Сінт-Эстатыус
Сінт-Эстатыус | |
---|---|
нідэрл. Sint Eustatius | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 21 км² |
Насельніцтва | 3 791 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 180,52 чал./км² |
Размяшчэнне | |
17°29′ пн. ш. 62°58′ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Малыя Антыльскія астравы |
Акваторыя | Карыбскае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сінт-Эстатыус[1] (нідэрл.: Sint Eustatius) — востраў у Карыбскім моры. Утварае спецыяльны муніцыпалітэт Нідэрландаў. Плошча — 21 км². Насельніцтва — 3791 чал. Адміністрацыйны цэнтр — Араньестад.
Геаграфія і прырода
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Сінт-Эстатыус уваходзіць у групу Паўночных Падветраных астравоў Малой Антыльскай грады. Мае вулканічнае паходжанне. Паўночна-заходняя частка сфарміравана 5 маладымі вулканамі, не старэйшымі за 1 млн гадоў. Яны захоўваюць частковую актыўнасць і ствараюць зону скал і ўзвышшаў. Найвышэйшы пункт — вулкан Квіл (602 м), які мае прасторны кратар. Паўднёвая частка складзена старажытнымі вапняковымі і пемзавымі адкладаннямі, даволі нізкая. Узбярэжжа атачае каралавы рыф.
Клімат трапічны пасатны. Тэмпературны рэжым мала змяняецца на працягу года (24 °C — 31 °C).
Флора і фаўна пацярпелі ад дзейнасці чалавека, але меней, чым на іншых малых астравах Карыбскага мора. На ўзбярэжжы растуць пальмы, алоэ, папараці. На ўзвышшах — трапічны лес, у якім захаваліся рэдкія дрэвы, у тым ліку махагонія ( Swietenia mahagoni), каштоўная дзякуючы сваёй чырвонай драўніне. Наземная фаўна прадстаўлена птушкамі, чарапахамі і яшчаркамі.
Для захавання далікатнай прыроды вострава створаны 2 нацыянальныя паркі і батанічны сад.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У старажытнасці востраў маглі наведваць індзейцы аравакі і карыбы, але ў пісьмовых крыніцах звестак пра іх не захавалася. Першым еўрапейцам, які ўбачыў востраў у 1493 г., быў Хрыстафор Калумб.
У 1636 г. галандцы заснавалі на востраве калонію, стварылі на ім плантацыі тытуню і цукровага трыснягу, аднак галоўны прыбытак даваў трансатлантычны гандаль. Нягледзячы на малыя памеры, Сінт-Эстатыус меў важнае стратэгічнае значэнне, быў лёгка дасягальным для караблёў з Еўропы і знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці да брытанскіх, французскіх і дацкіх калоній у Карыбскім моры. Востраў шмат разоў захоплівалі французы і англічане, але ён нязменна вяртаўся да Нідэрландаў.
У 1756 г. галандцы надалі Сінт-Эстатыусу статус палітычна нейтральнага і свабоднага для гандлю порта. У выніку, ён хутка ператварыўся ў адзін з галоўных гандлёвых цэнтраў Амерыкі, а яго насельніцтва перавысіла 20 тысяч чалавек. У гады Амерыканскай рэвалюцыі Сінт-Эстатыус выкарыстоўваўся як перавалачны пункт паставак зброі амерыканскім паўстанцам. У 1776 г. астравіцяне павіталі амерыканскі флот салютам, што было ўспрынята як афіцыйнае прызнанне новай дзяржавы.
Аднак к канцу XVIII ст. з-за высокіх пошлін, уведзеных брытанцамі і французамі, а таксама канкурэнцыі з дацкімі калоніямі на Віргінскіх астравах, кароткі перыяд эканамічнага поспеху скончыўся. Многія пасяленцы пакінулі востраў, і ён ператварыўся ў глухую частку света.
У 1954 г. Сінт-Эстатыус увайшоў у склад Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў. Рэферэндум, які праходзіў на ім у 2005 г. выявіў, што большасць мясцовых выбаршчыкаў выступае за працяг існавання гэтага ўтварэння. Але ў 2010 г. Нідэрландскія Антылы перасталі існаваць, а Сінт-Эстатыус набыў статус спецыяльнага муніцыпалітэта Нідэрландаў.
Зноскі
- ↑ Нідэрландскія Антыльскія астравы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — 560 с.: іл. ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- BIOLOGICAL INVENTORY OF ST. EUSTATIUS
- THE GEOLOGY OF ST. EUSTATIUS Архівавана 27 снежня 2011.
- National Parks of St Eustatius Архівавана 2 жніўня 2008.
- St. Eustatius Historical Foundation Museum Архівавана 12 снежня 2011.