Перайсці да зместу

Табака

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Табака

Таба́ка альбо ню́хальны тыту́нь (англ.: snuff) — тытунь бяздымнага спосабу ўжывання. Уяўляе сабой раздроблены да стану буйной пудры тытунёвы ліст, высушаны на агні і пастэрызаваны. Бывае розных відаў: для нюхання і для жавання.

Вырабляецца з лістоў і сцябла тытуню, якія мелюць у буйную пудру. У старажытныя часы існавалі маленькія ручныя млынкі для прыгатавання табакі ў хатніх умовах. Парашок доўгі час сушаць, а потым араматызуюць. Палітра араматаў на сёння проста вялізная — ад персіка і апельсіна, да ванілі, бергамоту і лаванды, язміну, лімону, мёду, сандалавага дрэва. У Мінску можна набыць табаку з вішняю, абрыкосам, эўкаліптам, малінаю і іншымі. Араматызаваная табака пакуецца ў вакуумныя каробачкі для захавання смаку і патрэбнага ўзроўню вільготнасці.

Нюханне табакі

Найбольшую папулярнасць табака набыла ў 18 стагоддзі. Каралеўскія дамы і хаткі Еўропы, а таксама вышэйшая шляхта з задавальненнем аддавалася новай забаве. Кароль Людовік XIII, які ўпадабаў табаку, скасаваў у Францыі на яе ўсе забароны, а жонку іншага караля — Георга III — нават празвалі Snuffy Charlotte (Шарлота-табанюшка). Пасля Французскай рэвалюцыі табака стала даступнай і звычайным абывацелям, якія з энтузіязмам перанялі гэту звычку ў шляхты.

У той самы час амерыканскія каўбоі таксама прасоўвалі табаку ў масы — нюхаць было зручней, чым распальваць цыгару ці цыгарэту, седзячы на кані. Па той самай прычыне «не маючы магчымасці паліць тытунь з камфортам у часе хуткай язды» табаку сталі нюхаць многія аўтааматары Вялікабрытаніі. Гэтыя спадары ў 1912 годзе адчынілі нават «Клуб табакі». Як лічылі яны, табака — «гэта яшчэ і цудоўны сродак для ачышчэння носу ад дарожнага пылу».

Выгоды і прыемнасці ад табакі, штопраўда, могуць негатыўна адбіцца на здароўі.

Навукоўцы сцвярджаюць, што табака амаль не павышае рызыку інсульту (на 5% больш выпадкаў, чым у тых, хто ніколі яе не ўжываў), у той час, як цыгарэты павышаюць такую рызыку на 121% (у 2,21 разы). Рызыка ад палення цыгарэт увасабляецца ў страту прыблізна 8 гадоў жыцця, а табакі — толькі 0,04 гады (14,6 дзён) (высновы тых самых вучоных). Пры спажыванні табакі няма гарэння, значыць, і няма спажывання смолаў, якія нясуць асноўную шкоду арганізму.

Праціўнікі табакі кажуць пра непрыемны пах з роту, налёт на зубах, рак слізістай абалонкі рота і горла, залежнасць ад нікаціну, парадантоз. Акрамя таго, даследчыкі знайшлі ў табацы шмат натрыю, які павышае крывяны ціск, а адзін шведскі доктар (Боліндэр) устанавіў, што тыя, хто нюхае табаку, у 3 разы часцей пакутуюць ад гіпертаніі.

У цэлым лічыцца, што табака нясе куды менш шкоды арганізму, гэта больш бяспечная альтэрнатыва цыгарэтам. Між іншым, табака, якая таксама ўтрымлівае нікацін, можа быць даволі карысным крокам на шляху да таго, каб спачатку кінуць паліць, а потым і зусім развітацца з нікацінам.