Полацкая япархія
Полацкая япархія | |
---|---|
Япіскап | Ігнаці (Луковіч) |
Катэдральны горад |
|
Катэдральны сабор |
|
Полацкая япархія — найстарэйшая хрысьціянская япархія Беларусі, заснаваная ў студзені 992 году ў Полацку (цяпер Віцебская вобласьць). Мела 111 прыходаў у 10 заходніх раёнах Віцебскай вобласьці (Беларусь). Улучала 10 дабрачыньняў. Налічвала 61 сьвяшчэннаслужыцеляў (56 сьвятароў, 5 дыяканаў) і 35 нядзельных школаў. Мела ў Полацку Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр і сястрыцтва імя Эўфрасіньні Полацкай. Выпускала газэты «Полацкія епархіяльныя ведамасьці», "Прыхадзкі Нікольскі весьнік", духоўна-асьветныя весьнікі "Царкоўны лісток", "Пакроўскі лісток", "Інфармацыйны лісток" і радыёперадачу «Слова пастыра» (Расоны)[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]6 студзеня[2] 992 году кіеўскі мітрапаліт(uk) Лявонці(uk) (992—1008) накіраваў у Полацак першага япіскапа[3], што зрабіла Полацкую япархію найстарэйшай хрысьціянскай япархіяй Беларусі[2]. 13 сьнежня 1005 году кіеўскі мітрапаліт Нікіфар I(uk) (1004—1021) хіратанізаваў першага вядомага полацкага япіскапа Міну (1005—1016). У 1007 годзе згадваецца найбольш старажытная ў Полацку царква Багародзіцы. У 1056 годзе катэдральным храмам стаў Сафійскі сабор[2]. У 1125 годзе Эўфрасіньня Полацкая (1104—1167) заснавала Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр. У XIII стагодзьдзі дзейнасьць Полацкай япархіі ахоплівала Полацкае княства. Адчыніліся новазбудаваныя цэрквы ў 10 гарадах Беларусі: Віцебск, Ворша, Друцак (цяпер Талачынскі раён), Ізяслаў (цяпер Менскі раён), Лагойск, Менск, Наваградак, Полацак і Слуцак.
У 1317 г. канстантынопальскі патрыярх Ян XIII(el) (1316—1320) на прапанову вялікага князя літоўскага Гедзіміна (1316—1341) далучыў Полацкую япархію да навастворанай Літоўскай мітраполіі ў Наваградку (цяпер Гарадзенская вобласьць, Беларусь). У 1411 г. япархія стала архіепіскапіяй. У 1481 г. у Наваградку полацкага архіяпіскапа Сімяона III(uk) (1477—1481) інтранізавалі літоўскім мітрапалітам. У 1492 г. у Наваградку наступным літоўскім мітрапалітам абралі полацкага архіяпіскапа Ёну Глезну(uk) (1481—1488). У 1550 г. Полацкая архіяпіскапія налічвала 15 манастыроў у Полацку, 3 — у Мсьціславе і 2 — у Віцебску. У кастрычніку 1596 г. на царкоўным саборы полацкі архіяпіскап Рыгор II Загорскі (1595—1600) падтрымаў Берасьцейскую унію Літоўскай мітраполіі з папам рымскім Клімэнтам VIII (1592—1605). Прыходы і манастыры Полацкай архіяпіскапіі, што знаходзіліся ў Віцебскім, Мсьціслаўскім і Полацкім ваяводзтвах, мелі перайсьці ў склад Уніяцкай царквы. Аднак праваслаўныя прыхаджане згуртаваліся ў Полацкае брацтва з уласнымі царкоўнымі храмамі[4].
9 кастрычніка 1618 г. набліжэньне да Магілёва (Аршанскі павет) новапрызначанага полацкага ўніяцкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча (1618—1623) выклікала Магілёўскае паўстаньне на чале з гарадзкім бурмістрам Багданам (Міронам) Собалем, які быў бацькам беларускага друкара Сьпірыдона Собаля (1590—1645). 22 сакавіка 1619 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт III Ваза (1587—1632) выдаў унівэрсал(uk) аб сьмяротным пакараньні 20 завадатараў паўстаньня і адабраньні праваслаўных прыходаў і манастыроў на карысьць Полацкай уніяцкай архіяпархіі. У сакавіку 1620 г. у Кіеве (Польскае каралеўства, Рэч Паспалітая; цяпер Украіна) ерусалімскі патрыярх Тэафан III(uk) (1608—1644) на даручэньне канстантынопальскага патрыярха Цімафея II(el) (1612—1620) высьвяціў на полацкага архіяпіскапа Мялеція Сматрыцкага (1620—1628). У 1622 г. у Віцебску полацкі ўніяцкі архібіскуп Я.Кунцэвіч зачыніў праваслаўныя прыходы і манастыры, за што месьцічы яго зьбілі. Арыштаваных нападнікаў месьцічы вызвалілі шляхам штурму Віцебскай ратушы. 12 лістапада 1623 г. адбылося Віцебскае паўстаньне праваслаўных месьцічаў на чале са Сьцяпанам Пасіёрай, у ходзе якога Я.Кунцэвіча забілі. У 1623 г. пад Воршай збудавалі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр на сродкі Магілёўскага брацтва з удзелам мсьціслаўскага шляхціца Багдана Статкевіча. У 1630 г. Сьпірыдон Собаль (1590—1645) заснаваў пры манастыры Куцеінскую друкарню[5]. У 1631 г. тамсама адчынілі Куцеінскі Ўсьпенскі манастыр на сродкі княгіні Ганны Агінскай[4].
У выніку маскоўскага захопу Полацка 29 ліпеня 1654 г. у ходзе 13-гадовай вайны 1654—1667 гг. праваслаўным хрысьціянам вярнулі царкву сьвятога Спаса (1656 г.), Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр, Богаяўленскі манастыр і Сафійскі сабор. Пасьля захопу Віцебска(ru) 22 лістапада праваслаўным манахам вярнулі Траецкі Маркаў манастыр. У чэрвені 1657 г. маскоўскі патрыярх Нікан (1652—1666) прызначыў полацкім япіскапам Каліста III Дарафеевіча-Рытарайскага (1657—1662). Пасьля заканчэньня вайны ў 1667 г. большасьць прыходаў і манастыроў паўторна аддалі ў склад Полацкай уніяцкай архіяпархіі. 11 манастыроў Віцебскага і Полацкага ваяводзтваў перадалі ва ўніяцкі Ордэн базылянаў Сьвятога Язафата. 7 полацкіх уніяцкіх архібіскупаў станавіліся кіеўскімі ўніяцкімі мітрапалітамі: Антон Сялява (1624—1655), Гаўрыла Календа (1655—1674), Кіпрыян Жахоўскі (1674—1693), Флярыян Грабніцкі (1714—1762), Ясон Смагаржэўскі (1762—1783), Іраклі Лісоўскі (1783—1794), Язафат Булгак (1833—1838). У 1821 г. Полацкая ўніяцкая архіяпархія налічвала ў Віцебскай і Магілёўскай губэрнях (Расейская імпэрыя) 438,6 тыс. прыхаджанаў, 481 прыхадзкіх цэркваў і 21 манастырскую. У 1833 г. Сынод Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) прызначыў полацкім япіскапам Смагарда Крыжаноўскага (1833—1837). На 1834 г. адноўленая Полацкая япархія налічвала ў Віленскай, Віцебскай і Курляндзкай губэрнях 6 манастыроў і каля 100 прыходаў. У Віцебску працавалі 4 царквы: Дабравешчаньня Багародзіцы, Мікалаеўская, Усьпеньня Багародзіцы і турэмная. У Полацку — 3: Сьвята-Мікалаеўская, Пакрова Багародзіцы і сьв. Спаса. 1 студзеня 1837 г. полацкага ўніяцкага архібіскупа Я.Булгака ўлучылі ў склад Сынода РПЦ. 12 лютага 1839] г. Полацкі царкоўны сабор з удзелам 21 уніяцкага сьвятара і 3 уніяцкіх япіскапаў, у тым ліку полацкага ўніяцкага архібіскупа Васіля Лужынскага (1838—1839), зацьвердзіў Акт з 2 пунктаў аб далучэньні Ўніяцкай царквы да РПЦ[4].
У 1840 г. Васіль Лужынскі (1840—1866) стаў полацкім япіскапам і аднавіў Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр. У 1841 г. крыж Эўфрасіньні Полацкай вярнулі ў манастырскую царкву сьв. Спаса (Полацак). На 1900 г. Полацкая япархія налічвала 6 духоўных вучэльняў, 309 прыходаў, 813 царкоўна-прыхадзкіх школаў і 602 школы пісьменнасьці. У Віцебску дзейнічалі 35 храмаў. У Полацку — 9 цэркваў. У 1910 г. мошчы Эўфрасіньні Полацкай перанесьлі з Кіева ў полацкую царкву сьв. Спаса. На 1 жніўня 1914 г. Полацкая япархія ўлучала 310 прыходаў, 546 храмаў, 235 капліцаў, 442 царкоўна-прыхадзкія школы і 297 бібліятэк пры цэрквах. У 1921 г. бальшавікі канфіскавалі крыж, срэбраную раку і мошчы Эўфрасіньні Полацкай. У 1931 г. арыштавалі і выслалі архіяпіскапа. У 1936 г. зачынілі большасьць цэркваў япархіі і зьнішчылі Барыса-Глебскі манастыр у Полацку. 30 жніўня — 2 верасьня 1942 г. полацкі япіскап Афанасій (Мартас) (1941—1944) узяў удзел ва Ўсебеларускім царкоўным саборы, які абвясьціў аўтакефалію Беларускай праваслаўнай царквы. У 1943 г. манахіні вярнулі зь Віцебска ў полацкую манастырскую царкву сьв. Спаса мошчы Эўфрасіньні Полацкай. У 1960-я гг. камуністы паўторна зачынілі Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр у Полацку. 9 ліпеня 1989 г. Полацкую япіскапскую катэдру аднавілі на чале зь Дзімітрыем (Драздовым). У 1990 г. Полацкая япархія ўвайшла ў склад утворанага Беларускага экзархату. Пры канцы 1999 г. налічвалася 76 прыходы, набажэнствы адпраўляліся ў 79 цэрквах. 2 прыходы адпраўлялі набажэнствы ў малітоўных дамах, акрамя таго служэньне адбывалася ў 1 турэмнай царкве. Пастырскае служэньне несьлі 54 сьвяшчэннаслужыцелі, 6 дыяканаў. На 2011 г. епархія ўлучалі 7 дабрачыньняў: Браслаўскае, Дрысенскае, Глыбоцкае, Докшыцкае, Мёрскае, Пастаўскае, Полацкае і Шаркоўшчынскае[4].
Япіскапы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Полацкія япіскапы:
- ? (з 992)
- ?
- Міна (1105—1116)
- Ілія (1120—1128)
- Касьма Грэк (1143—1156)
- Дыянісі (1167—1183)
- Мікалай Грэк (1183—1218/1219)
- Каліст I
- Уладзімер (узг. 1218)
- Алексій (узг. 1218)
- Сімяон I (?— пасьля 1273)
- Якаў
- Рыгор I (узг. 1331)
Полацкія архіяпіскапы:
- Феадосі (1391—1415)
- Фоцій (1415—1450)
- Сімяон II (1450—1456)
Полацкія і віцебскія архіяпіскапы:
- Каліст II (1458—1459)
- Сімяон III
- Ёна (Глезна)
- Лука (1492—1504)
- Яўфімій (Акушковіч-Боскі) (1504—1512)
- Сімяон IV (узг. 1513)
- Ёсіф Русін (1516—1523)
- Кіпрыян
- Нафанаіл I (1524—1533)
Полацкія, віцебскія і мсьціслаўскія архіяпіскапы:
- Місаіл (1534)
- Сімяон V (1534—1549)
- Герман (Літавор-Храбтовіч) (1553—1558)
- Герасім (Корсак) (1558)
- Рыгор (Валовіч) (1562)
- Арсеній (1562—1563)
- Варсанофій (1563—1576), фактычна мсьціслаўскі і магілёўскі
- Трыфан (Ступішын) (1563—1566), полацкі і вялікалуцкі
- Афанасі (Палецкі) (1566—1568), полацкі і вялікалуцкі
- Антоній (1572), полацкі і вялікалуцкі
- Феафан (Рпінскі) (1576—1588), фактычна мсьціслаўскі і магілёўскі
- Кіпрыян (1579), полацкі і вялікалуцкі
- Афанасі (Тарлецкі) (1588—1592)
- Нафанаіл I (Сядліцкі-Бяліцкі) (1592—1595)
- Рыгор II (Загорскі) (1595—1596)
- Мялеці (Сматрыцкі) (1620—1628)
Полацкі і віцебскі япіскап:
- Каліст III (Рытарайскі) (1657—1662)
Полацкія і віленскія япіскапы:
- Смарагд (Крыжаноўскі) (1833—1837)
- Ісідор (Нікольскі) (1837—1840)
Полацкія і віцебскія япіскапы:
- Васіль (Лужынскі) (1840—1866)
- Сава (Ціхаміраў) (1866—1874)
- Віктарын (Любімаў) (1874—1882)
- Маркел (Папель) (1882—1889)
- Антанін (Дзяржавін) (1889—1893)
- Аляксандар (Заке-Закіс) (1893—1899)
- Ціхан (Ніканораў) (1899—1902)
- Серафім (Мешчаракоў) (1902—1911)
- Нікадзім (Бокаў) (1911—1913)
- Панцеляймон (Ражноўскі) (1913)
- Уладзімер (Пуцята) (1913—1914)
- Інакенці (Ястрабаў) (1914—1915)
- Кірыён (Сагадзелі) (1915—1917)
- Інакенці (Ястрабаў) (1917—1918)
- Панцеляймон (Ражноўскі) (1918)
- Ян (Помэр) (1918)
- Інакенці (Ястрабаў) (1918—1924)
- Нектарый (Трэзьвінскі) (1924—1925)
- Алексій (Буй) (1925—1926)
- Паўлін (Крошачкін) (1926—1927)
- Гаўрыла (Ваяводзін) (1927—1928)
- Мікалай (Пакроўскі) (1931—1932)
- Ціхан (Русінаў) (1933—1935)
- Феафан (Семяняка) (1935)
- Афанасій (Мартас) (1941—1944)
- Піцірым (Сьвірыдаў) (1949—1959)
Полацкія і глыбоцкія япіскапы:
- Глеб (Георгі Савін) (1992—1996)
- Феадосі (Більчанка) (з 1997 г.)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Полацкая япархія // Праваслаўная царква і беларуская мова, 2015 г. Праверана 7 студзеня 2016 г.
- ^ а б в Дзьве даты // Зьвязда : газэта. — 6 студзеня 2012. — № 3 (27118). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Мітрапаліт Філарэт. Пасланьне на Раство Хрыстова // Зьвязда : газэта. — 6 студзеня 2012. — № 3 (27118). — С. 1-2. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г Полацкая япархія // Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (Менск), 3 лістапада 2011 г. Праверана 7 студзеня 2016 г.
- ^ Аляксандар Пукшанскі. Беларусь праваслаўная // Зьвязда : газэта. — 19 верасьня 2006. — № 208 (25797). — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Полацкая япархія — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Полацкая япархія (рас.)
- Полацкая япархія (сьпіс дабрачыньняў і прыходаў на пачатку XX стагодзьдзя) // Радзіма.net, 2015 г. Праверана 7 студзеня 2016 г.