 годзе.

Узгорак узвышаецца над узроўнем ракі на болей за 10 м. Пляцоўка памерам 108×48 м умацавана па краі валам вышынёй каля 2,5 м. Адкрыў у 1893 годзе Е. Р. Раманаў; абследавалі ў 1926 годзе А. М. Ляўданскі i С. А. Дубінскі, у 1978 годзе М. А. Ткачоў. Раскопкі праводзіў у 1959—1960 годзе Л. В. Аляксееў. Культурны пласт 0,6 м, верхняя частка яго ў старажытнасці была скапана для падсыпкі вала. У ім знойдзены матэрыялы бронзавага веку, кераміка днепра-дзвінскай i ранняга этапу зарубінецкай культур. Частка посуду аздоблена штрыхамі. Знойдзены сярэднелатэнская фібула, 2 грузікі дзякоўскага тыпу, абломак касцяных восцяў, серп, серпападобны нож, касцяныя пацеркі, шкляныя бранзалеты, жалезныя наканечнікі стрэл XVII ст. i іншае. Найбольш інтэнсіўным жыццё на гарадзішчы было з сярэдзіны 1-га тысячагоддзя да н.э. да I ст. н.э. У XII—XVII стагоддзях выкарыстоўвалася мясцовым насельніцтвам як гарадзішча-сховішча. Матэрыялы раскопак 1959—1960 гадоў захоўваліся ў Інстытуце археалогіі АН СССР[3].

Пра гару захавалася паданне, што яна насыпана дзяўчатамі, што разам з яе назвай сведчыць пра пэўную сувязь з культам язычніцкага жаночага бажаства, багіні-дзевы. У мацерыку выяўлена прамавугольная яма без знаходак і другая — неглыбокая і бясформенная каля ўнутранага падножжа вала, у якой знойдзена некалькі лобных ці цемянных касцей дзіцяці. Імаверна, гэта рэшткі ахвярапрынашэння. Магчыма выкарыстанне дзявочай гары як язычніцкага культавага помніка і ў жалезным веку і ў перыяд ранняга феадалізму[1].

Пра язычніцкі звычай прынясення ў ахвяру дзяцей згадваў у XII ст. Кірыла Тураўскі. Дзіцячыя чарапы таксама выяўлены Бабінай гары пад Трахтэміравым ва Украіне, аднак, на думку археолага Б. А. Рыбакова, гара імаверней была прысвечана не багіні-дзеве, а багіні ўраджаю і лёсу[1].

У культуры

правіць

Сюжэт падання пра Дзявочую гару, якую дзяўчаты «з пясчынак злажылі», ужыты ў вершы Юлія Таўбіна «Песня» (1929)[4].

Зноскі

  1. а б в г ДЗЯВОЧАЯ ГАРА(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 1 студзеня 2016.
  2. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (2012)
  3. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
  4. Таўбін, Ю. Агні: вершы / Юлі Таўбін. — [Мінск] : Белдзяржвыдавецтва, 1930. — С. 45.

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць