Латвія
Латвія лат. Latvijas Republika | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: «Tēvzemei un Brīvībai» («Бацькаўшчыне і Свабодзе») | |||||
Дзяржаўны гімн: «Dievs, svētī Latviju!» | |||||
Афіцыйная мова | латыская | ||||
Сталіца | Рыга | ||||
Найбуйнейшы горад | Рыга | ||||
Форма кіраваньня | Парляманцкая рэспубліка Эгілс Левітс Эвіка Сіліня Інара Мурніецэ | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
124-е месца ў сьвеце 64 589 км² 1,57% | ||||
Насельніцтва • агульнае (2024) • шчыльнасьць |
146-е месца ў сьвеце 1 871 882[1] 34,3/км² | ||||
СУП • агульны (2012) • на душу насельніцтва |
49-е месца ў сьвеце $28,324 млрд $13 984 | ||||
Валюта | Эўра (EUR) | ||||
Часавы пас • улетку |
EET (UTC+2) EEST (UTC+3) | ||||
Незалежнасьць — абвешчаная — прызнаная — страчаная — адноўленая — прызнаная |
Ад Нямецкай імпэрыі (Ваймарскай рэспублікі) 18 лістапада 1918 11 жніўня 1920 17 чэрвеня 1940 Ад СССР 4 траўня 1990 21 жніўня 1991 | ||||
Аўтамабільны знак | LV | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .lv | ||||
Тэлефонны код | +371 | ||||
Ла́твія (па-латыску: Latvija, па-ліўску: Leţmō; афіцыйна — Латвійская Рэспубліка, па-латыску: Latvijas Republika, па-ліўску: Leţmō Vabāmō) — краіна ў Паўночнай Эўропе, адна з трох краінаў Балтыі. Мяжуе з Эстоніяй на поўначы, Летувой на поўдні, на ўсходзе з Расеяй і Беларусьсю на паўднёвым усходзе. Акрамя таго мае марскую мяжу са Швэцыяй на захадзе. На пачатак 2024 году ў Латвіі налічвалася 1 871 882 жыхароў[2], тэрыторыя краіны дасягае 64,589 км²[3]. Латвія мае ўмераны сэзонны клімат[4]. Гістарычна й этнаграфічна падзяляецца на чатыры гістарычныя рэгіёны: Курзэмэ (Kurzeme, паўднёвы захад), Відзэмэ (Vidzeme, паўночны ўсход), Зэмгалэ (Zemgale, цэнтральны поўдзень) і Латгалія (Latgale, усход).
Пасьля стагодзьдзяў швэдзкага, вялікалітоўскага, польскага і расейскага панаваньня, Латвійская Рэспубліка была заснавана 18 лістапада 1918 году, калі яна паўстала ў пэрыяд пасьля Першай сусьветнай вайны, абвясьціўшы незалежнасьць ад Расейскае імпэрыі[5]. У 1930-я гады пасьля перавароту ў 1934 годзе быў усталяваны аўтарытарны рэжым Карліса Ўлманіса. Дэ-факта незалежнасьць краіны была спыненая ў пачатку Другой сусьветнай вайны, пачынаючы з гвалтоўнага ўключэньня Латвіі ў склад Савецкага Саюза, а затым ўварваньня і акупацыі нацыскай Нямеччыны ў 1941 годзе, і зноў акупацыі Саветамі ў 1944 годзе. Мірная Сьпяваючая рэвалюцыя, пачынаючы з 1987 году, прывяла да балтыйскага вызваленьня ад савецкай улады і асуджэньня «сталінскага» незаконнага захопу ў 1940 годзе[6]. Рэвалюцыя была скончана падпісаньнем дэклярацыі аб аднаўленьні незалежнасьці Латвійскай Рэспублікі 4 траўня 1990 году, і аднаўленьня дэ-факта незалежнасьці 21 жніўня 1991 году.
Латвія зьяўляецца дэмакратычнай рэспублікай і высокаразьвітай краінай. Сталіцай і найбуйнейшым горадам краіны зьяўляецца старажытны горад Рыга, якая да таго ж зьяўлялася культурнай сталіцай Эўропы ў 2014 годзе. Латыская мова зьяўляецца адзінай афіцыйнай у краіне. Латвія зьяўляецца ўнітарнай дзяржавай, падзяляецца на 119 адміністрацыйных адзінкі, зь якіх 110 зьяўляюцца краямі і 9 маюць статус гарадоў рэспубліканскага падпарадкаваньня[7]. Латышы зьяўляюцца карэнным насельніцтвам Латвіі[3]. Латыская і летувіская мовы зьяўляюцца адзінымі з балтыйскіх моваў, якія захаваліся да нашых дзён. У выніку шматвяковага расейскага валадарства (1710—1918), а затым савецкай акупацыі Латвіі, у краіны пражывае вялікая колькасьць этнічных расейцаў (26,9%), некаторыя зь якіх (14,1%) гэтак не атрымалі грамадзянства, маючы статус неграмадзянаў. Да Другой сусьветнай вайны Латвія таксама мела значныя меншасьці этнічных немцаў і габрэяў. Гістарычна на тэрыторыі краіны пераважае лютэранская форма пратэстанцтва, за выключэньнем Латгаліі на паўднёвым усходзе, дзе гістарычна пераважае каталіцкая царква[8]. За часам Расеі значна распаўсюдзілася праваслаўе.
Латвія зьяўляецца чальцом Эўрапейскага Зьвязу, НАТО, Рады Эўропы, Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў ды іншых міжнародных арганізацыяў. На 2014 год Латвія займае 46-е месца паводле індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу[9]. 1 студзеня 2014 году Латвія адмовілася ад выкарыстаньня асабістай валюты і далучылася да Эўразоны.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Не зважаючы на тое, што мясцовыя жыхары мелі кантакты з навакольным сьветам на працягу многіх стагодзьдзяў, яны сталі больш поўна інтэгравацца ў эўрапейскую сацыяльна-палітычную сыстэму ў 12 стагодзьдзі[10]. Першыя місіянэры, якія былі пасланыя папам рымскім, аселі па рацэ Даўгава ў канцы 12 стагодзьдзя[11]. Мясцовыя жыхары, аднак, без асаблівага жаданьня пераходзілі ў хрысьціянства, як на тое спадзявалася каталіцкая царква[11].
У 1201 годзе біскуп Альбрэхт Буксгэўдэн заснаваў горад Рыгу. Для лепшай арганізацыі далучэньня зямель ліваў і латгалаў да царквы, а разам з тым і палітычнага кіраваньня, ён жа заснаваў ордэн мечаносцаў, які пазьней стаў лівонскім ордэнам у складзе тэўтонскага ордэну. Пасьля ордэн стаў самастойнай палітычнай і эканамічнай сілай, такім чынам рыцары і біскуп вялі барацьбу адзін з адным за палітычную гегемонію ў Лівоніі. У 1209 годзе біскуп і ордэн дамовіліся аб падзеле захопленых і яшчэ не захопленых зямель. На карце Эўропы зьявілася дзяржаўнае ўтварэньне нямецкіх рыцараў-крыжакоў — Лівонія. У склад новаўтварэньня ўвайшлі тэрыторыі, на якіх сёньня разьмешчаны Эстонія і Латвія.
У 1282 годзе Рыга, а затым і іншыя латвійскія гарады, як то Цэсіс, Лімбажы, Кукенойс і Валміера, увайшла ў склад Ганзейскага зьвязу[11]. Рыга стала важным пунктам на шляху гандлю і сфармавала цесныя культурныя сувязі з Заходняй Эўропай. Пасьля Інфлянцкае вайны 1558—1583 гадоў, Лівонія трапіла пад польскае і вялікалітоўскае панаваньне[11]. Паўднёвая частка Эстоніі і паўночная частка Латвіі былі перададзеныя ў склад Вялікага Княства Літоўскага ў якасьці сфармаванага герцагства Лівонія. Готгард Кетлер, апошні магістар Лівонскага вордэну, стварыў Курляндзкае і Земгальскае герцагства[12]. Не зважаючы на тое, што герцагства было васалам Польшчы, яно захавала значную ступень аўтаноміі і перажыла залаты век у 16 стагодзьдзі. Латгалія, ўсходні рэгіён Латвіі, стала часткай Інфлянцкага ваяводзтва, якое фармальна кіравалася Рэччу Паспалітай[13].
У 17 і пачатку 18 стагодзьдзяў Рэч Паспалітая, Швэцыя і Расея змагаліся за панаваньне ва ўсходняй частцы Балтыйскага мора. Пасьля вайны Рэчы Паспалітай са Швэцыяй 1600—1611 гадоў паўночная Лівонія (уключаючы Відзэмэ) патрапіла пад уладу Швэцыі. Рыга стала сталіцай швэдзкай Лівоніі і самым вялікім горадам ва ўсёй швэдзкай імпэрыі[14]. Барацьба працягвалася час ад часу паміж Швэцыяй і Рэччу Паспалітай да Альтмаркскага перамір’я, складзенага ў 1629 годзе. У Латвіі швэдзкі пэрыяд, як правіла, вызначаюць як станоўчы, то бок быў паслаблены прыгон, была створана сетка школаў для сялянства і паменшана ўлада рэгіянальных баронаў.
Некалькі важных культурных зьменаў адбыліся за гэты час. Разам са швэдзкім і ў значнай ступені нямецкім уплывам, лютэранства шырока распаўсюдзілася ў заходняй частцы сучаснай тэрыторыі Латвіі. Старажытныя плямёны куршаў, земгалаў, селаў, ліваў і паўночных латгалаў пачалі фармаваць латыскі народ, размаўляючы на адзінай латыскай мове. На працягу ўсіх гэтых стагодзьдзяў, аднак, не мелася фактычнай латвійскай дзяржавы, таму мяжа і вызначэньне таго, каго трэба далучыць да гэтай групы шмат у чым суб’ектыўныя. У той жа час, у значнай ступені ізаляваныя ад астатняй часткі Латвіі, паўднёвыя латгалы прынялі каталіцтва пад уплывам езуітаў. Латагальскі дыялект застаўся даволі выразны, не зважаючы на тое, што ў латгальскую мову пракралася шмат запазычаньняў са славянскіх моваў.
У XVIII стагодзьдзях Латвія паэтапна трапіла ў склад Расейскае імпэрыі. 18 лістапада 1918 году Латвія абвясьціла незалежнасьць ад ахопленай Рэвалюцыяй Расеі. З 1934 году Латвія была аўтарытарнай дзяржаваю. 17 ліпеня 1940 году Латвія была акупаваная савецкімі войскамі згодна з сакрэтнымі часткамі савецка-нацысцкага Пакту Молатава — Рыбэнтропа і ўключаная ў склад Савецкага Саюзу на правах саюзнай рэспублікі.
У другой палове 1980-х савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў увёў палітычныя і эканамічныя рэформы ў Савецкім Саюзе, якія называліся галоснасьцю і перабудовай. Улетку 1987 году былі праведзеныя першыя буйныя дэманстрацыі ў Рызе каля Помніку Свабоды — сымбалю незалежнасьці. Улетку 1988 году латыскі нацыянальны рух, Народны фронт Латвіі, супрацьстаяў Інтэрфронту. Латвійская ССР, нароўні зь іншымі балтыйскімі краінамі Свацкага Сьвязу атрымала вялікую аўтаномію, а ў 1988 годзе, стары даваенны Сьцяг Латвіі зноўку стаў дзяржаўным, прыйшоўшы на зьмену савецкаму латвійскаму сьцягу ў 1990 годзе.
У 1989 годзе Вярхоўны Савет СССР прыняў рэзалюцыю, якой далучэньне балтыскіх краінаў у 1940 годзе называлася акупацыяй. Пранезалежны Народны фронт Латвіі атрымаў большасьць у дзьве траціны ў Вярхоўным Савеце Латвіі ў сакавіку 1990 году паводле вынікаў дэмакратычных выбараў. 4 траўня 1990 году Вярхоўны Савет прыняў Дэклярацыю аб аднаўленьні незалежнасьці Латвійскай Рэспублікі. Такім чынам Латвійская ССР была перайменавана ў Латвійскую Рэспубліку[15].
Тым ня менш, цэнтральная ўлада ў Маскве працягвала разглядаць Латвію як савецкую рэспубліку ў 1990 і 1991 гадох. У студзені 1991 году савецкія палітычныя і вайсковыя сілы беспасьпяхова спрабавалі зрабіць пераварот у Латвіі шляхам стварэньня камітэту нацыянальнага выратаваньня ўзурпацыі дзяржаўных функцыяў. На працягу пераходнага пэрыяду, Масква падтрымлівала шматлікія цэнтральныя савецкія ворганы дзяржаўнай улады ў Латвіі.
21 жніўня 1991 году Латвія аднавіла свой сувэрэнітэт. Латвія адразу ўзяла курс на эўраінтэграцыю, ня стала далучацца да пост-савецкага аб’яднаньня СНД. Напачатку 21 стагодзьдзя Латвія стала чальцом НАТО і Эўрапейскага Зьвязу (2004), з 2014 году перайшла на абарачэньне эўра, стаўшы часткай Эўразоны.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Латвія знаходзіцца ў Паўночнай Эўропе, на ўсходнім узьбярэжжы Балтыйскага мора і паўночна-заходняй частцы Ўсходне-Эўрапейскай плятформы, паміж шыротамі 55° і 58, і мэрыдыянамі 21° і 29°. Латвія мае агульную плошчу ў 64559 км², зь якіх 18159 км² зьяўляюцца сельскагаспадарчымі надзеламі[16], 34964 км² адносяцца да лясных зямель[17].
Агульная працягласьць мяжы Латвіі складае 1866 км. Тэрыторыя Латвіі збольшага ўяўляе сабой лясісты марэнна-пагоркавы ляндшафт з шматлікімі азёрамі і доўгай паласой роўнага ўзьбярэжжа. Агульная даўжыня ейнай сухапутнай мяжы складае 1368 км, зь якіх 343 км падзяляе з Эстоніяй на поўначы, 276 км з Расеяй на ўсходзе, 161 км зь Беларусьсю на паўднёвым ўсходзе і 588 км зь Летувой на поўдні. Агульная працягласьць марской мяжы складае 498 км. З поўначы на поўдзень тэрыторыя краіны складае 210 км, а з захаду на ўсход 450 км[18]. Рыга з геаграфічнага пункту гледжаньня — цэнтар рэдказаселеных земляў.
Большая частка тэрыторыі Латвіі знаходзіцца на вышыні менш за 100 мэтраў над узроўнем мора. Самае вялікае возера, Лубанс, мае плошчу 80,7 км². Але найбольш глыбокім возерам зьяўляецца возера Дрыдзіс, якое мае глыбіню ў 65,1 мэтраў. Самая доўгай ракой на тэрыторыі Латвіі зьяўляецца рака Гаўя, у 452 км у даўжыню. Самай доўгай ракой, якая працякае праз тэрыторыю Латвіі зьяўляецца Даўгава, якая мае агульную даўжыню ў 1005 км, зь якіх 352 км прыпадае на тэрыторыі Латвіі. Працягласьць Балтыйскага ўзьбярэжжа Латвіі складае 494 км. Краявіды багатыя на халмы ды азёры. Узьбярэжжа Балтыйскага мора аднастайнае. З фаўны распаўсюджаныя алені, лісы, ласі, ваўкі, бабры.
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Латвія мае ўмераны клімат, які быў адносіцца да вільготнага кантынэнтальнага або акіянска-марскогу паводле клясыфікацыі Кёпэна[19]. Прыбярэжныя раёны, асабліва заходняе ўзьбярэжжа Курскага паўвострава, валодае больш марскім кліматам з больш прахалодным летам і больш мяккімі зімамі, у той час як усходнія часткі дэманструюць больш кантынэнтальны клімат з больш цёплым летам і суровымі зімамі[19].
Латвія мае чатыры ярка выяўленых сэзонаў амаль аднолькавай даўжыні. Зіма пачынаецца ў сярэдзіне сьнежня і працягваецца да сярэдзіны сакавіка. Зімы маюць сярэднія тэмпэратуры ў -6 °C і характарызуюцца ўстойлівым сьнежным покрывам, яскравым сонцам і кароткай працягласьцю сьветавога дня. Даволі часта назіраюцца пэрыяды зімовага надвор’я з халоднымі вятрамі, экстрэмальнымі тэмпэратуры каля -30 °С і цяжкімі сьнегападамі. Лета пачынаецца ў чэрвені і працягваецца да жніўня. Лета, як правіла, цёплае і сонечнае, з халоднымі вечарамі і начамі. Сярэдняя тэмпэратура лета складае 19 °C. Вясной і восеньню назіраецца даволі мяккі клімат.
Адміністрацыйны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Латвія зьяўляецца ўнітарнай дзяржавай, ня мае будзь-якіх аўтаномных тэрыторыяў. У цяперашні час яна падзеленая на 110 аднаўзроўневых краёў (лат. novads, мн. л. novadi) і 9 гарадоў рэспубліканскага значэньня са сваёй уласнай гарадзкой радай і кіраваньнем. Да іхнага ліку адносяцца Дзьвінск, Екабпілс, Елгава, Юрмала, Ліепая, Рэжыца, Рыга, Валміера і Вэнтсьпілс. Да 2009 году захоўваўся савецкі адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на раёны і рэспубліканскія гарады. Цяперашнія краі падзяляюцца на воласьці (аналяг сельсавету) і гарады (зрэшты, ня ўсе краі іх утрымліваюць). Акрамя таго існуе падзел краіны на чатыры гістарычных і культурных рэгіёнаў — Курзэмэ, Латгалію, Відзэмэ і Зэмгалэ, што адлюстравана ў Канстытуцыі Латвіі. Сэлія, частка Зэмгалэ, часам лічацца культурна асобным рэгіёнам, але яна не зьяўляецца часткай якога-небудзь фармальнага падзелу. Межы гістарычных і культурных рэгіёнаў, як правіла, выразна ня вызначаны і ў некалькіх крыніцах могуць адрозьнівацца.
У адпаведнасьці з афіцыйным падзелам Рыскі рэгіён, які ўключае ў сябе сталіцу і часткі іншых рэгіёнаў, якія маюць трывалыя сувязі з Рыгай, таксама часьцяком уключаецца ў асобную адзінку, як то існуе падзел на пяць рэгіёнаў плянаваньня Латвіі, які быў створаны ў 2009 годзе ў мэтах садзейнічаньню збалянсаванага разьвіцьця ўсіх рэгіёнаў. У адпаведнасьці з гэтым падзелам Рыскі рэгіён ўключае ў сябе большую частку таго, што традыцыйна лічыцца часткамі гістарычных рэгіёнаў Відзэмэ, Курзэмэ й Зэмгалэ. Статыстычныя рэгіёны Латвіі, створаныя ў адпаведнасьці са стандартам ЭЗ у адносінах да тэрытарыяльных адзінак статыстыкі, часткова дублююць гэты падзел, але падзяляюць Рыскі рэгіён на дзьве часткі. Самым вялікім горадам у Латвіі зьяўляецца Рыга, другі паводле велічыні — Дзьвінск, трэці — Ліепая.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Латвія зьяўляецца чальцом Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (1999) і Эўрапейскага Зьвязу (2004). З 1 студзеня 2014 году эўра стаў афіцыйным валютным сродкам краіны, замяніўшы латвійскі лат. Згодна са статыстычнымі зьвесткамі на канец 2013 году 45% насельніцтва падтрымлівала ўвядзеньне эўра, у той час як 52% было супраць[20]. Пасьля ўвядзеньня эўра, Эўрабаромэтар выявіў, што на студзень 2014 году падтрымка адзінай эўрапейскай валюты дасягнула 53%, што блізка да сярэднеэўрапейскага паказчыка[21].
Пачынаючы з 2000 году Латвія паказвала адны з самых высокіх (СУП) тэмпаў росту ў Эўропе[22]. Аднак, у асноўным ён базаваўся на росьце спажываньня, таму ў канцы 2008 і пачатку 2009 году назіраўся рэзкае падзеньне латвійскага СУП. Становішча пагоршылася глябальным эканамічным крызісам, недахопам крэдытаў і велізарнымі грашовымі сродкаў, якія былі выдаткаваны на патрымку банку Parex Banka[23]. Латвійская эканоміка ўпала на 18% на працягу першых трох месяцаў 2009 году, што ёсьць найбольшым спадам у Эўрапейскім Зьвязе[24].
Прыватызацыя ў Латвіі амаль завершана. Практычна ўсе ранейшыя дзяржаўныя малыя і сярэднія прадпрыемствы былі прыватызаваныя. Была пакуната толькі невялікая колькасьць палітычна адчувальных буйных дзяржаўных кампаніяў. На прыватны сэктар прыходзілася каля 68% ад СУП краіны ў 2000 годзе. Замежныя інвэстыцыі ў Латвіі па-ранейшаму даволі сьціплыя ў параўнаньні з узроўнем у паўночна-цэнтральнай частцы Эўропы. Узровень беспрацоўя ў Латвіі рэзка вырас у гэты пэрыяд кразісу ад нізкага ўзроўню 5,4% у лістападзе 2007 году да больш чым 22% у красавіку 2010 году.
У ліпені 2012 году МВФ адзначыў аднаўленьне эканомікі Латвіі з 2010 году пасьля глыбокага спаду ў 2008—2009 гадох. Рэальны рост СУП на 5,5% у 2011 годзе быў падмацаваны ростам экспарту і аднаўленьнем унутранага попыту. Тэмпы росту працягнуліся ў 2012 і 2013 гадох, не зважаючы на пагаршэньне зьнешніх умоваў, а эканоміка, як чакаецца, будзе павялічвацца і надалей. У 2014 годзе ўзровень беспрацоўя адступіў ад свайго піку з 20% у 2010 годзе да прыкладна 9,3%[25].
Найважнейшая галіна прамысловасьці Латвіі — машынабудаўніцтва. Акрамя таго, важную ролю адыгрывае марское рыбалоўства, вытворчасьць мэблі і тэкстыльная прамысловасьць. Найважнейшыя эканамічныя партнэры Латвіі — краіны Паўночнае Эўропы, таксама важная роля належыць транзыту нафты і нафтавых прадуктаў зь Беларусі і Расеі. Традыцыйна вялікае значэньне мае турызм, што зноў перажывае рост пасьля атрыманьня незалежнасьці. Транспартны сэктар складае каля 14% ад СУП. Латвія гуляе важную ролю ў транзыце паміж Расеяй, Беларусьсю, Казахстанам, а таксама іншымі азіяцкімі краінамі і краінамі Эўропы.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Транспартная інфраструктура Латвіі добра разьвітая. Цэнтар транспартнай сеткі — сталіца Рыга.
Чыгунка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За апошнія 10 гадоў чыгунка перажыла масіўнае зьніжэньне пасажырапатоку. Найбуйнейшае прадпрыемства чыгункі — LDZ (Latvijas Dzelzceli, «Латвійскія чыгункі»). Важнымі застаюцца таварныя перавозкі да балтыйскіх портаў, прадмесныя электрычкі ў рыскай аглямэрацыі, пасажырскія перавозкі з Рыгі ў Дзьвінск, а таксама з Рыгі ў Вільню, Коўна, Менск, Маскву і Санкт-Пецярбург. Pasažieru Vilciens зьяўляецца даччынай кампаніяй Латвійскай чыгункі і зьяўляецца адзіным перавозчыкам пасажыраў па чыгунцы на тэрыторыі Латвіі.
Авіяцыйны транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбуйнейшы аэрапорт краіны знаходзіцца ў Рызе. Ён, акрамя таго, зьяўляецца самым загружаным аэрапортам ў краінах Балтыі з 4,7 мільёнаў пасажыраў ў 2012 годзе. Таксама там мяшкае найбуйнейшая авіякампанія Латвіі — AirBaltic, што ажыцьцяўляе рэйсы ў Скандынавію, краіны Цэнтральнае Эўропы і іншыя краіны Прыбалтыкі і сьвету. У апошнія гады AirBaltic таксама працуе ў Ліепайскім міжнародным аэрапорце, а таксама Вэнтсьпілскім міжнародным аэрапорце, але дзейнасьці кампаніі ў абодвух гэтых аэрапортах былі спыненыя да 2017 году, пасьля чаго AirBaltic аднавіла рэйсы з Рыгі ў Ліепаю і ў адваротным напрамку. У цяперашні час існуюць пляны па далейшаму разьвіцьцю ў шэрагу рэгіянальных аэрапортаў, уключаючы аэрапорты Юрмалы, Ліепаі, Вэнтсьпілсу і Дзьвінску.
Карабельны транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Марскі транспарт на Балтыцы — важны складнік транспартнае сыстэмы рэгіёну зь Сярэднявечча. Марскія порты Латвіі — Рыга, Вэнтсьпілс і Ліепая. Гэтыя порты таксама выкарыстоўваюцца дзеля перавозкі грузаў, палову зь якіх складаюць перавозка сырой нафты і нафтапрадуктаў. Паромныя маршруты злучаюць Латвію з краінамі Скандынавіі, Польшчаю, Нямеччынай. Акрамя таго, багата марскіх камунікацыяў ідуць уздоўж латвійскага ўзьбярэжжа.
Аўтамабільны транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Латвія мае прамяную сыстэму шашаў з цэнтрам у Рызе. Важнае значэньне мае аўтастрада Via Baltica, што ідзе праз усю краіну з поўначы на поўдзень праз Рыгу.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Этнічныя групы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Насельніцтва Латвіі было шматнацыянальным на працягу многіх стагодзьдзяў, не зважаючы на тое, што дэмаграфічныя працэсы рэзка зрушыліся ў 20 стагодзьдзі з-за сусьветных войнаў, эміграцыі, дэпартацыі балтыйскіх немцаў, Галакосту і акупацыі Савецкім Саюзам. Згодна са зьвесткамі Расейскай імпэрыі перапісу 1897 году латышы скаладалі 68,3% ад агульнай колькасьці насельніцтва ў 1,93 млн чалавек. Расейцы складалі — 12%, габрэі — 7,4%, немцы — 6,2% і палякі — 3,4%[26].
Паводле стану на сакавік 2011 году, латышы складаюць каля 62,1% насельніцтва, у той час як 26,9% складаюць расейцы, беларусы — 3,3%, украінцы — 2,2%, палякі — 2,2%, летувісы — 1,2%, габрэі — 0,3%, цыганы — 0,3%, немцы — 0,1%, эстонцы — 0,1% ды іншыя — 1,3%. 250 людзей ідэнтыфікуюць сябе як лівы, якія адносяцца на фіна-вугорскага этнасу Балтыі. У Латвіі налічваецца 290 660 чалавек, якія маюць статус неграмадзянаў, 14,1% ад агульнай колькасьці жыхароў краіны. У асноўным гэта этнічныя расейцы, якія трапілі на тэрыторыю Латвіі пасьля акупацыі 1940 году, і іхныя нашчадкі.
У некаторых гарадох, напрыклад, Дзьвінск і Рэжыца, латышы складаюць меншасьць ад агульнай колькасьці насельніцтва. Нягледзячы на тое, што доля этнічных латышоў няўхільна расьце на працягу больш за дзесяць гадоў, латышы таксама складаюць крыху менш за палову насельніцтва сталіцы Латвіі[27]. За часам савецкай акупацыі доля этнічных латышоў скарацілася з 77% (1 467 035 чалавек) у 1935 годзе да 52% (1 387 757) ў 1989 годзе. У 2011 годзе было нават менш латышоў, чым у 1989 годзе, хоць іхная доля насельніцтва была большай.
1935 | 1959 | 1970 | 1979 | 1989 | 2000 | 2011 | ||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Этнічнае паходжаньне | Колькасьць | % | Колькасьць | % | Колькасьць | % | Колькасьць | % | Колькасьць | % | Колькасьць | % | Колькасьць | % |
Латышы | 1 467,0 | 77,0 | 1 297,9 | 62,0 | 1 341,8 | 56,8 | 1 344,1 | 54,0 | 1 387,8 | 52,0 | 1 370,7 | 57,66 | 1 284,2 | 62,1 |
Расейцы | 168,3 | 8,8 | 556,4 | 26,6 | 704,6 | 29,8 | 821,5 | 32,8 | 905,5 | 34,0 | 703,2 | 29,58 | 556,4 | 26,9 |
Габрэі | 93,4 | 4,9 | 36,6 | 1,7 | 36,7 | 1,6 | 28,3 | 1,1 | 22,9 | 0,9 | 10,4 | 0,44 | 6,4 | 0,3 |
Немцы | 62,1 | 3,3 | 1,6 | 0,1 | 5,4 | 0,2 | 3,3 | 0,1 | 3,8 | 0,1 | 3,5 | 0,15 | 3,0 | 0,1 |
Палякі | 48,6 | 2,6 | 59,8 | 2,9 | 63,0 | 2,7 | 62,7 | 2,5 | 60,4 | 2,3 | 59,5 | 2,50 | 44,8 | 2,2 |
Беларусы | 26,8 | 1,4 | 61,6 | 2,9 | 94,7 | 4,0 | 111,5 | 4,5 | 119,7 | 4,5 | 97,2 | 4,09 | 68,2 | 3,3 |
Летувісы | 22,8 | 1,2 | 32,4 | 1,5 | 40,6 | 1,7 | 37,8 | 1,5 | 34,6 | 1,3 | 33,4 | 1,40 | 24,4 | 1,2 |
Эстонцы | 6,9 | 0,4 | 4,6 | 0,2 | 4,3 | 0,2 | 3,7 | 0,1 | 3,3 | 0,1 | 2,7 | 0,11 | 2,0 | 0,10 |
Цыганы | 3,8 | 0,2 | 4,3 | 0,2 | 5,4 | 0,2 | 6,1 | 0,2 | 7,0 | 0,3 | 8,2 | 0,34 | 6,5 | 0,3 |
Украінцы | 1,8 | -- | 29,4 | 1,4 | 53,5 | 2,3 | 66,7 | 2,7 | 92,1 | 3,4 | 63,6 | 2,68 | 45,7 | 2,2 |
іншыя | 4,2 | 0,2 | 1,8 | 0,1 | 2,7 | 0,1 | 3,8 | 0,2 | 29,4 | 1,0 | 25,0 | 1,1 | 26,3 | 1,3 |
Усяго | 1901,5 | 2086,4 | 2352,7 | 2489,5 | 2641,9 | 2377,4 | 2067,9 |
Мова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адзінай афіцыйнай мовай Латвіі зьяўляецца латыская мова, якая адносіцца да прыбалтыйскай моўнай падгрупы балта-славянскай моўнай індаэўрапейскай сям’і. Сярод іншых мовай Латвіі вылучаецца ліўская мова, якая на сёньня зьяўляецца амаль вымерлай і адносіцца да фінскай сям’і ўральскіх моваў. Яна абараняецца паводле закону. Таксама існуе латгальская мова, якая зьяўляецца асобнай моваў латыскага народу, яна таксама фармальна абаронена заканадаўствам Латвійскай Рэспублікі, але толькі як гістарычная варыяцыя латыскай мовы. Расейская мова, шырока распаўсюджаная ў савецкі пэрыяд, па-ранейшаму зьяўляецца найбольш шырока выкарыстоўванай мовай меншасьці на сёньняшні дзень. Каля 34% насельніцтва размаўляюць на ёй дома, у тым ліку людзі, якія не зьяўляюцца расейцамі паводле этнічнай прыналежнасьці. Нягледзячы на тое, што ў цяперашні час патрабуецца, каб усе школьнікі вывучалі латыскую мову, хапае школаў, якія таксама ўключаюць у свае праграмы ангельскую, нямецкую ці расейскую мову як мову выкладаньня навучальных праграмаў. Па стане на 2014 год існавала 109 школаў для меншасьцяў, якія выкарыстоўвалі расейскую мову ў якасьці мовы навучаньня 40% дысцыплінаў, астатнія 60% прадметаў — выкладаліся на латыскай мове. Ангельская мова шырока распаўсюджана ў Латвіі, асабліва ў сфэры бізнэсу і турызму.
18 лютага 2012 году Латвія правяла канстытуцыйны рэфэрэндум па пытаньні аб тым, каб прыняць расейскую мову ў якасьці другой афіцыйнай мовы. Паводле зьвестак Цэнтральнай выбарчай камісіі 74,8% прагаласавалі «супраць», 24,9% прагаласавалі «за». Яўка выбаршчыкаў склала 71,1%.[28].
Культура і грамадзтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За сваю гісторыю Латвія трапляла пад культурныя ўплывы розных краінаў. Найбольш яскравы ўплыў краінаў Паўночнае Эўропы. Архітэктура старых месцаў тыповая для гарадоў Ганзы. Гэтаксама і сучасная латыская культура мае шчыльныя сувязі з швэдзкай, фінскай і, асабліва, нямецкай культурамі.
Важную ролю ў фармаваньні культурнага ляндшафту Латвіі адыграла расейскае панаваньне, што доўжылася амаль два стагодзьдзі. Расейская мова дагэтуль вельмі пашыраная ў краіне, асабліва ў гарадах і на ўсходзе, сярод расейцаў і іншых нацыянальных групаў, што складаюць да 40% насельніцтва.
Частка сучаснай Латвіі вакол Дзьвінску (Латгалія) гістарычна была населеная беларусамі, уваходзіла ў Полацкае княства і нават была абвешчаная як частка Беларускае Народнае Рэспублікі ў 1918 годзе. Сам горад мае адпаведную латыскую назву — Даўгаўпілс (лат. Daugavpils). Нягледзячы на гэта, да славянскае прысутнасьці ў паўднёва-ўсходняй Латвіі адзначаецца прысутнасьць усходнебалцкага племя латгалаў, аднаго з плямёнаў, што ўдзельнічала ў этнагенэзе латыскага этнасу.
Акрамя таго, у Латвіі пражывае фіна-вугорская народнасьць ліваў 1500, перш за ўсё ў Рызе і некаторых прыморскіх вёсках. Лівы зьяўляюцца нашчадкамі дабалцкага фіна-вугорскага насельніцтва краіны. Большая частка зь іх, аднак, гістарычна зазнала асыміляцыю балтамі, а цяперашнія лівы практычна поўнасьцю страцілі сваю першапачатковую мову. Ліўская мова, між тым, выкладаецца ў латвійскіх вышэйшых навучальных установах і ўлічваецца шэрагам арганізацыяў.
Пануючаю ў Латвіі рэлігіяй у Латвіі пасьля Рэфармацыі сталася лютэранства, за выняткам пераважна каталіцкай Латгаліі, што было абумоўлена яе сувязямі з Рэччу Паспалітай. Сярод расейскамоўных латвійцаў пашыранае расейскае праваслаўе. Колькасьць рэгулярна наведваючых царкву ў Латвіі сёньня вельмі малая, ці ня самая нізкая ў Эўропе. Латыская лютэранская царква вельмі кансэрватыўная і адмаўляе кабетам у праве прапаведаваць (нягледзячы на кароткачасовы прэцэдэнт высьвячэньня жанчын, цяпер гэта не практыкуецца), у чым яна супярэчыць з латыскай лютэранскаю царквой у эміграцыі ў Швэцыі і іншых краінах. Вялікую ролю граюць абрады і элемэнты традыцыйных балцкіх вераваньняў.
Самае яскравае народнае сьвята ў латышоў — Купальле (Jānis, vasaras saulgrieži), зь якім таксама зьвязана шмат традыцыяў і звычаяў.
Латвія знакамітая сваёй культурай народных сьпеваў. Тыповая латыская форма сьпеваў — дайны, чатырохрадковыя, невершаваныя сьпевы на розныя тэмы, ад міталягічных да побытавых сюжэтаў. Этнографамі было сабрана больш за мільён народных дайнаў, што ёсьць рэкордам, зважаючы на колькасьць насельніцтва невялікай Латвіі. Запіс дагэтуль перадаваных у вуснай форме дайнаў пачаў напрыканцы 19 стагодзьдзя Крыш’яніс Баранс; сабраная ім для гэтага Шафа Дайнаў дагэтуль зьяўляецца свайго кшталту нацыянальнай сьвятыняй.
Кожныя 5 гадоў у Рызе (за савецкім часам — за мяжой) праходзіць вялікі Сьпеўніцкі фэст, у якім бяруць удзел тысячы латыскіх і замежных хораў, хораў латыскае дыяспары. Сусьветна вядомы сымфанічны дырыгент Марыс Янсанс нарадзіўся ў 1943 годзе ў Рызе.
Як і ў Эстоніі, меская культура і буйныя паны ў Латвіі былі да кастрычніцкага перавароту 1917 году нямецкамоўнымі. Таксама нямецкамоўнаю была інтэлігенцыя. Падчас Другой сусьветнай вайны па пагадненьні між нацысцкай Нямеччынай і ўжо часткова акупаванай Савецкім Саюзам Латвіяй, нямецкая меншасьць была вывезеная ў Нямеччыну. Таксама амаль не засталося ў Латвіі пасьля Другой сусьветнай вайны калісьці буйнае жыдоўскае грамады.
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле некаторых навукоўцаў, у сучаснай сталіцы Латвіі ў 1510 годзе была ўсталявана першая калядная ёлка ў сьвеце. Іншая тэорыя адносіць гэтае вынаходніцтва да гораду Сэляста ў францускім Эльзасе[29].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Iedzīvotāju skaits gada sākumā. Oficiālais stastistikas portāls
- ^ https://data.stat.gov.lv/pxweb/lv/OSP_PUB/START__POP__IR__IRS/IRS010/
- ^ а б Latvia in Brief. Latvian Institute. 2011.
- ^ Weather information in Latvia». www.travelsignposts.com.
- ^ Ģērmanis, Uldis (2007). Ojārs Kalniņš, ed. The Latvian Saga (11th ed.). Riga: Atēna. p. 268. ISBN 9789984342917. OCLC 213385330.
- ^ «UPHEAVAL IN THE EAST; Soviet Congress Condemns '39 Pact That Led to Annexation of Baltics». The New York Times
- ^ Administrative divisions of Latvia. www.ambermarks.com.
- ^ Socialinguistica: language and Religion academia.edu.
- ^ Latvia. World Bank.
- ^ Data: Latvia. Kingdoms of Northern Europe – Latvia
- ^ а б в г Latvian History, Lonely Planet. Lonelyplanet.com
- ^ Duchy of Courland. University of Washington.
- ^ Kevin O'Connor. «Culture and Customs of the Baltic States». p. 14 ISBN 978-0-313-33125-1
- ^ Kasekamp, Andres (2010). «A History of the Baltic States». London: Palgrave Macmillan. p. 47 ISBN 978-0-230-01940-9.
- ^ Eglitis, Daina Stukuls (2010-11-01). «Imagining the Nation: History, Modernity, and Revolution in Latvia». Penn State Press. ISBN 0271045620.
- ^ Agriculture – Key Indicators. Central Statistical Bureau Republic of Latvia.
- ^ Forestry – Key Indicators. Central Statistical Bureau Republic of Latvia
- ^ Geographical Data – Key Indicators. Central Statistical Bureau Republic of Latvia
- ^ а б Latvia in crosscut. Liepājas Universitāte
- ^ Turpina pieaugt iedzīvotāju atbalsts eiro ieviešanai. Apollo.lv.
- ^ New currency, new leader. The Economist
- ^ Growth rate of real GDP per capita. Eurostat
- ^ Rimsevics: Failing to bail out Parex banka would result in closing down of four banks in Latvia. The Baltic Course.
- ^ Latvian GDP Shrank 18% in First Quarter, EU's Biggest Fall. Bloomberg L.P.
- ^ IMF Executive Board Concludes First Post-Program Monitoring Discussions with the Republic of Latvia, July 16, 2012. IMF.org.
- ^ Latvia – Population. U.S. Library of Congress.
- ^ Latvia - Population. Globalsecurity.org
- ^ Results of the referendum on the Draft Law 'Amendments to the Constitution of the Republic of Latvia. Central Election Commission of Latvia.
- ^ L’histoire des décorations de l’arbre de Noël et les boules de Meisenthal à la crypte