Украінскі шчыт
Украінскі шчыт, Украінскі крышталічны шчыт, Украінскі крышталічны масіў — выступ дакембрыйскага крышталічнага фундамента на паўднёвым захадзе Усходне-Еўрапейскай платформы.
Цягнецца ўздоўж сярэдняга і ніжняга цячэння р. Дняпро ад р. Гарынь да Азоўскага мора. Займае цэнтральную частку Украіны, невялікія тэрыторыі Беларусі і Растоўскай вобласці Расіі. Даўжыня больш за 1000 км, найбольшая шырыня каля 250 км, плошча каля 200 тыс. км².
На паўночным захадзе і поўначы абмежаваны Дняпроўска-Данецкім і Прыпяцкім грабенамі, на захадзе і поўдні паката паніжаецца і перакрываецца платформавым чахлом з палеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. На шчыце маламагутнае перарывістае покрыва кайназойскіх асадкавых парод. Мерыдыянальнымі зонамі глыбінных разломаў (Арэхава-Паўлаградскай, Тальноўскай, Крыварожскай і інш.) разбіты на 5 буйных блокаў: Валына-Падольскі, Белацаркоўска-Уманскі, Кіраваградскі, Прыдняпроўскі і Прыазоўскі. Разломы паўночна-заходняга і паўночна-ўсходняга распасцірання падзяляюць іх на больш дробныя глыбы. Складзены пераважна з глыбокаметамарфізаваных архейскіх парод, прарваных рознаўзроставымі гранітамі. Да мерыдыянальных зон разломаў, якія закладзены ў познім археі і актыўна развіваліся ў пратэразоі, прымеркаваны ніжнепратэразойскія ўтварэнні (гнейсы, метамарфізаваныя вулканагенна-тэрыгенныя пароды), у т.л. жалезістыя кварцыты (джэспіліты). На захадзе Прыдняпроўскага блока размешчана Крыварожская зона (у т.л. Крыварожскі жалезарудны басейн, Крамянчугская магнітная анамалія). Вулканіты і кварцыты оўруцкай серыі (верхні пратэразой) перакрываюць граніты рапаківі, якія разам з габра-анартазітамі (пач. позняга пратэразою) утвараюць буйныя плутоны — Корасценьскі і Корсунь-Наваміргарадскі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Украінскі шчыт // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).