Трансплантацыя
Транспланта́цыя[1][2] — у медыцыне перасадка якога-небудзь органа ці тканкі, напрыклад, ныркі, сэрца, печані, лёгкага, касцявога мозгу, ствалавых гемапаэтычных клетак, валасоў.
Арганізм, ад якога бяруць органы і тканкі, называецца донарам, арганізм, якому перасаджваюць — рэцыпіентам.
Участак тканкі або орган, які выкарыстоўваюць для трансплантацыі, можа быць перасаджаны на месца выдаленага органа (ортатапічная трансплантацыя) або ў іншае месца (гетэратапічная трансплантацыя).
Каб папярэдзіць тканкавую несумяшчальнасць пры трансплантацыі, выкарыстоўваюцб розныя віды імунадэпрэсіўнай тэрапіі. Адзін са шляхоў пераадолення біялагічнай несумяшчальнасці трансплантата і арганізма рэцыпіента — стварэнне штучных органаў (сэрца, падстраўнікавай залозы і інш.).
Робяць трансплантацыю нырак (больш за 500 тыс. перасадак у свеце), печані, сэрца, лёгкіх, вілачкавай залозы з грудзінай, шчытападобнай залозы, скуры, мышцаў, сухажылляў, касцявой, храстковай, тлушчавай тканак, сасудаў, нерваў, касцявога мозгу, рагавіцы вока і іншыя. Пашыраецца трансплантацыя клетачных элементаў, эмбрыянальных тканак і інш. У эксперыментальнай анкалогіі робяць трансплантацыі пухлін жывёлам.
У раслін трансплантацыя — перасадка розных частак расліны на іншую расліну ці на іншае месца той жа расліны. Лепш развіваюцца расліны больш блізкіх сістэматычных груп. Трансплантацыя выкарыстоўваецца ў садоўніцтве (прышчэпліванне), для даследавання працэсаў зрастання, узаемаадносін прышчэпка і прышчэпы. Бывае таксама натуральная трансплантацыя лісця, кветак, пладоў, сцёблаў, каранёў.
Класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Адрозніваюць наступныя віды трансплантацыі:
- аўтатрансплантацыя, ці аўталагічная трансплантацыя — рэцыпіент трансплантанта з’яўляецца яго донарам для сябе самога. Напрыклад, аўтатрансплантацыя скуры з непашкоджаных участкаў на абпаленыя шырока ўжываецца пры цяжкіх апёках. Аўтатрансплантацыя касцявога мозгу ці гемапаэтычных ствалавых клетак пасля высокадознай проціпухліннай хіміятэрапіі шырока ўжываецца пры лейкозах, лімфомах і хіміяадчувальных злаякасных пухлінах.
- ізагенная трансплантацыя — донарам трансплантанта з’яўляецца 100 % генетычна і імуналагічна ідэнтычнае рэцыпіенту аднаяйцавае блізня рэцыпіента.
- алатрансплантацыя, ці гоматрансплантацыя — донарам трансплантанта з’яўляецца чалавечы арганізм, які адрозніваецца генетычна і імуналагічна.
- ксенатрансплантацыя, ці міжвідавая трансплантацыя — трансплантацыя органаў ад жывёлы іншага біялагічнага віду.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Семяненя І. М. Транспланта́цыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 511. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Транспланта́цыя // Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т / АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 5 кн. 1: С — Улагодзіць / [рэдактар М. Р. Суднік]. — С. 508. — 663 с.
- Транспланта́цыя // Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы / уклад.: І. Л. Капылоў [і інш.] ; пад рэд. І. Л. Капылова. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2016. — С. 825. — 968 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-11-0937-7.
- Транспланта́ция // Биологический энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. М. С. Гиляров; Редкол.: А. А. Баев, Г. Г. Винберг, Г. А. Заварзин и др. — М.: Сов. энциклопедия, 1986. — С. 640. — 831 с. — 100 000 экз.
- Транспланта́ция / Бляхер П. Я., Шумаков В. И., Мирский М. Б., Подольный В. З. // Т. 26. Тихоходки — Ульяново. — М. : Советская энциклопедия, 1977. — С. 152—153. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Вопросы клеточных технологий и биоинженерии тканей (обзор) Архівавана 28 кастрычніка 2012.. Журнал СФУ 2008 (том 1, номер 3), с. 269—294.