Віцебскае княства
Віцебскае княства | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | |
Статус | княства, уладаньні[d] і адміністрацыйная адзінка[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Віцебск |
Дата ўтварэньня | 1101 |
Дата скасаваньня | 1508 |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Ві́цебскае кня́ства — удзельнае княства Полацкай зямлі. Існавала ў пачатку XII — XIV стст. Сталіца — Віцебск.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Віцебскае княства вылучылася з Полацкага па сьмерці Ўсяслава Брачыславіча (1101)[1], а першым князем віцебскім быў ягоны сын Сьвятаслаў. У 1130—1340-я тут, відаць, княжыў Васілька Сьвятаславіч, потым — князі полацкія Васількавічы, з 1165 — Давыд Расьціславіч, які ў 1167 разам з князем полацкім Усяславам Васількавічам вытрымаў аблогу князя менскага Валадара Глебавіча.
У 1170-я тут княжыў Усяслаў Васількавіч, які канфліктаваў з Смаленскам. У пачатку 1180-х князь Брачыслаў Васількавіч зблізіўся з Чарнігавам і Ноўгарадам, і такім чынам вывеў Віцебскае княства з-пад уплыву Смаленску.
З 1186 Віцебскае княства зноў апынулася пад уплывам Смаленску, што выклікала незадаволенасьць князёў полацкіх і чарнігаўскіх, якія ў 1195 выступілі супраць князёў смаленскіх, у выніку чаго Віцебск трапіў пад уладу Полацку. У пачатку XIII стагодзьдзя назіралася збліжэньне Віцебску з Уладзімера-Суздальскім княствам. У 1220—1230-я Віцебскае княства падпарадкоўвалася князю полацкаму Брачыславу II, а ў 1129, відаць, разам з Полацкам знаходзілася пад палітычным уплывам Смаленску: князь смаленскі Мсьціслаў падпісаў пагадненьне з Рыгай ад імя князёў полацкага і віцебскага. У 1262 князь віцебскі Канстантын з наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў.
У 1263—1265 Віцебск знаходзіўся ў залежнасьці ад князёў полацкіх — сьпярша Гердзеня, потым Ізяслава, які у сваю чаргу быў васалам князя наваградзкага Войшалка. У 1280 Віцебск згадваецца ў грамаце князя смаленскага Фёдара Расьціславіча як залежная ад яго тэрыторыя. У канцы XIII — пачатку XIV стагодзьдзяў тут княжыў Міхал Канстантынавіч.
Каля 1318 князем віцебскім быў Яраслаў, па сьмерці якога (1320) Віцебск перайшоў да ягонага зяця Альгерда, а па сьмерці апошняга, з 1377 — да ўдавы Ульяны. Па сьмерці Ульяны (каля 1393) вялікі князь Вітаўт скасаваў Віцебскае княства і скіраваў у Віцебск намесьніка Фёдара Вясну. Аднак малодшы сын Альгерда Сьвідрыгайла з мэтай аднаўленьня княства ўзьняў мяцеж, які падтрымалі Ворша і Друцак. Па здушэньні мяцежа Віцебскае княства пераўтварылі ў намесьніцтва, на базе якога ў 1508 узьнікла Віцебскае ваяводзтва[2].
Князі віцебскія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1101—1129: Сьвятаслаў Усяславіч (памёр па 1129)
- 1130—1132: (?) Васілька Сьвятаславіч
- 1132—1162: Усяслаў Васількавіч (памёр каля 1186)
- 1162—1165: Раман Вячаславіч (памёр па 1165)
- 1165—1167: Давыд Расьціславіч (1141—1197)
- 1168—1175: Брачыслаў Васількавіч (памёр каля 1186)
- 1175—1178: Усяслаў Васількавіч (другасна, памёр каля 1186)
- 1178—1181: Брачыслаў Васількавіч (другасна, памёр па 1186)
- 1180—1186: Усяслаў Васількавіч (у трэці раз, памёр каля 1186)
- 1186—1221: Васілька Брачыславіч (памёр каля 1221)
- 1221—1232: Брачыслаў Васількавіч (памёр па 1241)
- 1232—1262: (?) Ізяслаў Брачыславіч
- 1262—1263: Канстантын (памёр па 1310)
- 1264: Ізяслаў Брачыславіч (памёр каля 1264)
- 1270—1280/97: Міхал Канстантынавіч
- 1280/97—1297: Васілька Брачыславіч (памёр у 1297)
- 1297—1320: Яраслаў Васільевіч (памёр у 1320)
- 1320—1345: Альгерд
- 1377—1393: Ульяна Цьвярская
- 1393: Вітаўт
- Намесьнікі вялікага князя:
- 1394—1396: Фёдар Вясна
- 1396: Сьвідрыгайла
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Лявон Калядзінскі. Віцебскае княства // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 319.
- ^ Лявон Калядзінскі. Віцебскае княства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 451.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мн.: Маст. літ., 1990.— 366 с.: іл. ISBN 5-340-00614-Х.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4