Зьмітрок Бядуля
Зьмітрок Бядуля лац. Źmitrok Biadula | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Самуіл Яфімавіч Плаўнік |
Псэўданімы | Саша Пл-ік, Ясакар, Я—р, Зьмітро Бядуля |
Нарадзіўся | 23 красавіка 1886[1] мястэчка Пасадзец, Расейская імпэрыя, цяпер Лагойскі раён, Менская вобласьць |
Памёр | 3 лістапада 1941 (55 гадоў) каля Ўральску, РСФСР |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, пісьменьнік, публіцыст, крытык |
Жанр | верш, проза |
Мовы | беларуская, ідыш, расейская |
Дэбют | газ. «Наша Ніва», 1910, №39, апавяданьне «Пяюць начлежнікі» |
Узнагароды | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Зьмітро́к Бяду́ля (сапр. Самуі́л Яфі́мавіч Пла́ўнік; 23 красавіка 1886 г., м. Пасадзец, Расейская імпэрыя, цяпер Лагойскі раён, Менская вобласьць — 3 лістапада 1941 г., каля Ўральску, РСФСР) — беларускі паэт, пісьменьнік, публіцыст, літаратурны крытык габрэйскага паходжаньня. Клясык беларускае літаратуры[2]. Добра ведаў некалькі моваў. Пісаў спачатку на ідышы, пасьля на расейскай, але асноўную літаратурную спадчыну пакінуў на беларускай мове. Рабіў пераклады.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся Самуіл Плаўнік у беднай габрэйскай сям’і ў мястэчку Пасадзец (цяпер Лагойскі раён Менскай вобласьці). Бацька яго быў арандатарам, дробным гандляром, пазьней працаваў аканомам у купца-лесапрамыслоўца, любіў музыку — граў на скрыпцы.[3] Маці шыла каптуры для жыхароў мястэчка і навакольля. Дзед Самуіла працаваў рамесьнікам-меднікам, меў уласную бібліятэку. У пісьменьніка была сястра Марыля, браты Мацьвей і Ізраіль.
Нягледзячы на беднасьць, бацькі Самуіла клапаціліся, каб сын атрымаў хаця б якую-небудзь адукацыю. Спачатку ён навучаўся ў хэдэры — габрэйскай школе, потым у ешыбоце — габрэйскай духоўнай сэмінарыі. І хаця з-за жыцьцёвых абставінаў не заўсёды будучы пісьменьнік мог навучацца рэгулярна, а ешыбот і ўвогуле самавольна кінуў, не давучыўшыся да канца, ён, дзякуючы ўласнай настойлівасьці, атрымаў дастатковую адукацыю, каб пачаць працаваць хатнім настаўнікам[3]. Ведаў іўрыт, ідыш, нямецкую, беларускую, расейскую і крыху польскую мовы. Пасьля настаўніцтва працаваў пісьмаводам-канторшчыкам у бацькі на лесараспрацоўках.
Яшчэ хлопчыкам З. Бядуля складаў вершы на старажытнагабрэйскай мове, але пачаткам яго літаратурнай дзейнасьці лічыцца 1907 г., калі ён пачаў пісаць вершы на расейскай мове і пасылаць іх у пецярбурскія часопісы. Там вершы хвалілі, але не друкавалі. У 1909 г. будучы пісьменьнік знаёміцца з газэтай «Наша Ніва», у 1910 г. наладжвае зь ёю сувязь і становіцца карэспандэнтам.[3] У «Нашай Ніве» ўбачыў сьвет і першы друкаваны мастацкі твор З. Бядулі. У 1912 г. пісьменьнік пакідае свой родны Пасадзец, пераяжджае ў Вільню і ўладкоўваецца ў «Нашу ніву». У 1914 г., за рэдактарствам Янкі Купалы, становіцца адказным сакратаром газэты.[4] Апавяданьні, напісаныя Зьмітраком Бядулям у тыя гады, сталі клясыкай беларускай літаратуры.
З-за набліжэньня фронту газэта закрываецца (лета 1915 г.), і З. Бядуля вяртаецца ў Пасадзец, але хутка разам зь сям’ёй накіроўваецца ў Менск, дзе ўладкоўваецца ў «Беларускі камітэт пацярпелых ад вайны». У будучай сталіцы сустракае лютаўскую рэвалюцыю і кастрычніцкі пераварот. З 1917 па 1920 гады супрацоўнічае з газэтамі «Вольная Беларусь», «Беларускі шлях», «Беларусь».
З 1920 па 1926 гады З. Бядуля працуе загадчыкам літаратурна-крытычнага аддзелу газэты «Савецкая Беларусь». У пэрыяд з 1921 па 1923 гады яшчэ й рэдагуе дзіцячы часопіс «Зоркі». З 1926 году пісьменьнік пачынае працаваць у Інстытуце беларускай культуры, а адначасова з гэтым на працягу нейкага часу рэдагуе краязнаўча-этнаграфічны часопіс «Наш край».
Пісьменьнік уваходзіў у літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк», а з 1926 па 1931 гады — у літаратурную суполку «Узвышша». Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1934 г. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Зьмітрок Бядуля эвакуяваўся спачатку ў Горкаўскую вобласьць, затым у Саратаўскую. У пачатку ліпеня 1941 г. пісьменьнік выехаў у Ташкент, дзе ў той час жыў Якуб Колас. Але гэта было яго апошняе падарожжа — З. Бядуля памёр у цягніку ад інфаркту 3 лістапада 1941 г.[5] Пахаваны ва Ўральску[6].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У маладосьці Зьмітрок Бядуля быў блізкі да сымбалістаў, але элемэнты сымбалізму ў яго творчасьці грунтаваліся на беларускай глебе, фальклёрна-міталягічных вытоках.
Пачатак літаратурнага шляху Бядулі быў няпросты. Першыя паэтычныя спробы не знаходзілі той падтрымкі і разуменьня, якія б маглі натхніць маладога паэта. Пад яго паасобнымі вершамі стаіць дата: 1909 або 1910 год. Але ні адзін зь іх ня трапіў у «Нашу ніву» ні ў тым, ні ў наступным годзе. Толькі ў 1911 г. пабачыў сьвет яго першы паэтычны твор — «Мой сьпеў». Апрача яго за ўвесь гэты год аўтар апублікаваў усяго толькі дзьве карэспандэнцыі. Але малады паэт не спыняў творчую працу і, нарэшце, яго імя ўсё часьцей пачало зьяўляцца на старонках друку. Гэта адбылося ўжо ў 1912, 1913 і асабліва ў пазьнейшыя гады.[4]
Да раньняй лірыкі З. Бядулі адносіцца яго першы зборнік імпрэсіяністычных замалёвак «Абразкі» (1913), якія толькі адсутнасьцю рыфмы адрозьніваюцца ад вершаў. Ён быў апублікаваны ў 1913 г. у Пецярбургу, у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца».[4] У большасьці сваіх імпрэсій пісьменьнік зьвяртаўся да прыроды, імкнуўся супрацьпаставіць убогаму вясковаму жыцьцю яе вечна маладую, зьменлівую прыгажосьць. Сапраўднай клясыкай у гісторыі беларускай літаратуры сталі апавяданьні З. Бядулі, напісаныя ў гэтыя ж гады: «Пяць лыжак заціркі» (1912), «Маладыя дрывасекі» (1914), «На каляды к сыну» (1913), «Велікодныя яйкі» (1913), «Летапісцы» (1914). У 1923 г. яны ўвайшлі ў першую кнігу апавяданьняў З. Бядулі «На зачарованых гонях». У гэтых апавяданьнях пісьменьнік малюе тагачаснае цяжкае вясковае жыцьцё, часта без надзеі на будучае. Героі многіх апавяданьняў — дзеці, якія галадаюць, ня маюць магчымасьці разьвіваць свае здольнасьці, паміраюць.
У 1920—1930 гг. З. Бядуля працягваў літаратурную дзейнасьць. Цяпер малавядомыя ваяцкія песьні і патрыятычныя вершы, уключаныя ў зборнік «Пад родным небам» (1922), якія пазьней не друкаваліся. Гэта публіцыстычныя, грамадзянскія вершы-заклікі, санэты патрыятычнага гучаньня. У той час З. Бядуля напісаў некалькі паэм: «Беларусь», «У ясных Крушнях», «З сказаў буры і віхуры», «Дзед», у якіх супрацьпастаўляў цяжкае дарэвалюцыйнае жыцьцё новаму — сьветламу і шчасьліваму. Пісьменьніка цікавіла вусная народная творчасьць, міталёгія, этнаграфія, краязнаўства. Як народная легенда была пазначана яго паэма «Госьць», напісаная на аснове народнага паданьня і ўключаная ў зборнік «Паэмы» (1927). Цалкам на этнаграфічным і фальклёрным матэрыялах створана паэма З. Бядулі «Ярыла». На фальклёры Палесься напісана паэма «Палескія былі». Пытаньням этнаграфіі і фальклёру прысьвяціў ён шэраг артыкулаў, а ў 1924 г. выдаў асобную кнігу «Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных песьнях і казках». Адметнай зьявай стала аповесьць З. Бядулі «Салавей» (1927), прысьвечаная мінуўшчыне, часам прыгоннага права. Па матывах аповесьці ў 1939 г. быў пастаўлены балет «Салавей». Пасьля гэтай аповесьці і адначасова зь ёю выходзілі зборнікі апавяданьняў З. Бядулі «Апавяданьні» (1926), «Дэлегатка» (1928), «Незвычайныя гісторыі» (1931). Незайздросны лёс быў у сацыяльна-псыхалягічнага рамана «Язэп Крушынскі» (1929—1932). Тагачасная крытыка папракала аўтара за слабую ідэйнасьць твора, недастатковае адлюстраваньне клясавай барацьбы, калектывізацыі. Пісьменьнік цяжка перажываў нападкі крытыкі.
У канцы 1930-х гадоў Зьмітрок Бядуля напісаў дзьве аўтабіяграфічныя аповесьці «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939). Апошнім яго творам стала аповесьць-казка «Сярэбраная табакерка» (1940). Упершыню яна цалкам была надрукавана толькі ў 1953 г. У аснове сюжэта аповесьці матывы народнай казкі пра тое, як дудар-паляшук паланіў сьмерць, запазычаныя з фальклёрных запісаў А. Сержпутоўскага. З народнай казкі З. Бядуля зрабіў філязофска-павучальную прытчу аб барацьбе дабра і зла, жыцьця і сьмерці.
Пераклаў зь ідыш на беларускую мову аповесьць Шалома-Алейхэма «Хлопчык Мотка» (1930), раман С. Годынэра «Чалавек зь вінтоўкай» (1933), кнігу С. Каган «Апавяданьні» (1940), паасобныя вершы Т. Шаўчэнкі, Ю. Будзяка.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы надрукаваны твор — імпрэсія на беларускай мове «Пяюць начлежнікі» («Наша ніва», 1910 г.).
У 1911—1912 гады друкаваў вершы на расейскай мове ў часопісах «На берегах Невы» (Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня).
Зборнікі паэзіі:
- «Abrazki» / Zmitrok Biadula. — Piecierburh: Drukarnia K.Piantkouskaha, 1913.
- «Пад родным небам»: Зб. вершаў. — Мн.: Беларус. кооп. — выд. т-ва «Адраджэньне», 1922.
- «Буралом»: Выбр.вершы / Бядуля-Ясакар. — Мн.: Белдзяржвыд, 1925(вокл.1924)
- «Паэмы» / Ясакар. — Мн.: ДВБ, 1927.
- «Мае забавы»: Вершы для дзяцей / З.Бядуля. — Мн.: Дзярж. выд-ва БССР, 1949.
Зборнікі апавяданьняў:
- «На зачарованых гонях»: Зб. апавяданняў / Змітрок Бядуля. — Мн.: Беларус. каап.-выд. т-ва «Сав. Беларусь», 1923.
- «Апавяданьні». — Мн.: Белдзяржвыд, 1926 (вокл.1925)
- «Выбраныя апавяданьні». — Мн.: Дзярж. выд-ва Беларусі, 1926. — (Сялянская бібліятэка).
- «Танзілія»: Навэлы. — Менск : Узвышша, 1927. — 75 с.
- «Дэлегатка»: Апавяданні. — Менск : Белдзяржвыд, 1928. — 110 с.
- «Тры пальцы»: Апавяданні. — Менск : Белдзяржвыд, 1930. — 87 с.
- «Незвычайныя гісторыі»: Апавяданні. — Мн.: ДВБ, 1931.
- «Па пройдзеных сьцежках»: Апавяданні. — Мінск : Дзяржвыд БССР.Рэд.дзіцячай літ-ры, 1940. — 223 с.
- «Апавяданьні». — Мінск : Дзяржвыд БССР.Рэд.дзіц.літ., 1947. — 104 с — (Школьная бібліятэка)
Аповесьці:
- «Салавей»: Раман. — Мн.: Бел. дзярж. выд-ва, 1929. — (Мастацкае слова — масам).
- «Набліжэньне»: Аповесць. — Мн.: ДВБ. ЛІМ, 1935.
- «У дрымучых лясах» (1939, часопіс «Полымя»)
- «Язэп Крушынскі»: Раман. Кн.1. — Мінск : Дзяржвыд Беларусі, 1929. — 332 с.
- Язэп Крушынскі: Раман. Кн.2. — Мінск : Дзяржвыд Беларусі, 1931. — 370 с.
- «Выбраныя творы». — Мінск : Дзяржвыд Беларусі.ЛІМ, 1934. — 344 с — (Школьная серыя)
Кнігі для дзяцей:
- «Качачка-цацачка» (1927, казка)
- «Вясной» (1928, вершы)
- «Гаспадарка» (Вершы) / Малюнкі Е.Лапіна. — Мн.: Белдзяржвыд, 1930.
- «Люцік»: Для дашк. ўзросту / З.Бядуля. — Мн., 1941.
- «Хлопчык з-пад Гродна». — Мн. : Дзяржвыд пры СНК БССР. Рэд. дзіцячай літ., 1940.
- «Мурашка-Палашка»: Казка / Змітрок Бядуля. — Мн.: Дзярж. выд-ва БССР, 1948.
Дасьледаваньні ды нарысы:
- «Жыды на Беларусі. Бытавыя штрыхі». — Менск: Друкарня Я. А. Грынблята, 1918. — 32 с.
- «Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песьнях» / З.Бядуля. — Мн.: Сав. Беларусь, 1924.
- «Дзесяць»: Нарысы. — Мн.: Белдзяржвыд, 1930. — (Мастацкае слова-масам).
Шмат твораў і зборнікаў выйшлі пасьля сьмерці і ў пасьляваенныя гады: «Сярэбраная табакерка» (1958, казка і апавяданьні), «Дзень добры!» (1979, вершы, казкі, апавяданьні), асобныя вершы, казкі.
- Przed wybuchem / Zmitrok Biadula. — Mińsk: PWB, Sektor Mniejszości Narodowych, 1935. — 259 с.
- Збор твораў у 4-х тамах 1951—1953 г
- Збор твораў: У 5т. / Рэд. І. Я. Навуменка. — Мн.: Маст.літ., 1986.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Язэп Крушынскі» (1929—1932), сацыяльна-псыхалягічны раман
- «Дзесяць прыказаньняў для памяці» (1917)[7]
Літаратурная крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аповесьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Салавей» (1927, экранізавана і пастаўлена ў 1937 г., аднайменны балет у 1939 г.)
- «Набліжэньне» (1935), аўтабіяграфічны твор
- «У дрымучых лясах» (1939), аўтабіяграфічны твор
- «Сярэбраная табакерка» (1940), аповесьць-казка
Апавяданьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Сон Анупрэя» (1912)
- «Пяць лыжак заціркі» (1912)
- «Злодзей» (1912)
- «На Каляды к сыну» (1913)
- «Велікодныя яйкі» (1913)
- «Маладыя дрывасекі» (1914)
- «Летапісцы» (Вільня, 1914)
- «Буслы» (1914)
- «Мядзьведзь» (1914)
- «Дудар» (1915)
- «Туга старога Міхайла» (1915)
- «Юлька» (Пасадзец, 1917)[10]
- «Сьмерць пані» (1919)[11][12][13]
- «Лясун» (1920)[14]
- «Бондар» (1920)
- «Дванаццацігоднікі» (1921)
- «На зачарованых гонях» (1922)
- «Тры крыжыкі» (1925)
- «Фрося» (1939)
Мініятуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Ральля» (1913)
- «Гусьляр» (Менск 1918)[15]
- «Сымфонія» (Пасадзец 1918)[16][17]
- «Замчышча» (1920)
- «За праўду» (1920)
- «У жыцьцёвым змаганьні» (1920)
- «Кволыя кветкі» (1920)
- «Надыходзяць змрокі…» (1920)
- «Пад песьняй салоўкі» (1920)
Вершы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- *** «На горне душы першы верш я каваў…» (Пасадзец, 1909)
- *** «Начлежнікі пяюць…» (Пасадзец, 1910)
- «Дазволь…» (Вільня, 1911)
- *** «Лезе ў вочы зьзяньне месяца…» (1911)
- *** «Вісіць серп залаты над спалоханым борам…» (Пасадзец, 1911)
- *** «Абліта зьзяньнем зорак росная паляна…» (Пасадзец, 1911)
- *** «Яшчэ бялелі касагоры…» (Пасадзец, 1911)
- «Пастушка» (Пасадзец, 1911)
- «Прыйдзіце» (Вільня, 1913)
- «Ад крыві чырвонай» (Вільня, 5 кастрычніка 1914)
- «Юда жэніцца…» (23 сакавіка 1915)
- *** «Б’ецца восень халодная ў рэчную шыбу…» (Пасадзец, 1915)
- «Калі хочаш пазнаць» (Вільня, 1915)
- «Русалка»[18]
- *** «Ты сьлязамі і крыжамі…» (Менск, 1917)
- «Тры сьцежкі» (Менск, 27 сьнежня 1917)
- «Жалезны воўк» (1917)
- «Новы год» (1918)
- «Беларускі шлях» (1918)
- «На Вялікдзень» (1918)
- «М. Багдановічу» (1918)
- «Змаганьне» (1918)
- «Май» (1918)
- «Вясной» (Пасадзец, 1918)
- «Восень»[19]
- «Васеньні сон» (восень 1918)[20]
- «Pieśni» [21]
- «У самоце» (Пасадзец, 1919)[14]
- «Дзяўчыне» (Пасадзец, VI—1919)[11]
- «Закляты скарб» (Менск 23/VII—1919)[15]
- «Пара, пара…» (1920)
- «Прысяга» (Менск, 1920)[16]
- «У поўнач» (Менск, 1920)[17]
- «Ваяцкая песьня», (1920)[22]
- «Беларускі ваяка» (1920)[23]
- «Сьняжынкі» (1921)
- «Беларусь» (1922), паэма
- «На сьмерць А. Бурбіса» (1922)
- «Паходні» (1922)
- «У ясных Крушнях», паэма
- «З сказаў буры і віхуры», паэма
- «Дзед», паэма
- «Госьць», паэма
- «Ярыла», паэма
- «Палескія былі», паэма
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У в. Пасадзец (панадворак школы імя Бядулі) знаходзіцца музэй, дзе захоўваецца аўтограф З. Бядулі на рамане «Язэп Крушынскі» 1933 году[24]. Таксама музэй З. Бядулі ёсць ва Уральску ў Казахстане[25].
- У аграгарадку Ільля ў красавіку 2016 году была ўрачыста адкрытая мэмарыяльная дошка, прысьвечаная Бядулю.
- Імя Зьмітрака Бядулі носяць плошча ў Менску, вуліцы ў Менску, Віцебску, Маладзечне і Жабінцы.
- Зьмітрок Бядуля памёр у эвакуацыі і быў пахаваны ў казахстанскім горадзе Уральску. Эксгумацыя парэшткаў прайшла ў лютым 2020 году, прах самалётам даставілі ў Беларусь, затым ён захоўваўся з бласлаўленьня мітрапаліта ў Ільінскай царкве ў Бабруйску. 3ь лістападу 2020 году, у 79-ю гадавіну сьмерці пісьменьніка, парэшткі даставілі ў Менск. Шыльды, літары з надмагільля таксама прывезьлі ў Беларусь і перадалі ў філіял Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры — «Беларускую хатку». Прах Змітрака Бядулі ўрачыста перапахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках[26].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Змітрок Бядуля. Выбраныя творы. — Мінск: «Кнігазбор», 2006. ISBN 985-6824-30-3. — С. 9
- ^ а б в Змітрок Бядуля. Выбраныя творы. — Мінск: «Кнігазбор», 2006. ISBN 985-6824-30-3. — С. 5
- ^ а б в Змітрок Бядуля. Выбраныя творы. — Мінск: «Кнігазбор», 2006. ISBN 985-6824-30-3. — С. 7
- ^ Змітрок Бядуля. Выбраныя творы. — Мінск: «Кнігазбор», 2006. ISBN 985-6824-30-3. — С. 20
- ^ Аляксандар Розэнблюм. (2013) Магіла класіка Rosenbloom personal pages Праверана 30 сьнежня 2013 г.
- ^ Я—р. «Дзесяць прыказаньняў для памяці». / Язэп Лёсік // Вольная Беларусь : газэта. — Менск: Беларускі нацыянальны камітэт, 28 траўня 1917. — № 1. — С. 3.
- ^ З. Бядуля. «Штрыхі аб беларускай культуры». / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Менск: 28 студзеня 1920. — № 2(23).
- ^ З. Бядуля. Чаму яшчэ няма беларускага раману? / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Менск: 11 сакавіка 1920. — № 7(29). — С. 5—5.
- ^ З. Бядуля. Юлька. (Пасадзец, 1917 г.) / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Менск: 11 сакавіка 1920. — № 6(28). — С. 3—5.
- ^ а б Зьмітрок Бядуля. Сьмерць пані / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Вільня: 6 кастрычніка 1919. — № 16. — С. 4—6.
- ^ Зьмітрок Бядуля. Сьмерць пані / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Вільня: 13 кастрычніка 1919. — № 17. — С. 3—7.
- ^ Зьмітрок Бядуля. Сьмерць пані / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Вільня: 21 кастрычніка 1919. — № 18. — С. 2—7.
- ^ а б З. Бядуля. Ясакар. Лясун. У самоце (Пасадзец 1919 г.). / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Менск: 9 лютага 1920. — № 4(26). — С. 5—7.
- ^ а б Ясакар, З. Бядуля. Закляты скарб (Менск 23/VII—1919). Гусьляр (Менск 1918). / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Менск: 12 сьнежня 1919. — № 22. — С. 4—5.
- ^ а б Ясакар. Сымфонія (Пасадзец 1918 г.). Прысяга. (Менск, 1920 г.) / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Менск: 19 студня 1920. — № 1(23). — С. 4—7.
- ^ а б З. Бядуля. Ясакар. Сымфонія (Пасадзец 1918 г.). У поўнач (1920 г. — Менск.) / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Менск: 9 лютага 1920. — № 3(25). — С. 5—7.
- ^ Ясакар. «Русалка». Верш. / Язэп Лёсік // Вольная Беларусь : газэта. — Менск: Таварыства беларускай культуры, 28 траўня 1917. — № 1. — С. 1.
- ^ Ясакар. «Восень». Верш. / Язэп Лёсік // Вольная Беларусь : газэта. — Менск: Таварыства беларускай культуры, 20 лістапада 1918. — № 39—40. — С. 1.
- ^ Ясакар. Васеньні сон, восень 1918. / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Вільня: 1 лістапада 1919. — № 19. — С. 4—6.
- ^ Jasakar. Pieśni. / Francišk Alechnowič // Bielaruskaje žyćcio : часопіс. — Вільня: 6 lipnia 1919. — № 3. — С. 6, 7.
- ^ Зьмітрок Бядуля. Ваяцкая песьня // Часопісь Міністэрства Беларускіх Справаў : часопіс. — Коўна: 1920. — № 1 (5). — С. 1.
- ^ Зьмітрок Бядуля. Беларускі ваяка // Часопісь Міністэрства Беларускіх Справаў : часопіс. — Коўна: 1920. — № 1 (5). — С. 1.
- ^ «100 дорог»: Швейцария и «Виагра»
- ^ Семейная сага соловья
- ^ Як на Ўсходніх могілках Менску перапахавалі прах Зьмітрака Бядулі
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Антон Новіна. Зьмітрок Бядуля. / Францішак Аляхновіч // Беларускае жыцьцё : часопіс. — Вільня: 29 верасьня 1919. — № 15. — С. 3—4.
- Ал. Шлюбскі. Бядуля, як этнограф. // Полымя : часопіс. — 1925. — № 2. — С. 188—195.
- У дрымучых лясах (аўтабіяграфічны твор пісьменьніка) // Часопіс «Полымя», 1939
- Успаміны пра Зьмітрака Бядулю. / Складальнікі: Я. І. Садоўскі, К. А. Цьвірка. — Менск: Мастацкая літаратура, 1988. — 176 с. — 3800 ас. — ISBN 5-340-00075-3
- Бядуля Змітрок // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Змітрок Бядуля. Выбраныя творы. — Мінск: «Кнігазбор», 2006. ISBN 985-6824-30-3. Сэрыя «Беларускі кнігазбор»
- Алесь Марціновіч. Змітрок Бядуля : «Будзь сам сабою, беларус...».. — Менск: Харвест, 2016. — 62 с. — (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры). — 500 ас. — ISBN 978-985-18-3896-3
- Іна Каліта Мова твораў Змітрака Бядулі як фразеалагічная скарбонка. // Svět v obrazech a ve frazeologii — World in Pictures and in Phraseology. Praha: Univerzita Karlova, 2017, с. 129—143.
- Іна Каліта Эмацыянальная насычанасць як мастацкі сродак. // Rejestr emocjonalny języka, Siedlce: Akademie Podlaská, 2009, s. 51-54.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Біяграфія на Slounik.org
- Творы на «Беларускай Палічцы»
- Творы на «Прайдзісьвеце»
- Творы на «Камунікаце»
- 120 год з дня нараджэньня З. Бядулі (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)
- Нарадзіліся 23 красавіка
- Нарадзіліся ў 1886 годзе
- Памерлі 3 лістапада
- Памерлі ў 1941 годзе
- Пахаваныя на Ўсходніх могілках Менску
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу
- Нарадзіліся ў Пасадцы
- Беларускія літаратары
- Беларускія публіцысты
- Беларускія паэты і паэткі
- Беларускамоўныя паэты і паэткі
- Сябры літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк»
- Сябры літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша»
- Літаратары, вядомыя пад псэўданімамі
- Пахаваныя ва Ўральску
- Супрацоўнікі і аўтары «Нашай Нівы»