Перайсці да зместу

Сяло

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сяло Строчыцы, 2008

Сяло — тып буйнога сельскага пасялення, часцей за ўсё цэнтра воласці, у цэнтры якога меліся царква або касцёл. Азначэнне ўжываецца ў старажытных летапісах і распаўсюджана ва ўсіх славянскіх мовах.

Першыя сёлы як прыналежныя ўладальніку вёскі ўзніклі ў XII ст. — XIII ст. у сувязі з запрыгоньваннем сельскай абшчыны. У летапісных паведамленнях таго часу шырока згадваюцца княжыя, баярскія, царкоўныя сёлы. Першапачаткова тэрмін "сяло" меў значэнне загараднай сядзібы князя, дзе побач з гаспадарскім дваром месціліся і хаты чэлядзі. У той жа час, у адрозненне ад пагоста, яно мела функцыі цэнтра вотчынна-памесных уладанняў на пэўнай тэрыторыі.

Аддаленая вёска ў Беніне

Галоўная прыкмета сяла — наяўнасць абшарніцкага маёнтка. У астатнім структура нагадвала забудову пагоста-цэнтра: царкоўны двор, карчма, грамадская крама, вуліцы-канцы з сялянскімі дварамі. На працягу існавання феадальна-прыгоннай сістэмы сёлы захоўвалі сваё значэнне тэрытарыяльна-ўладальніцкіх цэнтраў. З канца XVII ст. у сувязі з дыферэнцыяцыяй адміністрацыйных правінцый (ваяводстваў, старостваў, дзяржаў) сёлы таксама набываюць значэнне мясцовых адміністрацыйна-тэрытарыяльных цэнтраў. Пасля далучэння земляў Беларусі да Расійскай імперыі сёлы, як правіла, робяцца цэнтрамі валасцей у складзе паветаў. Пазней, у XIX ст. абавязковымі атрыбутамі сяла сталі царква або касцёл, вучылішча і валасное праўленне. У XX ст. сёлы робяцца цэнтрамі сельскіх саветаў, калгасаў і саўгасаў, трапляюць у пералік перспектыўных паселішчаў, многія з якіх у 1970-я — 1980-я былі перабудаваны паводле ўзорных генпланаў і сталі адметнымі аграпрамысловымі цэнтрамі.[1]

Зноскі

  1. Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства/ А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 19—21