Перайсці да зместу

Эпідэміялогія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Эпідэміялогія (стар.-грэч.: ἐπιδημία — на народ; λόγος — вывучэнне) — агульнамедыцынская навука, якая вывучае прычыны, заканамернасці ўзнікнення і распаўсюджвання захворванняў рознай этыялогіі, а таксама ўмовы ўзнікнення пэўных станаў здароўя (не хваробы) у розных папуляцыях.

Умоўна эпідэміялогію можна размежаваць на інфекцыйную і неінфекцыйную, але абедзве галіны выяўляюць фактары рызыкі і з’яўляюцца краевугольнымі камянямі грамадскага здароўя і медыцынскай навукі, даюць навуковае абгрунтаванне для практычных медыцынскіх і палітычных рашэнняў у вобласці аховы здароўя. Эпідэміёлагі дапамагаюць з дызайнам навуковых даследаванняў  (англ.), зборам і статыстычным аналізам даных, інтэрпрэтацыяй і распаўсюджваннем вынікаў (у тым ліку рэцэнзаваннем  (руск.) і часам сістэматычным аглядам  (руск.)).

Асноўныя напрамкі эпідэміялагічных даследаванняў уключаюць этыялогію  (руск.) захворванняў, расследаванне успышак хвароб  (англ.), эпіднадзор  (англ.) за хваробамі, скрынінг  (руск.), біяманіторынг  (руск.), а таксама параўнанне эфектыўнасці лячэння, напрыклад, у клінічных выпрабаваннях  (руск.). У сваёй рабоце эпідэміёлагі выкарыстоўваюць веды такіх навуковых дысцыплін, як:

  • Біялогія, каб лепш зразумець біялагічныя працэсы хвароб і станаў здароўя
  • Статыстыка, каб правільна і эфектыўна выкарыстоўваць даныя і рабіць адпаведныя высновы
  • Сацыяльныя навукі, каб лепш разумець непасрэдныя і аддаленыя прычыны
  • Інжынерная справа, для колькаснай і якаснай ацэнкі фактараў

Прадметам вывучэння эпідэміялогіі з’яўляецца захваральнасць — сукупнасць выпадкаў хваробы на пэўнай тэрыторыі ў пэўны час сярод пэўнай групы насельніцтва.