Віёт
Віёт (саманазва: Wishosk) — індзейскі народ на поўначы Каліфорніі (ЗША). Агульная колькасць (2018 г.) — 1 000 чал.[1]
Віёт (Wishosk) | |
Памінанне забітых у 1860 г.
| |
Агульная колькасць | 1000 (2018 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Каліфорнія |
Мова | віёт |
Рэлігія | анімізм, культ продкаў, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | алганкіны, юрок |
Гісторыя
правіцьЛінгвісты мяркуюць, што продкі віёт вылучыліся з ліку астатнік алгскіх народаў 4 000 гадоў таму. Каля 900 г. н. э. яны перасяліліся на поўнач Каліфорніі[2]. У XIX ст. віёт насялялі ўзбярэжжа Ціхага акіяна паміж рэкамі Мэд і Іл на поўдзень ад іншага алгскага народа юрок.
Кантакты з еўрапейцамі пачаліся з 1806 г., але доўгі час абмяжоўваліся менавым гандлем. З 1850 г. каля тэрыторый віёт сяліліся амерыканскія жывёлагадоўцы. Адносіны паміж індзейцамі і перасяленцамі былі напружанымі. Хаця сучасныя віёт адмаўляюць, што займаліся крадзяжом кароў і забойствам перасяленцаў, канфлікты з двух бакоў сталі звычайнымі. 26 лютага 1860 г. група амерыканцаў арганізавала нечаканы напад на паселішча віёт і з дапамогай халоднай зброі знішчыла ад 80 да 200 чалавек, пераважна жанчын, старых і дзяцей. Разня атрымала розгалас у каліфарнійскіх сродках масавай інфармацыі. Віёт трапілі пад апеку арміі ЗША, а потым былі пераселены ў рэзервацыю на рацэ Кламат.
З 1992 г. арганізуюцца штогадовыя дні памінання забітых у 1860 г. У 2000 г. была заснавана асобная рэзервацыя віёт.
Культура
правіцьВіёт здаўна займаліся рыбалоўствам, збіральніцтвам і паляваннем. Важнае месца ў іх харчаванні займаў ласось. Рыбу лавілі з дапамогай сетак, пастак, рабілі на ручаях часовыя дамбы. Вылучаўся пласт майстроў-будаўнікоў лодак, што выдзёўбвалі з суцэльнага бярвення. Мясцовасць, населеную віёт, атачалі шырокалісцевыя лясы, дзе палявалі на аленяў і ласёў. На пляжах палявалі на ластаногіх і выкінутых на бераг кітоў. Збіралі ягады, арэхі, малюскаў. Па-майстэрску апрацоўвалі камень, драўніну, выраблялі плеценыя кашы і бісер.
Сярод віёт вылучаліся бедныя і багатыя. Асноўнае багацце складалі скуры жывёл, скальпы дзятлаў, рэдкія ракавіны. Найбольш багатыя рыбалоўныя і паляўнічыя ўгоддзі, тытунёвыя зараснікі належалі асобным сем’ям.
Традыцыйная вопратка выраблялася са скур аленяў і футра трусоў. Мужчыны апраналі футравыя повязі накшталт саронгаў, жанчыны — скураныя фартухі, якія аздаблялі махрамі і вяроўкамі. Падчас прахалоднага надвор’я карысталіся макасінамі. Жанчыны татуявалі падбародак.
Віёт будавалі вёскі ў ніжняй плыні рэк і ручаёў. У адным паселішчы жыло ад 50 да 150 чалавек. Чатырохкутныя хаціны ладзілі з дошак, крылі двускатным дахам. Пасярэдзіне даху пакідалі рухомыя дошкі для рэгулявання выхаду дыму, паколькі знутры хаціны памяшчаўся агмень. Дзверы драўляныя рассоўныя.
Віёт падзяляліся на 3 сацыяльна-тэрытарыяльныя групы: вікі, батават, непасрэдна віёт. Яны не аб’ядноўваліся для адзіных мэтаў, накшталт ваенных канфліктаў з суседзямі. На чале грамадства стаялі найбольш заможныя людзі. Асобных ваенных правадыроў не было, хаця войны здараліся часта. Воіны карысталіся лукам і стрэламі, скуранымі шчытамі і даспехамі. Войн можна было пазбегнуць праз матэрыяльныя выплаты.
Дамінавалі патрыярхальныя вялікія пашыраныя сем’і на чале са старэйшым працаздольным мужчынам. Жаніх выплочваў за нявесту выкуп, пасля чаго яна пераязджала ў яго сям’ю. Калі ў маладога чалавека не было маёмасці для выкупу, пасля жаніцьбы ён сяліўся каля сям’і жонкі і аказваў ёй дапамогу. Такія шлюбы зваліся «палавіністымі». Разводы адбываліся ў выніку шлюбнай здрады, прычым мужчыны былі ініцыятарамі разводаў радзей, чым жанчыны.
Фальклор прадстаўлены рытуальнымі танцамі, якія суправаджаліся міфалагічнымі і гістарычнымі апавяданнямі.
Мова
правіцьМова віёт належыць да алгскай групы. Апошні носьбіт памёр у 1962 г.
Рэлігія
правіцьДа распаўсюджання хрысціянства традыцыйная рэлігія віёт абапіралася на культ продкаў. Найбольш знакамітым з іх быў культурны герой Gatswokwire. Яны таксама верылі ў духа-стваральніка сусвету Gudatrigakwitl[3]. Ён не меў чалавечага аблічча. Рытуальная частка прадстаўлена танцамі, якія арганізоўвалі старыя людзі. Вылучаўся пласт жанчын, што займаліся лекаваннем.
Зноскі
Спасылкі
правіцьВіёт на Вікісховішчы |