Ордэн Трох зорак
Ордэн трох зорак | |||
| |||
Арыгінальная назва | Triju Zvaigžņu ordenis | ||
---|---|---|---|
Дэвіз |
Per aspera ad astra (Празь церні да зорак) | ||
Краіна | Латвія | ||
Тып | ордэн 5 клясы, з трыма ганаровымі мэдалямі | ||
Падставы ўзнагароджаньня | Заслугі на службе Латвіі | ||
Статыстыка | |||
Дата заснаваньня | 1924 | ||
Чарговасьць | |||
Старэйшая ўзнагарода | Ордэн Лачплэсіса | ||
Малодшая ўзнагарода | Ордэн Вэстэрса |
О́рдэн трох зо́рак (па-латыску: Triju Zvaigžņu ordenis) — найвышэйшая ўзнагарода Латвійскае Рэспублікі.
Ордэн трох зорак пад дэвізам «Per aspera ad astra» («Празь церні да зорак») быў заснаваны з ініцыятывы міністра замежных справаў Латвіі Зыгфрыда Мэеровіча 24 сакавіка 1924 году ў памяць пра стварэньне латыскай дзяржавы 18 лістапада 1918 году. Пасьля акупацыі Латвіі Савецкім зьвязам ордэн перапыніў сваё існаваньне. Па ўзнаўленьні незалежнасьці Латвіі ўзнагароджаньне ордэнам было адноўлена 25 кастрычніка 1994 году.
Узнагароду атрымліваюць за заслугі перад Латвіяй у грамадзкай, культурнай, гаспадарчай дзейнасьці, а таксама ў дзейнасьці органаў самакіраваньня. Ордэн уручаецца як грамадзянам Рэспублікі, так і грамадзянам іншых дзяржаваў. Прэзыдэнт Латвіі, заступаючы на пасаду, таксама мае права атрымаць вышэйшую ступень ордэна й ордэнскі ланцуг. Ордэн Трох Зорак — узнагарода маральнага характара, і таму не дае асобе, што яго атрымала, ніякіх прывілеяў.
Аўтарам эскізаў Ордэна стаў мастак Густаўс Шкілтэрс. Самі ордэны вырабляюцца на Летувіскай меньніцы (манэтным двары), а стужкі прывозяцца з Даніі. На сучасных ордэнах, у адрозьненьне ад папярэдніх, стаіць дата іх узнаўленьня, а таксама зьменены шрыфт тэксту.
Ордэн Трох Зорак уяўляе зь сябе белы эмаляваны крыж з залатой аблямоўкай. На пярэднім баку ў цэнтры знаходзіцца сіні эмалевы мэдальён з трыма зоркамі. У цэнтры з адваротнага боку крыжа — пазалочаны мэдальён з дэвізам «Per aspera ad astra» й надпісам «Latvijas Republika — 1918.g. 18. novembris».
Ордэн мае пяць ступеняў. Асоба, узнагароджаная Ордэнам І ступені, называецца камандзерам вялікага крыжа; асоба, узнагароджаная ордэнам ІІ ступені — старшым афіцэрам; асоба, узнагароджаная ордэнам ІІІ ступені — камандзерам; асоба, узнагароджаная ордэнам ІV ступені — афіцэрам; асоба, узнагароджаная ордэнам V ступені — кавалерам. У якасьці асобай узнагароды камандзер вялікага крыжа можа атрымаць і ордэнскі ланцуг. Ордэн таксама мае ганаровыя знакі трох ступеняў: І ступень — залаты знак, ІІ ступень — срэбны, ІІІ ступень — бронзавы.
Ад 1999 году існуе Братэрства Ордэна трох зорак, у якое ўваходзяць усе асобы, узнагароджаныя ордэнам, незалежна ад ягоных ступеняў.
Сярод асобаў, узнагароджаных ордэнам, ёсьць і чацьвёра беларусаў: паэты Рыгор Барадулін (1997) і Сяргей Панізьнік (1998), перакладчык Васіль Сёмуха (1998), а таксама мастак Вячка Целеш (2006).