Перайсці да зместу

Генадзь Апанасавіч Цыхун

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Генадзь Апанасавіч Цыхун
Дата нараджэння 30 кастрычніка 1936(1936-10-30)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 18 кастрычніка 2024(2024-10-18)[2] (87 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Апанас Пятровіч Цыхун[2]
Род дзейнасці мовазнавец, славіст, выкладчык універсітэта
Навуковая сфера мовазнаўства[3], славістыка[3], лінгвістычная геаграфія[3] і дыялекталогія[3]
Месца працы
Навуковая ступень доктар філалагічных навук[2] (1982)
Альма-матар

Генадзь Апанасавіч Цыхун (30 кастрычніка 1936, Кунцаўшчына, цяпер Гродзенскі раён, Гродзенская вобласць — 18 кастрычніка 2024, Мінск) — беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук (1982). Прафесар.

3 сям’і інтэлігента, які працаваў на гаспадарцы. Сын Апанаса Цыхуна. У 1937 годзе пераехалі ў Гродна. Скончыў Гродзенскую СШ № 6. У 1958 годзе скончыў аддзяленне славянскай філалогіі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Філолаг. Выкладчык балгарскай мовы і літаратуры». У 19581959 гадах працаваў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі. Вучыўся ў аспірантуры на кафедры славянскай філалогіі Ленінградскага ўніверсітэта (1959—1961). Працягваў вучобу як аспірант-стажор у Сафійскім універсітэце (Балгарыя) у 1961—1963 гадах.

3 1963 года — зноў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі (у 1975—1976 гадах — стажор-даследчык у Варшаўскім і Кракаўскім універсітэтах). У 1964 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Сінтаксыс займеннікавых клітык у балгарскай і македонскай літаратурных мовах» (пад кіраўніцтвам д.ф.н. праф. Маслава Ю. С.). У 1982 абараніў доктарскую дысертацыю «Тыпалагічная праблема балкана-славянскага моўнага арэалу». 3 1990 года — загадчык аддзела славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства.

Даследуе тыпалогію славянскіх моў і іх сувязі, гісторыю мовазнаўчай славістыкі, праблемы праславянскай мовы, беларускую этымалогію, беларускія дыялекты.

У 19911993 гг. быў старшынёй Камісіі па ўдасканаленні правапісу Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, у якую ўваходзілі Вінцук Вячорка і Зміцер Санько. У 19931994 працаваў у складзе Дзяржаўнай камісіі па ўдакладненні правапісу беларускай мовы (старшыня народны паэт Ніл Гілевіч).[4] Галоўны навуковы супрацоўнік аддзелу славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Акадэмік Міжнароднай акадэміі Еўразіі, доктар honoris causa Сафійскага ўніверсітэта, сябра Міжнароднага камітэта славістаў.

Навукова-даследчыцкая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Навуковыя інтарэсы: этымалогія, балканістыка, арэальная лінгвістыка, гісторыя славістыкі. Славістычныя інтарэсы спалучае з даследаваннямі ў галіне беларускай мовы.

Некаторыя пытанні сінтаксісу клітычных (ненаціскных) форм асабовых займеннікаў на матэрыяле балгарскай і македонскай літаратурных моў Г. Цыхун даследаваў у манаграфіі «Сінтаксіс занменнікавых клітык у паўднёваславянскіх мовах: (Балкана-славянская мадэль)» (1968). У манаграфіі «Тыпалагічныя праблемы балканаславянскага моўнага арэала» (1981) на матэрыяле паўднёваславянскіх гаворак Г. Цыхун даследаваў шляхі і напрамкі распаўсюджання балканскіх інавацый, вызначыў іх цэнтры ў межах балканаславянскага арэала.

Разглядаючы некаторыя з’явы ў развіцці групы так званых зменных энклітык і праклітык у славянскіх мовах, Г. Цыхун ставіць пытанне пра сувязь паміж функцыяй і дыстрыбуцыяй клітык і іх месца ў структуры сказа («Энкліза і пракліза ў структуры славянскага сказа». 1968).

Увагу вучонага прыцягнуў шэраг паўднёваславянска-ўсходнеславянскіх ізаглос, у тым ліку семантычных (структурных) паралелей («Паўднёваславянска-ўсходнеславянскія моўныя сувязі: Да праблемы славянскага ўкладу ў балканскі моўны саюз», 1983). У адносінах шэрага інавацый, цэнтры якіх знаходзяцца на паўднёваславянскай тэрыторыі, вучоны выказвае меркаванне, што яны ўпершыню ўзніклі на гэтай тэрыторыі і распаўсюдзіліся ў межах міжмоўнай арэальнай агульнасці, вядомай як балканскі моўны саюз.

Г. Цыхун выявіў адрозненне паміж дыялектным падзелам і арэальнай структурай беларускай моўнай тэрыторыі («Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання», 1988). Дыялектны падзел, на яго думку, адлюстроўвае вынікі генетычнай дыферэнцыяцыі, а арэальная структура — вынікі інтэграцыйных працэсаў у межах дыялектнай тэрыторыі, на якой сфарміравалася беларуская мова.

У працы «Арэальныя аспекты фарміравання славянскіх літаратурных моў» (1993) аўтар разглядае праблему арэальнай базы беларускай літаратурнай мовы на фоне іншых славянскіх моў.

Шмат Г. Цыхун працуе над праблемамі сувязі беларускай мовы з іншымі мовамі: «Беларуска-паўднёваславянскія лексічныя сувязі. Некаторыя праблемы і вынікі» (Беларуская лінгвістыка. Мн., 1974. Вып. 5), «Да праблематыкі беларуска-балгарскіх моўных сувязей» (Бюлетин за съпоставително изследваие на българския език с други езици. София. 1976. № 5), "Вызначэнне генетычнай, тыпалагічнай і арэальнай блізкасці 1976. № 5), «Вызначэнне генетычнай, тыпалагічнай і арэальнай блізкасці славянскіх моў (у прыватнасці — беларускай і балгарскай моў)» (Съпоставително езикознание. София, 1980. № 5), «Два палеска-паўднёваславянскія адпаведнікі» (Палессе і этнагенез славян. М., 1983; на рус. мове), «Вывучэнне балгарска-ўсходнеславянскіх моўных сувязей. Некаторыя вынікі і перспектывы» (Савецкая балгарыстыка. Вынікі і перспектывы. М., 1983; на рус. мове), «Да рэканструкцыі праславянскай метафары» (Этымалогія 1984. М., 1986; на рус. мове) і інш.

Славістычныя інтарэсы Г. Цыхун спалучае з даследаваннямі ў галіне беларускай мовы. Ен сааўтар «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—7, 1978—91) і «Тураўскага слоўніка» (т. 1—5, 1982—87), адзін з ініцыятараў і пастаянных удзельнікаў сімпозіумаў па вывучэнні лексічных сувязей беларускай мовы з суседнімі славянскімі і неславянскімі мовамі. Матэрыялы гэтых сімпозіумаў выдадзены пад яго рэдакцыяй у 4 зборніках 1969, 1971, 1973 і 1975 гг. 3 1970-х гадоў выходзяць падрыхтаваныя ім бібліяграфічныя агляды беларускай мовазнаўчай славістыкі ў часопісе «Rocznik sławistyczny» («Славянскі штогоднік»).

Ён мае больш за 300 публікацыяў[5] па тыпалогіі славянскіх моў і іх сувязях, моўных саюзах, гаворках Палесся і праблеме праславянскай мовы, па беларускай этымалогіі і дыялектнай мове, гісторыі і бібліяграфіі беларускай мовазнаўчай славістыкі.

Асноўныя працы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Типологические проблемы балканославянского языкового ареала. — Минск: Наука и техника, 1981. — 230 с.
  • Тураўскі слоўнік. Т. 1—5. Мн.: Навука і тэхніка, 1982—1987. Суаўтары: А. А. Крывіцкі, І. Я. Яшкін.
  • Арэальная тыпалогiя славянскiх моў: Прынцыпы i напрамкi даследавання [Х Міжнародны з’езд славістаў. Даклады]. Мн.: Навука i тэхнiка, 1988. — 40 с.
  • Славянскія мовы ў святле экалінгвістыкі [XII Міжнародны з’езд славістаў. Даклады]. Мн.: Беларускі камітэт славістаў, 1998. — 24 с.
  • Міжславянскае моўнае ўзаемадзеянне (сацыякультурны аспект) [ХІІІ Міжнародны з’езд славістаў. Даклады]. Мн.: Беларускі камітэт славістаў, 2003. — 24 с.
  • Паўднёваславянскi кампанент у мове Францыска Скарыны // Беларуская лiнгвiстыка. 1990. Вып. 38. С. 10—14.
  • Deformation im System der weißrussischen Standardsprache unter den Bedingungen des Totalitarismus // Die Sprache der Diktaturen und Diktatoren. Heidelberg: Universitätsverlag C. Winter, 1995. S. 229—239.
  • Беларусь у мiжславянскiх сувязях (гiстарычна-моўная праблематыка) // Pavol Jozef Šafárik a slavistika. Prešov, Martin, 1996. S. 279—284.
  • Крэалізаваны прадукт: Трасянка як прадмет лінгвістычнага даследавання // Arche-Скарына. 2000. № 6. С. 51—58.
  • Белоруско-български паралели от етимологична гледна точка (Някои допълнения и уточнения към «Български етимологичен речник») // Български език. 1999/2000. Год. XLVIII. Кн. 1. С. 41-44.
  • З нёманскай гідраніміі // Nazwy własne na pograniczach kulturowych. [Studia Slawistyczne, 2]. Białystok: LIBRA, 2000. S. 261—265.
  • Weißrussisch // Wieser Enzyklopädie des europäischen Ostens. Bd. 10: Sprachenlexikon. Klagenfurt-Wien-Ljubljana-Sarajevo, 2002. S. 838—854.
  • The Linguistic Situation and Mixed Language Forms in Belarus // History, Language and Society in the Borderlands of Europe: Ukraine and Belarus in Focus. Ed. B. Törnquist-Plewa. Malmö: Sekel Bokförlag, 2006. P. 61—75.
  1. Czech National Authority Database
  2. а б в г д Наша Ніва — 1991. — ISSN 1819-1614; 1819-1630
  3. а б в г Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  4. Зміцер Саўка. Вярблюд на трасянцы Архівавана 10 жніўня 2010. // Arche № 1-2 (53) — 2007
  5. Генадзь Апанасавіч Цыхун(недаступная спасылка) // Кафедра тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства БДУ
  • Крыўко М. Цыхун Генадзь Апанасавіч // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9.