Уладзімер Пуцін
Уладзі́мер Уладзі́меравіч Пу́цін (рас. Владимир Владимирович Путин; нар. 7 кастрычніка 1952 году) — расейскі дзяржаўны дзяяч і ваенны злачынец[9][10][11][12].
24 лютага 2022 году даў загад на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. З 8 траўня 2012 году — прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі. Другі прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі з 7 траўня 2000 году па 7 траўня 2008 году (па адстаўцы прэзыдэнта Ельцына выконваў абавязкі прэзыдэнта з 31 сьнежня 1999 па 7 траўня 2000 году). Старшыня Рады бясьпекі РФ. У 2008—2012 гадох — прэм’ер-міністар.
21 красавіка 2021 году ў пасланьні Фэдэральнаму сходу згадаў пра Беларусь у кантэксьце нібыта прадухіленай з удзелам ФСБ спробы зрынаньня рэжыму Лукашэнкі як пра кантраляваную Расеяй тэрыторыю, на якой Расея будзе вызначаць, што ёсьць дзяржаўным пераваротам, а што — не[13].
17 сакавіка 2023 году Другая палата папярэдняга разбору Міжнароднага крымінальнага суду (Нідэрлянды), удзел у якім бралі 123 дзяржавы, выдала загад на арышт Уладзімера Пуціна і расейскай упаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. На падставе разгляду заявы пракуратуры ад 22 лютага судьдзі палічылі абодвух падазраванымі ў высылцы ўкраінскіх дзяцей з захопленых земляў Украіны ў Расею, што складала ваеннае злачынства[14][15].
Паходжаньне прозьвішча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле прафэсара Ковенскага ўнівэрсытэту гісторыка мовы Сымаса Каралюнаса прозьвішча Пуціна мае балтыйска-летувіскае паходжаньне і ўтварылася ад летувіскага слова putinas 'каліна'. Прозьвішча Пуцінас маюць каля 90 радзінаў у Летуве[16].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург). Згодна з уласным адказам падчас перапісу насельніцтва, расеец паводле нацыянальнай прыналежнасьці.
Бацька — Уладзімер Сьпірыдонавіч Пуцін (23.02.1911 — 02.08.1999), служыў на падводным флёце, удзельнік нямецка-савецкай вайны, па вайне працаваў на заводзе. Маці — Марыя Іванаўна Пуціна (народжаная Шэломава) (17.10.1911 — 06.07.1998), паходзіла з вёскі Зарэчча, дзе і пазнаёмілася з Уладзімерам Сьпірыдонавічам. Дзед Уладзімера Пуціна — Сьпірыдон Іванавіч (19.12.1879—8.03.1965), працаваў кухарам Леніна і Сталіна. Прадзед па бацькоўскай лініі — Іван Пуцін, ураджэнец вёскі Памінава Цьвярской вобласьці.
Продкі У. У. Пуціна па бацькаўскай і мацярынскай лініі (Пуціны, Шэломавы, Чурсанавы, Буянавы, Фаміны і іншыя) на працягу па меншай меры 300 гадоў былі сялянамі Цвярскога павета. Найбольш ранні вядомы продак У. У. Пуціна згаданы ў 1627—1628 гадах у Пісцовай кнізе Цвярскога павета. Гэта Якаў Нікіцін — бабыль вёскі Барадзіно прыходу вёскі Тургінава, вотчыны баярына Івана Нікіціча Раманава, дзядзькі цара Міхаіла Фёдаравіча.
У кнізе «От первого лица» («Ад першае асобы»), біяґрафіі Пуціна паводле ягоных інтэрвію ў расейскай прэсе, распавядаецца пра бедныя гады дзяцінства будучага прэзыдэнта, праведзеныя ў камунальнай кватэры.
У 1975 годзе скончыў юрыдычны факультэт Ленінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і паступіў на службу ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, з 1985 па 1990 год працаваў аґентам савецкае выведкі ў НДР (Усходняй Нямеччыне). Пад прыкрыцьцём займаньня пасады кіраўніка Дома савецка-нямецкага сяброўства ў Дрэздэне загадваў у КДБ сачэньнем за савецкімі студэнтамі ў НДР[17].
У 1990 годзе вярнуўся ў Расею, працаваў памочнікам рэктару Ленінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту па міжнародных пытаньнях, потым — дарадцам старшыні Ленінградзкага Савету (мескі заканадаўчы сход) вядомага расейскага дэмакрата Анатоля Сабчака.
У чэрвені 1991 году Пуцін быў прызначаны старшынём Камітэту па Зьнешніх Сувязях мэрыі (бурмістарства) Санкт-Пецярбурґу. На гэтай пасадзе ён займаўся прыцягненьнем у горад замежных інвэстыцыяў, адкрыцьця сумесных прадпрыемстваў. Пуцін быў куратарам стварэньня ў Пецярбурґу валютнае біржы, пры яго судзеяньні (як кажуць, з дапамогаю яго кантактаў ў былым савецкім КҐБ і ўсходненямецкай Stasi) было адчыненае прадстаўніцтва BNP-Dresdner Bank. Адначасова з 1994 году Пуцін быў першым намесьнікам старшыні ўраду Санкт-Пецярбурґу.
У жніўні 1996 пачалася «маскоўская» кар’ера Ўладзімера Пуціна — ён быў прызначаны намесьнікам упраўляючага справамі прэзыдэнта Расеі. У сакавіку 1997 году Пуцін прызначаны намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, начальнікам галоўнага кантрольнае ўправы прэзыдэнта РФ. З траўня 1998 году Пуцін — першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі.
Наступным моцным узьлётам пецярбурскага палітыка было прызначэньне яго дырэктарам ФСБ — расейскае спэцслужбы. З сакавіку 1999 году Пуцін стаў сакратаром Рады Бясьпекі Расеі.
Прэм’ер-міністарства і першы прэзыдэнцкі тэрмін
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У жніўні 1999 году прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын прызначыў Уладзімера Пуціна прэм’ер-міністрам Расеі. 31 сьнежня 1999 году Ельцын сышоў у адстаўку, Пуцін стаўся выканаўчым абавязкі прэзыдэнта да наступных выбараў.
26 сакавіка 2000 году былі праведзеныя прэзыдэнцкія выбары, у якіх Пуцін перамог у першым туры.
Уладзімер Пуцін з самага пачатку дасягнуў шалёнае папулярнасьці ў расейскім грамадзтве дзякуючы свайму іміджу маладога, энэрґічнага прэзыдэнта-спартоўцы на фоне старога й хворага Барыса Ельцына. З пункту гледжаньня сваёй палітычнае плятформы Пуцін здолеў аб’яднаць вакол сябе прыхільнікаў часам дыямэтральна супрацьлеглых ідэй. Для дэмакратаў ён быў колішнім сябрам і паплечнікам Анатолія Сабчака і, мяркуючы па прамовах маладога прэзыдэнта, прыхільнікам далейшых і больш радыкальных дэмакратычных і рынкавых рэформ. Для кансэрватараў і нацыяналістаў Пуцін быў сымбалем адраджаючаеся «Вялікае Расеі», новым «водцам».
Вялікадзяржаўніцкі складнік пуцінскага курсу апынуўся больш яскравым. Разам з Пуціным да ўлады прыйшлі г. зв. «сілавікі» — нацыяналістычныя этатысцкія элемэнты з шэрагаў спэцыяльных службаў і войска. Пачалася палітыка па рэабілітацыі савецкага рэжыму. Адным зь першых рашэньняў Пуціна было прыняцьце новага гімну на музыку гімну СССР і зацьверджаньне чырвонае савецкае харугвы для расейскага войска. У 2004 годзе Пуцін назваў распад Савецкага Зьвязу «найбуйнейшаю геапалітычнаю катастрофаю стагодзьдзя».
Прадстаўнікі «сямейнага кляну», палітычнае эліты ельцынскае эпохі, паступова выціскаліся з улады. За сваю падтрымку дэмакратаў пачаліся рэпрэсіі супраць буйных бізнэсмэнаў-аліґархаў Барыса Беразоўскага і Ўладзімера Гусінскага. 24 лютага 2004 году, менш чым за месяц да парлямэнцкіх выбраў, Пуцін звольніў з пасады прэм’ер-міністра не дастаткова ляяльнага Міхаіла Касьянава, прадстаўніка эліты ельцынскага часу, і прызначыў на яго пазыцыю дыплямата Міхаіла Фрадкова.
У 2003 годзе быў сарваны ґешэфт па зьліцьці нафтавых кампаніяў «ЮКОС» і «Сыбнафта», у выніку якое меўся зьявіцца найбуйнейшы ў сьвеце нафтавы канцэрн, які мог пагражаць аўтарытэту Пуціна ўнутры краіны і ўплываць на ўнутрыпалітычную сытуацыю. Паводле сфабрыкаваных абвінавачаньнях быў арыштаваны кіраўнік «ЮКОС» Міхаіл Хадаркоўскі, пачаўся працэс зьнішчэньня гэтае некалі найбуйнейшае і найбольш пасьпяховае расейскае карпарацыі.
У сфэры замежнае палітыкі Пуцін узяў курс на ўзмацненьне дачыненьняў з краінамі СНД з мэтаю стварэньня процівагі пашыраючымся NATO і ЭЗ, да якіх далучыліся многія краіны цэнтральнае і ўсходняе Эўропы і пачалі далучацца краіны былога СССР. Разам зь лідэрамі Эўрапейскага Зьвязу Пуцін асудзіў амэрыканскую кампанію ў Іраку. Увогуле, нягледзячы на нарастаючы ціск на дэмакратыю ў Расеі і крытыку Пуціна як аўтакрата, прэзыдэнт падтрымлівае добрыя, «сяброўскія» адносіны з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам, нямецкім канцлерам Гергардам Шрэдэрам, італійскім прэм’ерам Сыльвіё Бэрлюсконі.
Ва ўнутранай палітыцы Пуцін усталяваў рэжым асабістае ўлады шляхам кантролю за электроннымі сродкамі масавае інфармацыі і паступовага выцісканьня дэмакратычнае апазыцыі з орґанаў дзяржаўнае ўлады. Былі зачыненыя ці падпарадкаваныя Крамлю незалежныя тэлеканалы НТВ, ТВ6 і ТВС, на парлямэнцкіх выбарах у 2003 годзе створаная ўладаю партыя «Адзіная Расея» атрымала больш за палову месцаў у Дзяржаўнай Думе Расеі дзякуючы манаполіі на тэлевізійны этэр і іншыя буйныя прэфэрэнцыі падчас перадвыбарчае кампаніі. Адначасова ў парлямэнт упершыню за гісторыю новае Расеі не прайшлі дэмакратычныя партыі «СПС» і «Яблака».
За Пуцінам працягнулася і ўзмацнілася расейская актыўнасьць у Чачэніі. Міжнародныя праваабарончыя арґанізацыі сьведчаць аб узмацненьні парушэньняў правоў чалавека ў паўночна-каўкаскай рэспубліцы.
Другі прэзыдэнцкі тэрмін
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]14 сакавіка 2004 году Ўладзімер Уладзімеравіч Пуцін 71% выбарцаў быў у першым туры абраны на другі тэрмін прэзыдэнцтва. Як і на парлямэнцкіх выбарах некалькі месяцаў да гэтага, зноў па Расеі ішла неабаснавана актыўная кампанія на карысьць Пуціна ў пра-крамлёўскіх агульнанацыянальных мэдыях. Расейская канстытуцыя не дазваляе адной асобе займаць пасаду прэзыдэнта больш, чым два тэрміны запар, таму Пуцін ня мае права балятавацца на выбарах у 2008 годзе.
13 верасьня 2004 году, з нагоды крызы з закладнікамі ў Бэслане і тэрарыстычных актаў у Маскве, Пуцін пачаў рэформу дзяржаўнага кіраваньня, у ходзе якое былі адмененыя выбары ґубэрнатараў расейскіх рэґіёнаў. Гэты крок быў многімі раскрытыкаваны, у тым ліку Міхаілам Гарбачовым, як адступ ад прынцыпаў дэмакратыі і вяртаньне да цэнтралізацыі ўлады, як за савецкім часам. Разам з гэтым былі ўскладненыя ўмовы праходу незалежных дэпутатаў у Дзяржаўную Думу.
Падчас прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне ў канцы 2004 году Расея актыўна ўмешвалася ў ход перадвыбарчае кампаніі. Пуцін двойчы наведваў Украіну з мэтаю падтрымаць кандыдата ад улады Віктара Януковіча і адзіны разам з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам павіншаваў Януковіча зь перамогай у выбарах, пазьней прызнаных сфальсыфікаванымі.
29 лістапада 2006 году падтрымаў дактрыну «расейскага сьвету».
Другое прэм’ер-міністарства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]8 траўня 2008 году па заканчэньні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў зноў стаў прэм’ер-міністрам Расеі[18].
Трэці прэзыдэнцкі тэрмін
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Атрымаў перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах 2012 году і ў трэці раз заступіў на пасаду прэзыдэнта Расеі[19].
Чацьверты прэзыдэнцкі тэрмін
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Перамог на прэзыдэнцкіх выбарах 18 сакавіка 2018 году, атрымаўшы 76,69% галасоў выбарцаў[20].
Падтрымаў рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, калі той выявіўся забойствамі і масавымі катаваньнямі беларусаў у час здушэньня пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня ў 2020—2021 гадох. 26 траўня 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Пуцін званіў і прасіў у яго прабачэньня за тое, што без дазволу абмяркоўваў Беларусь з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам[21].
4 чэрвеня 2021 году заявіў, што ня ведае, хто такі Раман Пратасевіч, але ня супраць, каб той і далей змагаўся з рэжымам Лукашэнкі[22]:
Нейкі Раман Пратасевіч, я ведаць яго ня ведаю і ведаць не хачу. Няхай ён робіць, што хоча — змагаецца з рэжымам Лукашэнкі Арыгінальны тэкст (рас.)
Какой-то Роман Протасевич! Я знать его не знаю. И знать не хочу. Пускай он делает, что хочет, борется с режимом Лукашенко
|
||
У кастрычніку 2021 году вядоўца прапагандысцкага тэлеканалу рэжыму Лукашэнкі СТБ Яўген Пуставой заявіў, што Лукашэнка «адзіны прэзыдэнт, які не хаваўся ад народу па бункерах, а ад міністраў і журналістаў з дапамогай тэлеканфэрэнцыяў». Таксама, паводле яго слоў, у Беларусі «абышлося без лакдаўнаў, без бяздумнага карантыну». У яшчэ адной рэпліцы пра Лукашэнку Пуставой адзначыў, што ў беларускага аўтарытарнага лідэра «бяссонныя ночы і перажываньні адбіваліся на твары. Ботаксам не карыстаецца». Гэтыя рэплікі разглядаюцца як простая адсылка да Ўладзімера Пуціна, хоць сам Пуставы неўзабаве заявіў, што ня меў Пуціна на ўвазе, лічыць яго «красунчыкам» і выступае за саюз з Расеяй[23].
Рознае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З маладосьці займаўся дзюдо. Кандыдат эканамічных навук, свабодна валодае нямецкаю і ангельскаю мовамі. Да 2013 году быў жанаты зь Людмілай Пуцінай, у мінулым настаўніцай нямецкае мовы. Мае дзьвюх дачок — Кацярыну (нар. 1985) і Марыю (нар. у 1986).
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Wladimir Putin // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ а б Delarge J. Vladimir POUTINE // Лё Дэлярж (фр.) — Paris: Gründ, Jean-Pierre Delarge, 2001. — ISBN 978-2-7000-3055-6
- ^ а б Vladimir Poutine // GeneaStar
- ^ а б http://putin.kremlin.ru/bio
- ^ а б http://www.kommersant.ru/doc/662935
- ^ а б https://www.thoughtco.com/when-was-st-petersburg-known-as-petrograd-and-leningrad-4072464
- ^ а б https://web.archive.org/web/20100514164020/http://premier.gov.ru/eng/premier/biography.html
- ^ а б http://www.rosbalt.ru/piter/2014/08/22/1306942.html
- ^ Сэнат ЗША аднагалосна вызнаў Пуціна ваенным злачынцам, Радыё Свабода, 16 сакавіка 2022 г.
- ^ Сэйм Польшчы афіцыйна прызнаў Пуціна ваенным злачынцам, Радыё Свабода, 24 сакавіка 2022 г.
- ^ «Пасля пачатку вайны ва Украіне Беларусі як незалежнай дзяржавы фактычна не існуе». Першыя рэакцыі экспертаў, Белсат, 24 лютага 2022 г.
- ^ Антываенны камітэт Расеі назваў арганізатараў агрэсіі ва Ўкраіну ваеннымі злачынцамі, Радыё Свабода, 28 лютага 2022 г.
- ^ «Можна мець любы пункт гледжання наконт палітыкі Лукашэнкі, але…» Пуцін згадаў Беларусь у пасланні, Наша Ніва, 21 красавіка 2021 г.
- ^ Пётар Гофманскі. Становішча ва Ўкраіне: судзьдзі МКС выдалі загады на арышт Уладзімера Ўладзімеравіча Пуціна і Марыі Аляксееўны Львовай-Бяловай (анг.) // Міжнародны крымінальны суд, 17 сакавіка 2023 г. Праверана 17 сакавіка 2023 г.
- ^ Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзімера Пуціна // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 17 сакавіка 2023 г. Праверана 17 сакавіка 2023 г.
- ^ Гудавичюте Д., Петраускене В. У них в Литве этих Путиных — завались, Фонтанка.ру, 8 жніўня 2001 г.
- ^ Глеб Лабадзенка. 150 тысячаў людзей на вуліцах — і ніводнай пабітай вітрыны // Зьвязда : Газэта. — 4 сьнежня 2009. — № 230 (26588). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Пуцін стаў прэм’ер-міністрам Расіі // Хартыя’97, 8 траўня 2008 г. Праверана 8 траўня 2008 г.
- ^ Новы стары прэзідэнт Расіі: крамольнае відэа пра Пуціна // Весткі.info, 4 сакавіка 2012 г. Праверана 4 сакавіка 2012 г.
- ^ Уладзімір Пуцін абраны прэзідэнтам Расіі // Звязда, 19 сакавіка 2018 г. Праверана 19 сакавіка 2018 г.
- ^ Лукашэнка: Пуцін прасіў прабачэньня, што без дазволу абмяркоўваў Беларусь, Радыё Свабода, 26 траўня 2021 г.
- ^ Пуцін аб Пратасевічу: «Не ведаю яго і ведаць не хачу. Няхай робіць, што хоча», Наша Ніва, 4 чэрвеня 2021 г.
- ^ На беларускім ТБ Лукашэнку проціпаставілі тым лідэрам, хто падчас пандэміі «схаваўся ў бункеры», Радыё Свабода, 24 кастрычніка 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сатырычныя апавяданьні пра Пуціна (рас.)
- Цыганкоў В. Галоўная праблема беларусаў не Лукашэнка, а Пуцін, — Віталь Портнікаў, Радыё Свабода, 14 ліпеня 2021 г.
- Нарадзіліся 7 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1952 годзе
- Нарадзіліся ў Санкт-Пецярбургу
- Выпускнікі Акадэміі ФСБ Расеі
- Выпускнікі Санкт-Пецярбурскага горнага ўнівэрсытэту
- Выпускнікі Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Кавалеры ордэна Пашаны (Расея)
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Кавалеры ордэна Дружбы народаў (Беларусь)
- Кавалеры Вялікага Крыжа ордэна Ганаровага легіёну
- Кавалеры ордэна РПЦ «Славы і Гонару»
- Кавалеры ордэна РПЦ вялебнага Сергія Раданескага
- Кавалеры ордэна Алтын Кыран
- Кавалеры ордэна Хасэ Марці
- Людзі году часопісу «Time»
- Майстры спорту СССР
- Ганаровыя грамадзяне Санкт-Пецярбургу
- Ляўрэаты Ігнобэлеўскай прэміі
- Супрацоўнікі КГБ СССР
- Прэзыдэнты Расеі
- Прэм’ер-міністры Расеі
- Кандыдаты эканамічных навук
- Дзейныя кіраўнікі дзяржаваў
- Уладзімер Пуцін
- Асобы, вышукваныя Міжнародным крымінальным судом