Тракелі (Воранаўскі раён)
Аграгарадок
Тракелі
| ||||||||||||||||||||
Траке́лі[1][2] (трансліт.: Trakieli, руск.: Трокели) — аграгарадок у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці беларусі. Уваходзіць у склад Бастунскага сельсавета, сядзіба СВК «Тракельскі». 194 гаспадаркі, 544 жыхары (2014).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вядомы з XV стагоддзя. У 1433 годзе ў складзе маёнтка Новы Двор вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Кейстутавічам дадзены за заслугі Яну Гаштольду. У 1468 годзе згадваецца касцёл. У 1539 годзе ўласнасць віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда. У 1559 годзе маёнтак, цэнтр каталіцкай парафіі. У 1563 годзе двор, дзяржаўная ўласнасць; маёнтак, уласнасць гаспадарскага двараніна С. Доніна, карчма. У 1567 годзе двор, цэнтр войтаўства Гераненскага староства. У 1598 годзе ўласнасць гаспадарскіх зямян Я. Ятаўта і С. Блашэвіча.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Віленскай, з 1797 года Літоўскай, з 1801 года Гродзенскай, з 1842 года Віленскай губернях. 3 1809 года дзейнічаў касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У сярэдзіне XIX стагоддзя маёнтак у Жырмунскай воласці Лідскага павета Віленскай губерні. Паводле перапісу ў 1886 года ў Седліскай воласці Ашмянскага павета, у засценку, 5 гаспадарак, 59 жыхароў, 2 лаўкі, 2 карчмы; у канцы XIX стагоддзя ў маёнтку 2 двары, 55 жыхароў; у 1905 годзе ў сяле 64 жыхары, 48 дзесяцін зямлі; у засценку 4 жыхары, 27 дзесяцін зямлі.
3 1921 года ў складзе Польшчы, фальварак у Жырмунскай гміне Лідскага павета Навагрудскага ваяводства, 2 двары, 39 жыхароў, дзейнічала польская 7-гадовая школа.
3 лістапада 1939 года ў БССР. 3 12 кастрычніка 1940 года адміністрацыйны цэнтр Тракельскага сельсавета Лідскага раёна Баранавіцкай вобласці. 25—26 чэрвеня 1941 года ў раёне вёскі Тракелі на рубяжы ракі Жыжма абараняліся войскі 37-й стралковай дывізіі 13-й арміі. З канца чэрвеня 1941 года да сярэдзіны ліпеня 1944 года акупіраваны нацыстамі.
Да пачатку 1950-х гадоў на тэрыторыі сельсавета дзейнічала антысавецкае падполле Арміі Краёвай. 18 лістапада 1944 года каля вёскі захоплены вайсковы грузавік са зброяй і боепрыпасамі, расстраляны 6 савецкіх вайскоўцаў, якія суправаджалі груз.
3 красавіка 1959 года ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. У 1949 годзе 7-гадовая школа пераўтворана ў 8-гадовую. 3 19 красавіка 1973 года вёска ў Бастунскім сельсавеце, цэнтр саўгаса «Тракельскі». Бальніца, аптэка, камбінат бытавога абслугоўвання, сярэдняя школа, бібліятэка, клуб, дзіцячы яслі-сад, сталовая, 2 магазіны, аддзяленне сувязі. У 1989 годзе 2 фермы, сталовая, 2 магазіны, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1960 год — 267 жыхароў.
- 1989 год — 546 жыхароў, 194 гаспадаркі.
- 2002 год — 571 жыхар, 201 двор[2].
- 2014 год — 544 жыхары, 194 гаспадаркі.
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Размешчаны на скрыжаванні аўтамабільных дарог Ліда—Геранёны і Радунь—Іўе за 15 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад гарадскога пасёлка Воранава, 131 кіламетр ад Гродна, 9 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Бастуны[2].
Сацыяльная інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]- Сярэдняя школа
- Клуб
- Бібліятэка
- Аддзяленне сувязі
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Абраз Маці Божая Тракельская (канец XV стагоддзя)
- Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі (пачатак XIX стагоддзя) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000143
- Помнік на магіле 19 савецкіх воінаў (XX стагоддзе)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ а б в БелЭн 2002.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Траке́лі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 499. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 9: Гродзенская вобласць, кн. 1 / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2015. — 656 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0839-4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Тракелі (Воранаўскі раён)
- radzima.org