Мёры
Мёры — места ў Беларусі, на беразе Мёрскага возера. Адміністрацыйны цэнтар Мёрскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 7935 чалавек[2]. Знаходзяцца за 190 км ад Віцебску. Чыгуначная станцыя на лініі Друя — Варапаева. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места зь Дзісной, Дрысай, Браславам, Шаркоўшчынай.
Мёры лац. Miory | |||||
Агульны выгляд места | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1514 | ||||
Горад з: | 1972 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Мёрскі | ||||
Плошча: | 9,64 км² [1] | ||||
Вышыня: | 146 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 7935 чал.[2] | ||||
шчыльнасьць: | 823,13 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2152 | ||||
Паштовы індэкс: | 211930 | ||||
СААТА: | 2233501000 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 55°37′0″ пн. ш. 27°37′0″ у. д. / 55.61667° пн. ш. 27.61667° у. д.Каардынаты: 55°37′0″ пн. ш. 27°37′0″ у. д. / 55.61667° пн. ш. 27.61667° у. д. | ||||
± Мёры | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://miory.vitebsk-region.gov.by/ |
Мёры — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны).
Назва
рэдагавацьТрадыцыйная гістарычная назва места — Мёры. Старабеларускае напісаньне Меры (Мёры) ужывалася ў большасьці гістарычных дакумэнтаў, а яго правільнае вымаўленьне адлюстроўвала лацінкавая форма Mіоrу[3].
Існуе некалькі меркаваньняў датычна паходжаньня тапоніму: Р. Аўчыньнікава тлумачыць яго ад фінска-вугорскага гідранімічнага фарманту jarvi (возера), тым часам Вадзім Жучкевіч мяркуе, што тапонім мае патранімічнае паходжаньне ад прозьвішча Маер, Меер, Маераў[4]. Некаторыя навукоўцы зьвязваюць назву паселішча з племям Мерай або з князямі Мірскімі. Асобна вылучаецца балтыйская вэрсія паходжаньня тапоніму, якая грунтуецца на сугуччы назвы Мёраў у старажытнай форме Мярэя[a] з ракой Мярэяй у басэйне Дняпра[5]. Апошняя мае балтыйскае паходжаньне[6] з адпаведнікамі ў Сьвянцянскім раёне Летувы, якія пазначаюць 'ваду', 'затоку'[5].
Апроч гэтага, існуе некалькі народных паданьняў. Першае зь іх тлумачыць тапонім вялікім «морам», ад якога памёрла ўсё насельніцтва мясьціны (Мёры — ад словаў «мерці, памерці»). Іншая легенда зьвязвае назву паселішча з канавай Мерыцай, якая пазначала мяжу паміж двума ваяўнічымі княствамі. Апроч гэтага існуе згадка пра тое, што людзі жылі тут доўгі час грамадою, якая называлася «мір», — адкуль нібыта пайшла назва Міры. Таксама існуе паданьне пра князя Меру і ягоную жонку Мерыцу[7].
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай расейскія ўлады прынялі дыфтонг іо (Mіory) за дзьве асобныя літары і гэтым самым перакруцілі спрадвечнае гучаньне і напісаньне тапоніму — (рас. Міоры)[8]. Савецкія ўлады зрабілі з расейскага напісаньня Миоры беларускую трансьлітарацыю і ўтварылі недарэчную штучную форму Міёры[3], якая была афіцыйнай да выхаду нарматыўнага даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь».
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовых ўпамін пра Мёры (Мярэю) як маёнтак у Браслаўскім павеце датуецца 1514 годам[9] (паводле іншых зьвестак — 1548 годам[10]).
У попісе войска Вялікага Княства Літоўскага пад 1567 годам упамінаецца маёнтак Меры (назва існавала да XIX ст.), які належаў Р. Мірскаму. Пад 1612 годам у тэстамэнце Януша Пуцяты, маршалка Браслаўскага павету, значацца Міры. У 1621 годзе ўладальніца маёнтку Н. Мірская заснавала тут царкву[11]. У 1633 годзе паселішча належала А. Рыле, якая ў 1640 годзе прадала яго браслаўскаму судзьдзю С. Мірскаму. 3 1644 году тут існаваў манастыр, які ў 1690 годзе М. Мірскі перадаў грэка-каталікам. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) паселішча спустошылі маскоўскія захопнікі. Паводле тэстамэнту (1680) Сімяона Полацкага, той ахвяраваў на карысьць манастыра частку грошай. У 1691 годзе ў Мёрах збудавалі драўляны касьцёл (дзеяў да 1862 году).
У XVIII ст. існавала 5 маёнткаў з назвай Меры, якія належалі Мірскім, Перасьвет-Солтанам, Беліковічам, Клотам, Зяновічам, Пуцятам[12].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мёры апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе атрымалі статус мястэчка[9] і сталі цэнтрам воласьці Дзісенскага павету Менскай губэрні (з 1842 году ў Віленскай губэрні). Жыхары Мёраў бралі актыўны ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864). У 1866 годзе з мэтаю маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі ў мястэчку народную вучэльню, у якой працавалі настаўнікамі выхадцы з цэнтральнай Расеі. На 1886 год у Мёрах працавалі валасная ўправа, 3 карчмы; штогод праходзілі 2 кірмашы. На 1903 год існавалі жыдоўская вучэльня і царкоўна-прыходзкая школа. У 1907 годзе ў мястэчку збудавалі касьцёл.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Мёры занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мёры абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году паводле пастановы І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Мёры апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Дзісенскага павету Віленскага ваяводзтва[9]. На 1927 год тут працавалі 2 млыны, аптэка, 5 крамаў, запалкавая фабрыка. У 1930 годзе празь мястэчка прайшла чыгунка Варапаева — Друя.
У 1939 годзе Мёры ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году сталі цэнтрам раёну (з 1944 году ў Полацкай, з 1954 году ў Маладэчанскай, з 1960 году ў Віцебскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 3 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
7 жніўня 1957 году Мёры атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу, 7 жніўня 1972 году — статус места. У 2003 годзе адбылося ўрачыстае адкрыцьцё набярэжнай працягласьцю 500 м, якая стала візытоўкай места. У 2006 годзе ў Мёры правялі прыродны газ.
-
Стары касьцёл з боку ракі Мёрыцы, 1906 г.
-
Апошняе казаньне кс. Ю. Баровіча ў новым касьцёле, 11.11.1908 г.
-
Новы касьцёл з боку возера Мёрскага, 1910 г.
-
Новы касьцёл з боку возера Мёрскага, 1922 г.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1885 год — 96 чал. (50 муж. і 46 жан.)[13]; 1886 год — 110 чал.; 1897 год — 145 чал.
- XX стагодзьдзе: 1903 год — 135 чал.; 1927 год — 422 чал.; 1959 год — 1,9 тыс. чал.; 1970 год — 5,7 тыс. чал.; 1991 год — 9,1 тыс. чал.; 1998 год — 9,3 тыс. чал.[14]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 8,9 тыс. чал.; 2009 год — 8188 чал.[15] (перапіс); 2010 год — 8,1 тыс. чал.; 2016 год — 8052 чал.[16]; 2017 год — 8001 чал.[17]; 2018 год — 7935 чал.[2]
Адукацыя
рэдагавацьУ Мёрах працуюць 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, школа мастацтваў, дом дзіцячай творчасьці.
Культура
рэдагавацьДзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі, раённы гістарычна-этнаграфічны музэй. З 2001 году ў Мёрах праводзіцца абласны тур рэспубліканскага фэсту нацыянальных культураў «Нас зьяднала зямля Беларусі».
У месьце выдаецца раённая газэта «Мёрскія навіны» (да 2002 году — «Сцяг працы»).
Забудова
рэдагавацьПлян
рэдагавацьЗабудова Мёраў пераважна 1-павярховая, будуюцца і 2—5-павярхоўкі. Першы генэральны плян забудовы паселішча склалі ў 1971 годзе, другі — у 1980 годзе. У месьце ўтварылася набярэжная. Прамысловая зона разьмяшчаецца ў паўночна-заходняй і ўсходняй частках.
Вуліцы і пляцы
рэдагавацьУ тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Вялікая і Рынкавая вуліцы[18].
Эканоміка
рэдагавацьПрадпрыемствы харчовай, камбікормавай, першаснай апрацоўкі лёну прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Мёраў |
---|
|
Транспарт
рэдагавацьПразь Мёры праходзяць аўтамабільныя дарогі Р14 (Полацак — Браслаў) і Р18 (граніца Расеі — Шаркоўшчына — Казяны).
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьІнфраструктура
рэдагавацьДзее Мёрскі гістарычна-этнаграфічны музэй. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы[19].
Славутасьці
рэдагаваць- Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1907)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Кляштар канонікаў рэгулярных латэранскіх (XVII ст.)
Асобы
рэдагаваць- Марына Весялуха (нар. 1987) — беларускі літаратурны крытык, паэтка, перакладніца
- Вітольд Ермалёнак (нар. 1954) — беларускі гісторык, краязнаўца; выдавец краязнаўчай газэты «Мёрская даўніна»
Галерэя
рэдагаваць-
Касьцёл, галоўны фасад
-
Касьцёл, інтэр’ер
-
Возера зь мескай набярэжнай
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Мёры ўпамінаюцца як маёнтак Мярэя (Мерея) пад 1514 годам
Крыніцы
рэдагаваць- ^ «Об изменении административно-территориального устройства Миорского района Витебской области». Решение Витебского областного Совета депутатов от 20 июня 2019 г. № 108 (рас.)
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б Вячорка В., Карней І. Гарады з «памылкамі» ў назвах: Міёры ці Мёры?, Радыё Свабода, 27 жніўня 2019 г.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 234.
- ^ а б Віршула Малей. У Паставах выдалі кніжку «Літоўскія назвы ў тапаніміцы нашага рэгіёну», Свайкста, 22 лютага 2019 г.
- ^ Топоров В. Н., Трубачев О. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — Москва, 1962. С. 195.
- ^ О городе, Миорский информационный портал
- ^ Бераснёў П., Лемцюгова В. «Як вы яхту назавяце — так яна і паплыве», або Сур’ёзная размова пра асаблівасці беларускай анамастыкі(недаступная спасылка) // Звязда, 25 верасьня 2012 г.
- ^ а б в Ермалёнак В. Міёры // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 131.
- ^ Ермалёнак В. Мёры // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 311.
- ^ Ермалёнак В. Мёры // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 311—312.
- ^ Ермалёнак В. Мёры // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 312.
- ^ Krzywicki J. Miory // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 484—485.
- ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 10. С. 334.
- ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 37.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007. С. 342.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — ISBN 985-11-0169-9
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Міёрскага р-на. — Мн.: Беларуская навука, 1998. — 630 с.: іл. ISBN 985-08-0260-Х.
- Русецкі А. Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я: ад старажытнасці да пачатку XX стагоддзя. — Менск, 2005.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Мёры , Radzima.org
- Мёры (рас.), Глёбус Беларусі