Вормскі эдыкт
Вормскі эдыкт (па-нямецку: Wormser Edikt) — указ, выдадзены імпэратарам Сьвятой Рымскай імпэрыі Карлам V 25 траўня 1521 году ў канцы працы Вормскага райхстага 1521 году, які абвесьціў Мартына Лютэра герэтыком і злачынцам і забараніў выданьне й распаўсюджваньне ягоных працаў. Акрамя таго Вормскім эдыктам усталёўвалася, што прадастаўленьне Лютэру прытулку ці іншай дапамогі таксама расцэньваецца як злачынства супраць законаў імпэрыі.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/04/Luther-in-Worms-auf-Rt.jpg/230px-Luther-in-Worms-auf-Rt.jpg)
Вормскі эдыкт быў выдадзены пад націскам папскага нунцыя Джыраляма Алеандра, які патрабаваў рашучага выкараненьня лютэранства ў Нямеччыне й нягледзячы на ўмераную пазыцыю, занятую большасьцю чальцоў райхстага. Мартын Лютэр, адлучаны ад каталіцкай царквы ў канцы 1520 году, быў запрошаны на райхстаг у Вормс і выступіў перад імпэрскімі саслоўямі з выкладаньнем свайго вучэньня. Імпэратар Карл V, аднак, адмовіўся паступіцца прыхільнасьцю старой царквы й па сканчэньні райхстага ўключыў у тэкст свайго эдыкта, у якім зацьвярджаліся рашэньні, прынятыя саслоўямі, пастанову аб абвяшчэньні Лютэра злачынцам і забароне распаўсюджваньня й чытаньня ягоных кнігаў. Мартын Лютэр быў вымушаны некалькі гадоў хавацца ў Вартбурскім замку пад заступніцтвам саксонскага курфюрста Фрыдрыха III, дзе ён і пачаў пераклад Новага Запавету на нямецкую мову.
Суровыя меры, прадпісаныя Вормскім эдыктам у дачыненьні да лютэранаў, на практыцы не былі рэалізаваныя. Імпэратар быў зацікаўлены ў захаваньні адзінства імпэрыі й атрыманьні падтрымкі імпэрскіх саслоўяў, у тым ліку і сымпатызуючых лютэранству, для вядзеньня войнаў супраць Францыі й туркаў. Шпаерскі райхстаг 1526 году фактычна прыпыніў дзеяньне Вормскага эдыкта, аднак ў 1529 годзе яно было адноўлена. Канчаткова Вормскі эдыкт страціў сілу ў 1555 годзе са складаньнем Аўгсбурскага замірэньня.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Luther auf dem Reichstag zu Worms. Luther.de (ням.)
- Text des Wormser Edikts. Uni-Münster.de (ням.)
- Faksimile nach dem Original-Plakatdruck in der Stadtbibliothek Worms. Dilibri.de (ням.)