Wolfenstein 3D
«Wolfenstein 3D» — камп’ютарная гульня ў жанры шутар ад першай асобы, распрацаваная кампаніяй «id Software» і выдадзеная «Apogee Software». Выпушчаная 5 мая 1992 года для платформы «DOS» і пасля партавана на розныя платформы, уключаючы «Super Nintendo Entertaiment System», «Atari Jaguar», «3DO», «Game Boy Advance», «iOS» і іншыя. «Wolfenstein 3D» з’яўляецца трэцяй гульнёй у серыі гульняў «Wolfenstein» — крыніцай натхнення для яе стваральнікаў паслужыла гульня 1981 года «Castle Wolfenstein». Гулец бярэ на сябе ролю выведніка саюзнікаў Другой сусветнай вайны Уільяма (Бі-Джэя) Бласкавіца, які спрабуе збегчы з месца свайго зняволення — замка Вольфенштайн — і выконвае шэраг дыверсійных заданняў супраць нацысцкага рэжыму. На кожным узроўні гулец павінен змагацца з нацысцкімі салдатамі, сабакамі і мутантамі, выкарыстоўваючы нож і агнястрэльную зброю, а таксама дабрацца да ліфта або перамагчы фінальнага боса.
«Wolfenstein 3D» стала першым пасля гульняў серыі «Commander Keen» буйным праектам «id Software». У сярэдзіне 1991 года праграміст «id Software» Джон Кармак эксперыментаваў з «хуткім» псеўдатрохмерным гульнявым рухавіком, які быў выкарыстаны камандай у гульнях «Hovertank 3D» і «Catacomb 3D», якія пасля былі выкарыстаны ў якасці прататыпаў «Wolfenstein 3D». Пасля таго, як кампанія вырашыла перайсці ад «сямейнага» візуальнага стылю гульняў серыі «Commander Keen» да больш дарослага і жорсткага стылю, іншы праграміст кампаніі, Джон Рамера, прапанаваў зрабіць рэмейк гульні 1981 года «Castle Wolfenstein» у якасці хуткай экшан-гульні. Ён і геймдызайнер Том Хол распрацавалі хуткі і жорсткі, у адрозненне ад іншых гульняў таго часу, варыянт гульні, які базіруецца на рухавіку Кармака, мастаком выступіў Адрыян Кармак, а кампазітарам — Бобі Прынс. Гульня была выпушчаная «Apogee Software» у 2 камплектах місій, кожны з якіх складаўся з 3 эпізодаў. «Wolfenstein 3D» распаўсюджвалася па ўмоўна-бясплатнай мадэлі, дзе першы эпізод быў бясплатным і падаграваў цікавасць да куплі астатніх наступных. Пазней быў выпушчаны дадатковы самастойны зборнік эпізодаў «Spear of Destiny».
«Wolfenstein 3D» атрымала прызнанне ў крытыкаў і ўзнагароды ад часопісаў у розных намінацыях, а аб’ём яе продажаў ацэньваецца ў 200 000 копіяў да канца 1993 года. Гульня спрыяла папулярызацыі жанру шутара ад першай асобы, стала ўзорам для хуткіх экшан-гульняў і ўсталявала планку тэхналагічнага выканання для наступных гульняў у жанры, а таксама прадэманстравала жыццяздольнасць умоўна-бясплатнай мадэлі распаўсюджвання.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- The Making of.. Wolfenstein 3D(англ.) // Retro Gamer : journal. — Live Publishing, 2009. — № 65. — С. 76—82.
- Id Software. Wolfenstein 3D The Official Hint Manual : (en). — Apogee Sofware. — 1992. — 75 с.
- Kushner, David. Masters of Doom: How Two Guys Created an Empire and Transformed Pop Culture. — Random House, 2003. — ISBN 0-375-50524-5. — ISBN 0-8129-7215-5.
- Kent, Steven L. The Ultimate History of Video Games: The Story Behind the Craze that Touched our Lives and Changed the World. — 2001. — ISBN 0-7615-3643-4.