Эканоміка Грэцыі
Эканоміка Грэцыі | |
---|---|
Эканамічныя паказчыкі | |
Валюта | 1 еўра (ευρώ) = 100 цэнтаў (λεπτά) |
Міжнародныя арганізацыі |
ЕС, СГА, АЭСР, АЧЭС |
Статыстыка | |
ВУП (намінальны) | 238 мільярдаў $ |
ВУП на душу насельніцтва па ППЗ | 18 885 $[1] |
Інфляцыя (ІСК) | 0,3 ± 0,1 %[2] |
Эканамічна актыўнае насельніцтва | 4,782,962 |
Знешні гандаль | |
Дзяржаўныя фінансы | |
Калі не абумоўлена іншае, усе прадстаўленыя лічбы ў доларах ЗША |
Эканоміка Грэцыі з’яўляецца 44-й па велічыні ў свеце з намінальным валавым унутраным прадуктам (ВУП) у $238 мільярдаў у год. Апроч таго, яна займае 53-е месца ў свеце паводле парытэта пакупніцкай здольнасці з $286 мільярдаў у год. Па стане на 2015 год, Грэцыя з’яўляецца 15-й эканомікай з 28-мі краін Еўрапейскага Саюза. Дзяржава займае 38-е і 44-е месцы ў свеце з $18,064 і $26,449 па намінальным ВУП на душу насельніцтва і па парытэце пакупніцкай здольнасці на душу насельніцтва адпаведна.
Грэцыя з’яўляецца развітой краінай з эканомікай, заснаванай на сферы паслуг (82,8 %) і прамысловасці (13,3 %). У 2015 годзе сельскагаспадарчы сектар склаў 3,9 % ад агульнага аб’ёму вытворчасці. Важнымі галінамі прамысловасці з’яўляюцца турызм і суднаходства. З 18 мільёнамі турыстаў у 2013 годзе па наведвальнасці Грэцыя заняла сёмае месца ў Еўрапейскім Саюзе і 16-е месца ў свеце. Гандлёвы флот Грэцыі з’яўляецца самым буйным у свеце з 15 % сусветнага дэдвейта па стане на 2013 год. Павелічэнне попыту на міжнародныя марскія перавозкі паміж Грэцыяй і Азіяй прывяло да беспрэцэдэнтных інвестыцый у суднабудаўнічую прамысловасць.
Краіна таксама з’яўляецца важным вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі ў рамках Еўрапейскага Саюза. Грэцыя мае найбуйнейшую эканоміку на Балканскім паўвостраве і з’яўляецца галоўным рэгіянальным інвестарам. Яна з’яўляецца важным гандлёвым партнёрам Албаніі, Балгарыі, Румыніі, Сербіі і Паўночнай Македоніі. Грэчаская тэлекамунікацыйная кампанія «OTE» стала важным гандлёвым партнёрам у былой Югаславіі і іншых балканскіх краінах.
Грэцыя стала адной з краін-заснавальніц арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) і арганізацыі чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва (АЧЭС). Краіна далучылася да арганізацыі, якая сёння з’яўляецца Еўрапейскім Саюзам у 1981 годзе, а ў 2001 годзе прыняла еўра ў якасці нацыянальнай валюты, замяніўшы грэчаскую драхму па курсе 340,75 драхмаў за еўра. Апроч таго, Грэцыя з’яўляецца членам Міжнароднага валютнага фонда і Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
Другая сусветная вайна (1939—1945) спустошыла эканоміку краіны, але высокі ўзровень эканамічнага росту з 1950 па 1980 гады быў названы «грэчаскім эканамічным цудам». З 2000 года Грэцыя перажывала высокія тэмпы росту ВУП, якія перавышалі сярэдні ўзровень у Еўразоне і дасяглі свайго піку на ўзроўні 5,8 % у 2003 годзе і 5,7 % у 2006 годзе. Пасля наступнай Вялікай рэцэсіі і даўгавога крызісу ў Грэцыі, які знаходзіўся ў цэнтры ўвагі ў рамках Еўрапейскага даўгавога крызісу, эканоміка пайшла на спад, а тэмпы росту рэальнага ВУП складалі −0,3 % у 2008 годзе, −4,3 % у 2009 годзе, −5,5 % у 2010 годзе, −9,1 % у 2011 годзе, −7,3 % у 2012 годзе і −3,2 % у 2013 годзе. У 2011 годзе дзяржаўны доўг краіны дасягнуў €356 мільярдаў (172 % ад намінальнага ВУП). Пасля перамоваў аб найбуйнейшай рэструктурызацыі доўгу ў гісторыі з прыватным сектарам Грэцыя знізіла пазыковую нагрузку да €280 мільярдаў (137 % ад ВУП), а таксама дасягнула росту рэальнага ВУП на 0,7 % у 2014 годзе пасля шасці гадоў рэцэсіі, але ў 2015 годзе эканоміка краіны зноў пайшла на спад.
- ↑ World Bank Open Data — Сусветны банк. Праверана 27 мая 2019.
- ↑ http://www.imf.org/external/datamapper/PCPIEPCH@WEO?year=2016