Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусі
Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусі (СЗНБ) — падпольная арганізацыя ў Заходняй Беларусі, якая дзейнічала ў 1946—1949 гадах.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арганізацыя была створаная студэнцкай моладзьдзю зь ініцыятывы камандзіра партызанскага атраду Івана Раманчука. Устаноўчы сход прайшоў улетку 1946 году на хутары Царскай Ліпы (у іншых крыніцах — Саска Ліпка) у Нясьвіскім раёне. На сходзе прысутнічала 6 чалавек, сярод якіх былі студэнты Гарадзенскага пэдінстытуту.
Структурна СЗНБ складаўся з суполак, ня больш пяці чалавек у кожнай. Усіх сяброў ведаў толькі кіраўнік. Задача кожнага была стварыць сваю суполку, і стаць яе кіраўніком. Прысутныя на першым паседжаньні ўвайшлі ў суполку Міхася Кожыча, а Іван Раманчук сышоў зноў у лясы. Неўзабаве структуры арганізацыі былі створаныя ў Клецкім і Нясьвіскім, Стаўпецкім раёнах, а таксама ў Горадні.
Праграма
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На сяброў арганізацыі ўплыў аказала Фултанская прамова Чэрчыля. Арганізацыя мела разбудоўваць структуры, і ў выпадку вайны выступіць ў абарону беларускага народу і незалежнасьці Беларусі. Адзін з пунктаў праграмы прадугледжваў роспуск калгасаў і перадачу зямлі ва ўласнасьць сялянам. Праграма СЗНБ забараняла сябрам арганізацыі, якія знаходзіліся на легальным становішчы, прымяняць гвалт у дачыненьні да савецкай адміністрацыі (за выключэньнем яго прымяненьня ў мэтах самааховы).
Раскрыцьцё і ліквідацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Няўдачай сталася спроба стварыць аддзел СЗНБ у Менску. Савецкія спэцслужбы ўвялі ў склад аддзела свайго агента па прозьвішчы Касіль, які выдаў менчукоў.
У 1947 годзе Міхась Кожыч адчуў за сабой зацікаўленасьць спэцслужбаў і перайшоў на нелегальнае становішча. Ён зьехаў з Горадні і далучыўся да атраду Раманчука. Аднак празь некаторы час Кожыч выйшаў зь лесу і быў арыштаваны. Кожыч быў катаваны ў Баранавіцкай турме, спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, але ня вытрымаў і расказаў пра сяброў арганізацыі, пра якіх ведаў. Напачатку 1949 году савецкія органы правялі арышты сяброў гарадзенскай групы.
Арыштаваныя былі зьмешчаныя ў сумнавядомай унутранай турме МДБ БССР («Амэрыканцы»), дзе сьледчыя допытамі й катаваньнямі дабіваліся ад іх паказаньняў супраць іншых сяброў арганізацыі. Працэс над арганізацыяй адбыўся 15—17 чэрвеня ў Менску. Падсудныя трымаліся годна, імкнучыся скарыстаць суд для выказваньня сваіх патрыятычных поглядаў, хоць у залі суду, акрамя падсудных, прысутнічалі толькі трое судзьдзяў і канвой. Пасьля тых выказваньняў канваіры зьмякчылі абыходжаньне з падсуднымі.
Ваенным трыбуналам войскаў МУС Беларускай Вайсковай Акругі за «здраду Радзіме, ускосны тэрор і антысавецкую прапаганду» 18 сяброў СЗНБ былі прагавораны да розных тэрмінаў зьняволеньня.
Ліквідацыя атрада Раманчука («Ястраба»)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У траўні або ўлетку 1949 году на хутары ў Нясьвіскім раёне савецкія атрады акружылі атрад кіраўніка СЗНБ Раманчука зь сям’ю партызанамі. Пасьля зацятага бою чатыры хлопцы застрэліліся. Трое, у тым ліку Раманчук, былі параненыя і схопленыя.
На допытах Раманчук вёў сябе вельмі мужна. Размаўляў са сьледчымі па-беларуску і толькі ў прысутнасьці перакладчыка. Суд прысудзіў Раманчуку 25 гадоў, якія ён поўнасьцю адседзеў у лягерох Варкуты і Мардовіі.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксандар Азарка
- Марыя Азарка
- Вера Касмовіч
- Яўген Касмовіч
- Уладзімер Кісель («Раса»)
- Міхась Кожыч
- Іван Раманчук («Ястраб») і інш.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- А. Гардзіенка — Апазыцыя ў Беларусі (1944—1953)
- У. Кісель. Сваю маладосьць мы прысьвяцілі незалежнасьці Беларусі(недаступная спасылка) // «Пагоня», 17.03.1998
- У. Кісель. Свабода, годнасьць — даражэй за жыцьцё // Ніколі болей. Вільня. 2000.
- Вера Касмовіч Галасы стагодзьдзя. Мінулы век у памяці сучасьнікаў // Радыё «СВАБОДА»
- Эрнест Сабіла сустрэўся з маладафронтаўкай Настай Азаркай, унучкай вязьняў гулагу, якую судзяць за працяг справы сваіх дзядоў // bchd.info, 4 верасьня 2007