Перайсьці да зьместу

Оўруч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Оўруч
лац. Oŭruč
укр. Овруч
Герб Оўручу Сьцяг Оўручу
Першыя згадкі: 977
Магдэбурскае права: 1641
Краіна: Украіна
Вобласьць: Жытомірская
Раён: Оўруцкі
Плошча: 88,8 км²
Вышыня: 149 м н. у. м.
Насельніцтва
колькасьць: 15 795 чал. (2018)[1]
шчыльнасьць: 177,87 чал./км² (2018)
нацыянальны склад: украінцы – 89.94%
расейцы – 7.27%
беларусы – 1.47% (2001)
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: +380-4148
Паштовы індэкс: 11109
КОАТУУ: 1824210100
Геаграфічныя каардынаты: 51°19′28″ пн. ш. 28°48′29″ у. д. / 51.32444° пн. ш. 28.80806° у. д. / 51.32444; 28.80806Каардынаты: 51°19′28″ пн. ш. 28°48′29″ у. д. / 51.32444° пн. ш. 28.80806° у. д. / 51.32444; 28.80806
Оўруч на мапе Ўкраіны
Оўруч
Оўруч
Оўруч
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://ovruch.in.ua/

Оўруч, або Аўруч[2] (па-ўкраінску: Овруч) — места ў Жытомірскай вобласьці Ўкраіны, на рацэ Нарыні. Адміністрацыйны цэнтар Оўруцкага раёну. Плошча 88,8 км². Насельніцтва на 2018 год — 16 тыс. чал.

Знаходзіцца за 127 км ад Жытоміру. Вузел чыгунак на Карасьцень, Каленкавічы, Янаў, Белакаровічы.

Упершыню згадваецца ў 977 року пад назвай Уручы. За часамі ўваходжаньня ў Кіеўскую Русь быў магутнай фартэцыяй. У XII стагодзьдзі Оўруч быў рэзыдэнцыяй князя Рурыка Расьціславіча.

З 1356 року места ўвайшло ў Вялікае Княства Літоўскае. У 1399 року Оўруч захапіў крымскі хан Эдыгей. Места зрабілася аб’ектам сталых набегаў крымскіх татараў. Для абароны быў пабудаваны драўляны замак, які разабралі ў 1506 року. З часам фартэцыю аднавілі і мадэрнізавалі — зьявіўся глыбокі роў, а сам замак абнесьлі мурам. Фартэцыя мела чатыры ўязныя брамы і шэсьць шмат’ярусных вежаў. У 1471 року Оўруч зрабіўся цэнтрам павету ў Кіеўскім ваяводзтве ВКЛ.[3]

З 1569 року Оўруч ўвайшоў у склад Рэчы Паспалітай. У 1641 року кароль Уладзіслаў IV надаў месту Магдэбурскае права. Ад 1649 року Оўруч — соценнае места Кіеўскага палку.

У 1793 року па выніках другога падзелу Рэчы Паспалітай Оўруч апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі.

  • XIX стагодзьдзе: 1870 год — 5894 чал.; 1881 год — 5941 чал.[4]; 1 студзеня 1896 году — 9845 чал. (4306 мужчынаў і 5539 жанчын), зь іх праваслаўных 5416, рыма-каталікоў 149, раскольнікаў 45, пратэстантаў 10, юдаістаў 4177, іншых веравызнаньняў 48; шляхты 372, ганаровых грамадзянаў і купцоў 50, мяшчанаў 8327, вайсковага стану 524, сялянаў 412, іншых станаў 105.[5]; 1897 год — 7,4 тыс. чал.
  • XX стагодзьдзе: 1913 год — 11 тыс. чал.; 1935 год — 7,2 тыс. чал.; 1959 год — 11,5 тыс. чал.; 1974 год — 14,2 тыс. чал.[6]; 1991 год — 18,3 тыс. чал.[7]
Насельніцтва па роднай мове (2001)[8]
украінская мова расейская беларуская
89.76% 9.40% 0.65%

Прадпрыемствы лёгкай, харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвята-Васільеўскі сабор

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сьвята-Васільеўскі сабор ў Оўручы, 1950-я

На месцы старой драўлянай царквы (паводле паданьня, пабудаванай у 997 року князем Уладзімерам Сьвятаславічам, які атрымаў пры хрышчэньні імя Васіль) каля 1190 року князь Рурык Расьціславіч узьвёў у Оўручы новы мураваны сабор Сьв. Васіля. Мяркуецца, што архітэктарам гэтага будынку быў вядомы старажытнарускі дойлід Пётар Міланег. Храм быў пабудаваны ў бізантыйскім стылі, падобным да Кіеўскай Сафіі і Пятніцкай царквы ў Чарнігаве. Падчас мангольскіх нападаў на Оўруч сабор некалькі разоў быў разрабаваны, а пазьней абваліўся. Адноўлены ў 1907—1911 роках расейскім архітэктарам А. В. Шчусевым і Рэрыхам, братам вядомага архітэктара Рэрыха, які ў той час жыў у Кіеве. Архітэктар Шчусеў за гэтую працу атрымаў у 1910 року званьне акадэміка. Цікавым зьяўляецца тое, што пры аднаўленьні аўтары спрабавалі максымальна ўзнавіць першапачатковы выгляд храму. У прыватнасьці, пакінулі частку сьцяны, што захавалася, а астатнія дабудавалі з падобнага матэрыялу. Для поўнага ўзнаўленьня матэрыялу выкарыстоўвалі часьціцы цэглы, якія знаходзілася каля храму. На ўсход ад сабору быў пабудаваны корпус жаночага манастыра ў пскоўскім стылі. На адкрыцьці храма ў 1911 року прыехаў расейскі цар Мікалай ІІ, які асабіста займаўся аднаўленьнем храму. Мікалай ІІ падараваў храму пазалочанае панікадзіла, якое да гэтага часу захоўваецца ў храме і зьяўляецца яго несумнеўным упрыгожаньнем. У 1935 року манастыр зачынілі, адчынілі ў 1944 року і зноў зачынілі ў 1959. Пасьля гэтага Сьвята-Васільеўскі храм функцыянаваў як парафіяльны. Жаночы манастыр пачаў зноў дзейнічаць з 1990 року.

Царква зьяўляецца чатырохстоўпным, трохапсідным, аднаглавым храмам з шырока расстаўленымі кпыжападобнымі ў пляне слупамі. Дзьве круглыя ў пляне вежы, флянкуюць заходні фасад, як можна лічыць, паўтараюць будынкі Яраславаўскіх часоў і, у прыватнасьці, Кіеўскай Сафіі. Аднак ад апошніх яны адрозьніваюцца і формамі, і строга сымэтрычным характарам пастаноўкі. Магчыма, вежы мелі пэўныя абарончыя функцыі. На ўзроўні другога паверху ў сярэдзіне сьценаў зроблены вузкія галерэі. Паходжаньне галерэяў зьвязваюць зь іх абарончым прызначэньнем, бо храм стаяў перад уездам у замак і ў выпадку нападу граў важную стратэгічную ролю.

Спаса-Праабражэнскі сабор

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Новы сабор на месцы зьнішчанага бальшавікамі езуіцкага касьцёлу

Узьведзены ў 2001 року леваруч ад ўезду ў Оўруч з поўдню, на месцы былога езуіцкага касьцёлу, які ў канцы XVIII ст. зрабіўся ўніяцкім храмам, з 1831 року — праваслаўным, а ў 1930-я рокі быў зьнішчаны савецкай уладай. Адноўлены ў новым архітэктурным абліччы Спаса-Праабражэнскі храм зрабіўся катэдральным саборам Оўруцкай і Карасьценскай япархіі УПЦ (МП).

Помнік князю Алегу Сьвятаславічу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пастаўлены на месцы першага пахаваньня драўлянскага князя Алега Сьвятаславіча, які загінуў у 977 року падчас штурму Оўручу (Уручыя) яго братам Яраполкам Сьвятаславічам. У 1044 року паводле загаду Яраслава Мудрага астанкі Алега Сьвятаславіча былі ахрышчаныя і перапахаваныя ў Дзесяціннай царкве ў Кіеве. У 1812 року група афіцэраў Валынскага апалчэньня супраць Напалеона на свае сродкі вырабіла помнік Алегу — князь на бронзавым кані. Пазьней гэты помнік быў дэмантаваны. Сучасны манумэнт — глыба з «чорнага» граніта — усталяваны ў 1962 року на рагу вуліцаў Фрунзэ й Леніна.

  1. ^ Статистичний збірник «Чисельність наявного населення України» на 1 січня 2018 року (PDF) (укр.)
  2. ^ Беларускія этнаграфічныя граніцы // Станкевіч Я. Этнографічныя й гісторычныя тэрыторыі й граніцы Беларусі. — Нью-Ёрк: Крывіцкае (Вялікалітоўскае) Навуковае Таварыства Пранціша Скарыны, 1953. — 24 с.
  3. ^ Кіеўскае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 90
  4. ^ Owrucz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886. S. 772
  5. ^ Овруч // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  6. ^ Овруч // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  7. ^ Овруч // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  8. ^ Банк даних Державної служби статистики України (укр.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Оўручсховішча мультымэдыйных матэрыялаў