Туркменістан
| |||||
Гімн: «Дзяржаўны гімн незалежнага, нейтральнага Туркменістана» | |||||
Дата незалежнасці | 27 кастрычніка 1991 (ад СССР) | ||||
Афіцыйная мова | туркменская | ||||
Сталіца | Ашгабат[1] | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Ашгабат, Туркменабад, Дашагуз, Туркменбашы, Мары | ||||
Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка з аднапартыйнай сістэмай | ||||
Прэзідэнт | Сердар Бердымухамедаў | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
53-я ў свеце 491 200 [2] км² 4,9 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2016) • Шчыльнасць |
▲5 662 544 [3] чал. 10,5 чал./км² | ||||
ВУП • Разам (2017) • На душу насельніцтва |
$104 млрд. ППЗ[4] (95-ы) $18771[5] | ||||
ІРЧП (2014) | ▲ 0,688 [6] (сярэдні) (109-ы) | ||||
Этнахаронім | туркмен, туркменка, туркмены | ||||
Валюта | Манат (TMT, код 934) | ||||
Авіякампанія | Туркменскія Авіялініі | ||||
Інтэрнэт-дамен | .tm | ||||
Код ISO (Alpha-2) | TM | ||||
Код ISO (Alpha-3) | TKM | ||||
Код МАК | TKM | ||||
Тэлефонны код | +993 | ||||
Часавыя паясы | +5 |
Туркменістан — краіна ў Сярэдняй Азіі. Мяжуе з Казахстанам, Узбекістанам, Афганістанам, Іранам, мае выхад да Каспійскага мора. Адна з дзяржаў былога СССР. З’яўляецца асацыяваным членам СНД.
Большая частка тэрыторыі занята пустыняй Каракумы, што абумовіла невялікую шчыльнасць насельніцтва. Геалагічная будова тэрыторыі паспрыяла накапленню ў былыя эпохі неверагодных запасаў прыроднага газу, здабыча і экспарт якога фарміруюць аснову бюджэту дзяржавы і дазваляюць ажыццяўляць незвычайныя сацыяльныя праграмы.
Нягледзячы на некаторае паслабленне аўтарытарызму ў апошняе дзесяцігоддзе, сітуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Туркменістане застаецца адной з найгоршых у свеце. Па ступені закрытасці з Туркменістанам можа паспрачацца толькі Паўночная Карэя.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Назва краіны ўтворана далучэннем персідскага суфікса «стан» (краіна) да этноніма «туркмен».
Геаграфічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]На поўначы, на плато Усцюрт, мяжуе з Казахстанам. Мяжа з Узбекістанам праходзіць па ўпадзіне Сарыкамышскага возера і даліне Амудар’і. На паўднёвым захадзе мяжуе з Афганістанам. Паўднёвая мяжа з Іранам часткова праходзіць па гарах Капетдаг. Не мае выхаду да мораў Сусветнага акіяна. На захадзе абмываецца Каспійскім морам, Туркменістану належыць акваторыя яго найбуйнейшага заліва Кара-Багаз-Гол.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Большую частку Туркменістана займае Туранская нізіна (Арала-Каспійская ўпадзіна), аблямаваная: на поўначы — плато Устцюрт, на поўдні — гарамі Капетдаг (да 2942 м), ля Каспія — Вялікім Балханам (да 1800 м). На тэрыторыі нізіны маюцца асобныя замкнёныя ўпадзіны — Сарыкамышская і Унгузская. Непасрэдна ля Каспійскага мора ляжыць Краснаводскае плато (да 300 м). На поўдні маюцца невысокія горы Бадхыз (1267 м) і Карабіль (984 м) — перадгор’і Парапаміза. На мяжы з Узбекістанам — хрыбет Кугітангтау, з гарой Айрыбаба або пікам Вялікага Туркменбашы (3139 м), найвышэйшым пунктам краіны. Супрацьлеглы полюс — западзіна Акчакайя (-81 м над узроўнем мора). Нярэдкія землетрасенні (землетрасенне 1948 года забрала жыцці больш за 60 тысяч чалавек).
Клімат пераважна субтрапічны, кантынентальны. Зімы даволі халодныя, лета — спякотнае. Ападкаў выпадае няшмат, вясновы максімум (сакавік-красавік) звязаны з праходжаннем умеранага фронта. Большую колькасць ападкаў атрымліваюць схілы Капетдага.
На 80 % тэрыторыі адсутнічае паверхневы сцёк. На ўсходзе працякае Амудар’я, ад якой адыходзяць каналы: Каракумскі з ланцужком вадасховішчаў (1445 км, вадазабор канала складае 12-13 км³ (каля 45 % сцёку Амудар’і)) і Шават. Іншы буйныя рэкі — Мургаб, які сканчаецца ўнутранай дэльтай ў раёне Мервскага аазіса, а таксама Тэджэн — таксама высыхаюць у Каракумах; з Капетдага сцякае Атрэк, які належыць да басейна Каспійскага мора.
Большая частка краіны занятая буйнейшай у Сярэдняй Азіі пустыняй Каракумы (350 тыс.кв.км.). З Узбекістана на поўдзень прасоўваюцца пяскі Кызылкумаў. Для пустыняў характэрны ландшафт барханаў вышынёй 2-20 м, створаны пануючымі вятрамі. Ва ўпадзінах часта сустракаюцца забалочаныя саланчакі, якія абавязаны сваім існаваннем капілярным глебавым працэсам.
Працэсы апустыньвання ў Сярэдняй Азіі па сваіх маштабах саступаюць толькі афрыканскім. Апустыньванне разам з забруджваннем навакольнага асяроддзя прывялі да змяншэння біялагічнай прадукцыйнасці ландшафтаў у апошнія дзесяцігоддзі на 30-50 %. Найбуйнейшыя запаведнікі: Рэпетекскі, Капетдагскі, Амудар’інскі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Старажытнасць
[правіць | правіць зыходнік]Тэрыторыя Туркменістана заселена чалавекам у ніжнім палеаліце. Да I-га тыс. да н. э. тэрыторыю Туркменістана насялялі іранамоўныя народы. Найбольш развітай вобласцю была Маргіяна з цэнтрам у г. Мерв, што ўваходзіла ў склад Бактрыі. У перадгор’ях Капетдага знаходзілася вобласць Парфія, у паўднёва-ўсходнім Прыкаспіі — Гурган (Гірканія) — увахозілі ў склад Мідыі. У VII—VI стст. да н. э. У канцы VI ст. да н. э. ўсе яны былі заваяваны дзяржавай Ахеменідаў, у 330—329 да н.э. — Аляксандрам Македонскім, а пасля распаду яго дзяржавы ўвайшлі ў склад дзяржавы Селеўкідаў. У сярэдзіне III ст. да н. э. Парфія стала ядром Парфянскага царства. У 224 да н.э. Парфянскае царства заваявана Сасанідамі, якія ў 2-й палове III ст. пашырылі сваю ўладу на ўсю тэрыторыю Туркменістана.
Сярэднявечча і Новы час
[правіць | правіць зыходнік]У сярэдзіне VII ст. на тэрыторыі Туркменістана ўварваліся арабы. З іх прыходам у Туркменістане пачаў пашырацца іслам. Пры арабскім панаванні Мерв стаў адным з найважнейшых цэнтраў Арабскага халіфата і дзяржаў, што ўтварыліся пры яго распадзе (халіфатаў Абасідаў, Тахірыдаў, дзяржавы Саманідаў). З падзеннем у 999 дзяржавы Саманідаў узмацніўся націск цюрскіх плямён, што вяло да цюркізацыі мясцовага насельніцтва. Тады ж пачала складвацца супольнасць цюркскіх плямён (частка агузаў, халаджы, карлукі і інш.), якая атрымала назву туркмены. Частка туркменаў удзельнічала ў паходах сельджукаў, у выніку якіх створана дзяржава Сельджукаў. У пачатку XIII ст. Дзяржава Харэзмшахаў заваявала туркменскія землі. У 1220-я тэрыторыя Туркменістана пацярпела ад нашэсця манголаў: знішчана значная частка насельніцтва, разбураны гарады, заняпала ірыгацыя. Землі Туркменістана падзелены манголамі паміж Залатой Ардой, Джагатайскім (Чагатайскім) улусом і дзяржавай Хулагуідаў, а пасля распаду гэтых дзяржаў увайшлі ў склад дзяржавы Цімура. У XIII—XIV стст. сфарміравалася тукрменская народнасць, але туркмены не здолелі стварыць уласнай адзінай дзяржавы. З XVI ст. розныя землі Туркменістана пад уладай дзяржавы Сефевідаў, Хівінскага ханства і Бухарскага ханства (з 1747 Бухарскі эмірат), аднак туркменскія плямёны прызнавалі іх уладу толькі намінальна. Да сярэдзіны XIX ст. туркмены захоўвалі племянны падзел (іамуды, тэкінцы і інш.); значная іх частка вяла качавы і паўкачавы лад жыцця.
У складзе Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]Першыя спробы рускага пранікнення на тэрыторыю Туркменістана адбыліся ў пачатку XVIII ст. У 1717—1718 расійскі цар Пётр I накіраваў у Туркменістан ваенную экспедыцыю на чале з князем А. Бековічам-Чаркаскім, якая была знішчана хівінскімі войскамі. У 1869 расійскія войскі высадзіліся на ўсходнім беразе Каспійскага мора і заснавалі там горад і порт Краснаводск. Пасля падпарадкавання Бухары (1869) і Хівы (1873) Расійская імперыя пачала прасоўванне ў Туркменістан. Пад націскам расійскай арміі туркменскія плямёны пачалі прызнаваць расійскую ўладу. Упартае супраціўленне аказалі толькі тэкінцы, якія ў 1879 разбілі расійскую ваенную экспедыцыю. Супраць іх былі накіраваны войскі на чале з генералам М. Дз. Скобелевым. У студзені 1881 г. расійскія войскі штурмам захапілі крэпасць тэкінцаў Геок-Тэпе, у 1884 г. занялі Мерв. У 1882 г. на тэрыторыі Цэнтральнага і Заходняга Туркменістана створана Закаспійская вобласць, якая ў 1898 уключана ў склад Туркменскага краю. У 1880—1885 гг. была пабудавана Закаспійская чыгунка, будаваліся гарады еўрапейскага тыпу (Ашгабат, Краснаводск і інш.) з пераважна рускім і армянскім насельніцтвам.
Савецкі Туркменістан
[правіць | правіць зыходнік]З красавіка 1918 года Закаспійская вобласць увайшла ў Туркестанскую АССР у складзе РСФСР. У ліпені 1918 мясцовыя сацыялісты-рэвалюцыянеры пры падтрымцы брытанскага ваеннага атрада скінулі савецкую ўладу і ўтварылі ўласны ўрад Закаспія. Пасля адыходу брытанскіх войск Чырвоная Армія ў ліпені 1919 года заняла Ашгабат, у лютым 1920 года — Краснаводск. Да сярэдзіны 1920-х на тэрыторыі Туркменістана задушаны паўстанцкі рух. 27 кастрычніка 1924 года ЦВК СССР пастанавіў стварыць Туркестанскую ССР. Калектывізацыя, якая пачалася ў 1929 годзе, выклікала новы ўздым басмацкага руху (ліквідаваны да 1933 года).
За гераізм на франтах Другой сусветнай вайны ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны больш за 19 тыс. ураджэнцаў Туркменістана, званне Героя Савецкага Саюза прысвоена больш як 80 воінам з Туркменістана, у т.л. за вызваленне Беларусі К. Азалаву, А. Анаеву, М. Байрамаву, Б. Даўлетджанаву, Т. Ніязмамедаву.
У Туркменскай ССР была створана сучасная прамысловасць. Асаблівае развіццё набыла здабыча прыроднага газу (2-е месца ў СССР да 1980-х). За гады савецкай улады туркмены канчаткова перайшлі да аселага жыцця. Узнікла нацыянальная інтэлігенцыя. У той жа час савецкія ўлады імкнуліся абмежаваць свабоднае развіццё грамадскай думкі, уплыў мусульманскіх традыцый (у пачатку 1980-х легальна дзейнічалі толькі 4 мячэці).
З пачаткам у СССР перабудовы ў Туркменістане ўзмацніўся нацыянальны рух. У маі 1990 года туркменская мова абвешчана дзяржаўнай.
Незалежны Туркменістан
[правіць | правіць зыходнік]- 22 жніўня 1990 года прынята дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Туркменістана.
- 27 кастрычніка 1990 года С. Ніязаў выбраны першым прэзідэнтам Туркменістана. Унутры дзяржавы ўсталяваўся аўтарытарны рэжым прэзідэнта С. Ніязава, які ў 1999 годзе атрымаў ад Халк Маслахаты (Народны савет — верхняя палата парламента) права знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта без абмежавання тэрміну.
- На Усенародным рэферэндуме 26 кастрычніка 1991 года насельніцтва Туркменістана выказалася за дзяржаўную незалежнасць (абвешчана 27 кастрычніка 1991 года).
- У канцы 2006 года 66-гадовы дыктатар раптоўна памірае. Яго спадкаемца Гурбангулы Бердымухамедаў не адышоў ад аўтарытарнага стылю, аднак бачыцца кіраўніком больш мяккім. Ён адмяніў шматлікія дзівацкія законы Туркменбашы і паступова згарнуў неймаверны культ асобы Ніязава, незаўважна падмяніўшы яго культам уласнай асобы[8].
- У 2022 годзе пасля нечарговых прэзідэнцкіх выбараў прэзідэнтам Туркменістана стаў Сердар Бердымухамедаў.
Дзяржаўны лад і палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Форма праўлення — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўніком дзяржавы з’яўляецца прэзідэнт, што выбіраецца шляхам тайнага галасавання на 5 год.
Заканадаўчы орган — Мілі Генгеш Туркменістана, які складаецца з Халк маслахаты, верхняй палаты і Меджліса, ніжняй палаты.
Халк Маслахаты Туркменістана (Народны савет) — верхняя палата парламента Туркменістана, якая была створана ў 1992 годзе і праіснавала да 2008 года. Пасля перапынку зноў створана 9 кастрычніка 2017 года ў адпаведнасці з Канстытуцыйным Законам Туркменістана.
Меджліс Туркменістана — ніжняя палата парламента Туркменістана, якая складаецца са 125 дэпутатаў. Меджліс абіраецца тэрмінам на 5 гадоў па аднамандатных акругах з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў.
Палітычныя партыі 1991 г. — Дэмакратычная партыя Туркменістана (ДПТ) — пераемнік Кампартыі Туркменістана. У рамках «пацёмкінскай дэмакратызацыі» ў 2010-х гадах былі створаны Партыя прамыслоўцаў і Аграрная партыя, такім чынам, цяпер палітычных партый тры.
Беларуска-Турменскія адносіны
[правіць | правіць зыходнік]Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю былі ўсталяваны 21 студзеня 1993 года[9].
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
[правіць | правіць зыходнік]Туркменістан дзеліцца на 5 велаятаў і сталічны горад Ашгабат
- Ахалскі велаят (сталіца Анаў)
- Балканскі велаят (сталіца Балканабад)
- Дашагузскі велаят (сталіца Дашагуз)
- Лебапскі велаят (сталіца Туркменабад)
- Марыйскі велаят (сталіца Мары)
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Даныя аб насельніцтве засакрэчаны. З канца 2006 і па цяперашні час (па стане на 2017 год) ніякіх афіцыйных публікацый аб колькасці насельніцтва краіны не рабілася. Ўскосна меркаваць аб колькасці насельніцтва Туркменістана дапамагаюць даныя аб выніках выбараў. На прэзідэнцкіх выбарах у лютым 2017 года ў краіне было зарэгістравана 3 млн. 252 тыс. выбаршчыкаў.[10] Дакладна вядома, што з пачатку 2000-х тэмпы росту насельніцтва значна знізіліся, але працягваюць заставацца немалымі (каля 1,5 % ў 2013 годзе).
У 2012 годзе быў праведзены перапіс, вынікі якога сталі вядомыя з ананімных крыніц, у тым ліку і нацыянальны склад: 85,6 % — туркмены, 5,8 % — узбекі, 5,1 % — рускія. Пасля распаду СССР узрасла доля тытульнай нацыі, эміграцыя няцюркскага насельніцтва была паскорана дыскрымінацыяй. Каля 90 % насельніцтва — мусульмане, большасць астатніх — праваслаўныя.
У сталічнай агламерацыі Ашгабата пражываюць каля 750 тысяч чалавек[11] (2015) Найбуйнейшыя гарады — Чарджоў (Туркменабад), Ташауз, Мары, Небіт-Даг (цэнтры велаятаў), Туркменбашы.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Грашовая адзінка — манат. ВУП на душу насельніцтва — 18 000 долараў ЗША (2017).[12] Чацвёртая ў свеце краіна па запасах прыроднага газу, тут размешчана другое па памерах радовішча (Галкыныш — 21 трл м³). Здабыча, перапрацоўка і экспарт нафты і газу фармуюць прыкладна 70 % ВНП. Цяжкасці для экспарту стварае геаграфічнае становішча краіны. Функцыянуе газаправод «Сярэдняя Азія — Цэнтр», пабудаваны ў савецкі час. Галоўны рынак збыту — Украіна. У 2009 годзе адкрыты газаправод Туркменістан — Кітай (да Урумчы). Туркменістан зацікаўлены ў будаўніцтве газаправода праз Афганістан у Індыю, а таксама Транскаспійскага газаправода. Праект газаправода «Набука», задуманы ў абыход Расіі, быў згорнуты. Найбуйнейшыя ЭС: Гіндукушская ГЭС і Марыйская ЦЭС. Развіты лёгкая прамысловасць: вытворчасць тканін (у асноўным, баваўняных) і адзення, дываноў; харчовая прамысловасць. Беларусы ўдзельнічаюць у будоўлі горна-абагачальнага калійнага камбіната ў Гарлыку.
Галоўнай сельскагаспадарчай культурай у XXI ст. стала пшаніца (амаль палова арошаных зямель), пацясніўшы больш рэнтабельны бавоўнік — такім чынам заваёўваецца харчовая бяспека. У 2016 на бавоўну прыйшлося 5 % экспарту[13]
Асноўны транспарт — аўтамабільны. У 2006 годзе адкрыта Транскаракумская чыгунка. Паміж Туркменбашы і Баку дзейнічае паромная чыгуначная пераправа. На Каспійскім узмор’і ствараецца курортная зона Аваза.
Некаторыя цікавінкі
[правіць | правіць зыходнік]- У Туркменістане знаходзіцца правал Дарваза з бесперапынна палаючым прыродным газам — найбуйнейшы ў свеце прыродны «Вечны агонь».
- З 1993 года па 1 лістапада 2017 года ў Туркменістане існавалі ліміты на бясплатную электраэнергію, водакарыстанне і газаспажыванне, якія не мелі аналагаў ва ўсім свеце. У 2017 годзе яны былі адменены, паколькі «туркменскі народ выйшаў на больш высокі ўзровень эканамічнага развіцця і ўжо ў стане плаціць за электрычнасць».
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ «Атлас Мира» — М: ПКО «Картография» ISBN 5-85120-243-2
- ↑ ІДЦ «Туркменістан»
- ↑ https://esa.un.org/unpd/wpp/DataQuery/
- ↑ http://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2017/01/weodata/weorept.aspx?pr.x=44&pr.y=15&sy=2017&ey=2020&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=925&s=NGDPD%2CNGDPDPC%2CPPPGDP%2CPPPPC%2CLP&grp=0&a=
- ↑ Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Туркменістана, 1990-2011 гг
- ↑ Індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу ў краінах і рэгіёнах свету (Human Development Index)
- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia
- ↑ https://www.tema.ru/travel/turkmenistan-2/
- ↑ Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне Прэзідэнту Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаву// Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 21 студзеня 2008
- ↑ http://www.turkmenistan.gov.tm/?id=12924 Архівавана 19 ліпеня 2020.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/tx.html Архівавана 30 мая 2015.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/tx.html Архівавана 30 мая 2015.
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=219&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&year=2016
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Туркменістан
- Туркменістан — Золотой век