Стэп
Стэп[1] — занальны тып ландшафту, прадстаўлены травяністай ксерафітнай і мезаксерафітнай расліннасцю. Для стэпаў характэрны згуртаванні дзернавінных злакаў (кавылі, танканог, тыпчак і інш.) і разнатраўя на чарназёмных і каштанавых глебах.
Стэпавыя зоны — прыродныя зоны ўмераных і субтрапічных паясоў Паўночнага і Паўднёвага паўшар’яў з пераважаннем у ландшафтах стэпаў. Размешчаны ў Еўразіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Аўстраліі. У гарах няпоўны аналаг стэпавай зоны — стэпавыя вышынныя паясы. У Еўразіі найбольшыя плошчы стэпаў знаходзяцца на тэрыторыі Казахстана, Расійскай Федэрацыі, Украіны і Манголіі.
Клімат засушлівы (выпаральнасць на 300—500 мм перавышае гадавую суму ападкаў), з няўстойлівым увільгатненнем, з перапынкам (ва ўмераным поясе) або запавольваннем (у субтрапічным поясе) вегетацыі раслін зімой. Лета гарачае (тэмпература паветра 20—25 °C), моцныя вятры, засухі. Ва ўмераным поясе зімой сярэднія тэмпературы паветра адмоўныя (месцамі ніжэй за −20 °C), утвараецца ўстойлівае снегавое покрыва; у субтрапічным поясе зіма мяккая, бясснежная, з дадатнымі тэмпературамі (вышэй за 5 °C). Ападкаў 200—450 мм за год, да 600 мм у субтрапічным поясе. Велічыня сонечнай радыяцыі на паверхні 500—580 кДж/см² за год, да 790 кДж/см² у субтрапічным поясе.
Паверхневы сцёк нязначны, рэкі малаводныя, часта перасыхаюць. Характэрныя стэпавыя сподкі, западзіны — акруглыя, амаль плоскія паніжэнні рэльефу. Іх дыяметр дзясяткі, радзей сотні метраў, глыбіня да некалькіх метраў. Паводле паходжання вылучаюць гэта дэфляцыйныя і карстава-суфазійныя формы. Расліннасць тут лугавая ці балотная, па краях травяністыя бярозавыя згуртаванні, на дне часам утвараюцца вадаёмы ці балоты.
У залежнасці ад характару расліннасці адрозніваюць сапраўдныя (тыповыя) стэпы з пераважаннем дзернавінных злакаў, лугавыя (лугастэпы), або разнатраўныя; пустынныя (апустыненыя) стэпы з вялікай колькасцю пустынных паўкусцікавых (пераважна палыну), эфемераў і эфемероідаў. У Паўночнай Амерыцы стэпамі называюць прэрыі, ў Паўднёвай Амерыцы — пампы.
Глебы ўрадлівыя (чарназёмы, цёмна-каштанавыя і каштанавыя ва ўмераным поясе, карычневыя і шэра-карычневыя, месцамі засоленыя — у субтрапічным). На разараных тэрыторыях пашырана эрозія глеб.
Натуральныя ландшафты, дзе пераважала стэпавая травяністая расліннасць, амаль зніклі (большая частка тэрыторыі стэпавай зоны ўмеранага пояса разарана, у субтрапічным поясе пашыраны арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля). Захаваная натуральная расліннасць — засуха- і марозаўстойлівыя травяністыя расліны з пераважаннем дзернавінных злакаў, участкі кусцікавых, па далінах рэк галерэйныя лясы.
Жывёльны свет стэпаў вельмі разнастайны і адрозніваецца на розных кантынентах (напрыклад, у Еўразіі пашыраны капытныя, грызуны, паўзуны і інш., у Аўстраліі — сумчатыя). Жывёльны свет мяняецца ў сувязі з гаспадарчай дзейнасцю чалавека.
Прыродныя ўмовы і клімат спрыяльныя для жыцця людзей. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне збожжавых і тэхнічных культур; развіта жывёлагадоўля. Пашыраюцца эразійныя і іншыя небяспечныя працэсы. Прыродныя стэпы захаваліся ў запаведніках і месцах, маладасягальных для чалавека (горы, міжгорныя катлавіны і інш.).
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Аношка В. С. Стэп; Стэ́павыя зо́ны // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 233. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Степь // Биологический энциклопедический словарь / Гл. ред. М. С. Гиляров; Редкол.: А. А. Баев, Г. Г. Винберг, Г. А. Заварзин и др.. — 2-е изд., исправл.. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — 864 с. — 150 600 экз. — ISBN 5-85270-002-9. (руск.)