Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка
Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка афр. Republiek van Suid-Afrika анг. Republic of South Africa | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: !ke e: ǀxarra ǁke | |||||
Дзяржаўны гімн: «Нацыянальны гімн ПАР» | |||||
Афіцыйная мова | афрыкаанс, ангельская, зулу, кгоса, сўаці, ндэбэле, паўднёвая сота, паўночная сота, тсонга, тсўана, вэнда | ||||
Сталіца | Кейптаўн (заканадаўчая), Прэторыя (адміністрацыйная), Блюмфантэйн (судовая) | ||||
Найбуйнейшы горад | Яганэсбург | ||||
Форма кіраваньня | Парлямэнцкая рэспубліка Сірыл Рамафоса | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
25-е месца ў сьвеце 1221037 км² нязначны | ||||
Насельніцтва • агульнае (2013) • шчыльнасьць |
25-е месца ў сьвеце 52 981 991 42,4/км² | ||||
СУП • агульны (2014) • на душу насельніцтва |
25-е месца ў сьвеце $623,201 млрд $11 914 | ||||
Валюта | Ранд (ZAR) | ||||
Часавы пас | SAST (UTC+2) | ||||
Незалежнасьць — аб’яднаньне — ўэстмінтарскі статут — рэспубліка |
Ад Злучанага Каралеўства 31 траўня 1910 11 сьнежня 1931 31 траўня 1961 | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .za | ||||
Тэлефонны код | +27 | ||||
Паўднё́ва-Афрыка́нская Рэспу́бліка — краіна, разьмешчаная на паўднёвай ускраіне Афрыкі. Мае мяжу з Намібіяй, Батсванай, Зымбабвэ, Мазамбікам, Сўазілэндам, а таксама Лесота, тэрыторыя якога поўнасьцю аточаная Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай.
Колькасьць эўрапейскіх імігрантаў ў ПАР большая за любую іншую краіну ў Афрыцы; акрамя іх і карэннага насельніцтва тэрыторыяў у ПАР жывуць гэтаксама індыйцы. Увогуле, 80 адсоткаў ад усяго насельніцтва рэспублікі ёсьць прадстаўнікамі нэгроіднае расы. Краіна валодае багатымі мінэральнымі рэсурсамі, а таксама зьяўляецца самай эканамічна разьвітай на кантынэнце і мае адносна трывалыя сусьветныя пазыцыі[1].
Афіцыйныя назвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сувязі з тым, што ў ПАР дзяржаўнымі прызнаныя 11 моваў (трэцяя краіна паводле колькасьці моваў пасьля Індыі ды Балівіі[2][3]), краіна мае 11 афіцыйных назваў:
- Republiek van Suid-Afrika (афрыкаанс)
- Republic of South Africa (ангельская)
- IRiphabliki yeSewula Afrika (паўднёвая ндэбэле)
- IRiphabliki yaseMzantsi Afrika (коса)
- IRiphabliki yaseNingizimu Afrika (зулу)
- Rephaboliki ya Afrika-Borwa (паўночная сота)
- Rephaboliki ya Afrika Borwa (сэсота)
- Rephaboliki ya Aforika Borwa (тсўана)
- IRiphabhulikhi yeNingizimu Afrika (сўазі)
- Riphabuḽiki ya Afurika Tshipembe (вэнда)
- Riphabliki ra Afrika Dzonga (тсонга)
Нягледзячы на такі багаты сьпіс назваў, некаторыя паўднёваафрыканцы пазьбягаюць афіцыйных назваў і аддаюць перавагу да Азанія: гэта ў асноўным чорныя расісты, якія імкнуцца дыстанцавацца ад эўрапейскае спадчыны.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]ПАР разьмешчаная на паўднёвай канцавой частцы Афрыкі. Даўжыня берагавой лініі складае 2798 км. ПАР мае плошчу 1 219 090 км², краіна зьяўляецца 24-й па плошчы ў сьвеце (пасьля Малі). Найвышэйшы пункт ПАР — гара Нджэсуці ў Драконавых гарах.
У ПАР прадстаўленыя разнастайныя кліматычныя зоны, ад сухой пустыні Наміб да субтропікаў на ўсходзе ля мяжы з Мазамбікам ды ўзьбярэжжы Індыйскага акіяну. На ўсходзе мясцовасьць хутка падымаецца, ўтвараючы Драконавыя горы ды пераходзячы ў больш унутранае плято, якое называюць вэльд.
Унутраныя раёны ПАР — вялізная, параўнальна плоская ды рэдказаселенная прастора, вядомая як Кару, якая высушваецца з набліжэньнем да пустыні Наміб. Насупраць, усходняе ўзбярэжжа выдатна ўвільготненае і мае клімат, блізкі да трапічнага. На крайнім паўднёвым захадзе клімат надзвычайна падобны на міжземнаморскі, з дажджлівай зімой ды сьпякотным, сухім летам. Гэты раён лічыцца самым спрыяльным для вінаградарства. Таксама раён вядомы сваімі сталымі вятрамі, што дзьмуць круглы рок. Гэты вецер ля мысу Добрай Надзеі настолькі моцны, што спрычыняў мноства нязручнасьцяў маракам ды прыводзіў да караблекрушэньняў. Далей на ўсходзе ападкі ідуць раўнамерна, таму гэты рэгіён лепей пакрыты расьліннасьцю. Ён вядомы як «Шлях садоў».
Рэгіён Вольнае дзяржавы (назва адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў ПАР) — асабліва плоская мясцовасьць, якая разьмешчаная ў цэнтры высокага плято. На поўнач ад ракі Вааль вэльд лепей увільготнены і пры гэтым на яго ня ўзьдзейнічаюць завысокія тэмпэратуры. Яганэсбург, які знаходзіцца ў цэнтры вэльду на вышыні 1740 мэтраў, атрымлівае 760 мм ападкаў на рок. У гэтых мясьцінах зімы халаднейшыя, хаця сьнег падае зрэдку.
Адміністратыўны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да 1994 году ПАР была федэрацыяй ды падзялялася на 4 правінцыі: Капскую, Натал, Аранжавая Свабодная дзяржава ды Трансвааль. Такі падзел адлюстроўваў каланіяльнае мінулае ПАР.
Цяпер ПАР зьяўляецца ўнітарнай дзяржавай. Тэрыторія краіны падзеленая на 9 правінцый (кожная мае свой адміністратыўны цэнтар):
- Заходне-Капская правінцыя (Кейптаўн)
- Паўночна-Капская правінцыя (Кімбэрлі)
- Усходне-Капская правінцыя (Біша)
- Квазулу-Натал (Пітэрмарыцбург)
- Фры-Стэйт (Блумфантэйн)
- Паўночна-Заходняя правінцыя (Мафікенг)
- Гаўтэнг (Яганэсбург)
- Мпумаланга (Нэлспройт або Мбамбела)
- Лімпопа (Палакванэ)
Акрамя таго, ад 1951 да 1994 год у ПАР існавалі так званыя бантустаны — аўтаноміі, вылучанныя для пражываньня вызначаных народнасьцяў. Па-за бантустанамі правы чорнага насельніцтва былі абмежаваныя. Чатыры зь іх атрымалі «незалежнасьць», якую не прызнала ніводная дзяржава, акрамя самой ПАР:
- Бопутатсвана (тсвана) — «незалежнасьць» ад 6 сьнежня 1977 году
- Транскей (коса) — «незалежнасьць» ад 26 кастрычніка 1976 году
- Сіскей (коса) — «незалежнасьць» ад 4 сьнежня 1981 году
- Вэнда (вэнда) — «незалежнасьць» ад 13 верасьня 1979 году
Іншыя бантустаны знаходзіліся пад юрысдыкцыяй ПАР:
- Газанкулу (тсонга)
- Кангване (свазі)
- Квандэбэле (ндэбэле)
- Квазулу (зулусы)
- Лебова (паўночныя сота)
- Кваква (паўднёвыя сота)
Сталіца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прэторыя афіцыйна лічыцца асноўнай сталіцай ПАР, паколькі там месьціцца ўрад краіны. Дзьве астатнія галіны ўлады разьмяшчаюцца ў двух іншых гарадах: парлямэнт у Кейптаўну, Вярхоўны суд в Блумфантэйну. Яны таксама лічацца сталіцамі. Гэта зьвязана з тым, што першапачаткова ПАР была канфедэратыўнай дзяржавай, у сувязі з гэтым, пры ўтварэньні Паўднёва-Афрыканскага Зьвязу (з брытанскіх уладаньняў са сталіцай у Кейптаўну, Аранжавай Свабоднай дзяржавы са сталіцай у Блумфантэйну ды Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі (Трансвааля) са сталіцай у Прэторыі органы ўлады былі раўнамерна разьмеркаваныя па сталіцах дзяржаваў, што ўвайшлі ў яе склад.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чалавек зьяўвіўся на тэрыторыі сучаснай краіны ў далёкай старажытнасьці (дасьледаваньні стаянак у пячорах ля Стэркфантэйну, Кромдраю ды Макапансхата); аднак верагодных зьвестак пра раньнюю гісторыю рэгіёну няшмат. Да прыходу плямёнаў банту (ракі Лімпапо на поўначы краіны яны дасягнулі ў сярэдзіне I тысячагодзьдзя нашае эры) гэтая тэрыторыя была населеная вандроўнымі жывёлагадоўчымі плямёнамі кой-кой (готэнтотаў) ды зьбіральнікамі-бушмэнамі. Земляробы-банту прасоўваліся на паўднёвы захад, зьнішчаючы ці асымілюючы мясцовае насельніцтва. Прыкладна да 1050 року адносяцца архэалягічныя сьведчаньні пра іх прысутнасьць у цяперашняй правінцыі Квазулу-Натал. Да часу прыходу эўрапейцаў рэгіён мысу Добрай Надзеі была заселеная кой-кой, а банту дасягнулі ўжо берагоў ракі Грэйт-Фіш.
Перасяленьні галяндцаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню сталае пасяленьне эўрапейцаў згадваецца 6 красавіка 1652 року, калі Ян ван Рыбэк ад імя Галяндзкае Ост-Індзкае Кампаніі заснаваў пасяленьне на мысе Штормаў, які пазьней атрымаў назву Добрай Надзеі (цяпер — Кейптаўн). У XVII ды XVIII стагодзьдзях у Паўночную Афрыку прыяжджалі каляністы зь Нідэрляндаў, а таксама францускія гугеноты, якія ратаваліся ад рэлігійных перасьледаў на Радзіме, ды пасяленцы зь Нямеччыны. У 1770-я рокі каляністы сутыкнуліся зь мясцовымі плямёнамі, якія прасоўваліся з паўночнага ўсходу. Адбылася сэрыя сутыкненьняў, вядомыя як памежныя войны, прычынамі якіх былі ў асноўным дамаганьні белых перасяленцаў на землі афрыканцаў.
У Капскую калёнію звазілі рабоў зь іншых галяндзкіх уладаньняў, у прыватнасьці з Інданэзіі ды з Мадагаскару. Шмат рабоў, а таксама аўтахтоннае насельніцтва Капскага рэгіёну, зьмяшалася зь белымі каляністамі. Іх нашчадкаў называюць «капскімі каляровымі» ды і цяпер складаюць да 50 % насельніцтва ў Заходняе Капскае правінцыі.
Брытанская калянізацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікабрытанія ўпершыню атрымала панаваньне над Капскаю калёніяй у 1795 року, падчас Чацьвертай англа-галяндзкай вайны: тады Нідэрлянды апынуліся пад уладай Напалеона, і брытанцы, баючыся атрыманьня французамі кантролю над гэтым стратэгічна важным рэгіёнам, накіравалі ў Капстад (сёньня — Кейптаўн) войска на чале з генэралам Джэймсам Гэнры Крэйгам для захопу калёніяў ад імя статхолдэра Вільгельма V Аранскага. Губэрнатар Капстаду не атрымліваў ніякіх даручэньняў, аднак пагадзіўся падпарадкавацца Вялікабрытаніі. У 1803 року быў заключаны Ам’енскі мір, паводле ўмоваў якога Батавія (то бок Нідэрлянды, як яны сталі называцца пасьля захопу Францыяй) пакідала Капскую калёнію за сабой. Пасьля аднаўленьня вайны ў 1805 року Вялікабрытанія зноўку вырашыла захапіць тэрыторыю, і ў выніку бітвы на схілах Сталовае гары ў 1806 року брытанскія войскі пад камандаваньнем Дэйвіда Бэрда ўвайшлі ў форт Капстаду.
Брытанцы ўмацавалі сваю прысутнасьць на ўсходняе мяжы Капскае калёніі, змагаючыся зь мясцовымі плямёнамі шляхам будаваньня фартоў паабапал ракі Грэйт-Фіш. З мэтай узмацненьня сваёй улады ў гэтых мясьцінах, брытанская карона заахвочвала прыезд пасяленцаў з мэтраполіі.
У 1806 року пад ціскам розных сілаў унутры краіны парлямэнт Вялікабрытаніі забараніў рабства, а ў 1833 гэтае палажэньне было распаўсюджанае і на брытанскія калёніі. Сталыя сутычкі на межах, адмена рабства і іншыя рознагалосьсі з брытанцамі прымусілі шматлікіх сялян галяндзкага паходжаньня (якіх называлі бурамі, ад нід. boer — «селянін») пайсьці ў так званы Вялікі трэк углыб кантынэнту, на высокае плято-вэльд. Там яны сутыкнуліся з племем ндэбэле на чале з Мзіліказі, былым паплечнікам Шакі, які ўцёк на захад падчас так званага мфэканэ — перасяленьня народаў, што быў выкліканы міжусобнымі войнамі ў Паўднёва-Ўсходняй Афрыцы (сучасная правінцыя Квазулу-Натал). Урэшце буры заснавалі ў кантынэнтальнай частцы Паўднёвай Афрыкі свае дзяржавы Аранжавая рэспубліка ды Трансвааль.
Англа-бурскія войны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярод асноўных прычынаў, якія прывялі да адкрытага канфлікту між эўрапейцамі ды бураў, вядомага як Англа-бурскія войны, стала адкрыцьцё багатых радовішчаў алмазаў у 1867 року ды золата ў 1886 року. Здабыча карысных выкапняў спрычыніла інтэнсіўны эканамічны рост калёніі і павелічэньне адцёку капіталу ў Эўропу, рэзкі ўздым іміграцыі ў бурскія рэспублікі і пагаршэньню становішча тубыльцаў.
Брытанскі ўрад ня здоліў зладзіць з падзеямі, што адбываліся ў калёніі, што ўрэшце прывяло да першай англа-бурскае вайны (вядомая сярод насельніцтва ПАР як «Вайна за незалежнасьць») ў 1880—1881 роках. Першая вайна была хуткацечная: буры здолелі перамагчы рэгулярныя ангельскія войскі і дамагліся незалежнасьці тэрыторыяў. Сярод перавагаў бураў, што адыгралі значную ролю ў перамозе, лічацца лепшае веданьне мясцовасьці, а таксама вопратка колеру хакі, якая хавала эфэктыўней за чырвоныя мундзіры ангельцаў. Аднак брытанскія войскі заснаваліся ў Натале ды Зулулэндзе, дзякуючы перамозе ў вайне з зулусамі. У 1881 року бурскія рэспублікі аб’ядналіся ў Паўднёва-Афрыканскую рэспубліку (афр. Zuid-Afrikaansche Republiek). Паўл Кругер, адзін з кіраўнікоў паўстаньня, стаў прэзыдэнтам ПАР у 1883 року.
У 1899—1902 роках адбылася другая англа-бурская вайна, калі буры, нягледзячы на папярэднія посьпехі, атрымалі паразу. У гэты раз брытанцы былі лепей экіпіраваныя і навучаныя. Пасьля няўдалых баявых дзеяньняў буры перайшлі да тактыкі партызанскае вайны, зь якой ангельцы змагаліся, стварыўшы сетку канцэнтрацыйных лягераў. Паводле ўмоваў дамовы ў Ферэніхінгу брытанцы пагадзіліся выплаціць трохмільённую запазычаннасьць бурскіх урадаў. Акрамя таго, каляровае насельніцтва было пазбаўленае права голасу (акрамя Капскае калёніі).
Стварэньне Паўднёва-Афрыканскага Зьвязу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля перамоваў цягам чатырох рокаў, 31 траўня 1910 року ўтварыўся Паўднёва-Афрыканскі Зьвяз, які складаўся з брытанскіх калёніяў — Капская калёнія, Натал, калёнія Аранжавае ракі ды Трансвааль. Зьвяз стаў дамініёнам Брытанскае імпэрыі, з чым зьвязваецца атрыманьне ў 1931 року фактычнай незалежнасьці. Паводле Вэстмінстэрскага статуту ў імпэрскую палітыку ўводзіцца такі панятак як дамініён, што азначала прызнаньне права былымі калёніямі на самакіраваньне пры верхавенстве брытанскага манарха.
У 1934 року была ўтвораная Аб’яднанная партыя, ў якую ўвайшлі Паўднёваафрыканская партыя (прабрытанская пазыцыя) ды Нацыянальная партыя (бурская). Аднак празь пяць рокаў, у 1939 року яна распалася з прычыны паўсталых рознагалосьсяў, ці варта Паўднёвай Афрыцы ўсьлед за Вялікабрытаніяй уступаць у Другую сусьветную вайну — правая Нацыянальная партыя падтрымлівала расавую сэгрэгацыю, прапанаваную нацысцкай Нямеччынай.
Незалежнасьць ПАР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1961 року Паўднёва-Афрыканскі Зьвяз стаў незалежнай рэспублікай (Паўднёва-Афрыканская рэспубліка), якая выйшла з Брытанскай Садружнасьці Нацыяў на чале зь Вялікабрытаніяй. Адной з прычынаў выхаду было непрыняцьце палітыкі апартэіду іншымі чальцамі Садружнасьці (чалецтва ПАР было адноўленае ў чэрвені 1994 року).
Палітыка апартэіду ў ПАР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апартэід (афр. apartheid, літаральна «асобнасьць», «падзяленьне») — сыстэма легалізаванае расавае сэгрэгацыі, якая зьяўлялася асновай унутранае палітыкі белага ўраду Нацыянальнае партыі, што кіравала Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай ад 1948 да 1990 году. Канцавой мэтай гэтае палітыкі было стварэньне «Паўднёвае Афрыкі для белых». Падчас апартэіду чорнаскурыя людзі фактычна часткова або цалкам пазбаўляліся наступных правоў:
- Права на грамадзянства ПАР
- Права на ўдзел у выбарах і права быць выбраным
- Права на волю перамяшчэньня (неграм было забаронена выходзіць на вуліцу пасьля захаду сонца, а таксама зьяўляцца ў «белых» раёнах без асаблівага дазволу ўладаў: фактычна было забаронена наведваньне буйных местаў, бо яны знаходзіліся ў «белых» раёнах)
- Права на зьмяшаныя шлюбы
- Права на мэдычнае абслугоўваньне (мэдыцына для «чорных» была не разьвітая, а ў некаторых раёнах яе бракавала)
- Права на культурна-забаўляльны адпачынак (асноўныя кінатэатры й іншыя ўстановы былі ў «белых» раёнах)
- Права на адукацыю (галоўныя адукацыйныя ўстановы знаходзіліся ў «белых» раёнах)
- Права быть прынятым на працу (за працадаўцам было афіцыйна замацаванае права прымяняць расавую дыскрымінацыю пры прыманьні на працу)
ААН неаднаразова ў сваіх рэзалюцыях прызнавала апартэід «паўднёва-афрыканскім фашызмам» ды заклікала Паўднёвую Афрыку прыпыніць палітыку расавае дыскрымінацыі. Тым ня менш, урад краіны ігнараваў патрабаваньні міжнародных арганізацыяў.
Прымяненьне захадаў палітыкі апартэіду выклікала пратэсты, страйкі ды хваляваньні ўнутры краіны, пікі якіх прыпалі на сярэдзіны 1950-х, пачатак 1960-х, сярэдзіну 1970-х ды 1980-я рокі. У верасьні 1989 року прэзыдэнтам краіны быў выбраны Фрэдэрык дэ Клерк, які пачаў рабіць актыўныя дзеяньні па ліквідацыі сыстэмы апартэіду: шматлікія законы былі адмененыя, з турмы быў вызвалены Нэльсан Мандэла — і ў 1994 року прайшлі першыя ўсеагульныя выбары, перамогу на якіх атрымаў Афрыканскі нацыянальны кангрэс, які да гэтых часінаў знаходзіцца ва ўладзе.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паўднёвая Афрыка мае зьмешаную эканоміку з высокім узроўнем беднасьці й нізкім СУП на душу насельніцтва. Паводле клясыфікацыі ААН Паўднёвая Афрыка зьяўляецца краінай зь сярэднімі даходамі зь лішкам рэсурсаў, разьвітай фінансавай, юрыдычнай сыстэмамі, сувязьзю, энэргетыкай і транспартам і сучаснай інфраструктурай падтрымкі эфэктыўнага разьмеркаваньня тавараў у буйных гарадзкіх цэнтрах па ўсім рэгіёне. Паўднёвая Афрыка знаходзіцца на 25-м месцы ў сьвеце паводле аб’ёму СУП з 2008 року й лічыцца новай індустрыяльнай краінай. Найболей разьвітымі рэгіёнамі зьяўляюцца гарады Кейптаўн, Порт-Элізабэт, Дурбан, Прэторыя й Яганэсбург. Акрамя гэтых эканамічных цэнтраў, разьвіцьцё ў іншых месцах краіны зьяўляецца нязначным, і беднасьць па-ранейшаму значна распаўсюджаная, нягледзячы на намаганьні ўраду. Узровень беспрацоўя даволі высокі, да таго ж Паўднёвая Афрыка ўваходзіць у топ-10 краінаў у сьвеце па няроўнасьці ў прыбытках[4][5][6], які вымяраецца з дапамогай каэфіцыенту Джыні. У 1995—2003 рокі колькасьць шэрагу фармальных працоўных месцаў скарацілася, а нефармальных працоўных месцаў павялічылася, аднак агульны ўзровень беспрацоўя пагоршыўся[7], сярэдняя паўднёваафрыканская сям’я мае даход, які значна скараціўся ў пэрыяд паміж 1995 і 2000 рокамі.
Сярэдні прыбытак хатняй гаспадаркі белых пераўзыходзіў у чатыры разы аналягічны паказчык сярод хатняй гаспадаркі чорных у 1995 року. У 2000 року сярэдні заробак белай хатнія гаспадаркі пераўзыходзіў ужо ў шэсьць разоў сярэдні заробак чорнай хатняй гаспадаркі[8]. Афіцыйна пасьля апартэіду ўрад праводзіў палітыку Чорнай эканамічнай магчымасьці (BEE), якая вызначаецца прызнаньнем «неабходнасьці павышэньня агульнай справядлівасьці, у тым ліку праз калектыўнаую ўласнасьць працоўных і суполак, а таксама праз разьвіцьцё навыкаў». На практыцы, аднак, BEE крытыкуецца з боку эканамістаў паўднёваафраканскага Банку разьвіцьця ў факусоўцы «амаль выключна на прасоўваньні асобных прадстаўнікоў чорнай расы, што мала вырашае эканамічнае становішча чорных людзей у краіне»[9]. Афіцыйныя палітыкі пазытыўна ацэньваюць дзеяньні накіраваныя на рост чорнага эканамічнага дабрабыту й стварэньня новай чорнай сярэдняй клясы[10], аднак у краіне існуюць праблемы злачыннасьці й росту колькасьці чалавек, якія хварэюць на ВІЧ і СНІД. Паўднёвая Афрыка пакутуе ад адносна цяжкага агульнага рэгуляваньня эканомікі ў параўнаньні з разьвітымі краінамі. Дзяржаўнае ўмяшаньне й навязваньне ствараюць высокія бар’еры ў многіх галінах дзейнасьці[11].
У 1994 року ўрад ўспадкаваў эканоміку, абхопленую доўгімі рокамі ўнутраных канфліктаў і зьнешніх санкцыяў. Аднак, за гэтыя часы інфляцыя была зьбітая, дзяржаўныя сродкі стабілізаваліся, а таксама некаторы замежны капітал быў прыцягнуты ў эканоміку[12]. На пачатку 2000 року тагачасны прэзыдэнт Таба Мбэкі паабяцаў садзейнічаць эканамічнаму росту і росту замежных інвэстыцыяў, аслабляючы абмежавальныя законы і актывізуючы тэмпы прыватызацыі, а таксама скарачаючы аб’ёмы непатрэбных урадавых выдаткаў. Ягоная палітыка сутыкнулася з моцнай апазыцыяй з боку арганізаванай працоўнай сілы. З 2004 року эканамічны рост значна падняў адсотак занятасьці эканамічна актыўнага насельніцтва[12].
Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паўднёвая Афрыка зьяўляецца домам для 50 мільёнаў чалавек рознага паходжаньня, культуры, моваў і рэлігіяў. У сярэдзіне 2010 году прагнозныя паказчыкі для расавых катэгорыяў краіны склаліся такім чынам: «чорныя» — 79,4%, «белыя» — 9,2%, «каляровыя» — 8,8%, індыйцы ці азіяты — 2,6%[13]. Першы перапіс насельніцтва ў Паўднёвай Афрыцы быў праведзены ў 1911 року, паказаўшы, што белыя складалі 22% насельніцтва. У 1980 року іхняя колькасьць складала 16% ад агульнай колькасьці насельніцтва[14].
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адным з найвыбітнейшых прадстаўнікоў паэзіі на афрыкаанс зьяўляецца К. Люі Лейпальт.
Спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 11 чэрвеня па 11 ліпеня 2010 року Паўднёва-Афрыканская рэспубліка прымала Чэмпіянат сьвету па футболе.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Інфармацыя пра краіну
- ^ Мовы ПАР
- ^ Мовы Індыіі
- ^ Inequality in income or expenditure / Gini index, Human Development Report 2007/08, UNDP
- ^ Distribution of family income – Gini index, The World Factbook, CIA
- ^ "South Africa has highest gap between rich and poor", 'Business Report'(недаступная спасылка), Busrep.co.za
- ^ «Post-Apartheid South Africa: the First Ten Years – Unemployment and the Labor Market». IMF.
- ^ «SARPN – South Africa». www.sarpn.org.za
- ^ Neva Makgetla. «Inequality on scale found in SA bites like acid». Business Day
- ^ «Black middle class boosts car sales in South Africa: Mail & Guardian Online». mg.co.za
- ^ «Economic Assessment of South Africa 2008». OECD.
- ^ а б «Economic Assessment of South Africa 2008: Achieving Accelerated and Shared Growth for South Africa». OECD.
- ^ «Midyear population estimates: 2010». Statistics South Africa.
- ^ Study Commission on U.S. Policy toward Southern Africa (U.S.) (1981). «South Africa: time running out : the report of the Study Commission on U.S. Policy Toward Southern Africa». University of California Press. p. 42. ISBN 0-520-04547-5.