Цела голае, сціснутае з бакоў, даўжыня да 1,5 м, маса да 10 кг, хвост ніткападобны. Спінных плаўнікоў два. Першы з іх рухомы, з кароткай асновай пачынаецца шыпом, які можа прымаць вертыкальнае становішча. Другі плаўнік нерухомы, нізкі, з доўгай асновай. Рыла падобнае на тупы конус. Рот ніжні, зубы ўтвараюць тоўстыя пласціны: дзве пары — на верхняй, адна — на ніжняй сківіцы. На галаве ў самцоў калючы булавападобны прыдатак, брушныя плаўнікі ператвораны ў капулятыўныя органы (птэрыгаподыі).
Вядомы з юрскага перыяду, пашыраны ў мелавы перыяд. Вядома 3 сучасныя сямействы: хімеравыя (Chimaeridae), насатыя, або рынахімеравыя (Rhinochimaeridae), і хобатнарылыя, або каларынхавыя (Callorhinchidae). 6 родаў, каля 30 відаў.
Пашыраны ў Атлантычным, Індыйскім і Ціхім акіянах. Пераважна глыбакаводныя (да 2500 м) прыдонныя рыбы.