Асіповічы
Асіпо́вічы[2] (трансліт.: Asipovičy) — горад у Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Асіповіцкага раёна, на р. Сіняя. Размешчаны за 136 км на паўднёвы захад ад Магілёва, 3 км ад аўтамабільнай дарогі Мінск — Гомель. Буйны чыгуначны вузел: лініі на Мінск, Гомель, Магілёў, Баранавічы. Насельніцтва 31 298 чал. (2017)[3].
Горад
Асіповічы
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Назва
правіцьПаводле мясцовага падання назва горада звязана з асілкам Осіпам, які меў карчму паблізу цяперашніх Асіповічаў.
Гісторыя
правіцьЗаснаванне
правіцьУ адрозненне ад іншых мястэчак сучаснай Беларусі, Асіповічы з’яўляюцца параўнальна маладым населеным пунктам. Гісторыя мястэчка цесна звязаная з пракладкай праз Асіповічы Лібава-Роменскае чыгункі ў другой палове XIX ст.
На XVIII ст. прыпадае імаверны час узнікнення паселішча[4]. У 1777 годзе паводле тарыфа Слуцкай парафіі, у Асіповічах было 16 дымоў[4].
У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Асіповічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Па падзеле ўвайшлі ў склад Бабруйскага павета Мінскай губерні. Паводле рэвізіі Бабруйскага павета гэтага ж года з’яўляліся ўласнасцю Дамініка Гераніма Радзівіла, размяшчаліся ў складзе заставы Ратынскага. Паводле гэта ж рэвізіі, у тагачасных Асіповічах налічвалася 83 мужчынскія душы і 71 жаночая, існавала карчма[4].
У другой палове 1794 года падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў Мінскай губерні адбыўся рэйд 3-тысячнага атраду палкоўніка Стэфана Грабоўскага, які прайшоў у тым ліку і цераз Асіповічы, аднак 4 верасня быў разбіты пад Любанню[5].
У 1872 годзе за 2 км ад Асіповічаў заснавалі аднайменную станцыю Лібава-Роменскай чыгункі, дзе існавала 5 двароў і пражывала сорак чалавек. У 1880—1890 гадах у Асіповічах збудаваныя два лесапільныя заводы, млын, адкрыта паштовае аддзяленне[6]. Станам на 1890 год станцыя Асіповічы займала на Лібава-Роменскай чыгунцы трэцяе месца па звароце грузаў пасля Рудзенска і Беразіна, а ў 1896 годзе была пракладзена вузкакалеўка Асіповічы — Дараганава. Перапіс насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года засведчыў існаванне на месцы сучасных Асіповічаў трох асобных населеных пунктаў з назвай Асіповічы: вёскі з насельніцтвам у 526 жыхароў і ўтрыманнем 78 гаспадарак, чыгуначнай станцыі з насельніцтвам каля ста жыхароў і ўтрыманнем адзінаццаці гаспадарак, а таксама пасёлка насельніцтвам у прыкладна дзвесце чалавек з утрыманнем 3 гаспадарак і наяўнасцю заезнага двара і чатырох крамаў. Пазней гэтыя населеныя пункты зліліся і ўтварылі сучаснае адзінае паселішча[6]. У 1899 годзе каля станцыі Асіповічы збудавалі лесапільны завод, праз 5 гадоў — яшчэ адзін, а таксама млын і некалькі жылых будынкаў. У 1900 годзе Асіповічам нададзены статус гарадскога паселішча [7].
Развіццё
правіцьНа пачатак XX ст. у Асіповічах было каля 150 будынкаў, 246 двароў; працавалі школа для дзяцей чыгуначнікаў і царкоўна-прыходская школа, паштова-тэлеграфнае аддзяленне; з прамысловых прадпрыемстваў — паравознае дэпо, і два лесапільныя заводы, два млыны, сукнаваляльня, воўнабітная майстэрня, піварозліўны завод, таксама шэраг дробных кавальскіх, бандарных, каўбасных, гандлёвых і іншых устаноў. У 1900 годзе засноўваецца шпалапрапітны завод, праз дзевяць гадоў — смаляны, таксама ў 1909 годзе адкрыўся тэлеграфны пункт. Існуюць звесткі пра існаванне ў тагачасных Асіповічах большай колькасці двароў (больш за трохсот), 41 вуліцы і аднаго завулку, пры гэтым насельніцтва мястэчка складала каля 1 500 чалавек. У 1917 годзе перапіс насельніцтва засведчыў пражыванне ў Асіповічах прыкладна 4 200 чалавек[6]. На той момант у складзе Бабруйскага павета ўваходзілі ў склад Замашанскай воласці[8].
Рэвалюцыйны перыяд
правіцьУ снежні 1905 года працоўнымі Асіповічаў была зладжана першая забастоўка, працоўныя шпалапрапітачнага завода 17 сакавіка 1908 года арганізавалі эканамічную стачку з патрабаваннямі паляпшэння ўмоў працы, якая, аднак, была здушана паліцыяй і салдатамі. Летам 1915 года адбыліся салдацкія хваляванні на чыгуначнай станцыі. Па рэвалюцыі ў Расіі 1917 года ў Асіповічах былі ўсталяваны савецкія органы ўлады, што адбылося ў лістападзе, у снежні гэтага ж года быў створаны мясцовы чырвонагвардзейскі атрад[6].
З 19 лютага па май 1918 года Асіповічы былі заняты польскім корпусам Доўбар-Мусніцкага, адразу ж пасля чаго ў рамках парушэння расійска-нямецкага міру ад 15 снежня 1917 года Германія акупавала мястэчка, што працягвалася да 4 снежня 1918 года[6]. Гэтыя змены на фронце былі замацаваны дзякуючы Брэсцкаму міру, заключанаму 3 сакавіка 1918 года. Неўзабаве 25 сакавіка гэтага ж года Радай БНР была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, паводле ўмоў якой Бабруйскі павет склаў адну з заяўленых тэрыторый Беларускай Народнай Рэспублікі, але органы ўлады рэспублікі не разгарнулі ў мястэчку дзейнасць з прычыны агульнай неарганізаванасці сярод структур БНР і адмоўнага стаўлення нямецкага франтавога камандавання да ўтварэння БНР. Разам з тым, на фоне Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі і адклікання нямецкіх войск у снежні 1918 года бальшавікі занялі большую частку Мінскай губерні, пасля чаго Асіповічы апынуліся ў складзе Заходняе вобласці Расіі.
1 студзеня 1919 года Заходняя вобласць распускаецца, Бабруйскі павет фармальна перадаецца ў склад абвешчанай ССРБ. З 20 жніўня 1919 года да 10 ліпеня наступнага года тэрыторыя горада знаходзіцца пад акупацыяй Польшчай[6], дзе размяшчалася ў Бабруйскім павеце Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх зямель, пасля чаго на кароткі час трапляе ў склад Бабруйскага павета Літоўска-Беларускай ССР, якая ўжо 31 ліпеня 1920 года была распушчана з перадачай земляў цэнтральнай Беларусі ў склад новаўтворанай БССР. У часы польскай акупацыі ў наваколлях горада дзейнічала партызанка агульным складам каля 200 чалавек[6], дзейнічаў асобны атрад на чале з Я. Багдановічам і А. Каральком[9].
Савецкі час
правіцьСа студзеня 1922 года Асіповічы становяцца цэнтрам воласці і праз два гады ўваходзяць у склад Бабруйскай акругі БССР, дзе становяцца цэнтрам раёна, 17 ліпеня 1924 года Асіповічы атрымліваюць статус мястэчка[6]. Варта адзначыць, што Асіповічы не былі закрануты перадачай земляў усходу беларускага этнічнага арэалу ў склад РСФСР, што адбылося праз два тыдні пасля абвяшчэння ССРБ у 1919 годзе. З 1930 года, пасля скасавання акруговага падзелу, Асіповіцкі раён стаў непасрэдна ўваходзіць у склад БССР, а 20 лютага 1938 года ўвайшоў у склад Магілёўскай вобласці[10].
У 1921 годзе пра чыгуначнай станцыі быў адкрыты клуб «Чырвоны кастрычнік», дзе існавала таксама бібліятэка-чытальня. У наступным годзе збудоўваюцца электрастанцыя, у 1923 годзе — бібліятэка. У 1925 годзе адкрытыя бальніца і амбулаторыя, у 1927 годзе — дзіцячы сад, праз пяць гадоў — маслазавод і маторна-трактарная станцыя[6].
15 ліпеня 1935 года Асіповічы атрымліваюць статус горада. Паводле даваеннага перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў 1939 годзе, у Асіповічах пражывала 1 694 яўрэяў, якія складалі 12,34 % ад агульнай колькасці жыхароў горада. У 1941 годзе ў Асіповічах працавалі дзве сярэднія школы, два дзіцячыя сады, дзве амбулаторыі, бальніца, дванаццаць прамысловых прадпрыемстваў з каля дзвюх тысяч працаўнікоў, у тым ліку паравознае дэпо, вагонарамонтны пункт, маторна-трактарная станцыя, маслазавод, прамысловы камбінат, лясная прамысловая гаспадарка і чатыры арцелі («Перадавік», «Прагрэс», «Звязда», «Чырвоны хімік»). З 1931 года дзейнічала чыгуначнае адгалінаванне ў бок Магілёву[6].
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўначы з 22 на 23 чэрвеня 1941 года немцамі была дзейснена першая бамбардзіроўка Асіповічаў. Горад быў акупаваны 30 чэрвеня 1941 года падраздзяленнямі 2-й танкавай групы Гудэрыяна. Тэрыторыя Асіповічаў пры гэтым не знаходзілася ў складзе Генеральнай акругі Беларусь, а увайшла ў зону ваеннага тылу групы арміі «Цэнтр». У 1941 годзе на поўдні горада было створана яўрэйскае гета, куды нацыстамі была сагнана пераважная большасць пакінутых у горадзе яўрэяў. Гета ліквідавана ў 1942 годзе.
У ліпені 1941 года створаная падпольная суполка КП(б)Б, якой 14 кастрычніка 1942 года рушыла ўслед стварэнне суполкі ЛКСМБ, абедзве дзейнічалі да 2 ліпеня 1944 года. Таксама разгортвалі дзейнасць падпольнікі, якія распаўсюджвалі ў горадзе савецкія СМІ, і партызанскія групы: першая Асіповіцкая, першая Бабруйская, 161-я імя Р. І. Катоўскага партызанскія брыгады, з ліпеня 1943 года — Асіповіцкая ваенна-аперацыйная група. У 1943 годзе было створана каля дваццаці падпольных камсамольскіх груп. 30 ліпеня 1943 года на чыгуначнай станцыі Асіповічы была здзейснена дыверсія, падчас якой было знішчана чатыры эшалёны, у тым ліку эшалён з танкамі Тыгар. Наогул падчас падпольнай дзейнасці ў Асіповічах было знішчана трыццаць эшалёнаў і пашкоджана 70 паравозаў, рабіліся рэйды на адміністрацыйныя будынкі, знішчаліся прадпрыемствы[11]. 26 чэрвеня 1944 года над Асіповічамі ўзноўлены кантроль СССР дзякуючы войскам Першага Беларускага фронту[6].
У 1946 годзе на вуліцу Кастрычніцкую (паўднёвы ўсход Асіповічаў) з вёскі Зборск Асіповіцкага раёна пераносяць праваслаўную Царкву Узвышэння Святога Крыжа, якая была пабудавана ў 1826 годзе ў гэтай вёсцы ў стылі народнага дойлідства на сродкі графа Завішы і раней звалася Свята-Казьмадзям’янаўская. Як сведчаць жыхары горада, набажэнствы ладзіліся кожныя выходныя без перапынкаў не зважаючы на адмоўнае стаўленне савецкай улады да праяваў рэлігійнага жыцця вернікаў[12].
25 верасня 1944 года Асіповічы застаюцца раённым цэнтрам, пераходзячы ў падначаленне Бабруйскай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — зноў у складзе Магілёўскай вобласці. З 25 снежня 1962 года Асіповічы пераходзяць у склад Бабруйскага раёна, пасля 7 сакавіка 1963 года атрымліваюць статус горада абласнога падпарадкавання, але выходзяць са складу Бабруйскага раёна толькі 6 студзеня 1965 года. Станам на 1959 год у горадзе пражывала 15,8 тыс. чал.[6]
У часы другой паловы XX ст. горад значна пашырыў свае межы, у ім пачалі дзейнічаць або працягвалі сваю дзейнасць завод аўтаагрэгатаў, хлебазавод, маслазавод, кардонна-руберойдавы завод, завод жалезабетонных канструкцыяў, камбінат хлебапрадуктаў, кансервавы завод, фабрыка канцылярскіх тавараў; пяць сярэдніх агульнаадукацыйных школаў, школа-інтэрнат, музычная школа, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, сярэдняя вячэрняя школа, адзінаццаць дашкольных устаноў, міжшкольны вытворчы камбінат, дом піянераў і школьнікаў, два клубы, дзевяць бібліятэк, два кінатэатры[6].
Сучаснасць
правіцьЗ 25 жніўня 1991 года — у складзе незалежнай Беларусі. У 2002 годзе на вуліцы Інтэрнацыянальнай, што ў цэнтры горада, быў усталяваны помнік у выглядзе раней дзеючага паравоза Эм726-23, перад якім усталяваная памятная шыльда (варта адзначыць, што на шыльдзе змешчаны надпіс, дзе сцвярджаецца пра заснаванне горада ў 1872 годзе; гл. фота ніжэй). 3 студзеня 2005 года былі зацверджаны два ўказы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць выкарыстанне сцяга і герба Асіповічаў[13]. З гэтага ж перыяду вядзецца пабудова новых шматкватэрных дамоў на паўночным усходзе горада, здзейсненая рэканструкцыя пешаходнага мосту над чыгуначнымі шляхамі станцыі Асіповічы. З лета 2013 года з чыгуначнай станцыі Асіповічы ў бок Бабруйску працягнутыя кантактныя лініі, якія дагэтуль заканчваліся ў Асіповічах, што дазволіла фарміраванне цягнікоў па маршрутах Мінск — Бабруйск і Мінск — Жлобін на аснове электрычнай цягі.
У 2018 годзе з вёскі Цэль у Асіповічы перадыслакавана 465-я ракетная брыгада. У 2023 годзе Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь 1 лютага паведаміла, што брыгада атрымала для самастойнай эксплуатацыі аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр».
Насельніцтва
правіцьНа тэрыторыі Асіповічаў станам на 2010 год пражывае каля 34,4 тыс. чалавек. Нягледзячы на тое, што ўрбанізацыя СССР была выканана паспяхова і па сённяшні дзень у горад мігруюць патокі насельніцтва як з Асіповіцкага раёна, так і з суседніх раёнаў, аднак моладзь часцей выязджае на пастойнае жыхарства і заробкі ў Мінск.
- XVIII стагоддзе: 1793 год — 154 чал. (82 муж. і 71 жан.).[4]
- XIX стагоддзе: 1897 год — 526 чал. у вёсцы Асіповічы, 200 чал. у селішчы Асіповічы, 100 чал. у станцыі Асіповічы.[14].
- XX стагоддзе: 1904 год — 1 178 чал.; 1913 год — 1 244 чал.; 1917 год — 4 200 чал.[6]; 1939 год — 13,7 тыс. чал.[6]; 1959 год — 15,8 тыс. чал.[6]; 1974 год — 23 тыс. чал.[15]; 1991 год — 34,6 тыс. чал.[16]
- XXI стагоддзе: 2006 год — 34,3 тыс. чал.; 2009 год — 32 543 чал.[17]; 2013 год — 32,3 тыс. чал.; 2016 год — 31 498 чал.[18]; 2017 год — 31 298 чал.[3]
Эканоміка
правіцьУ Асіповічах працуюць прадпрыемствы па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, перапрацоўцы драўніны, лёгкай і харчовай прамысловасці.
Працуюць РУП «Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў», СП ААТ «Дах», ААТ «Асіповіцкі малочны камбінат», Асіповіцкі завод жалезабетонных канструкцый, РУП «Асіповіцкі завод камунальнага машынабудавання», ААТ «Асіповіцкі камбінат хлебапрадуктаў», Парфумерна-касметычная фабрыка «Сонца», ЗАТ «Алтимед», ТАА «Кубокстрой».
Паблізу ад горада (на поўнач) на рацэ Свіслач размяшчаецца Асіповіцкая ГЭС.
Інфраструктура
правіцьПрацуе рынак, існуе дзве гасцініцы, два кінатэатры, рэстараны («Радзіма»), клубы, вялікая колькасць дробных прадуктовых крамаў, некалькі ўніверсамаў, некалькі банкавых і паштовых аддзяленняў. Вагоннае і лакаматыўнае дэпо.
-
Будынак адміністрацыі
-
Аўтобусны вакзал
-
Паліклініка
-
Чыгуначны вакзал
Культура
правіцьПрацуюць гісторыка-краязнаўчы музей, Асіповіцкі раённы цэнтр культуры і клуб дзіцячага і юнацкага турызму і краязнаўства. Дзейнічаюць чатыры бібліятэкі: адна дзіцячая і тры агульнага карыстання.
Адукацыя
правіцьУ Асіповічах дзейнічаюць 4 сярэднія агульнаадукацыйныя школы, Асіповіцкая беларуская гімназія, Асіповіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж, 1 спецыяльная школа — інтэрнат, спартыўная школа, школа мастацтваў, дзве музычныя школы.
Спорт
правіцьУ горадзе працуюць стадыёны «Юнацтва», «Лакаматыў», «Алімпіец», фізкультурна-аздараўленчыя комплексы на АЗАА і Асіповіцкім заводзе «Камаш». Папулярнасцю ў гараджан карыстаюцца клубы «Юны дэсантнік», прыхільнікаў цяжкай атлетыкі «Мускул», аэробікі, валейбола, «Бадзёрасць», мотавеласпорту, шахматна-шашачны «Дэбют».
У чэрвені 2003 года прайшла рэгістрацыя дзяржаўнай установы — фізкультурна-спартыўнага футбольнага клуба «Асіповічы».
Планіроўка
правіцьДамінуючым кампанентам у планіроўцы горада з’яўляецца лінія Лібава-Роменскай чыгункі, якая праходзіць цераз Асіповічы, гэтая лінія падраздзяляе мястэчка на дзве прыкладна роўныя часткі, паўднёва-заходнюю і паўночна-ўсходнюю. Большая частка вуліц спланаваная перпендыкулярна. На захадзе горада, паміж вуліцамі Гарбатава і Сташкевіча, праходзіць аўтамабільны мост над чыгункай, які дублюе іншы аўтамабільны пераезд на ўсходзе горада, паміж вуліцамі Якуба Коласа і Крыловіча.
Крайнюю поўнач і паўночны ўсход мястэчка займаюць кварталы сучаснай забудовы. Агулам большая частка забудовы (асабліва ў паўднёва-заходняй палове горада) прыватная, існуе некалькі кварталаў «сталінскай» забудовы і некалькі спальных раёнаў са шматпавярховых жылых дамоў. На захадзе горада чыгуначныя магістралі падзяляюцца на два рукавы — пасажырскі (на поўначы) і таварны (на поўдні), між імі забудова адсутнічае за выняткам невялікага кварталу на крайнім усходзе Асіповічаў.
У цэнтральнай частцы горада, пры вуліцы Інтэрнацыянальная, размяшчаецца чыгуначная пасажырская станцыя Асіповічы, поруч з якой размешчаная аўтастанцыя. На крайнім захадзе Асіповічаў таксама дзейнічае станцыя Юбілейны.
Рэкрэацыйныя зоны
правіць- Парк 50 гадоў Кастрычніка (вул. Абрасімава)
- Гарадскі парк (вул. Юбілейная)
На Свіслачы, за 5 км ад горада стварылі Асіповіцкае вадасховішча (1953), якое стала галоўнай зонай адпачынку гараджан.
Славутасці
правіць- Крыжаўзвіжанская царква (пабудаваная ў 1826 годзе ў в. Зборск, у 1946 годзе перавезеная ў Асіповічы)
- Царква Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы (2000)
- Каталіцкі касцёл (2005)
- Пратэстанцкі храм
- Асабняк «Дом Жукава»
- Могілкі яўрэйскія.
- Гарадская забудова пачатку ХХ стагоддзя:
- Воданапорная вежа
- Службовыя карпусы на чыгуначнай станцыі
- Чыгуначная бальніца
- Чыгуначная школа
- Помнік Крыловічу
- Брацкая магіла (1944), вул. Абросімава, у парку — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Д000049
- Стаянка (3—2-е тысячагоддзі да н.э.), на паўночна-ўсходняй ускраіне горада, за 0,5 км на поўдзень ад шашы Бабруйск — Мінск, на левым беразе р. Сіняя — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000662
-
Свята-Крыжаўзвіжанская царква
-
Царква Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы
-
Асабняк «Дом Жукава»
-
Пратэстанцкі храм
-
Чыгуначная школа
-
Чыгуначная бальніца
-
Помнік лакаматыву ЭМ 726-23, пастаўлены з нагоды 130-годдзя горада
-
Яўрэйскія могілкі
-
Помнік асіповіцкім яўрэям-ахвярам Халакосту, поўдзень горада, ля скрыжавання вуліц Працоўна-Сялянскай і Казлоўскай
Вядомыя асобы
правіць- Генадзь Яфімавіч Булдаў (нар. 1928) — беларускі архітэктар.
- Зіновій Самуілавіч Гарэлік (1904—1968) — камандзір роты, Герой Савецкага Саюза.
- Юрый Альфрэдавіч Дарашкевіч (нар. 1962) — беларускі жывапісец.
- Ніна Васілеўна Каменская (1913—1986) — беларускі гісторык. Член-карэспандэнт АН Беларусі (1959). Доктар гістарычных навук (1959), прафесар (1961).
- Яфім Якаўлевіч Клапер (нар. 1937) — беларускі архітэктар.
- Уладзімір Крукоўскі (нар. 1937) — беларускі мастак-плакатыст.
- Фёдар Андрэевіч Крыловіч (1916—1959) — кіраўнік партызанскай дыверсійнай групы ў гады вайны. Яго імем названая вуліца ў Асіповічах.
- Барыс Аляксандравіч Майстрэнка (1924—1945) — камандзір танка, Герой Савецкага Саюза. Яго імем названая вуліца ў Асіповічах.
- Эма Віталеўна Новікава (нар. 1946) — беларускі архітэктар.
- Тамара Рыгораўна Раеўская — беларуская спявачка.
- Георгій Іванавіч Шпак (нар. 1943) — расійскі ваенны і дзяржаўны дзеяч, генерал-палкоўнік, камандуючы паветрана-дэсантнымі войскамі ў 1996—2003 гадах, 5-ы губернатар Разанскай вобласці (2004—2008)
- Аляксей Рыгоравіч Шчэрба (нар. 1937) — беларускі архітэктар.
Крыніцы
правіць- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ а б в г ЭнцВКЛ 2005, с. 257
- ↑ Грыцкевіч А. Паўстанне 1794 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п ЭГБ 1993
- ↑ Собрание узаконений и распоряжений Правительства, издаваемое при Правительствующем сенате. — СПб.: Сенат. тип., 1900. — С. 5116—5117
- ↑ SgKP 1886, s. 604
- ↑ Ладысеў, У. Ф. Беларусь на пераломе эпох // Гісторыя Беларусі. Курс лекцый: у 2 ч. / П. І. Брыгадзін [і інш.]. — Мінск: РІВШ БДУ, 2002. — Т. 2. XIX—XX стст. — С. 318. — 655 с.
- ↑ Административно-территориальное деление Беларуси (руск.). Белорусский научно-исследовательский центр электронной документации. Праверана 27 жніўня 2014.
- ↑ Літвін А. М. Асіповіцкае патрыятычнае падполле // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- ↑ Мордаунт, Юрий. Царква Узвышэння Святога Крыжа. Крестовоздвиженская церковь (руск.). Radzima.org (27 снежня 2009). Праверана 27 жніўня 2014.
- ↑ Геральдические символы (руск.). Афіцыйны партал Асіповіцкага раённага выканаўчага камітэта. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Праверана 27 жніўня 2014.
- ↑ Исторические хроники Осиповичского района Архівавана 4 снежня 2009. на Могилевский областной исполнительный комитет Архівавана 4 снежня 2009.
- ↑ Осиповичи // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
- ↑ Осиповичи // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ Перапіс насельніцтва Беларусі 2009 года Архівавана 18 верасня 2010. // Белстат (руск.)
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
правіць- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Асіповіцкага раёна. — Мн., 2002.
- Анішчанка Я. Асіповічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 257. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Валахановіч А. І., Дулеба Г. І. Асіповічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Асіповічы Архівавана 19 ліпеня 2010. // Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
- A. Jelski. Osipowicze (2) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat (польск.). — Warszawa, 1886. — S. 640.
- Осиповичи // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
- Зорин В. П. Осиповичи. Историко-экономический очерк. ― Мн. Беларусь, 1982. с. 94. 20000 экз.
- Осиповичи: история и современность (посвящается 140-летию города). Сост. А. Землянухина и др. ― Мн.: Белстан, 2012. с. 255.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Асіповічы
- Геаграфічныя звесткі па тэме Асіповічы на OpenStreetMap
- Асіповічы на сайце Radzima.org
- Надвор’е ў горадзе Асіповічы