Перайсці да зместу

Трагікамедыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Трагікамічныя маскі старажытнагрэчаскага тэатра на мазаіцы ў віле Адрыяна (Тывалі вобласць Лацыа, Італія)

Трагікаме́дыя[1][2] (грэч. τράγος + κωμῳδία — казёл + вясёлая песня) — заснаваная на разнастайных светаадчуваннях драма, што выяўляе адноснасць мерак адзнакі аўтарам і дзейнымі асобамі жыццёвых абставін. Спалучае ў сабе характэрныя рысы трагедыі і камедыі[1][3].

Часцей сустракаецца ў народнай творчасці, чым у прафесійным пісьменстве. У старажытнасці лічылася парушэннем жанравай чысціні камедыі і трагедыі. На мяжы XVI—XVII стагоддзяў стала жанрам еўрапейскай літаратуры з вызначанымі ўласцівасцямі: 1) спалучэнне ў межах аднаго твору смешнасці і паважнасці пры шчаслівай развязцы супярэчнасці, 2) перапляценне ўзвышанага рэлігійнага сюжэту з побытавай камічнасцю яго асэнсавання, 3) двайны зыход становішча з узнагародай дабрачыннасці і пакараннем зла, 4) змешванне ўзвышаных і пацешных характараў. У 2-й палове XVII стагоддзя амаль знікла ў выніку размежавання на камедыю і трагедыю эстэтыкай класіцызму. Адрадзілася пры канцы XIX стагоддзя (Генрык Ібсен «Геда Габлер»  (англ.) і «Дзікая качка»  (англ.), Аўгуст Стрындберг «Крэдыторы»  (англ.) і «Саната прывідаў»  (англ.)). У XX стагоддзі пачала ўключаць разгляд супярэчнасцей, што дагэтуль распрацоўваліся ў трагедыі (Фрыдрых Дзюрэнмат, Эжэн Іанеска і Тэнесі Уільямс)[1].

У Беларусі трагікамедыя атрымала вядомасць у сярэдзіне XVIII стагоддзя ў прамежкавым выглядзе (Георгій Каніскі «Уваскрасенне мёртвых»)[1]. Больш глыбока выявілася ў творах пачатку XX стагоддзя (Альберт Паўловіч «Васількі», Максім Гарэцкі «Жартаўлівы Пісарэвіч» і Янка Купала «Тутэйшыя»). Вялікі ўклад у распрацоўку жанру ў беларускай драматургіі зрабіў Андрэй Макаёнак, які дапоўніў свае творы сатырай і гратэскамЗацюканы апостал», «Пагарэльцы» і «Дыхайце эканомна»)[1].