Перайсці да зместу

Фрызы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фрызы
(Friezen)
Фрызская сям'я п'е каву, мал. 1897 г.
Агульная колькасць 540 000
Рэгіёны пражывання Нідэрланды, Германія
Мова фрызская
Рэлігія каталіцызм, пратэстанцтва
Блізкія этнічныя групы немцы, галандцы, англічане, фламандцы
Рассяленне фрызаў

Фрызы (саманазва Friezen) — еўрапейскі народ. Кампактна насяляе правінцыі Фрысландыя і Гронінген у Нідэрландах, а таксама ўзбярэжныя часткі зямель Шлезвіг-Гольштэйн і Ніжняя Саксонія ў Германіі. Жывуць таксама ў Даніі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе і г. д. Агульная колькасць (2022 г.) — каля 540 000 чал.

Германскае племя фрызаў узгадвалася рымлянамі з кан. I ст. да н. э. У VII ст. н. э. узнікла дзяржава Вялікая Фрызія, якую акрамя саміх фрызаў насялялі юты і саксы. У 734 г. яна была захоплена франкамі і вымушана прыняць хрысціянства. Пасля смерці Карла Вялікага Фрызія трапіла ў залежнасць ад графаў Галандыі, але захоўвала адносную самастойнасць да войн 12721422 гг., у выніку якіх была падзелена на Заходнюю Фрызію ў складзе Галандыі і Ўсходнюю і Паўночную Фрызіі, якія напераменку кантраляваліся нямецкімі гаспадарамі і Даніяй. Канчаткова Ўсходняя і Паўночная Фрызіі ўвайшлі ў склад Германіі толькі ў XIX ст.

З 1970-ых гг. назіраецца працэс адраджэння фрызскай культуры, што асабліва бачна на прыкладзе Фрысландыі.

Асаблівасці традыцыйнай культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Галоўныя заняткі — сельская гаспадарка, мараходны і рыбалоўны промыслы. Распаўсюджаныя рамёствы — вытворчасць керамікі, разьба па дрэву, гафт.

Сем’і малыя, нуклеарныя. У сельскай мясцовасці здаўна распаўсюджаны хутарскія гаспадаркі. Аднак нават у гарадах захоўваецца абшчынная еднасць і суседская ўзаемадапамога. Добрыя адносіны да суседзяў часта значаць больш, чым сваяцкія сувязі. Жыхары Нідэрландскай Фрызіі да нашых дзён карыстаюцца традыцыйнымі драўлянымі ботамі. Іх робяць з таполі, абцягваюць скурай і фарбуюць у чорны колер. Узімку карыстаюцца самаробнымі канькамі, якія ўяўляюць сабою дошчачку з лёзамі з металічнага дроту.

Фрызы маюць багаты фальклор — гістарычныя паданні, казкі, легенды, многія з якіх існуюць з дахрысціянскіх часоў. Мясцовыя народныя віды спорту — скачкі з шастом праз канавы fierljeppen, конныя спаборніцтвы ringrijden, грэбля, катанне на каньках і інш.

Фрызская мова падзяляецца на заходні, паўночны і сатэрландскі дыялекты (часам вызначаюцца як асобныя мовы). Ёй карыстаюцца каля 500 тыс. чал. З’яўляецца афіцыйнай ў правінцыях Фрысландыя і Гронінген у Нідэрландах, а таксама ў адміністрацыйных акругах са шчыльным фрызскім насельніцтвам у Германіі.

Большасць вернікаў — пратэстанты (рэфарматы і лютэране), меншасць — каталікі, якія фарміруюць Фрызскую Царкву (мае прадстаўніцтва ў Рыме).

Вядомыя фрызы

[правіць | правіць зыходнік]