Перайсьці да зьместу

Запарожсталь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 47°52′9″ пн. ш. 35°10′24″ у. д. / 47.86917° пн. ш. 35.17333° у. д. / 47.86917; 35.17333

«Запарожсталь»
укр. «Запоріжсталь»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Лістынг на біржы ZPST[1]
Заснаваная 16 лістапада 1933 (90 гадоў таму)
Уласьнікі «Мэтінвэст» (49,9%), «Кіеў Сэкюрыціз» (24,5%)
Краіна Украіна
Разьмяшчэньне Запарожжа
Адрас Паўднёвая шаша, д. 72
Ключавыя фігуры Аляксандар Міраненка (генэральны дырэктар), Аляксандар Трацьцякоў[2]
Галіна мэталюргія
Прадукцыя мэталапракат, сталь і чыгун
Абарачэньне 45,375 млрд грыўнаў (2020 год; 1,605 млрд $)
Апэрацыйны прыбытак 0,823 млрд грыўнаў (2020 год; 29,1 млн $)
Чысты прыбытак -3,142 млрд грыўнаў (2020 год; -111 млн $)[3]
Лік супрацоўнікаў 11 890 (2021 год)
Матчына кампанія «Мэтінвэст» (Марыюпаль, Данецкая вобласьць)
Даччыныя кампаніі «Запароскі ліцейна-мэханічны завод»

«Запарожсталь» — мэталюргічнае прадпрыемства Ўкраіны, заснаванае ў лістападзе 1933 году ў якасьці «Запароскага заводу ліставой сталі».

На 2022 год праектная магутнасьць прадпрыемства складала каля 6,3 млн тонаў аглямэрату, 4,2 мон тонаў чыгуну, 4 млн тонаў сталі, 3,7 млн тонаў гарачага мэталапракату і 1,2 млн тонаў халоднага мэталапракату[4]. У 2021 годзе «Запарожсталь» стала 3-м прадпрыемствам Украіны паводле абсягу вытворчасьці мэталу. На камбінат прыпадала 1/5 частка вытворчасьці мэталу ў краіне і 15 % валютнай выручкі Ўкраіны. Плошча прадпрыемства перавышала 5,5 кв.км. На камбінаце працавала звыш 11 000 чалавек. За мяжу паставілі 70 % вырабаў. Гадавая вытворчасьць склала 4,3 млн тонаў чыгуну, 4,1 млн тонаў сталі і 3,5 млн тонаў мэталапракату[5]. Збытавая сетка працавала праз прадстаўніцтвы матчынага холдынгу «Мэтінвэст» (Марыюпаль, Данецкая вобласьць) у 14 краінах:

На 2022 год вытворчасьць «Запарожсталі» ўлучала 8 цэхоў: аглямэрацыйны на 6 аглямашынаў, дамэнны на 4 дамэнныя печы, мартэнаўскі на 7 мартэнаўскіх печаў і 2-ванную сталеплавільню, падрыхтоўкі складоў, абціскны, гарачай пракаткі тонкага ліста, халоднай пракаткі № 1 і 3. Аглямэрацыйны цэх аўтаматызавана вырабляў асноўны жалезарудны аглямэрат. Дамэнная вытворчасьць штогод выплаўляла каля 3,8 млн тонаў чыгуну зь нізкім утрыманьнем серкі і фосфару. Мартэнаўскі цэх штогод выплаўляў каля 4 млн тонаў сталі з выкарыстаньнем прыроднага газу пры прадзьмуваньні тленам і аргонам. Сталь разьлівалі ў зьліткі магой да 18,6 тонаў для вытворчасьці ліставога мэталапракату. Цэх гарачай пракаткі тонкага ліста вырабляў гарачакатаны мэталапракат у лістах і рулёнах таўшчынёй ад 2-х да 8 мілімэтраў. Безупынны тонкаліставы пракатны стан «1680» магутнасьцю 3,7 млн тонаў за год выпускаў гарачакатаныя палосы таўшчынёй 2—8 мм, шырынёй 86—150 см і вагой рулёну да 16 тонаў. На 3-х профілезгінальніках выраблялі звыш 500 відапамераў халоднагнутых профіляў з вугляродзістай і нізкалегаванай сталі таўшчынёй 1—8 мм і з шырынёй разгорткі профілю да 144 см. Цэх халоднай пракаткі № 1 выпускаў халоднакатаны плоскі мэталапракат таўшчынёй 0,5—2 мм, шырынёй 85—150 см у лістах даўжынёй да 4-х мэтраў і ў рулёнах вагой да 16 тонаў, а таксама халоднакатаную стужку таўшчынёй 0,2—2 мм. Мэталапракат у цэху выпускалі на безупынным 4-камэрным стане «1680», 2-х рэвэрсных станах «1680» і «1200», 2-х безупынных вузкапалосных 4-камэрных станах «450» і «650», 20-пракатным стане «1700». Цэх быў абсталяваны сродкамі падрыхтоўкі, папярожнай рэзкі і падоўжнага рашчыненьня, што забясьпечвала пастаўку халоднакатанага пракату таўшчынёй 0,2—2 мм, шырынёй 1—150 см і даўжынёй ліста да 395 см, а таксама рулёнаў вагой да 15 тонаў. Цэх халоднай пракаткі № 3 на стане «2800» вырабляў халоднакатаны ліст таўшчынёй 1,5—5 мм, шырынёй 100—230 см і даўжынёй да 350 см з вугляроднай сталі. У складзе цэху працавала аддзяленьне шліфаваных і паліраваных лістоў і рулёнаў. Вытворчая магутнасьць па халоднагнутых профілях складала да 500 000 тонаў за год[7].

На 2022 год «Запарожсталь» вырабляла:

  • гарачакатаны пракат — ліст, у тым ліку з сачавічным рыфленьнем, і рулён, у тым ліку з рашчыненьнем, таўшчынёй 1,8—8 мм, паласу без прафіляваньня і пракат з сачавічным рыфленьнем[8];
  • халоднакатаны пракат — ліст і рулён таўшчынёй 0,5—2 мм для мэблі і стэлажоў, паліўных кантэйнэраў і побытавых прыладаў[9];
  • мэталавырабы — стужка, прасечна-выцяжны ліст, чорная бляха і гнуты профіль з вугляродзістай, канструкцыйнай і нізкалегаванай сталі[10];
  • сьлябы 15—17х100—127,5х240—470 см для ліставога пракату[11]
  • чыгун з вагой чушак да 18 кг для сталі гатунку Л6 і чыгуннай адліўкі[12];
  • дамэнны шлак — адвальны, грануляваны, сталеплавільны (да 1 см) і фракцыйны (1—4 см)
  • тэхнічныя газы — вадкі азот, вадкі і газападобны тлен і аргон;
  • драўняная трэска 6х2 см[13].

У траўні 1929 году ўрад Украінскай ССР ухваліў Рашэньне пра будаўніцтва «Запароскага заводу ліставой сталі». У студзені 1931 году пачалася будоўля паводле праекту «Ўсесаюзнага гарадзкога інстытуту праектаваньня мэталюргічных заводаў» («Гіпрамэз»; Масква, Расейская СФСР). У кастрычніку 1932 году на прамысловую пляцоўку будоўлі падалі электраэнэргію з толькі пабудаванай Дняпроўскай гідраэлектрастанцыі. 16 лістапада на «Запароскім заводзе ліставой сталі» разьдзьмулі 1-ю дамэнную печ абсягам 960 кубамэтраў, якая была найбольшай ва Ўкраіне. Завод стаў найбольшым мэталюргічным прадпрыемствам у Эўропе з праектнай магутнасьцю ў 1,2 млн тона чыгуну і 1,4 млн тонаў сталі. У 1934 годзе запусьцілі дамэнную печ № 2. У 1935-м запрацавала 1-я мартэнаўская печ. Пасьля гэтага запусьцілі адразу 2 мартэнаўскія печы. У 1937 годзе ўвялі ў дзеяньне 1-ы ў Эўропе і 3-і ў сьвеце сьлябінг. У 1938 годзе запусьцілі дамэнную печ № 3 абсягам 1300 кубамэтраў, якая была найбольшай у сьвеце. Таксама запрацаваў 1-ы ў Эўропе безупынны стан гарачай пракаткі тонкаліставой сталі. У 1939-м адчынілі цэх халоднай пракаткі. У 1940 годзе «Запароскі завод ліставой сталі» вырабіў 70 % сталёвых лістоў у Савецкім Саюзе, тонкія гатункі якіх пераважна выкарыстоўвалі ў аўтамабілебудаваньні і сельскагаспадарчым машынабудаваньні[14].

18 жніўня 1941 году завод спыніў працу ў сувязі з пачаткам Нямецка-савецкай вайны. У кастрычніку 1941 году звыш 50 000 тонаў асноўнага мэталюргічнага абсталяваньня вывезьлі ў расейскі Магнітагорск (Чалябінская вобласьць). На вывезеных мартэнаўскім печах з асноўным скляпеньнем асвоілі выплаўку бранявой сталі. У чэрвені 1947 году ў Запарожжы аднавілі дамэнную печ № 3. У ліпені 1947 году адноўлены сьлябінг пракатаў першыя зьліткі, а ў жніўні запрацаваў безупынны стан гарачай пракаткі. У чэрвені 1948-га аднавілі дамэнную печ № 4, якая стала 1-й цэльназварнай у Савецкім Саюзе. Пагатоў, яе корпус зварылі за 34 дні. У лістападзе 1948 году на «Запароскім мэталюргічным камбінаце» асвоілі пракат шырокапалоснага будаўнічага аўталіста, які «Горкаўскі аўтамабільны завод» выкарыстоўваў для вытворчасьці самахода «Перамога». У сьнежні 1949 году завод выйшаў на даваенны ўзровень сталеплавільнай вытворчасьці. У жніўні 1951 году на камбінаце запусьцілі аглямэрацыйны цэх. У сьнежні 1952-га вырабілі першыя ў СССР выплаўкі на тленавым выдзьмуваньні, якое распрацавалі сумесна з Цэнтральным навукова-дасьледчым інстытутам чорнай мэталюргіі ў Маскве[14].

У 1954 годзе перайшлі на правысловае выкарыстаньне тлену ў сталеварэньні. У выніку працягласьць выплаўкі зьменшылася на 2 гадзіны, а з квадратнага мэтру поду сталі здымаць на 100 тонаў сталі больш. У 1956-м выйшаў мастацкі фільм «Вясна на Зарэчнай вуліцы», які здымалі на «Запароскім мэталюргічным камбінаце». У 1957 годзе ўпершыню ў СССР вытворчасьць гарачакатаннага ліста перавялі на рулённы спосаб. У 1959-м таксама ўпершыню ў Савецкім Саюзе асвоілі выраб халоднагнуткіх профіляў, якія не патрабавалі дадатковай апрацоўкі на машынабудаўнічых заводах. У 1960 годзе дамэнная вытворчасьць асвоіла выплаўку фэрамарганцу, які скарысталі ў вытворчасьці высокамоцных відаў сталі для першых штучных спадарожнікаў Зямлі. У 1962-м запусьцілі ліцейны цэх, які быў найбольшым у Эўропе і дзе для вытворчасьці адліўкі выкарыстоўвалі чыгун 1-й выплаўкі. Упершыню ў сьвеце ў цэху скарысталі вадкія самазацьвердзявальныя сумесі для вырабу вялікіх стрыжняў і формаў. Дазвол на вытворчасьць такіх сумесяў ў «Запароскага мэталюргічнага камбінату» набылі мэталюргічныя заводы Ангельшчыны, Францыі і Японіі. Начальнік ліцейнага цэху Андрэй Ткачэнка атрымаў за асваеньне вытворчасьці такіх сумесяў Ленінскую прэмію. У красавіку 1963 году запусьцілі 1-ю чаргу цэху халоднай пракаткі № 3. На пракатным стане «2800» наладзілі пракатку вялікапамерных лістоў зь нержавейнай і складаналегаванай сталі. У 1965-м на прадпрыемстве запрацавала цэнтральная лябараторыя лічбавай тэхнікі. Вылічальны цэнтар увёў імгненны нагляд за рухам мэталу ўпершыню ў СССР. У 1974 годзе ў сталеплавільнай вытворчасьці запусьцілі першую ва Ўкраіне падвойную печ ДСА-1, прадукцыйнасьць якой была ў 2,5 разы вышэйшай за звычайную печ. У верасьні 1977 году асвоілі безупыннае ліцьцё з дапамогай рассоўных аканіцаў на сталеліцейных каўшах. 3 лютага 1978 году выплавілі 100-мільённую тону сталі, а 26 верасьня — 100-мільённую тону чыгуну зь дня пуску дамэннай печы № 1. 18 чэрвеня 1983 году на безупынным 4-камэрным стане пракацілі 100-мільённую тону мэталапракату[14].

За 1990—1994 гады на прадпрыемстве асвоілі вытворчасьць 19 новых відаў гарача- і халоднакатанага ліста і стужкі для машынабудаваньня Ўкраіны. У 1992 годзе на Ўсходняй чыгуначнай станцыі ўвялі аўтаматычны замер вагі вагонаў. У 1994-м упершыню ўкаранілі прамы пракат сьлябаў у шыракапалосным пракатным стане без папярэдняга падагрэву ў мэтадычнай печы. Пры гэтым, на 75 % скарацілі выдатак прыроднага газу пры вытворчасьці тоны вырабаў. 4 студзеня прадпрыемства пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. У 1997 годзе пачалі выпуск гарачакатаных рулёнаў вагой да 16 тонаў для трубнай прамысловасьці Ўкраіны. У 2000 годзе аўтаматызавалі нагрэў зьліткаў у награвальных калодзежах, што дазволіла зьнізіць угар мэталу на 2 кг/тона вырабаў, а таксама скараціць выдатак паліва да 5 кг/тона. У 2004-м перабудавалі дамэнную печ № 2 з устаноўкай бясшахтных апаратаў з купальнымі гарэлкамі, што дазволіла перастаць выкарыстоўваць дамэнную печ № 1. У 2009 годзе на высьпе Хортыца на Дняпры адчынілі гісторыка-культурны комплекс «Запароская Сеч», на будоўлю якога «Запароскі мэталюргічны камбінат» вылучыў звыш 12 млн грыўнаў (1,5 млн даляраў) у якасьці галоўнага спонсара. У 2011 годзе ў дамэнным цэху запусьцілі ўстаноўку выдзьмуваньня пылавугальнага паліва (ПВП), якая каштавала 1 млрд грыўнаў (125 млн $), у тым ліку 350 млн грыўнаў (44 млн $) пайшло на будаўніцтва складу вугалю. У выніку ў кастрычніку 2011 году спынілі выдзьмуваньне прыроднага газу ў дамэннай печы, што зьменшыла выдатак коксу пры выплаўцы чыгуну.

У 2012 году ўласьнікам прадпрыемства стаў холдынг «Мэтінвэст» (Марыюпаль, Данецкая вобласьць), які належаў Рыната Ахмэтава. У кастрычніку 2012 году аднавілі адгрузку мэталапрадукцыі праз Запароскі рачны порт. У траўні 2013 году для газаачысткі аглямэрацыйнай машыны № 1 ўсталявалі 2 электрафільтры, а таксама стварылі выцяжкавае аддзяленьне і кампрэсарную станцыю. У выніку выкіды газу і пылу скараціліся да 10 % ад агульных выкідаў камбінату. Абсяг укладаньняў у газаачыстку склаў 240 млн грыўнаў (6,2 млн $). У 2014 годзе пабудавалі новую лінію саляна-кісьлевага страваваньня ў цэху халоднай пракаткі № 1. У 2016 годзе вырабілі 3,6 млн тонаў чыгуну, 3,89 млн тонаў сталі і 3,367 млн тонаў мэталапракату. Пра Запароскі рачны порт паставілі 540 000 тонаў мэталапрадукцыі. На «Запарожсталі» налічвалася каля 13 000 супрацоўнікаў. За 2013—2016 гады пабудавалі 6 газаачыстак на аглямэрацыйных машынах, што зьменшыла выкіды пылу на 42 % да 50 мг/кубамэтар паветра, а серкавага газу — да 400 мг/кубамэтар. За 2012—2018 гады спажываньне прыроднага газу зьнізілі 330 млн кубамэтраў да 163-х млн кубамэтраў за год. За 2018 год праз рачны порт паставілі звыш 670 000 тонаў мэталапрадукцыі. У 2019 годзе запусьцілі комплекс перахопу прамыслова-ліўневых сьцёкаў, што дазволіла скараціць скіданьне прамысловых водаў у Дняпро на 5 млн кубамэтраў за год[14].

  1. ^ http://www.pfts.com/uk/moreinformation/?ticker=ZPST
  2. ^ Прадпрыемства (кіраўніцтва) (укр.) // ПАТ «Запарожсталь», 2022 г. Праверана 21 сакавіка 2022 г.
  3. ^ Натальля Міхайская, Сьвятлана Ампілогава. Кансалідаваны даклад пра кіраваньне за 2020 год (укр.) // ПАТ «Запарожсталь», 16 красавіка 2021 г. Праверана 21 сакавіка 2022 г.
  4. ^ Прадпрыемства (укр.) // ПАТ «Запарожсталь», 2022 г. Праверана 21 сакавіка 2022 г.
  5. ^ Прадпрыемства сёньня (укр.) // ПАТ «Запарожсталь», 2022 г. Праверана 21 сакавіка 2022 г.
  6. ^ Кантакты збытавых установаў (укр.) // ПАТ «Запарожсталь», 2022 г. Праверана 21 сакавіка 2022 г.
  7. ^ Прадпрыемства (будова вытворчасьці) (укр.) // ПАТ «Запарожсталь», 2022 г. Праверана 21 сакавіка 2022 г.
  8. ^ Гарачакатаны пракат (укр.) // ПАТ «Запарожсталь», 2022 г. Праверана 21 сакавіка 2022 г.
  9. ^ Халоднакатаны пракат (укр.) // ПАТ «Запарожсталь», 2022 г. Праверана 21 сакавіка 2022 г.
  10. ^ Мэталавырабы (укр.) // ПАТ «Запарожсталь», 2022 г. Праверана 21 сакавіка 2022 г.
  11. ^ Таварныя сьлябы (укр.) // ПАТ «Запарожсталь», 2022 г. Праверана 21 сакавіка 2022 г.
  12. ^ Ліцейны чыгун (укр.) // ПАТ «Запарожсталь», 2022 г. Праверана 21 сакавіка 2022 г.
  13. ^ Спадарожныя вырабы (укр.) // ПАТ «Запарожсталь», 2022 г. Праверана 21 сакавіка 2022 г.
  14. ^ а б в г Прадпрыемства (гісторыя) (укр.) // ПАТ «Запарожсталь», 18 сакавіка 2022 г. Праверана 21 сакавіка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]